Успенне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы і Вечнадзевы Марыі, 28 жнiўня

Успенне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы і Вечнадзевы Марыі, 28 жнiўняПасля Узнясення Госпада Iiсуса Хрыста Божая Мацi жыла яшчэ некалькi гадоў. Апостал Iаан Багаслоў па запавету Хрыста прыняў Яе да сябе ў дом i клапацiўся пра Яе да Яе спачыну. Жывучы ў Iерусалiме, Мацi Божая любiла наведваць тыя мясцiны, дзе бываў Збавiцель, i малiлася там. Аднойчы, калi Яна малiлася на Елеонскай гары, Ёй явiўся Архангел Гаўрыiл з весткаю, што праз тры днi Яе зямное жыццё скончыцца. Божая Мацi пажадала развiтацца з апосталамi, якiя ў той час прапаведавалi Хрыста ў iншых краiнах. I вось Гасподзь цудадзейным чынам сабраў усiх апосталаў да Яе, акрамя апостала Фамы. У час спачыну незвычайнае святло азарыла пакой, дзе ляжала Божая Мацi. Сам Гасподзь, акружаны Ангеламi, з’явiўся i прыняў Яе прачыстую душу. Пахаванне Багародзiцы суправаджалася шматлiкiмi цудамi.

Апостал Фама прыбыў у Iерусалiм праз тры днi пасля пахавання. Ён быў вельмi засмучаны тым, што не развiтаўся з Божай Мацi. Апосталы, спачуваючы яму, вырашылi адсунуць камень ад магiльнай пячоры, каб даць i яму магчымасць развiтацца з целам Божай Мацi. Аднак, адкрыўшы пячору, яны знайшлi там толькi адны пахавальныя пакрывалы. Здзiўленыя апосталы малiлiся Богу, каб Ён адкрыў iм, што сталася з целам Божай Мацi. Увечары, пасля трапезы i малiтваў, яны пачулi спеў Ангелаў. Зiрнуўшы ўгору, апосталы ўбачылi Божую Мацi, акружаную Ангеламi, у ззяннi нябеснай славы. Яна сказала апосталам: “Радуйцеся! Я з вамi ўсе днi i заўжды буду вашай малiтвенiцай перад Богам”. Узрадаваныя апосталы ўсклiкнулi: “Прасвятая Багародзiца, дапамагай нам!”. Так Гасподзь наш Iiсус Хрыстос уславiў Сваю Прасвятую Мацi.

Народная назва свята — Вялікая Прачыста (Першая Прачыста).
 

* * *

Няма ў Праваслаўнай Царкве богаслужэння, няма малiтвы, дзе б Царква не мацавала сваiх прашэнняў iмем i малiтвамi да Прасвятой Багародзiцы. Яна — наша нястомная Хадайніца, дбайная Заступнiца i Мацi.

Вялiкая Прачыста самае значнае свята канца лета. Селянін падводзіць вынікі сваёй працы. Ён з асаблiвай радасцю ставіцца да новага хлеба: “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”. Як Спас славiцца асвячэннем яблыкаў, так Прачыста — асвячэннем хлеба. Асвячонае жыта перамешваюць з астатнiм i адкладаюць да сяўбы, каб пасля яно добра расло. Адразу пасля свята пачынаецца сяўба азiмiны, i гаспадар мусiць быць падрыхтаваны: “Успенне — цi гатова насенне?”

Свята Успення Багародзiцы бярэ свой пачатак са старажытных часоў хрысцiянства. Падзеяй успення Багародзiцы Царква навучае нас, што смерць не ёсць канец нашага быцця; яна толькi пераход ад зямлi на неба, ад разбурэння да векавечнай бессмяротнасцi. Так i зжатае зерне дае неўмiручасць жыццю.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.