Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi, 21 верасня

Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi, 21 верасняНараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi святкуецца Царквою як дзень сусветнай радасцi. Гэтая дабратворная падзея адбылася ў невялiкiм галiлейскiм горадзе Назарэце. Бацькамi Дзевы Марыi былi праведныя Iаакiм з роду прарока i цара Давiда i Анна з роду першасвяшчэннiка Аарона. Яны не мелi дзяцей, бо Анна была няплодная. А гэта ў тыя часы лiчылася пакараннем за грахi, таму Iаакiм i Анна цярпелi несправядлiвыя папрокi ад сваiх суайчыннiкаў. Аднак яны не гублялi надзеi на лiтасць Божую i далi абяцанне прысвяцiць Богу для служэння ў храме дзiця, калi яго iм пашле Гасподзь. У адно са свят старац Iаакiм прынёс у Iерусалiмскi храм сваё ахвярнае прынашэнне, але першасвяшчэннiк не прыняў яго, бо Iаакiм быццам быў няварты гэтага з прычыны сваёй бяздзетнасцi. У вялiкiм смутку Iаакiм пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмi малiўся Богу аб дараваннi яму дзiцяцi. Святая Анна таксама шмат i шчыра малiлася. Муж i жонка дасягнулi сталага ўзросту i падрыхтавалi сябе дабрадзейным жыццём да высокага звання — быць бацькамi Найсвяцейшай Дзевы Марыi, будучай Мацi Госпада нашага Iiсуса Хрыста. I вось Архангел Гаўрыiл прынёс Iаакiму i Анне радасную вестку: малiтвы iх пачутыя Богам i ў iх народзiцца Благаславёная дачка Марыя, праз Якую будзе даравана выратаванне ўсяму свету. Нараджэнне Багародзiцы сведчыла пра набліжэнне благадатнага Царства Нябеснага, царства iсцiны i бессмяротнага жыцця.
 

* * *
Багач (Другая Прачыста)

Час нараджэння Праблагаславёнай Дзевы Марыi, Мацi Госпада нашага Iiсуса Хрыста, прыпадае на час, калі селянiн радуецца заканчэнню напружанай i працаёмкай пары — жнiва. У народнай абраднасці свята важную ролю адыгрывае так неабходная сейбiту рэч — “багач” — сявенька з жытам цi пшанiцай i ўстаўленай свечкай (жыта вымалочваецца з першага зажынкавага снапа i зносiцца па жменьцы з кожнага двара). З “багачом” у гэты дзень абыходзяць усе двары ў вёсцы, а на заканчэнне збiраюць на выгане статак i абносяць вакол яго “багач”. Пасля свята “багач” ставяць у хаце пэўнага гаспадара i пакiдаюць да наступнага жнiва. Паводле народных павер’яў, “багач” павiнен забяспечыць дому багацце i шчасце.

Святочны дзень, як заўсёды, не толькi падводзiў вынiк зробленаму, але i настройваў на далейшыя работы: “Багач — кiдай рагач (саху), бяры сявеньку, сей памаленьку”. Звычайна да гэтага дня ўпраўляюцца шмат з якой работай, асноўным клопатам гаспадара застаецца сяўба азiмых. Ужо рана вечарэе, становiцца больш вольнага часу, i ў моладзi з’яўляецца магчымасць строiць пэўныя планы на шлюб. Ад Другой Прачысты пачынаюцца вячоркi.

На Багач робяць прадказанне на пачатак зiмы. Калi пасля свята жывёлiна імкнецца на пашу вельмi рана, то i зiма чакаецца ранняя. Прадчуваючы зазiмкi, скацiна цягнецца болей скубянуць свежай травы.

Аднак кожны хрысцiянiн павiнен ведаць, што нараджэнне Прасвятой Дзевы Марыi ёсць пачатак выканання ўсiх запаветаў Божых, якiмi жыло i суцяшалася чалавецтва на працягу тысячагоддзяў. Па словах святога Iаана Дамаскiна: “Нараджэнне Багародзiцы ёсць свята сусветнай радасцi, бо праз Багародзiцу абнавiўся ўвесь род чалавечы”.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.