Купалле, 6 лiпеня

Гэта — старажытнае язычнiцкае свята часу летняга сонцастаяння, найвышэйшага росквiту раслiннага свету, жыватворных сiл зямлi. Селянiн клапоцiцца, каб сабраць i давесцi да ладу плён сваёй працы — ураджай, каб нiякiя нядобрыя сiлы не перашкодзiлi яму ў гэтым. Адсюль аграрна-ахоўнае назначэнне шматлiкiх купальскiх абрадаў.

Святкуецца Купалле ў ноч з 6 на 7 лiпеня. Днём дзяўчаты iдуць на луг у поле збiраць купальскiя зёлкi. Лiчыцца, што гэтыя зёлкі маюць асаблiвую лекавую моц.
Галоўнае месца сярод абрадаў i гульняў займае купальскае вогнiшча, яно і надае святу найбольшую ўрачыстасць i каларыт. Увечары да яго, раскладзенага за паселiшчам, з купальскiмi песнямi збiраюцца вяскоўцы. Тут жа гатуюць абрадавую вячэру, водзяць карагоды, моладзь забаўляецца гульнямi, юнакі і дзяўчаты скачуць цераз агонь. Уздымаецца на высокiм шасце запаленае кола, што сiмвалiзуе сонца, якое з гэтага часу робiць паварот на зiму.

А ў нас сёння Купала, Купала,
Пойдзем, дзевачкi, цвяточкi рваць,
А вечарам — у чыстае поле,
У жыта купалачку сабiраць,
А ў лесе касцёр будзем раскладаць,
Купальную ночачку праваджаць.

З Купаллем звязана рамантычная легенда пра папараць-кветку. Вераць, што на Купалле апоўначы ў гушчары лесу зацвiтае кветка папарацi. “А хто гэтую кветку адшукае — будзе мець усё”. У паданнях расказваецца, што ў Купальскую ноч раслiны размаўляюць мiж сабою, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкi свецяцца прывiдным святлом. Сярод цудаў Купальскай ночы быццам назiраецца разгул змрочных сiл прыроды. Таму робяць розныя засцярогi ад нячысцiкаў i сурокаў.

Пашырана на купальскiм свяце i варажба. Напрыклад, па кiнутых на ваду вянках дзяўчаты i хлопцы вызначаюць, што чакае iх у будучынi, загадваючы на будучага мужа цi жонку. Пад ранiцу моладзь купаецца ў рацэ, качаецца па купальскай расе, сустракае ўсход сонца, назiраючы, як яно “iграе” — пералiваецца рознымi колерамi. Гэтыя дзеяннi маюць, па павер’i, ачышчальную сiлу, дазваляюць набрацца здароўя, пазбавiцца хвароб i немачы.

Купалле святкуецца напярэдаднi жнiва, таму дбайнага гаспадара не пакiдаюць думкi пра ўраджай (“Святы Iван колас налiваець… пчолы садзiць, коску правiць”). Лiчыцца добрым знакам на Купалле прайсцi першы пракос.

Пад iмем Купалы нашы продкi абагаўлялi жыццятворную сiлу вады i цеплыню сонца, верылi, што гэты Купала скрыты i ў вадзе, i ў агнi, i ў раслiнах. У часы хрысцiянскiя па сваёй недасведчанасцi, духоўнай недасканаласцi, змешваючы язычнiцкае з хрысцiянскiм, нашы продкі спалучылi свята Купалы са святам Нараджэння Iаана, Хрысцiцеля Гасподняга (святкаванне 7 ліпеня), даўшы святому Прадцечы празванне Iвана Купалы.

Любячы бязмежна Госпада — Тварца ўсяго iснуючага ў свеце, услаўляючы Яго дзеянні i тварэннi, мы павiнны выкараняць шкодныя псеўдасвяткаваннi, прымхi, забабоны, зневажальныя для хрысцiян i абразлiвыя для памяцi Хрысцiцеля Гасподняга Iаана.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.