Пакроў Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi (Пакрова), 14 кастрычнiка

Пакроў Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi (Пакрова), 14 кастрычнiкаПакроў Прасвятой Багародзiцы святкуюць у гонар дзiвоснага яўлення Мацi Божай, што адбылося ў сярэдзiне Х стагоддзя ва Улахернскай царкве Канстанцiнопаля, дзе захоўвалася рыза Божай Мацi, Яе галаўное покрыва i частка пояса. У нядзелю, падчас усяночнага трывання, калi храм быў перапоўнены людзьмi, якiя тварылi малiтву, святы Андрэй дзеля Хрыста юродзiвы (памяць 15 кастрычнiка), а чацвёртай гадзiне ночы, падняўшы вочы да неба, убачыў Прачыстую Дзеву, азораную нябесным святлом, акружаную Ангеламi i мноствам святых. Укленчыўшы, Багародзiца доўга малiлася за хрысцiян. Потым Яна зняла са Сваёй галавы покрыва i распасцёрла яго над людзьмi, што былi ў храме, абараняючы iх ад ворагаў бачных i нябачных.

Найсвяцейшая Уладычыца наша прасiла ў Госпада Iiсуса Хрыста прыняць малiтвы ўсiх людзей, якiя звярталiся да Яе Прасвятога Iмя i да Яе заступнiцтва.
 

* * *
Пакрова (Трэцяя Прачыста)

Да свята Пакрова Найсвяцейшай Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыi звычайна завяршаюцца ўсе работы на полi i ў садзе, уцяпляецца жыллё. Пачынаецца новы цыкл работ: нарыхтоўка палiва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне. Iснуе красамоўная прымаўка: “Прыйшла Пакрова, пытае, цi ты да зiмы гатова”. Юр’е (вясновы) i Пакрова змыкаюцца мiж сабою, бо з першым святам звязаны выган жывёлы пасля зiмы, а з другiм — пачатак зiмавання скацiны ў хляве (“Прыйшлi Пакровы — заганяй у хлеў каровы”). Пакрова сабрала шмат прыкмет i парад, звязаных з кармiцелькаю-каровай: “Прыйшла Пакроўка — не дала малака кароўка” (г. зн. запускаецца); або ў дачыненнi да няўвiшнага гаспадара: “Хто сее на Пакрове — не будзе мець чаго даць карове”.

Пакрова лiчыцца паказчыкам для прагнозаў надвор’я: калi да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то i на Каляды не будзе снегу; якое надвор’е ў дзень Пакровы, такое яно будзе i ўсю зiму да вясны.

З надыходам свята дзяўчаты сур’ёзна думаюць пра замужжа, а хлопцы выглядаюць сабе нявест.

У Праваслаўнай Царкве гучаць гэтым днём наступныя словы: “Узрадаваныя Тваiм, Богамацi, прышэсцем, i Твой прымаючы вобраз, замiлавана просiм: пакрый нас благадатным Тваiм покрывам, i пазбаў нас ад усялякага зла, уратуй душы нашы”.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.