Свята велікамучаніка і пераможца Георгія (Юр’е вясновы), 6 мая

Гэта даўняе гадавое свята земляробчага календара, якое супадае з днём памяці велiкамучанiка Георгiя (Юрыя, Ягорыя) Пераможцы, аднаго з найбольш папулярных хрысціянскіх святых.

У народным календары з гэтага дня пачынаецца сталая вясновая пара для працаўнiка. Выконваецца шэраг абрадаў ахоўнай накiраванасцi, што сваёй мэтай маюць захаванне свойскай жыўнасцi. Перш чым выганяць жывёлу на “юраўскую расу”, карыстаюцца атрыбутамi абрадавых дзеянняў: грамнiчнай свечкай, асвячонай вярбой, святаянскiмi зёлкамi, яйкам; святому велiкамучанiку правiцца малебен, акрапляюцца святой вадой пастухi i статак.

Вельмi ўрачыста адбываюцца i аграрныя абрады агледзiн зарунелай нiвы. Атрыбутамi тут з’яўляюцца: каравай, яйкi, рэшткi страў ад велiкоднай ежы. Мэта абрадаў — засцерагчы нiву, будучы ураджай, задобрыць сiлы зямлi.

У гэты дзень водзяць карагоды, частуюцца, танцуюць пад дуду, скрыпку, спяваюць юраўскiя песнi.

Юр’е лiчыцца яшчэ i вялiкiм святам пастухоў. Кожны гаспадар дае iм харчы, i яны раскладваюць на пашы вогнiшча, ладзяць сабе частаванне, якое мае таксама абрадавае значэнне.

Дбайны гаспадар не прапускае без увагi надвор’я ў гэты дзень i робiць для сябе пэўныя высновы: “Як на Юр’е пагода, то на грэчку няўрода”, “Калi будзе раса, хопiць коням аўса”, “Калi на Ягор’я мароз, будзе добры авёс” i г. д.
 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.