Прарока Іліі (Iлля), 2 жнiўня

У гэты дзень Праваслаўная Царква шануе памяць прарока Божага Іліі, выкрывальніка ідалапаклонства і няправеднасці.

З глыбокай даўнiны народ шанаваў гэтага ўгоднiка Божага, а яго дзень быў святочны i непрацоўны. Лiчылася, што непавага да святога прарока i свята непазбежна вяла да Божага пакарання. Аднак з прычыны адвольнага разумення падзей Бiблейскага Пiсання склалася ўяўленне, што прарок Iлія ёсць непасрэдны распарадчык грозных i дабрадатных сiл прыроды, ездзiць на вогненнай каляснiцы па небе i робiць гром.

У народным календары гэта свята, якое азначае канец лета (“Прыйшоў Iлля, то i лета няма”) i пачатак восенi, пахаладання, дажджоў (“Iлля нарабiў гнiлля”).
Заканчваюць касавiцу, пачынаюць араць паравое поле, рыхтуючыся спакваля да сяўбы азiмых.

Ад Iллi пачынаецца доўгачаканае жнiво (“Свята Iлля — слаўная жняя”). Выспяванне жыта часта вывяраюць па ягадах у лесе: паспелi на Iллю чарнiцы, значыць, паспела i жыта. У гэты час праводзяць “зажынкi”. Абрадавы сэнс гэтага старадаўняга звычаю скiраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю, выказаць пашану селянiна да хлеба, стварыць своеасаблiвы яго культ. Навёўшы парадак у хаце, прыбраўшыся сама, зажынальнiца (гаспадыня з дочкамi альбо нявесткамi) бярэ прыгатаваныя харчы i iдзе ў поле. Нажаўшы першы сноп, падсiлкаваўшыся, з гэтым снапом вяртаецца дадому, дзе ён займае пачэснае месца на покуцi пад абразамi (зерне з яго дамешваюць у насенне). Затым ладзiцца святочная вячэра, а ў наступныя днi пачынаецца цяжкая праца. Спяваюцца жнiўныя песнi.

Заканчваецца жнiво “дажынкамi”, якiя абстаўляюцца адпаведнай урачыстасцю i абраднымi дзеяннямi: “завiваннем барады”, ушанаваннем апошняга снапа, шчодрым частаваннем i зноў жа песнямi, але ўжо дажынкавымi.

Ой, хвала табе, Божа,
Што жыта пажалi,
У снапочкi павязалi,
У бабачкi пастаўлялi
I копачкi палiчылi…

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.