Духоўныя святыні Віцебскай епархіі

Святая роўнаапостальная княгіня Вольга. Сучасная іконаСвятая роўнаапостальная княгіня Вольга. Нарадзілася на Пскоўскай зямлі ў радавітай княжай сям”і. Яшчэ ў маладосці яе называлі багамудрай, наймудрэйшай у сваім родзе. Княжну адрознівала і маральная чысціня, што пазней стала дабрадатнай глебай для прыняцця хрысціянства. У 903 годзе Вольга стала жонкаю кіеўскага князя Ігара. У той час яны былі язычнікамі, але вера Хрыстова ўжо распаўсюджвалася ў Кіеве, хрысціяне складалі значную частку гараджан. У 945-м годзе князь Ігар быў забіты драўлянамі. Спалохаўшыся помсты за сваё злачынства, драўляне звярнуліся да Вольгі з прапановай, каб яна ўступіла ў шлюб з іх правіцелем Малам. Вольга-язычніца хітрасцю заманіла ў Кіеў старэйшын і знаць драўлянаў і загадала забіць іх.

Пасля смерці князя Ігара Вольга паспяхова кіравала Кіеўскай дзяржавай. Да Хрыста яна прыйшла праз чытанне кніг і пошукі ісціны. Глыбока пакаяўшыся, яна прыняла хрышчэнне з імем Алена ў гонар святой роўнаапостальнай царыцы Алены ад самога Канстанцінопальскага патрыярха. Вярнуўшыся ў Кіеў, яна заклала на магіле Аскольда храм у імя свяціцеля Мікалая, а таксама драўляны храм у імя святой Сафіі, Прамудрасці Божай. Затым з пропаведдзю хрысціянскай веры княгіня адправілася на поўнач. Па дарозе яна ўсталёўвала крыжы на месцах язычніцкіх капішчаў. У “Віцебскім летапісе” чытаем: “У год 974 Вольга, пабіўшы яцвягаў і печанегаў, пераправілася з воямі праз раку Дзвіну і заначавала, а ўпадабаўшы гару, заклала драўляны замак, які назвала ад ракі Віцьбы Віцебскам. У Верхнім замку змуравала царкву святога Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Два гады тут пражыўшы, ад`ехала да Кіева”.

Канец жыцця княгіні Вольгі быў азмрочаны рознымі нягодамі. Яе сын-язычнік Святаслаў пакінуў састарэлую маці і перасяліўся ў Пераяславец на Дунаі. Акрамя таго, ён працівіўся хрысціянізацыі Кіеўскай Русі. Да апошніх дзён княгіня маліла Бога аб уразумленні сына. 11 ліпеня (ст. ст.) 969 года яна адышла да Госпада і была пахавана згодна з хрысціянскім звычаем. Праз 19 гадоў яе ўнук — вялікі князь Уладзімір прыняў хрышчэнне. Ён пабудаваў у Кіеве мураваны храм у гонар Прасвятой Багародзіцы, куды былі перанесены непашкоджаныя часам мошчы святой Вольгі. У праваслаўным славянскім свеце святая Вольга ўшаноўваецца як распаўсюджальніца хрысціянства на землях Старажытнай Русі.

У Віцебску па вуліцы Талстога пабудаваны храм у гонар святой роўнаапостальнай Вольгі. Пры ім быў адноўлены Свята-Духаў жаночы манастыр, які бярэ пачатак яшчэ ў 14-га ст.
 

***

Віцебскі жаночы манастыр у гонар Сашэсця Святога Духа (вул М.Горкага, 86). Быў заснаваны пры драўлянай царкве ў гонар Святога Духа, пабудаванай у першай палове 14 ст. у заходняй частцы Заручэўя (Заручаўскай слабадзе). Царква была адной з галоўных святынь горада. У прывілеях на правы і вольнасці баярам і мяшчанам Віцебска вялікія князі ВКЛ Вітаўт і Казімір Ягелончык абавязваліся «в церкви Божьи не вступатися, в дом Божий Святого Духа и в дом Божий Благовещения Пречистое и иные церкви не вступатися». Галоўным апекуном храма з’яўлялася Марыя Яраслаўна, першая жонка князя Альгерда. Другая яго жонка, цвярская княжна Юльянія, заснавала пры царкве жаночы манастыр, дзе ў 1392 годзе сама прыняла манаскі пострыг з імем Марфа.

Пасля заключэння царкоўнай уніі 1596 г. Свята-Духаў храм, як і іншыя, цярпеў прыцясненні, якія асабліва ўзмацніліся пасля забойства віцябчанамі уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Манастыр пацярпеў у час вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг., але хутка быў адбудаваны на ахвяраванні віцебскага мешчаніна Патапа Бібкі. Паводле “Чарцяжа” Віцебска 1664 г., храм быў драўляны, з пяцю шатровымі вярхамі, завершанымі выцягнутымі галоўкамі на барабане.

Жаночы манастыр пры Свята-Духаўскай царкве быў адноўлены ў 1697 годзе фундацыяй “вяльможнага Фёдара, князя Лукомльскага, земскага суддзі Віцебскага ваяводства” як уніяцкі. У той час ён належаў базыльянам.

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебск увайшоў у склад Расіі. У 1796 годзе замест драўлянага быў пабудаваны мураваны храм Іаана Багаслова ў стылі барока.

Пасля скасавання уніі ў 1839 г. манастыр зноў стаў праваслаўным, яму была вернута старажытная назва, але заставаўся малалюдным і бедным. У 1885-м быў закрыты, а ў яго будынках размясцілася жаночае вучылішча духоўнага ведамства. У 1898 г. на сродкі Полацка-Віцебскай епархіі быў узведзены новы 3-павярховы манастырскі будынак. Адначасова была перабудавана і Свята-Духава царква ў стылі маскоўскай архітэктуры.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. духоўнае вучылішча было ліквідавана, а царква закрыта. У будынку вучылішча размяшчаўся Віцебскі губвыканкам. У 1936 г. быў знішчаны архіў Свята-Духава манастыра. У 1948 г. у паўразбураным стане, адсутнічалі скляпенні і большая частка сцен. Узарвана ў 1962 г. Вынікі археалагічных даследаванняў, праведзеных на тым месцы ў 1980-я гады, знаходзяцца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

У 2001 г. Свята-Духаў жаночы манастыр у Віцебску быў адноўлены. Будуецца храм у гонар Сабора Архангела Гаўрыіла.

Віцебскі Свята-Троіцкі Маркаў манастыр. Гравюра 19 ст. Віцебскі Маркаў мужчынскі манастыр у гонар Святой Троіцы (вул. Горкага, 84-а). Заснаваны ў 13-м ст. у вёсцы Маркаўшчына (назва паходзіць ад імя зямяніна Марка, які заснаваў вёску і манастыр) на правым беразе Заходняй Дзвіны. Спачатку тут была невялікая драўляная капліца, вакол якой пасяліліся першыя манахі. Манастыр неаднаразова цярпеў ад пажараў і непрыяцельскіх набегаў. У 1576 г. у жалаванай грамаце караля Стэфана Баторыя Маркава царква згадваецца як прыходская.

Манастыр быў адноўлены ў 1633—1642 гг. аршанскім цівуном князем Львом Самуілам Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй Севасцянам Мірскім. Яны пабудавалі драўляную Свята-Троіцкую царкву і манастырскі корпус. У 1638 г. фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне і фальварак Шыдлоўшчына. У 17-м ст. манастыр стаў важным духоўным цэнтрам. Манастыр заставаўся праваслаўным дзякуючы стойкасці манахаў і дапамозе караля Аўгуста III. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.