Духоўныя святыні Віцебскай епархіі

Галоўнымі храмамі былі Свята-Троіцкі сабор і Пакроўская драўляная царква, пабудаваная ў 1650 г. Манастыр быў знакаміты старажытнымі іконамі, там знаходзіўся вобраз Уваскрасення Хрыстовага — дар патрыярха Іерусалімскага Даміяна. У 1655 г. сюды была прывезена з Масквы цудатворная ікона Казанскай Божай Маці. Хрэсны ход з ёю адбываўся штогод напярэдадні дня святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ў Параскевінскую царкву, што была ў фальварку Шыдлоўшчына, і назад. Манастырскія архівы захавалі шмат сведчанняў пра цуды ацаленняў, уратаванні ад эпідэмій, войнаў і пажараў дзякуючы заступніцтву Маці Божай.

У 1690 г. падкаморый віцебскі князь Сімяон Агінскі пасля пажару на старых падмурках аднавіў царкву ў гонар Святой Троіцы — адзін з найбольш каштоўных помнікаў драўлянага дойлідства Беларусі. Вядома, што будавалі яе народныя майстры пад кіраўніцтвам В.Харошкі ў традыцыях віцебскай школы дойлідства. Яна была драўляная, 4-зрубная, крыжова-цэнтрычная ў плане, з пяццю купаламі.

Манастырскі комплекс, акружаны мураванай сцяной, уключаў таксама драўляную царкву ў гонар Пакрову Багародзіцы, храм Мікалая Цудатворца “на могілках”, Параскевы Пятніцы “ў манастырскай сядзібе” і браму-званіцу. У сярэдзіне 17-га ст. ігуменам манастыра быў вядомы царкоўны дзеяч Каліст, будучы епіскап Полацкі і Віцебскі. У 18-м ст. манастыр меў шэраг вёсак і іншую маёмасць у Віцебску.

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай, у 1773 г., прыпісаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 г. меў статус архімандрыі, да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр.

У 1842 г. залічаны да манастыроў 1-га класа. Маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзесяцін зямлі). Меў майстэрні, пачатковую школу для дзяцей. У 1910 г. манастыр быў у добрым стане, налічваў браціі 25 чалавек, узначальваўся архімандрытам Панцеляіманам (Ражноўскім), пазней епіскапам Дзвінскім, вікарыем Полацкай епархіі. Манастырскі комплекс уключаў акрамя Свята-Троіцкай яшчэ тры царквы: у гонар Пакрову Божай Маці, свяціцеля Мікалая, у імя святой Параскевы Пятніцы.

Пры манастыры існавала бібліятэка, дзе захоўваліся рэдкія кнігі і рукапісы, у тым ліку ”Апостал“ (16 cт.), “Кніга прарокаў” (16 cт.), “Ірмалогій нотны” (16—17 cтcт.),”Чэцці мінеі” (16 cт.), “Трыёдзь” (16 cт.), “Літапар” (1628), “Зборнік слоў святых айцоў”. У 1860 г. каля 20 рэдкіх рукапісаў з гэтага манастыра трапілі ў Віленскую публічную бібліятэку. Паблізу манастыра знаходзіўся Барысаў камень з крыжом, але без надпісу. У 1913 г. яго ўзарвалі паводле распараджэння “Управления путей сообщения”.

У 1920 г. манастыр быў закрыты, будынкі выкарыстоўваліся рознымі ўстановамі. У 1920-я гады згарэла Свята-Троіцкая царква — выдатны помнік драўлянай храмавай архітэктуры, дзе захоўваўся цудатворны Віцебскі абраз Божай Маці. На тым месцы пабудавана льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна”. Захавалася Пакроўская (1752), цяпер Казанская царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму.

Манастыр адноўлены ў 2001 г. Дзейнічае храм у імя Казанскай іконы Божай Маці.

Храм у гонар Благавешчання. Адноўлены ў 1999 г. Віцебская царква Благавешчання (вул Замкавая, 1). Паводле царкоўнага падання, заснавана ў 11-м ст. святой роўнаапостальнай княгіняй Вольгай. Пабудавана ў Заручаўскай слабадзе грэчаскімі майстрамі-дойлідамі. Інтэр`ер царквы быў багата ўпрыгожаны высокамастацкімі фрэскамі. У 14-м ст. пры князі Альгердзе храм быў перабудаваны з улікам мясцовай традыцыі полацкай будаўнічай школы. З 1619 г. належаў уніятам, якія перабудавалі храм у стылі віленскага барока. У 1623 г. уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч загадаў забяліць старажытныя фрэскі. У 1831-м вернуты праваслаўным, адрамантаваны ў 1833 г. губернскім архітэктарам Беціні. У другой палове 19-га ст. перабудаваны ў рэтраспектыўнарускім стылі — былі зняты вежы-званіцы, узведзены купал. У час вайны 1812 г. царква выкарыстоўвалася французамі пад склад боепрыпасаў. У 1944 г. пашкоджана. Узарвана паводле распараджэння ўлад у 1961 г. Адноўлена ў 1999 г. (архітэктар Г.Лаўрэцкі). Фрагмент старажытнай фрэскавай выявы воіна са стараславянскімі літарамі з Благавешчанскай царквы захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

Віцебскі Свята-Успенскі сабор (вул. Крылова,9). Размяшчаўся на левым высокім беразе ракі Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе Віцьбы. Пазней гэтае месца сталі называць Успенскай Горкай. Упершыню згадваецца ў 1406 г. У 1630 г. пасля Віцебскага паўстання царква была разбурана. У 1682 г. па фундацыі віцебскага падкаморыя Я.Кісяля адноўлена. Пры царкве дзейнічаў базыльянскі манастыр.

У 1708 г. у час пажару драўляная царква згарэла. У 1743—1777 гг. па фундацыі Мірона Галузы адбудавана новая мураваная Свята-Успенская царква ў стылі сталага барока і трохпавярховы манастырскі корпус. У 1799 г. базыльянскі манастыр быў закрыты. Успенская царква стала праваслаўным гарадскім саборам. У манастырскіх будынках размясціліся дзяржаўныя ўстановы, пазней (1856) — духоўная семінарыя.

Сабор, які ўражваў, паводле сведчанняў сучаснікаў, сваімі прыгажосцю і велічнасцю, быў узарваны ў 1936 г. Захаваліся манастырскія будынкі, дзе цяпер размяшчаецца Віцебскі індустрыяльны тэхнікум. У 1990-я гг. распрацаваны праект аднаўлення святыні. У 1998 г. патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Аляксіем II закладзены сімвалічны камень у фундамент будучага храма. Вядуцца рэстаўрацыйна-будаўнічыя работы.

Аршанскі Куцеінскі манастыр у гонар Богаяўлення (вул. Ф.Скарыны, 79). Заснаваны ў 1623 г. як праваслаўны мужчынскі манастыр на землях, ахвяраваных шляхецкім родам Сцяцкевічаў. Размешчаны ў Куцейне — паўночна-заходняй ускраіне Оршы ў сутоках рэк Дняпро і Куцеінка. Драўляны Богаяўленскі сабор пачаў будавацца ў 1623, асвячоны ў 1635 г. мітрапалітам Пятром Магілам. Быў пяцікупальным, са шмат`ярусным разным іканастасам. Сцены ўпрыгожвалі роспісы з выявамі 38 сюжэтаў Новага Запавета. Сабор меў два паверхі і склеп-пахавальню.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.