Духоўныя святыні Віцебскай епархіі

Манастырскі храм у гонар Святой ТроіцыДругая царква, у гонар Святога Духа, узведзеная ў першай палове 17-га ст., таксама была драўлянай, двухпавярховай. Пасля рэканструкцыі 1868 г. была пераасвячона ў гонар Святой Троіцы.

Пры манастыры працавалі школа для дзяцей прыхаджан, шпіталь, а таксама арцель мастакоў-іканапісцаў, якія мелі тут сваю школу. У 1630 г. беларускі асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры друкарню. Тут ён выдаў: “Брашно духовное” (1630), ”Буквар”, “Малітваслоў” (1631), “Часаслоў” (1632), “Новы Закон з псалтыром” (1632) і інш. У 1655 г. у час вайны друкарня была перавезена ў Расію, у Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. Богаяўленскі сабор згарэў ад удару маланкі ў 1892 г.

На тэрыторыі манастыра быў старажытны пячорны манастыр і царква. Знайшлі яго манахі ў 1910—1912 гг. Вялікая пячора мела 11 кв. м., а таксама шмат нішаў і падземных пераходаў. Быў знойдзены драўляны крыж, замацаваны камянямі. Другі раз пячоры даследаваліся ў 1926 г. Інбелкультам, выяўлены два калідоры, шматлікія пячоры і нішы. Быў зняты план і надрукаваны ў часопісе “Наш край”. Цяпер пячоры засыпаны.

Манастыр дасягнуў росквіту ў першай палове 17-га ст., меў статус лаўры, яму падпарадкоўваліся манастыры на беларускіх і часткова літоўскіх землях. У час руска-польскай вайны 1654—1667 гг. загадам патрыярха Нікана частка браціі, кнігадрукары і рамеснікі пераведзены ў Валдайскі Іверскі манастыр. З больш чым 200 насельнікаў тут засталося толькі 60. Манастыр быў разграблены французскім войскам у 1812 г. Закрыты пасля 1917. Захаваліся царква ў гонар Святой Троіцы, манастырскі будынак, частка сцяны. Манастыр адроджаны ў 1992 г. У 1998 г. на сцяне манастырскага храма ўстаноўлена памятная дошка ў гонар друкара Спірыдона Собаля (скульптар І. Голубеў).

Успенскі Куцеінскі манастыр. Малюнак Дз. СтрукаваАршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр (вул. Ф.Скарыны, 1). Заснаваны як жаночы ў 1631 г. мсціслаўскім падкаморыем Багданам Сцяцкевічам і яго маці Ганнай з Агінскіх. У комплекс уваходзілі чатыры драўляныя цэрквы, сярод якіх галоўным быў Успенскі сабор, а таксама жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Успенскі манастыр аказваў вялікую падтрымку новазаснаваным манастырам, пасылаючы сваіх сясцёр для наладжвання манастырскага жыцця. У 1663 г. ігумення Іраіда (княжна Куракіна) разам з 22 манахінямі перабралася з Оршы ў новаствораны Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Нова-Дзявочага манастыра ў Маскве.

У 1635 г. у Куцейне быў збудаваны новы Свята-Троіцкі мураваны сабор замест драўлянага Успенскага, які пацярпеў ад пажару. У другой палове 18-га ст. былі ўзведзены новыя Успенская і Пакроўская цэрквы, у 1824 г. — Мікалаеўская. У 1718 г. у манастыры пражывала 46 сясцёр. У 1842 г. залічаны да 1-га класа. Закрыты ўладамі ў 1918 г., будынкі не захаваліся.

Свята-Успенскі жаночы манастыр адноўлены ў 2000 г. пры храме ў гонар прарока Іллі (1880). У 2005 г. у манастыры асвячоны новы храм у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы

Аршанскі раён, в. Дзятлава. Царква ў гонар святых Барыса і Глеба. Пабудавана ў 1803 г. з дрэва мясцовымі сялянамі над Рагвалодавым каменем — помнікам эпіграфікі 12 ст. Шасціканцовы крыж на камені быў высечаны ў 1171 г. паводле загада друцкага князя Рагвалода як сімвал усталявання хрысціянства на гэтых землях. Камень меў надпіс “В лето 6679 мая в 7 день доспен крест сий. Господи, помози рабу Своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову”. У час вайны 1812 г. царква згарэла, на яе месцы ў 1830 г. была ўзведзена новая. Каменны крыж быў умураваны ў падлогу перад алтаром. Царква была ўзарвана ў 1930-я гады.

Бешанковіцкі раён, в. Давыдкава. Тут быў створаны і ў 18-м ст. знаходзіўся ў мясцовай царкоўнай бібліятэцы рукапісны “Ірмалогій”, які пасля 1863 г. апынуўся ў зборах Прыдворнай капэлы ў Пецярбургу. Цяпер знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.

Чашніцкі раён, в. Чарэя. Свята-Троіцкі манастыр (не існуе). Каля 1454 г. епіскапам Смаленскім Місаілам з роду князёў Пяструцкіх былі заснаваны Свята-Троіцкі храм і манастыр, якому епіскап “даў усіх людзей і сёлы свае”, што дасталіся яму ў спадчыну. Пасля смерці заснавальніка манастыр знаходзіўся пад патранатам роду Друцкіх-Бабічаў, а потым Сапегаў. Яны, паводле спадчыннага завяшчання, не маглі тут храмы “ўзводзіць ніякай веры, акрамя грэчаскай”. Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага, пабудаваў на беразе возера Галоўля новую мураваную царкву Свята Троіцы, вядомую як Белая царква і заснаваў пры ёй другі манастыр — Белацаркоўскі (1598). У 1599 г. манастыр, згодна з дакументамі, быў яшчэ багаты, добра ўпрыгожаны. Тут захоўваліся цудадзейная Чарэйская ікона Божай Маці, напрастольны крыж, замоўлены для манастыра Львом Сапегам у 1596 г.

У 1601 г. ігумен манастыра інак Ісайя прыняў унію. У другой палове 17-га ст. манастыр збяднеў, у 1804 г. тут было толькі чатыры манахі. У 1836 г. скасаваны, царква дзейнічала як прыходская.

У 1935 г. Свята-Троіцкая царква была закрыта, у 1938 г. стала збожжасховішчам. Цяпер знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі. Манастырскі комплекс не захаваўся. Зніклі ўсе абразы, у тым ліку і цудатворны вобраз Чарэйскай (Белацаркоўскай) Божай Маці. У Віцебскім царкоўна-археалагічным музеі захоўвалася шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1568 г. з Чарэйскага манастыра («Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». Книга 1. Вильна, 1910).
Цяпер у Чарэі дзейнічае адрэстаўраваны прыходскі храм у гонар Святога Архангела Міхаіла (1604).

Талачынскі раён, в. Друцк. У 1001 г. у старажытным Друцку была заснавана першая вядомая царква на беларускіх землях. Узведзена на дзядзінцы паводле распараджэння друцкага князя Васіля Міхайлавіча і яго жонкі княгіні Васілісы і асвячона ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Князь падараваў царкве Евангелле ў каваным акладзе, а таксама маёмасць на яе ўтрыманне. Царква, відаць, аднаўлялася пасля пажару 1116 г., які знішчыў дзядзінец і іншыя часткі горада.

Старонка Друцкага Евангелля 14 ст.Друцкае пергаментнае Евангелле — рукапісны помнік усходнеславянскага пісьменства 14-га ст. Напісана на царкоўнаславянскай мове ўставам на 376 старонках. Тэкст размешчаны ў два слупкі па 25—28 радкоў у кожным. Упрыгожана застаўкамі і ініцыяламі, выкананымі чырвонай фарбай. На апошняй старонцы зроблены надпіс, які сведчыць пра існаванне Друцка ўжо ў 10-м ст. і пра пабудову ў горадзе ў 1001 г. першай царквы ў гонар Прасвятой Багародзіцы. У 1441 г. Евангелле перададзена ва Уваскрасенскую царкву ў Вільні. У 18-м ст. належала епіскапу Ноўгарадскаму Феадосію Яноўскаму. З 1965 г. знаходзіцца ў бібліятэцы Сібірскага аддзялення Расійскай АН. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў Мінску знаходзіцца фотакопія Друцкага Евангелля.

У 2001 г. у Друцку асвячоны прыходскі храм у гонар Нараджэння Багародзіцы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.