Духоўныя святыні Віцебскай епархіі

Талачынскі раён, в. Няклюдава. Мужчынскі манастыр у гонар святых Барыса і Глеба (не існуе). Заснаваны ў 1885 г. уладальнікам маёнтка Ф. Ляшковым на ўласных землях. Знаходзіўся на беразе штучнага возера непадалёк ад шырокавядомага Барысавага каменя (каля в. Высокі Гарадзец). Галоўная саборная царква была асвячона епіскапам Місаілам у 1899 г. у гонар Святой Троіцы. Сюды былі запрошаны 50 чалавек браціі з Кіеўскай епархіі на чале з іераманахам Пахоміем. У 1902 г. было закончана будаўніцтва царквы-скіта, якая была ўзведзена на месцы цудоўнага з“яўлення абраза святых Барыса і Глеба, за тры вярсты ад манастыра ў лесе ля крыніцы.

Сюды, да каменя пад назвай Святы Ручай, здаўна людзі хадзілі хрэсным ходам штогод на свята святых пакутнікаў Барыса і Глеба. З 1902 г. штогод 24 ліпеня вобраз хрэсным ходам пераносілі ў манастыр і пакідалі там да 2 мая наступнага года, а на свята Барыса і Глеба неслі назад у стары скіт, і там адбывалася асвячэнне вады ў крыніцы. Манастырскі комплекс уключаў таксама жылы корпус, гаспадарчыя будынкі, прытулак для сірот і нямоглых, вучылішча.
 

***

Аршанская ікона Божае МаціАршанская ікона Божай Маці. Паводле падання, ікона была яўлена цудоўным чынам пры заснаванні мужчынскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў 1631 г. каля Оршы на беразе р. Куцеінкі. Яна лічылася заступніцай гэтай абіцелі. Калі прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі шукаў падтрымкі ў ігумена Куцеінскага манастыра Іаіля Труцэвіча, той пасля рады з інакамі не мог яму дапамагчы. Тады Богамаці з’явілася ў сне прападобнамучаніку і падказала ісці ў Купяціцкі манастыр пад Пінскам. Там праз некаторы час ён быў абраны ігуменам. У 1655 г. частка маёмасці Куцеінскага манастыра разам з друкарняй была перавезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. Магчыма, туды трапіла і цудатворная ікона.

У аршанскім Успенскім жаночым манастыры захоўваўся цудатворны спісак з іконы. Вядомы шматлікія выпадкі ацалення хворых па малітве да святой Багародзіцы перад яе іконай. Пакроў Царыцы Нябеснай над манастыром праявіўся ў дабрабыце манастыра, значнай колькасці інакінь: на пачатку ХХ ст. тут было больш за 100 манахінь і паслушніц. Заняткі ў манастырскай школе, па традыцыі, пачыналіся малебнам перад святыняй.

Сёння ў Мінскім Свята-Духавым саборы знаходзіцца копія Аршанскай іконы Багародзіцы, напісаная ў 18-м ст. у Іверскім манастыры.

Фальковіцкая ікона Божай Маці. Фальковіцкая царква, у якой знаходзіўся аднайменны вобраз Божай Маці, размяшчаецца непадалёку ад Віцебска (Віцебскі раён) у в. Фальковічы. Абраз быў знойдзены ў пачатку 18-га ст. у бярозавым гушчары на беразе рэчкі, што працякала каля царквы. На гэтым месцы быў пабудаваны храм у гонар Багародзіцы, у якім аднойдзеная ікона праславілася шматлікімі цудамі. Апісанне царквы 1785 г. называе ўжо Фальковіцкую ікону Божай Маці старажытнаю і сцвярджае, што яна даўно вядомая сваёй дабрадатнасцю і цудамі.

Падчас айчыннай вайны 1812 г. фальковіцкі храм пацярпеў ад французаў. Адзін салдат прыставіў лесвіцу да іконы з намерам зняць з яе каштоўную шату. Але толькі яго рука дакранулася да шаты на іконе, як лесвіца абарвалася і, падаючы, салдат атрымаў смяротнае калецтва. Фальковіцкая ікона праславілася ў 1831 г. у час эпідэміі халеры, калі людзі звярталіся за дапамогай да Маці Божай і маліліся перад яе іконай. Фальковіцкая ікона была напісана ў стылі беларускай іканапіснай школы. На жаль, лёс яе сёння невядомы. Святкаванне 28 жніўня.

У 2002 г. у в.Вароны Віцебскага раёна пабудаваны храм у гонар Фальковіцкай іконы Божай Маці.

Цэзарская ікона Божай Маці. Ікона знаходзілася ў Спаса-Праабражэнскай царкве мястэчка Усвяты Віцебскай епархіі. Была знойдзена ў сярэдзіне 12-га ст. паблізу могілкавай царквы ў мясцовасці Бор, таму часам называецца Борскаю. У 1859 г. ва Усвятах і ваколіцах лютавала эпідэмія халеры. Мясцовыя людзі шукалі заступніцтва ў Божай Маці. Калі яны абышлі ўсю мясцовасць хрэсным ходам з гэтай іконай, то эпідэмія пачала слабець і ў хуткім часе зусім спынілася. У памяць пра гэтае збаўленне з 1863 г. устаноўлены дзень святкавання іконы — 12 чэрвеня. Ікона старажытнарускага пісьма, упрыгожана срэбным акладам з вызалачанымі вянцамі.

Казанская ікона Божай Маці. Ікона знаходзілася ў Віцебскім Маркавым Свята-Троіцкім манастыры з 17-га ст. Паводле гістарычных звестак, была ахвяравана патрыярхам Ніканам. Патрыярх Нікан, аднаўляючы ў 1654 г. старажытную Полацкую епархію, выклікаў у 1656 г. у Маскву ігумена Маркава манастыра Каліста і прызначыў яго сваім намеснікам у Полацкай епархіі, а ў 1657 г. пасвяціў у сан епіскапа Полацкага. Пры гэтым патрыярх благаславіў Маркаў манастыр Казанскай іконай Прасвятой Багародзіцы. Святкаванне 9 красавіка і 21 ліпеня (н. ст.).
 

***

Віцебскі царкоўна-археалагічны музей. Існаваў у Віцебску у 1893—1919 гг. Заснаваны па ініцыятыве беларускіх гісторыкаў і краязнаўцаў А. Сапунова і Е. Раманава. Экспанаты былі сабраны па манастырах і цэрквах Віцебска, папаўняліся знаходкамі археалагічных раскопак. У 1905 г. было 1247 экспанатаў, у тым ліку іконы, царкоўнае начынне, кнігі і рукапісы. Асаблівую каштоўнасць мелі рукапісы і дакументы Полацкай епархіі, апісаныя Сапуновым у выданні «Архіў Полацкай духоўнай кансісторыі» (1898). У 1919 г. большасць экспанатаў перададзена Віцебскаму губернскаму музею (цяпер Віцебскі абласны краязнаўчы музей).

***

Орша. Труцэвіч Іаіль (?—1654), ігумен аршанскага Богаяўленскага манастыра, друкар, пісьменнік. У пачатку 1630-х гадоў прымаў удзел у стварэнні Куцеінскай друкарні, потым стаў яе кіраўніком. Пры ім з друкарні выйшла 14 кніг, што прызначаліся для богаслужэння, навучання і душакарыснага чытання. Да некаторых кніг пісаў уласныя прадмовы на беларускай і царкоўнаславянскай мовах. Памёр па дарозе пры пераездзе ў Іверскі манастыр. У Оршы ёсць вуліца, названая імем Іаіля Труцэвіча.

Шумілінскі раён, в. Жаробычы. Косаў Сільвестр (канец 16-га ст. — 23.04.1657), мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, праваслаўны багаслоў і гісторык. Нарадзіўся ў маёнтку Жаробычы ў сям’і шляхецкага паходжання. Скончыў брацкую школу пры Віленскім Свята-Духавым манастыры, працягваў вучобу ў Люблінскі езуіцкім калегіуме, Замойскай акадэміі.

Выкладаў рыторыку ў брацкіх школах у Вільні і Львове. З 1631 г. — прафесар філасофіі ў Кіева-Пячэрскай школе. У 1631—1632 гг. разам з мітрапалітам Пятром Магілам праводзіў рэформу навучальных устаноў Кіева. Паводле прапановы Сільвестра Косава, у 1632 г. школа Кіеўскага праваслаўнага брацтва і Кіева-Пячэрская школа былі аб`яднаны і ўтвораны Кіева-Магілянскі калегіум. Першым рэктарам яе стаў Сільвестр Косаў. У школе выкладаліся класічныя і сучасныя мовы, паэзія, рыторыка, філасофія.

Сільвестр Косаў высока ацэньваў ролю школы і асветніцтва ў справе паляпшэння стану царквы. З 1633 г. ён — архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры. Падкрэсліваў ролю манастыроў у захаванні дагматаў веры і царкоўнай традыцыі. Пры ім Кіева-Пячэрская лаўра была шырока вядомым цэнтрам духоўна-інтэлектуальнага жыцця.

У 1635 г. С. Косаў рукапаложаны ў сан епіскапа з тытулам «Магілёўскі, Аршанскі і Мсціслаўскі» (пазней атрымаў тытул “Беларускі”). Адстойваў правы праваслаўных у час панавання уніі. У час свайго візіту ў Полацк і Віцебск заклікаў насельніцтва гэтых гарадоў захоўваць старажытную бацькоўскую веру. Уніяцкі архіепіскап Анастасій Сялява нават звяртаўся да караля са скаргаю на С.Косава (тады ў Віцебску і Полацку праваслаўным было забаронена адпраўляць публічныя набажэнствы). У час палемікі з уніятамі па багаслоўска-дагматычных пытаннях С.Косаў склаў Катэхізіс з выкладаннем асноў праваслаўнай дагматыкі (выйшаў у 1645 г. на польскай мове, у 1646 — на рускай). Гэты Катэхізіс пазней быў шырока распаўсюджаны ў Маскоўскай дзяржаве і іншых славянскіх краінах. У 1646 г. па ініцыятыве епіскапа Сільвестра Косава ў Магілёве пры царкве свяціцеля Мікалая быў заснаваны жаночы манастыр.

У 1647 г. пасля смерці мітрапаліта Пятра Магілы Сільвестр Косаў пастаўлены мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі, экзархам (прадстаўніком) Канстанцінопальскага патрыярха ў межах Рэчы Паспалітай. Пры гэтым працягваў кіраваць Беларускай епархіяй. Клапаціўся пра паляпшэнне прававога стану Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай, адначасова выступаў за яе незалежнасць ад уплываў мясцовых магнатаў. Спрабаваў праводзіць канцэпцыю, прапанаваную яшчэ Пятром Магілам, аб атрыманні незалежнасці ад Канстанцінопальскага патрыярхату (з прычыны яго канфлікту з Турцыяй) і стварэнні свайго самастойнага патрыярхату ў межах Рэчы Паспалітай.

Па яго ініцыятыве толькі ў Купяціцкай друкарні выйшлі “Трыфалагіён” (1647), “Псалтыр” (1650), “Новы Запавет з Псалтыром” (1652), “Буквар” (1653), “Лексікон” (1653). Мітрапаліт падтрымліваў заснаванне новых манастырскіх і прыходскіх школ. Асаблівую ўвагу надаваў Кіева-Магілянскай акадэміі. У той час у гэтай навучальнай ўстанове вучыліся такія вядомыя дзеячы як Сімяон Полацкі і Іанікій Галятоўскі. У сваёй асветніцкай дзейнасці мітрапаліт Сільвестр апіраўся на царкоўныя брацтвы, якія ўяўлялі сабой моцныя духоўна-інтэлектуальныя і дабрачынныя асяродкі ў межах ВКЛ.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. выступаў супраць падначалення Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату, адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць цару. Раптоўная смерць перарвала дзейнасць мітрапаліта па ўладкаванні царкоўных спраў. Сільвестр Косаў аўтар багаслоўскіх твораў “Экзегезіс”(1635), “Патэрыкон, або Зборнік жыццяў святых пячэрскіх айцоў” (1635), “Дыдаскалія, або Навука для святароў” (1637) і інш.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.