Князь Канстанцін (Васілій) Астрожскі 1526 – 1608

КНЯЗЬ КАНСТАНЦІН (ВАСІЛІЙ) АСТРОЖСКІ

РАДАВОД

Род князёў Астрожскіх — адзін з найбольш знатных і багатых родаў на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Ён даў многа славутых мужоў, якія праславіліся не толькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, але і падзвіжніцтвам на духоўнай ніве.

Першым вядомым прадстаўніком роду быў Даніла Астрожскі, які жыў на Валыні ў сярэдзіне XIV стагоддзя. Сын яго Фёдар Данілавіч
(?—1407?) — князь Уладзмірскі і Цвярскі, удзельнік Грунвальдскай бітвы і Гусіцкіх войнаў, у канцы жыцця стаў інакам Кіева-Пячэрскай лаўры з імем Феадосій. За набожнае і падзвіжніцкае жыццё яшчэ ў XVI ст. ён быў праслаўлены Царквою і далучаны да ліку святых. Нятленныя мошчы прападобнага і цяпер пакояцца ў Дальніх пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры. У 2002 г. прападобны Фёдар Астрожскі далучаны да Сабору беларускіх святых. У яго гонар асвячона капліца ў царкоўным доме “Кінанія” ў Калодзішчах, што пад Мінскам.

Слаўны след у гісторыі пакінуў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460? —1530), найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага, кашталян Віленскі, ваявода Троцкі. Ён шырока праславіўся дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў вядомы як руплівец праваслаўнай асветы, заснавальнік шматлікіх храмаў і манастыроў. Князь Канстанцін Іванавіч фундаваў мураваны сабор у Навагрудку, цэрквы Прачысценскую і ў гонар свяціцеля Мікалая ў Вільні, храмы ў Смалявічах, Дзятлаве і інш. За заслугі перад дзяржавай, яквыдатны военачальнік і дыпламат, князь Канстанцін Іванавіч атрымаў ад караля шматлікія маёнткі і зямельныя ўгоддзі, яму належалі Тураў, Дзятлава, Копысь, Глуск, Барань, Гальшаны, Тарасава пад Мінскам, Ахонава і селішча з возерам Свіцязь у ваколіцах Навагрудка, двор у Мінску і інш. Трэба ўлічваць, што гэта быў час, калі пры выбары кандыдатур на высокія і ганаровыя дзяржаўныя пасады перавага аддавалася католікам.

Князь Канстанцін Іванавіч здзіўляў сучаснікаў сціплым і пабожным ладам жыцця. Спачыў ён у 1530 г. ў Вільні, а пахаваны быў ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе ёсць надмагілле з яго выяваю.

СЛУЖЭННЕ БОГУ І БАЦЬКАЎШЧЫНЕ

Найбольш выразна духоўныя сілы, асаблівая місія роду Астрожскіх праявіліся ў дзейнасці сына найвышэйшага гетмана — князя Канстанціна, у хрышчэнні Васілія, Астрожскага (1526—1608). Нарадзіўся ён у Тураве, там правёў дзяцінства і юнацтва. Пасля смерці бацькі выхоўваўся маці — Аляксандрай Сямёнаўнай з роду князёў Слуцкіх Алелькавічаў. У доме бацькоў князь Канстанцін атрымаў добрую адукацыю і выхаванне ў духу адданасці роднай веры і свайму народу. Дасягнуўшы паўналецця, князь Канстанцін ажаніўся з княжной Сафіяй, дачкой галіцкага магната графа Тарноўскага. У 27 гадоў ён займаў пасаду Уладзімірскага старасты, у 32 гады стаў Кіеўскім ваяводам.

З узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя, быў сярод тых нямногіх магнатаў, якія глыбока ўсведамлялі каштоўнасць Праваслаўя, непарыўную сувязь традыцыйнай усходняй хрысціянскай веры з этнічнай самабытнасцю ўсходніх славян. Хоць афіцыйна вышэйшым ктытарам у Кіеўскай мітраполіі лічыўся кароль, на справе Астрожскі быў найбольш значнай асобай сярод міран у справе ўладкавання Праваслаўнай Царквы. Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў абавязак патранату, апекі над Праваслаўнай Царквой і яе паствай. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.

Нягледзячы на высокае грамадскае становішча і заможнасць, князь Канстанцін вёў строгі і пабожны лад жыцця, шмат часу аддаваў рэлігійнай практыцы. У Вялікі пост ён аддаляўся ў манастыр, апранаўся ў бедную вопратку, праводзіў дні і ночы ў роздуме і малітве.

Князь К.К. Астрожскі быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай Царквы ў час падрыхтоўкі і заключэння царкоўнай уніі. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Ён фактычна ўзначаліў работу праваслаўнага сабора 1596 г., які праходзіў у Брэсце адначасова з уніяцкім. Пасля падпісання уніі князь працягваў нялёгкую барацьбу ў абарону правоў і годнасці праваслаўных.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.