Асноўныя ідэі праваслаўнага пастырства

Для таго, каб вызначыць асноўныя ідэі праваслаўнага пастырства, неабходна вызначыць некаторыя паняцці. Вядомая думка а.Паўла Фларэнскага пра тое, што хрысціянства, царкоўнасць — гэта жыццё, а не пэўны светапогляд альбо сістэма поглядаў. “Густ праваслаўны, праваслаўнае аблічча адчуваецца, але не падлягае арыфметычнаму ўліку; праваслаўе паказваецца, але не даказваецца”. Гэты момант не можа не ўлічваць пастыр у сваім пастырскім служэнні. Працягваючы роздум, мы звернемся да сучаснага аўтара, грэчаскага архімандрыта Іерафея Влахаса, ад яго чуем: “Хрысціянства з`яўляецца галоўным чынам тэрапіяй, яно імкнецца да духоўнага ацалення чалавека”.

Адкрыўшы Евангелле і чытаючы пра шматлікія ацаленні, здзейсненыя Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, мы абавязкова адзначым паралельнае духоўнае ацаленне, а дакладней, перш — духоўнае прасвятленне, духоўны зварот да Хрыста, услед за чым адбывалася ацаленне цялеснае. Толькі такую паслядоўнасць бачыць хрысціянства, якраз пра гэта сведчыць Евангелле. Пра гэтую духоўную ісціну ніколі не павінен забываць пастыр.

Вызначыўшы гэтыя паняцці, паспрабуем паразважаць над прынцыпамі ажыццяўлення духоўнай тэрапіі. Св. Іаан Златавуст, кажучы пра абавязкі пастыра лячыць духоўныя немачы сваёй паствы, падкрэсліваў, што для гэтага патрабуецца “вялікае пастырскае майстэрства”.

Уся дзейнасць святара, ці то свяшчэннаслужэнне (г.зн. адпраўленне богаслужэння, свяшчэннадзеянняў, трэбаў), альбо вучыцельства (пропаведзі, гутаркі, у якіх тлумачыцца Евангелле, раскрываецца веравучэнне Праваслаўнай Царквы, даецца маральнае павучанне), альбо душаапека (гэта прыняцце не проста споведзі іншага чалавека, а прыняцце жыцця іншага чалавека ў сваё жыццё) — усе гэтыя бакі дзейнасці святара складаюць так бы мовіць “курс” духоўнай тэрапіі. Тут абсалютна натуральна ўзнікае неабходнасць вызначыць больш канкрэтна: каго ацаляць і ад чаго? Хоць пытанне гэтае можа выглядаць рытарычным, але гэта, на жаль, зусім не так. Мы часта назіраем характэрную для нашага часу сітуацыю, калі тысячы, сотні тысяч тоўпяцца на стадыёнах, мільёны сядзяць перад тэлевізарам, з надзеяй слухаюць і ўзіраюцца ў так званых “ацаліцеляў”. Людзі пакутуюць на немачы духоўныя і цялесныя. Але мы бачым і больш: немачы маральныя, сацыяльныя і, нарэшце, навакольнага асяроддзя. Прамовім услед за ап. Паўлам: “Бо ведаем, што ўсё стварэнне сумесна стогне і пакутуе дагэтуль, … таму што стварэнне падпарадкавалася мітусні не самавольна, але па волі запанавалага над ёю… І не толькі яна, але і мы самі, маючы пачатак Духу, і мы стогнем у сабе, чакаючы ўсынаўлення” (Рым., 8, 20, 22, 23). Таму адказ на пытанне: ацаленне неабходна ўсяму стварэнню ад рабства грэху, смерці і д`ябла. Гэтае рабства — вынік грэхападзення — праяўляецца як велізарны букет страсцяў, хваробаў і пакутаў.

Тут узнікае і другое пытанне: а хіба святар — пастыр — чалавек, здольны здзейсніць такое ацаленне? Так, сапраўды, сам па сабе не здольны. Але ў Свяшчэнным Пісанні мы чытаем: “Сыйшоўшы, Ён жа ёсць і ўзыйшоўшым вышэй усіх нябёсаў, каб споўніць усё. І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі, для здзяйснення святых, на справу служэння, для стварэння Цела Хрыстовага…”, — і далей св. ап. Павел у той самай 4-й главе Паслання да Эфесянаў пра мэту пастырскага ўздзеяння піша, што неабходна “адкласці ранейшы лад жыцця ветхага чалавека, які тлее ў спакуслівых пажадах, і абнавіцца духам розуму вашага і ўвасобіцца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасці і святасці праўды”. Хрыстос здзейсніў Спасенне, адкрыў шлях да ацалення. Але атрымаць выратаванне (якое мы называем і ацаленнем), магчыма толькі з удзелам добрай волі чалавека. Таму Гасподзь наш Іісус Хрыстос, з`яўляючыся ўласна Пастырам, запрасіў да Сябе ў супастыры апосталаў, а праз іх епіскапаў і прасвітараў. Хрыстос сказаў: “Прыміце Духа Святога: каму адпусціце грахі, таму адпусцяцца; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ін., 20, 22-23). І яшчэ: “Ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку” (Мф., 28, 19-20). Св. ап. Пётр проста сцвярджае, што Хрыстос з`яўляецца Пастыраначальнікам (1 Пят., 5, 4).

Промыслам Божым было вызначана чалавеку прыняць гэтае нябеснае служэнне, як пра гэта выразна выказаўся св. Іаан Златавусты: “Святарства здзяйсняецца на зямлі, але належыць да ліку нябесных установаў і вельмі справядліва. Ні чалавек, ні ангел, ні архангел, ні іншая якая створаная сіла, але Сам Суцяшыцель пастанавіў гэтае служэнне і паклікаў людзей, што знаходзяцца яшчэ ў целе, прыпадабняцца ў службе ангелам, таму святар павінен быць такі чысты, нібы стаіць на небе пасярод ангельскіх сіл”. Тут неабходна ўдакладніць, што паняцце “пастырства” і паняцце “святарства” ў шырокім сэнсе з`яўляюцца сінонімамі. А “пастырстваваць” у перакладзе на сучасную мову азначае пасвіць.

Многія святыя айцы і царкоўныя аўтары закраналі праблемы пастырства. Але раней не ўздымалася пытанне пра неабходнасць пастырства, а, як вынік, і пра характар пастырства; больш увагі адводзілася пытанню: якім павінен быць пастыр. Цяпер, калі мноства хрысціянаў застаецца па-за Царквой, па-за “жыццём царкоўным”, прыгадаем словы а. Паўла Фларэнскага, — надзвычайна складаным, а часам і праблематычным робіцца пастырстваванне ў сучасным свеце. Гэтае пытанне ўскладняецца яшчэ і тым, што доўгі час тэарэтычная база пастырства — наша багаслоўская навука — знаходзілася пад моцным мярцвячым уплывам заходняй схаластыкі. Толькі ў канцы мінулага стагоддзя ў курсе Пастырскага Багаслоўя архімандрыта, а пазней мітрапаліта Антонія (Храпавіцкага), пытанні пастырства былі разгледжаны з паслядоўна праваслаўнага пункту гледжання, заснаваным на святаайцоўскай традыцыі. У падобным накірунку жывога, актуальнага і, безумоўна, праваслаўнага разумення працягваў разглядаць пастырскую праблематыку епіскап Кіпрыян (Керн).

Цяпер мы з дапамогаю нашых слынных пастыролагаў паспрабуем вызначыць галоўную “рухаючую сілу” праваслаўнага пастырства. Краевугольны камень пастырскага служэння — гэта пастырскі настрой, які праяўляецца ў “скіраванасці пастырскага сэрца”. Воля чалавека свабодная, але яна падпадае пад уплыў усялякай іншай волі, што ўздзейнічае на яе па меры ўнутранай значнасці гэтай іншай волі. “Гэтая думка пра непасрэдны ўплыў унутранага настрою аднаго на жыццё іншага сілай Божаю, якая абуджае ў прапаведніка пастырскую спачувальную любоў, у наш час рацыяналізму неахвотна прымаецца людзьмі адукаванымі, для якіх уплывовым пачаткам у жыцці з`яўляецца толькі розум чалавечы”, — з горыччу заўважаў мітрапаліт Антоній. Далей ён пісаў: “Пастырская пропаведзь паўстае ў Свяшчэнным Пісанні, як сіла, якая ўздзейнічае незалежна ад самога зместу павучэння, але ў залежнасці ад унутранага настрою таго, хто гаворыць”. Што гэта за асаблівы настрой, які можа так уплываць на слухача? “Дар спачувальнай любові, — адказвае мітрапаліт Антоній. — Гэты дар можа адрадзіць гінучага грэшніка, узняць яго з глыбіні адчаю і даць яму сілы на далейшае маральнае дасканаленне”. Пастыр у сваёй дзейнасці імкнецца праз благадатны дар духоўна атаясамляць сябе з іншымі, “засвойваць сабе, свайму сэрцу, кожнага бліжняга”. У сваім маральным перажыванні грахоў сваёй паствы, у спачуванні іх заганам, пастыр атаясамляе сябе з іншымі да такой ступені, што ўжо “знікае ўсялякае Я і застаецца толькі Мы”. Іншымі словамі, у гэтым вучэнні пераадольваецца адасобленасць, суб`ектывізм, самасць і праяўляецца ў вышэйшай ступені саборнае суперажыванне ўсімі членамі Хрыстовага Цела пакутаў і радасцяў іншых. Найбольш поўна гэты настрой дасягаецца ў еўхарыстычным жыцці.

Якраз гэта складае галоўны аспект пастырскага служэння. Запрашэнне чалавека і прывядзенне яго ў Царкву для паўнавартаснага ўдзелу ў Еўхарыстыі і складае курс духоўнай тэрапіі.

Прасцей адслужыць малебен і прачытаць замоўлены Акафіст, прасцей хутка і без асаблівых роспытаў задаволіць “рэлігійную патрэбу” чалавека, што зайшоў у храм, прасцей чытаць над натоўпам прасіцеляў чын “адчыткі” (цяпер такі папулярны і прыбытковы) без стараннага і дбайнага даследавання духоўнага і псіхічнага стану чалавека. Але ад пастыра патрабуецца асаблівае служэнне благадатнага адраджэння душаў чалавечых для Царства Божага шляхам далучэння верных да таемнага Цела Царквы, што патрабуе высокага ўзроўню духоўнага ведання і разумення псіхіятрычных праблемаў. Толькі ў гэтым выпадку ўсе трэбы, усе абрады і малебны напаўняюцца духоўным сэнсам, сілай Божае благадаці, перастаюць быць проста магічнымі абрадамі.

Ад пастыра патрабуецца асаблівая ўдумлівасць і памяркоўнасць. Як урачу нельга памыліцца з дыягназам і абраным курсам лячэння, так тым больш пастыру, бо “за пагібель авечак сваіх ён адказвае выратаваннем сваёй душы” (св. Іаан Златавусты). Пра гэтую вялікую адказнасць святара св. Іаан Златавусты гаворыць яшчэ так: “Каб зашываючы разарванае, не зрабіць яшчэ большай дзіркі, і, падымаючы тое, што ўпала, не ўчыніць яшчэ горшага падзення. Пастыр павінен мець вялікую мудрасць і мноства вачэй, павінен разглядаць з усіх бакоў стан душы… і, пасля дбайнага даследвання, карыстацца адпаведнымі сродкамі”.

Завяршаючы наш роздум, мы павінны зрабіць выснову з усяго вышэй сказанага. Што з‘яўляецца найважнейшым для паспяховага ажыццяўлення пастырства ў самым шырокім і даступным выглядзе? Гэта арганізацыя прыходскага жыцця. Вяртанне чадаў да сваіх пастыраў і пастыраў да сваіх чадаў. Калі прыход стане сапраўды духоўнай сям‘ёй, і святар будзе ведаць сваю паству, за якую менавіта з яго спытана будзе, і паства будзе ведаць свайго пастыра, які менавіта для іх служыць, тады любоў паміж імі будзе мацнець і любоў прынясе вялікі плён.

Протаіерэй Георгій Латушка (МІНСК)

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.