Віроўскі манастыр

Асфальтаванай дарогаю мы выязджаем з Драгічына ў кірунку Варшавы. Маляўнічыя, узгоркавыя мясціны сведчаць пра блізкасць Буга. А вось і сама рака — панурая і шырокая, непадступная, на першы погляд. Па доўгім мосце мы пераязджаем на левы, вышэйшы, парослы дрэвамі і хмызняком, бераг. Гэта ўжо недалёка. Першая дарога, што паварочвае пад вострым вуглом управа, прыводзіць нас да мэты.Чатыры кіламетры па бруку, потым узнікае кавалак неспадзявана роўнай дарогі і, нарэшце, астатняя паваротка. Фігурка святога ў выглядзе дарожнага ўказальніка паказвае кірунак. Збочваем направа. Вузкаю дарогаю пад`язджаем да нешматлікіх забудоў. З левага боку — прыгожа размешчаны Дом грамадскай апекі, за ім далей — некалькі аднапавярховых будынкаў. Па правы бок — два старыя драўляныя дамкі. Насупраць — рыма-каталіцкі касцёл. Перад ім пляц — паркінг. На ім мы прыпыняемся. Вяртаемся памяццю назад, у не такое яшчэ далёкае мінулае.

Верасень 1894 года. Сястра Ганна разам з дзесяццю паслушніцамі з манастыра ў Лясной прыбывае ў Віроў, каб закласці тут праваслаўную манашаскую абшчыну, прысвечаную малітоўнаму ўспаміну мітрапаліта Лявонція (Лебядзінскага). Сёстры маюць нязначныя грошы. “Глухая закінутая мясціна на высокім беразе Заходняга Буга” (1) павінна стаць іх домам. Галоўнай жа задачаю мусіць быць служба Богу і дапамога мясцоваму люду.

Сястра Ганна (Ганна Патто) нарадзілася 9 снежня 1865 г. у Брэсце ў сям‘і афіцэра царскай артылерыі з Брэсцкай крэпасці. Пасля заканчэння гімназіі ў Варшаве ў 1881 г. яна працавала выхавацелькаю ў Хэлмскай гімназіі, а затым — у Калішскай. Гады, праведзеныя ў Хэлме, сталіся ў яе жыцці пераломнымі. Там яна спаткала архіепіскапа Лявонція і епіскапа Флавія; там даведалася пра толькі што адчынены манастыр у Лясной, у які яна паступіла паслушніцай у 1889 г. Выконваючы з кожным разам усё больш і больш адказныя даручэнні, ужо праз год яна была пасвечана ў расафар і стала другою пасля ігуменні Кацярыны Яфімоўскай асобаю ў манастыры (2). Адораная рознымі талентамі, у тым ліку і арганізацыйна-гаспадарчымі здольнасцямі, манахіня спачатку правяла звыш года ў філіяле ў Тэоліне пад Гродна. 18 верасня 1894 г. яе прызначаюць кіраўніцаю філіяла манастыра, які узнік у Вірове (3).
Дакладна не вядома, калі ў Вірове пабудавана першая праваслаўная царква, калі ўзнік тут праваслаўны прыход — магчыма, ужо ў XIV стагоддзі (4). Але маецца дакладная інфармацыя, датаваная 1526 г., якая сведчыць пра існаванне тут праваслаўнае святыні (5). Заснавана была яна дзякуючы прыватным унёскам, абслугоўвалася адным святаром (6).

Праваслаўная царква св. Іаана Хрысціцеля была збудаваная ў Вірове ў 1712 г., у перыяд, калі Брэсцкая унія дамаглася на гэтай тэрыторыі сваіх найбольшых поспехаў. Шчодрым заснавальнікам святыні быў мясцовы памешчык (уладальнік маёнтка) Іван Гадлеўскі. У акце закладання святыні шчодры будаўнік пісаў: “ Пры гэтай царкве для святара і яго наступнікаў выдзяляецца пляц ад ракі да падданага Рамана разам з садамі — і ніжнімі і верхнімі — на вечныя часы. Святару гэтаму і яго наступнікам духоўным, што прыйдуць пасля яго, выдаю па адной валоцы (7) зямлі на тры змены разам з дадаткамі, якія ў прысутнасці віравян у гэты час і дзялю” (8). Неўзабаве мясцовы праваслаўны народ ужо цешыўся сваёй святыняй.
Наступныя віроўскія ўладальнікі не толькі не дапамаглі царкве, але рознымі спосабамі садзейнічалі яе ліквідацыі. У прыватнасці, далёка рушыў у гэтых намаганнях Францішак Кушаль, які аднойчы ў адсутнасць віроўскага святара а. Грыгорыя Верпахаўскага выдаў сваёй чэлядзі загад спаліць прыхадскі дом, а таксама прылеглыя да яго збудаванні і заараць папялішча, каб пасля вяртання дадому гаспадар не змог знайсці нават іх месца ….(9).

Тым часам намаганні уніяцкага духавенства захапіць праваслаўную парафію прыносяць відавочныя вынікі. Захопленая парафія пераходзіць ва ўласнасць рыма-каталіцкага касцёла. У напалеонаўскія часы былая праваслаўная царква згарэла (10), замест яе на суседнім узгорку быў збудаваны драўляны рыма-каталіцкі касцёл. Пасля пажару, ў 1833 г. паўстала мураваная святыня. Да 1871 г. з пяцісот мясцовых уніятаў засталося восем (11).

Віраў. Царква прп. Серафіма Сароўскага (сучасны выгляд).

Віраў. Царква прп. Серафіма Сароўскага (сучасны выгляд).

Пасля далучэння уніятаў да праваслаўнай царквы ў 1875 г. віроўскі рыма-каталіцкі касцёл стаў “цэнтрам антырасійскай прапаганды ў Сядлецкай і Гродзенскай губернях”. (12) Такі стан рэчаў працягваўся да 1884 г., калі, дзякуючы намаганням епіскапа Холмскага і Варшаўскага Лявонція, святыня была перададзена праваслаўнаму духавенству, а мясцовы народ — перапісаны да прыхода ў Скжэшаве. Большасць зямлі, што належала колісь да праваслаўнага прыхода, вярнулася да яе зноў. Вярнуліся таксама і збудаванні, што, як і касцёл, аказаліся ў значнай меры знішчанымі пад уплывам часу.

Першапачаткова епархіяльныя ўлады планавалі выканаць пераўладкаванне святыні, прыстасаваць яе да праваслаўных патрэбаў, а таксама перадаць праваслаўнаму прыходу царкву ў суседнім Чэканове. Неўзабаве аказалася, аднак, што рамонт пацягне за сабою выдаткі, якіх не было ні ў епархіяльных уладаў, ні ў мясцовага люду. Святыня на вачах разбуралася.
Капітальны рамонт храма пачаўся толькі ў жніўні 1893 г. Тады, у адказ на старанні сядлецкага праваслаўнага святара а. Навума Мізецкага ў адбудове святыні, архіепіскап Флавій (Гарадзецкі) напісаў: “Дазваляецца айцу Мізецкаму, каб ён звярнуўся да знаных дабрачынцаў з просьбаю ахвяраў на перабудову віроўскага касцёла, а таксама даручаецца яму збіранне сродкаў дзеля яго перабудовы на праваслаўную царкву. Пасля прыстасавання касцёла для правядзення праваслаўных набажэнстваў можа пры ім застацца і размясціцца некалькі сёстраў з Ляснянскай абшчыны, згодна з прадстаўленым на гэта праектам ігуменні” (13). Гэтае рашэнне было першым крокам да будаўніцтва будучага манастыра.

Дзякуючы вялікай актыўнасці а. Мізецкага, збор сродкаў на рамонт святыні хутка прынёс відавочныя вынікі. Было сабрана 4 тысячы рублёў, ахвяраваных не толькі высокапастаўленымі прыватнымі асобамі і манастырамі, але і простымі вернікамі Холмска-Варшаўскай епархіі. Было таксама шмат матэрыяльных дароў у выглядзе абразоў, званоў, падсвечнікаў і літургічнага посуду (14).

Перабудова і аднаўленне храма, а таксама двух суседніх з ёю будынкаў, закончылася менш чым праз год пасля пачатку работ. Асвяціў новую царкву 1 жніўня 1894 г. архіепіскап Флавій, які, ад‘язджаючы, таксама пакінуў ахвяру ў памеры 1000 рублёў на набыццё зямельнага абшару паблізу праваслаўнай царквы.

Першыя гады ў Вірове насельніцы правялі ў страшэннай нястачы. Мясцовыя уніяты адкрыта насьміхаліся з пануючай у абшчыне бяды. Большасць мясцовага насельніцтва ставілася да сясцёр з асцярогаю і нават з недаверам. Каб змяніць існуючую сітуацыю, сёстры вырашылі не замыкацца ў мурах абшчыны, а, нягледзячы на пануючую бядоту, выйсці да народа. Яны распачалі рэгулярныя наведванні ў хаты бяднейшых сялянаў, дапамагаючы ім між іншым у рамонце адзення і абутку; найважнейшай жа іх задачаю было навучанне дзяцей слову Божаму.
Калі над абшчынаю навісла пагроза закрыцця з прычыны недахопу сродкаў на існаванне, у чарговы раз з новай ініцыятываю дапамогі з`явіўся а. Навум Мізецкі. Арганізаваныя ім зборы ахвяраванняў адгукнуліся рэхам не толькі ў самой епархіі, але і па-за яе межамі. Значныя сумы грошай падараваў а. Іаан Кранштацкі, а таксама цар Мікалай II. На сродкі цара былі набытыя ў наваколлі манастыра два невялікія маёнткі. Сама ігумення манастыра ў адзнаку за сваю працу неаднаразова была прадстаўлена цару. Манастыру былі ахвяраваны шматлікія каштоўныя абразы, у тым ліку св. Панцеляімана (асвечаны на Афоне), св. Мікалая Цудатворца, Чарнігаўская ікона Божай Маці. Дзейнасць манастыра набірала размах. Пад яго наглядам пачала сваю дзейнасць школа для дзяўчынак, а таксама вясковая амбулаторыя. У хуткім часе сталі будаваць аптэку і бальніцу…

Сёстры жылі ў манастыры згодна са спецыяльнымі законамі, вызначанымі ігуменняй. Іх жыццё ўвасабляла прынцып: “Усё для іншых, нічога для сябе.” Гэта мела свой адбітак і ў вельмі (нягледзячы на паляпшэнне маёмаснага стану) сціплым харчаванні, і ў недахопах манастырскіх келляў. Манашкі жылі па некалькі асобаў то ў майстэрнях, то ў сталоўцы, то ў іншых агульных памяшканннях. Толькі ігумення мела маленечкую, бедна ўбраную келлю, і дзве старэйшыя сястры жылі разам у другой келлі.

Асабліва адрозніваўся манастыр сваей надзвычай сардэчнай атмасферай, з якой сутыкаліся наведвальнікі. Нягледзячы на сацыяльны стан, усіх прымалі з аднолькавай гасціннасцю. У манастырскай трапезнай часта падсілкоўваліся адначасова княгіня з дзецьмі і бедныя мясцовыя сяляне. Не рабілася таксама розніцы ў прыняцці паломнікаў — ці то праваслаўных, ці католікаў: рускіх, яўрэяў, палякаў.

З году ў год расла таксама лічба паломнікаў, што наведвалі манастыр. Акрамя вялікіх царкоўных святаў, найбольшую іх колькасць збіраў дзень 7 Мучанікаў Макавеяў (1 \ 14 жніўня), асабліва шануемы ў манастыры. Манастыр наведаў і сам а. Іаан Кранштацкі.

“Рашэннем Святога Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 18 — 20 снежня 1898 г. філіял у Вірове Ляснянскага жаночага манастыра, Сакалоўскага павета Сядлецкай губерні пастаноўлена пераўтварыць у самастойную жаночую манастырскую абшчыну з наданнем ёй назвы Віроўскай Усяміласцівага Спаса жаночай абіцелі, з такой колькасцю сясцёр, якую манастыр здольны будзе ўтрымліваць на свае сродкі, а таксама прызначыць ігуменняй кіраўніцу філіяла манахіню Ганну” (15).

Урачыстасці надання манастыру рангу I класа, а манахіні Ганне тытулу ігуменні адбыліся пад час знаходжання архіепіскапа Холмскага і Варшаўскага Іераніма ў дзень манастырскага свята — 7 Мучанікаў Макавеяў у 1899 г. (16). За дзень да гэтага — 31 ліпеня (ст. ст.) іерарх асвяціў вуглавы камень пад будынак, у якім павінны былі размясціцца келлі для манахіняў, трапезная, а таксама царква св. Лявонція Растоўскага. Абедзве гэтыя ўрачыстасці сабралі шматлікіх паломнікаў, што прыбылі з навакольных мясцовасцяў. Урачыстасці скончыліся малебнам з асвячэннем вады на беразе Буга.

У 1902 г. ігумення Ганна, знаходзячыся з візітам у Санкт-Пецярбургу, захварэла на сухоты. З мэтаю ўмацавання здароўя яна была паслана лячыцца ў Італію, адкуль у родны манастыр вярнулася праз тры месяцы. Але хвароба ігуменні хутка аднавілася. Пасля чарговага знаходжання на лячэнні ў Італіі яна вярнулася ў маі 1903 г., страціўшы голас, ледзьве захоўваючы астатнія сілы. Ігумення Ганна памерла 29 жніўня 1903 г., маючы няпоўныя 38 гадоў (17). Яна была пахавана на правым баку алтарнай часткі царквы, у месцы, ёю самою абраным, а на яе магіле яшчэ доўга адпраўляліся паніхіды (18).

Віраў. Магіла ігуменні Ганны.Пасля памерлай засталася добрая памяць не толькі сярод праваслаўных, але і рыма-католікаў, яўрэяў. На час смерці сваёй першай ігуменні манастыр быў у стане найвышэйшага росквіту. На тэрыторыі манастыра, дзе жыло 200 манашак, дзейнічалі тры святыні (галоўная — Усяміласцівага Спаса, св. Лявонція — пры школе для дзяўчынак, а таксама св. Серафіма ў стане пабудовы), трохпавярховы шпіталь-амбулаторыя, які прымаў штомесяц да 1000 асобаў, дзве школы, дзве гасцініцы для паломнікаў, дом старцаў, дом сіротаў, некалькі майстэрань, а таксама гаспадарчыя пабудовы. (19). Адначасова пад бясплатнаю лекарскаю апекаю манастыра знаходзіліся шмат неправаслаўных. Па-за мурамі манастыра размяшчаліся яшчэ дзве школы, малочная ферма і некалькі іншых гаспадарчых будынкаў.

Пераемніцамі і адданымі прадаўжальніцамі справы ігуменні Ганны былі ігумення Соф’я і ігумення Сусана. (20). Пры іх адчынілася чарговая школа, была скончаная будоўля царквы св. Серафіма.

З выбухам І сусветнай вайны Віроўскі манастыр падзяліў лёс іншых, якія знаходзіліся ў краі. У 1915 г. ён быў эвакуіраваны ў глыбіню Расіі, адкуль сёстры больш ужо не вярнуліся, размеркаваныя па розных жаночых абшчынах. Афіцыйная ліквідацыя манастыра адбылася “адразу ж пасля вайны” (21).

Праваслаўны манастыр у Вірове не існуе ўжо роўна 80 гадоў. Мала што ўжо тут можа сведчыць пра яго колішнюю веліч і пышнасць. З існуючых да 1915 г. трох праваслаўных святыняў засталася адна, стаўшы цяпер рыма-каталіцкім касцёлам. Пасля былой прышкольнай царквы св. Лявонція застаўся характэрны абрыс ва ўсходнім крыле галоўнага будынка Дому грамадскай апекі, праўда, ужо без купала. У найгоршым стане, практычна ў руінах, знаходзіцца цяпер даўняя царква св. Серафіма. Ні дзвярэй, ні вокнаў, ні даху…

Крыху болей бадзёрасці надае выгляд захаваных, існуючых яшчэ збудаванняў. Драўляны дом ігуменні — гэта цяпер рыма-каталіцкі парафіяльны дом; колішняя школа для дзяўчынак — гэта Дом грамадскай апекі. Пра існуючы тут яшчэ нядаўна праваслаўны манастыр сведчыць яго няпольская архітэктура, а таксама два захаваныя надмагіллі: ігуменні Ганны (з 1903 г.) і архімандрыта Аркадзія (з 1912 г.).

Віраў. Дом грамадскай апекі  (былая манастырская школа і царква св. Лявонція).

Віраў. Дом грамадскай апекі  (былая манастырская школа і царква св. Лявонція).

Віраў. Рыма-каталіцкі касцёл (былая царква Усяміласцівага Спаса).

Віраў. Рыма-каталіцкі касцёл (былая царква Усяміласцівага Спаса).

 

Доўгая лесвіца, якая вядзе са святыні на Буг і якою калісьці натоўпы вернікаў накіроўваліся да ракі дзеля асвячэння вады, вядзе нібыта ў нікуды. Нестае таксама пульсуючага тут некалі праваслаўнага манашаскага жыцця…

Яраслаў Харкевiч

(1) Таисия, монахиня. Русское православное женское монашество XVIII-XX веков. Джорданвилл. 1985, с. 186.
(2) Падрабязней на гэтую тэму: тамсама, с.186-191.
(3) Булгакова И. (Иллария). Б. Светлой памяти подвижницы игумении женского монастыря в Вирове, Анны (к 100-летию со дня её рождения и к 70-летию основания Вировской обители). Церковный вестник, 1964, VII, с. 15.
(4) Тамсама.
(5) Mironowicz Antoni. Podlaskie osrodki i organizacje prawoslawne w XVI i XVII wieku, Bialystok 1991, s. 270.
(6) Тамсама, с. 274, 278.
(7) Гэта значыць, каля 16,8 га.
(8) Юная обитель. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1849, № 31, с. 1144.
(9) Тамсама.
(10) Таисия, монахиня. Русское православное женское монашество XVIII-XX веков. Джорданвилл. 1985, с. 187.
(11) Юная обитель. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1849, № 31, с. 1144-1145.
(12) Тамсама, с. 1145.
(13) Тамсама.
(14) Иноческая женская обитель в с. Вирове, Седлецкой губернии. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1895, № 37, с. 1275-1276.
(15) Санкт-Петербургские Церковные ведомости. 1899, № 2, с.14.
(16) Торжество в Вировской обители. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1899, № 35, с. 1399-1405.
(17) Таисия, монахиня. Русское православное женское монашество XVIII-XX веков. Джорданвилл. 1985, с. 190.
(18) Булгакова И. (Иллария). Б. Светлой памяти подвижницы игумении женского монастыря в Вирове, Анны (к 100-летию со дня её рожления и к 70-летию основания Вировской обители). Церковный вестник, 1964, VII, с. 16.
(19) Тамсама, с. 15.
(20) Таисия, монахиня. Русское православное женское монашество XVIII-XX веков. Джорданвилл. 1985, с. 191.
(21) Papierzynska -Turek M., Miedzy tradycja a rzeczywistoscia. Panstwo wobec prawoslawia 1918-1939, Warszawa 1989, s. 382.

Літаратура:
Булгакова И. (Иллария). Б. Светлой памяти подвижницы игумении женского монастыря в Вирове, Анны (к 100-летию со дня её рожления и к 70-летию основания Вировской обители). Церковный вестник, 1964, VII, с. 15-18.
Денисов Л.И. Православные монастыри Российской Империи. Москва. 1908, с. 786-787.
Ekumenizm. Wiadomosci Polskiego Autokefalicznego Kosciola Prawoslawnego. 1971, s. 48-53.
Иноческая женская обитель в с. Вирове, Седлецкой губернии. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1895, № 37, с. 1275-1276.
Юная обитель. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1898, № 31, с. 1144-1149.
Колосов С. Из дорожной записной книжки. Люблин. 1899, с. 58-68.
Мизецкий Наум. Царское слово и царская милость Вировской Спаса Всемилостивого обители. Варшава, 1898, с. 44. Оттиск Холмско-Варшавские епархиальные ведомости. 1898.
Мизецкий Наум. Перестройка Вировского костёла в церковь Спаса Всемилостивого и освящение ея. Седлец. 1878, с. 60.
Papierzynska -Turek M., Miedzy tradycja a rzeczywistoscia. Panstwo wobec prawoslawia 1918-1939. Warszawa, 1989, s. 382.
Павловский А.А. Всеобщий иллюстрированный путеводитель по монастырям и святым местам Российской империи и Афону. Москва, 1907, с. 736-737.
Санкт-Петербургские Церковные ведомости. 1899, № 2, с. 14.
Таисия, монахиня. Русское православное женское монашество XVIII-XX веков. Джорданвилл. 1985, с. 186-191.
Торжество в Вировской обители. Прибавление к (Санкт-Петербургским) Церковным ведомостям. 1899, № 35, с. 1399-1405.
Высоцкий Александр. По священным тропам (Виров, Дрогичин, Грабарка). Церковный вестник. 1977, І-ІІІ, с. 58-62.
Виров, Соколовского уезда 1712 г. Описание прихода во время унии. Холмско-Варшавский епархиальный вестник. 1888, с. 29.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.