Жыццяпіс архіепіскапа Адэскага і Херсонскага НІканора (А.І. Браўковіча)

Філасофская творчасць архіепіскапа Ніканора (Аляксандра Іванавіча Браўковіча), віднага царкоўнага іерарха, яскравага прапаведніка і самабытнага рэлігійнага філосафа 2-й паловы XIX ст., належыць да той традыцыі ўсходне-славянскай культуры, якая доўгі час была закрыта для даследаванняў. Яго імя аказалася вымушана забытым і, мяркуючы па водгуках яго сучаснікаў, — забытым несправядліва. Яго яскравы прапаведніцкі талент на працягу двух дзесяцігоддзяў прыцягваў увагу культурнай грамадскасці Расіі, а яго філасофская фундаментальная праца “Пазітыўная філасофія і звышпачуццёвае быццё” была высока ацэнена тымі з сучаснікаў, хто адносіў сябе да рэлігійна-ідэалістычнага напрамку ў філасофіі.

У гэтым артыкуле ўпершыню дадзены падрабязны жыццяпіс архіепіскапа Ніканора праз прызму тых унутрыцаркоўных і грамадска-культурных абставін, якія найбольш адбіліся на яго лёсе.

Ніканор (Браўковіч) архіепіскап Адэскі  і Херсонскі (1826-1890)

Ніканор (Браўковіч)

архіепіскап Адэскі  і Херсонскі (1826-1890)

 

Аляксандр Іванавіч Браўковіч, царкоўны іерарх, хрысціянскі філосаф і духоўны пісьменнік, які ў манашастве прыняў імя Ніканор, нарадзіўся 20 лістапада 1826 года ў сяле Высокім Магілёўскай губерні ў сям’і святара. Продкі яго належалі да ліку старадаўніх дваранскіх сем’яў Беларусі, якія патомна знаходзіліся ў духоўным званні, паходзілі яны з Кіеўскай губерні і перасяліліся ў Магілёўскую епархію пры Георгію Каніскім. Бацька, дзед і прадзед А.І Браўковіча служылі святарамі пры царкве сяла Высокага. Сам Аляксандр Браўковіч ледзь не з трохгадовага ўзросту быў навучаны бацькам удзельнічаць у чытанні і спяванні на клірасе ў час богаслужэнняў у прыходскай царкве. Сваю школьную адукацыю ён пачаў з васьмі гадоў (у 1834 г.) у Магілёўскім духоўным вучылішчы, затым вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Адначасова ён быў пеўчым у Магілёўскім архіерэйскім хоры, на развіццё якога звярталі асаблівую ўвагу магілёўскія архіерэі Гаўрыіл (Гарадкоў), Смарагд (Крыжаноўскі) і Ісідор (Нікольскі), якія паслядоўна змянялі адзін аднаго ў 1835-1842 гг. Пеўчы вопыт А.І. Браўковіча меў важнае значэнне для яго лёсу.

Мастацтва царкоўных спеваў у першай палове ХІХ ст. яшчэ захоўвала старадаўнія традыцыі складаных многагалосых і двух-хорных спеваў.
Навучанне пеўчых семінарыстаў у тых епархіях, дзе ствараліся добрыя хоры, займала ў іх увесь вольны час. Становішча пеўчых у духоўнай семінарыі было асаблівым: з аднаго боку, яны жылі ў пеўчаскіх пры архіерэйскіх дамах (далёка не заўсёды, праўда, камфортна і з дастаткам), а з другога — іх пеўчая служба была падобна на рэкруцскую: семінарысты-пеўчыя амаль не адпускаліся на канікулы і святы дадому з-за складанасці і працаёмкасці навучання тагачасным прыёмам царкоўных спеваў. Нявольны і ранні адрыў ад сем’яў, па сведчанню самаго А.І. Браўковіча, меў моцны ўплыў на характары і лёсы многіх семінарыстаў-пеўчых, так здарылася і з ім. Паднявольнае жыццё ў хорах многія хлопчыкі не вытрымлівалі. “У нас у сям’і існавалі сумныя паданні пра жыццё пеўчых, — успамінаў А.І. Браўковіч — Двое маіх родных дзядзькоў былі пеўчымі, адзін выключаны з семінарыі, другі памёр у дзяцінстве. Старэйшага брата ўзялі ў пеўчыя, але бацька адпрасіў… Бацька хадзіў да рэгента адпрошваць (і) мяне… — але пайшоў ні з чым …” (Биографические материалы. Одесса.С. 74) У добра пастаўленым хоры пеўчая служба была вельмі нялёгкай, а магілёўскі хор у тыя гады быў прадметам асаблівай увагі епархіяльных архіерэяў. Епіскапам Гаўрыілам (Гарадковым) быў спецыяльна выпісаны з Калугі для хору рэгент а. Нікіфар Страхаў, які тонка ведаў музыку, быў цвёрдым, педантычным і працалюбівым. Працы ў жыцці пеўчых было залішне многа. “Вакацыя — гэта быў час самага ўзмоцненага пеўчага навучання, — піша А.І. Браўковіч — здаралася, мы яшчэ ў ложках, яшчэ спім моцным ранішнім сном, а з пакоя, дзе саспеўваліся звычайна, — ужо даносяцца рэзкія гукі скрыпкі рэгента. За гэты час мы, пеўчуры, вывучвалі ўсю масу канцэртаў трохгалосых, чатырохгалосых і васьмігалосых, якія спяваліся ўвесь год… На кожны нядзельны і святочны дзень рыхтавалі і спявалі свой асаблівы канцэрт. Было мноства канцэртаў, якія прымяркоўвалі да аднаго дня ў годзе, напрыклад, канцэрты: хрышчэнскі, на дзень Праваслаўя, на Крыжапаклонны тыдзень, на Дабравешчанне… і г. д. “…Вывучвалі мы гэта так, што нічога не ведаю і не памятаю так цвёрда, як нотныя п’есы!” __ успамінаў А.І. Браўковіч. Акрамя механічнага запамінання тэкстаў і нотаў, магілёўскія пеўчыя, дзякуючы рэгенту а. Нікіфару Страхаву, імкнуліся зразумець і змест малітоўных спеваў: “а. Страхаў прывучаў нас не толькі да бездакорнай механікі спеваў, але стараўся растлумачыць самы сэнс спеваў, увесці ў разуменне мастацкага духу… Для гэтага патрэбна было і ўменне, якога ў а. Страхава было дастаткова. Патрэбна была і праца — дык працаваць нас і прымушалі”. (Тамсама. С.76). А.І. Браўковіч гаворыць пра пеўчую службу як пра цяжкую, але карысную школу працы і ўмення — для тых, праўда, хто мог яе вынесці і засвоіць. Сам ён гэтай засвоенай у дзяцінстве меры старання і дакладнасці прытрымліваўся на працягу ўсяго свайго жыцця ў кожнай справе, якая была яму прызначана прызваннем ці абставінамі.

У далейшых лёсах многіх пеўчых мела важнае значэнне ранняе і блізкае знаёмства з паэтычным ладам царкоўных спеваў і духоўнай музыкі — асабліва для пеўчых са святарскіх сем’яў, якім быў і А.І. Браўковіч. Ён гаворыць пра тое, што дзеці патомных святароў выхоўваліся ў натуральна рэлігійным царкоўным асяроддзі, атрымлівалі найбольш адпаведнае прыроднаму ладу чалавечай душы цэльнае (г.зн. глыбока маральнае) выхаванне. Усе паэтычныя вобразы і падзвіжніцкія сказанні царкоўнага Падання дзеці ў такіх сем’ях прымалі ўглыб душы “свято веруя, не мудрствуя лукаво” — як святую праўду, аднойчы і назаўсёды. Гэта першая і самая чыстая настройка ўнутранага свету для многіх была дастаткова трывалым падмуркам для прыняцця ў далейшым манашаства. А.І. Браўковіч вызначае менавіта ўражанні дзяцінства як вытокі свайго галоўнага жыццёвага рашэння — прыняцця манашаства. Рашэнне гэтае было канчаткова прынята ім у дванаццацігадовым узросце, аднак, па некаторых сведчаннях, было цалкам абдуманым. Магчыма, у гэтым праявілася асабістая рыса А.І. Браўковіча, якую разам з яго тонкай уражлівасцю, адзначаюць многія, хто асабіста ведаў яго, гэта — уважлівасць і псіхалагічная дакладнасць бачання. У гады вучобы ў Магілёўскай духоўнай семінарыі ён меў больш шырокі вопыт назірання і зносін, чым іншыя семінарысты.

Будучы пеўчым архіерэйскага хору, ён неаднойчы суправаджаў у складзе хору магілёўскіх архіерэяў пры епархіяльных аб’ездах: выязджаў з канцэртнымі святочнымі віншаваннямі ў лепшыя губернскія дамы і бачыў іх насельнікаў, карыстаўся прыхільнасцю і ўвагай многіх начальнікаў, духоўных і свецкіх, і многіх з іх асабіста ведаў; добра ведаў таксама манашаскія сферы і прывык назіраць усё, што ў іх адбывалася; наогул, многае бачыў, заўважаў і разумеў. Да гэтых уражанняў далучалася ранняя адарванасць ад дому, ранняя
самастойнасць у многіх жыццёвых рашэннях, неабходнасць рана самому адказваць за сябе перад Богам і людзьмі. Пасля гэты вопыт ранняй адказнасці, назіральнасці і дакладнага псіхалагічнага бачання дапамог яму публічна рэабілітаваць многіх асабіста знаёмых яму духоўных асобаў, якія сталі аб’ектам прадузятай ліберальнай і нігілістычнай крытыкі. Ён даў іх псіхалагічна цікавыя і падрабязныя партрэты з апісаннем не столькі іх ведамасных заслуг, колькі асабістых добрых якасцяў.

Гэтыя падзеі і ўражанні адносяцца да ранняга перыяду жыцця А.І. Браўковіча, да часу яго вучобы ў Магілёўскім духоўным вучылішчы і ў семінарыі. Адсюль у 1842 г. ён у ліку лепшых выхаванцаў быў пераведзены ва ўзорную Санкт-Пецярбургскую семінарыю. Парадак і лад гэтай навучальнай установы, пастаноўка ў ёй вучэбнай справы, поспехі выхаванцаў (у большасці сваёй вельмі адораных) павінны былі служыць узорам для іншых семінарый. Санкт-Пецярбургскую семінарыю А.І. Браўковіч скончыў у 1847 г. і як першы студэнт шматлікага і, па водгуках, асабліва таленавітага курса паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. У гады акадэмічнай вучобы, згодна з аўтабіяграфічным апісаннем гэтага перыяду, у А.І. Браўковіча цалкам склалася прыхільнасць і аформілася гатоўнасць да сур’ёзнай навуковай працы. Акадэмію ён скончыў у 1851 г. магістрам багаслоўя.

Яшчэ ў час акадэмічнага курса ён прыняў пастрыжэнне ў манашаства з імем Ніканора (16 верасня 1850 г.) і быў рукапакладзены ў іерадыякана (26 верасня таго ж года) і іераманаха (30 чэрвеня 1851 г.).

З гэтага перыяду жыцця пачынаецца для А.І. Браўковіча шэраг яго службовых выпрабаванняў, да якіх пазней далучацца і выпрабаванні духоўныя.

Рэктар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі праасвяшчэнны Макарый (Булгакаў, пазней мітрапаліт Маскоўскі), аўтар адной з першых праваслаўных сістэм дагматычнага багаслоўя, цалкам заняты напісаннем і паартыкульным выданнем сваёй “Дагматыкі”, выбраў шматабяцаючага студэнта апошняга акадэмічнага курса іерадыякана Ніканора сваім прамым памочнікам. У канцы апошняга навучальнага года А.І. Браўковічу было даручана падрыхтаваць пробную лекцыю; ён выбраў тэму “Аб уваскрасенні памерлых” і адчытаў лекцыю вусна, без аркуша (што тады было рэдкасцю ў акадэмічнай практыцы) і бліскуча. Пасля заканчэння акадэміі першым магістрам ён, па акадэмічнаму звычаю, быў пакінуты ў ёй бакалаўрам па дысціпліне “Параўнальнага багаслоўя” (па кафедры выкрывальнага багаслоўя), а хутка прызначаны памочнікам рэктара акадэміі і па курсу “Асноўнага багаслоўя”. Курс “Выкрывальнага багаслоўя” давялося складаць яму самому, бо гэты прадмет і ў багаслоўі, і ў акадэмічным выкладанні амаль не быў тады распрацаваны. “Уводзіны ў багаслоўе” (ці “Асноўнае багаслоўе”) А.І. Браўковіч пачаў чытаць замест рэктара, праасвяшчэннага Макарыя, які і ўвёў гэты прадмет у акадэмічны курс, але сам пакінуў чытаць сабе толькі дагматыку, з-за поўнай занятасці ёю. З 1853 г. А.І. Браўковічу было даручана чытаць яшчэ адзін курс: “Агляд і абвяржэнне раскольніцкіх вучэнняў” на толькі што адкрытым у акадэміі місіянерскім аддзяленні. Такім чынам, усе тры курсы яму давялося распрацоўваць нанова. Акрамя гэтага, з 1851 г. ён выконваў абавязкі памочніка інспектара акадэміі.

Паводле слоў самога А.І.Браўковіча і па водгуках сведкаў, чытанне лекцый ён пачаў з натхненнем і вельмі паспяхова. Яго манера чытання была жывой і дынамічнай: ён удумліва падбіраў і размяшчаў матэрыял, выкладаючы яго напамяць, без аркуша, адразу прыводзячы цытаты з падабраных кніг, выкарыстоўваў “сакратычны метад” вядзення лекцый: пытаннямі ўключаў студэнтаў у абмеркаванне матэрыялу. Лекцыі А.І. Браўковіча былі грунтоўна падрыхтаваныя, праходзілі ажыўлена і мелі поспех, але хутка нарабілі многа шуму. Галоўнай прычынай гэтага былі самастойныя, крытычна-удумлівыя адносіны лектара да дагматычнага боку матэрыялу. Як заўважае С. Пятроўскі, А.І. Браўковіч, зразумеўшы свае абавязкі шырэй, чым абавязкі ардынарнага памочніка, дазволіў сабе гаварыць з кафедры нешта і ад сябе” . Г. Флароўскі тлумачыць, што менавіта было новым і таму здавалася небяспечным у А.І. Браўковіча: “Ён захапляўся філасофіяй і занадта падрабязна выкладаў аддзел пра доказы быцця Божага (у прыватнасці, у сувязі з поглядамі Канта)… і дазволіў сабе зусім адкрыта і з вялікай падрабязнасцю выкладаць самыя новыя “адмоўныя” тэорыі, хоць і ў мэтах выкрывання і абвяржэння”. Ён занадта смела, як тады здавалася, закранаў у сваіх лекцыях самыя “далікатныя” для праваслаўнага багаслоўя пытанні, разбіраў Штрауса, Бруна, Бауэра, Фейербаха. “Такі характар выкладання ў Ніканора вельмі сімпатычны… Ён увесь у супярэчнасцях, тыповы прадстаўнік пераходнай эпохі”, — робіць вывад Г. Флароўскі (Флоровский Г. Пути русского богословия. Вильнюс, 1983.С.223)

У пачатку другога года выкладання багаслоўская пазіцыя А.І. Браўковіча ва ўтрыраванай, агрубленай форме была дакладзена рэктару, праасвяшчэннаму Макарыю, пасля чаго адбылося абвінавачванне ў неправаслаўі (прычым, праасв. Макарый сам далажыў гэты прысуд Обер-Пракурору Найсвяцейшага Сіноду, тады графу Н.А. Пратасаву, і мітрапаліту Санкт-Пецярбургскаму Ніканору (Кляменцьеўскаму). Такое абвінавачванне ў тыя часы было асабліва сур`ёзным і стала для А.І. Браўковіча вытокам многіх непрыемнасцей. З акадэміі яго не звольнілі толькі дзякуючы яго выключнай адоранасці і працаздольнасці, аднак з кафедры асноўнага багаслоўя выдалілі, пакінулі чытаць лекцыі толькі па “Выкрывальнаму багаслоўю” і “Расколу”.

25 красавіка 1856 г. А.І. Браўковіч быў прызначаны рэктарам
Рыжскай семінарыі. У сувязі з гэтым рашэннем 29 красавіка 1856 г. ён быў рукапакладзены ў архімандрыта. Яго кандытатура была адобрана дзякуючы сур’ёзна замацаванай за ім рэпутацыі вучонага, што, па меркаваннях Сінода, было як нельга больш дарэчы ў напаўнямецкай правінцыі. У Рызе А.І. Браўковіч служыў не менш старанна, чым у Пецярбургу. Істотна добраўпарадкаваў Рыжскую семінарыю, ажывіў унутраны лад яе жыцця. Па патрабаванню рыжскага архіепіскапа Платона (Гарадзецкага, пазней мітрапаліта Кіеўскага) кожны дзень займаўся занядбанымі справамі духоўнай кансісторыі; працягваў заняткі навукай; дапоўніў кнігу пра вяршэнства папы аналізам гэтага пытання па творах св. Афанасія Александрыйскага; апісаў некаторыя раскольніцкія рукапісы, якія былі
ў бібліятэцы архіепіскапа Платона.

У Рызе ўпершыню выявілася ўласцівая А.І. Браўковічу здольнасць быць жывым цэнтрам усяго, што адбывалася пад яго кіраўніцтвам. “Уявіце рэктара… Рыжскай семінарыі, — успамінаў ён сам у лісце да П. Знаменскага, — які штодзённа і абавязкова бываў на ранішніх і вячэрніх малітвах з вучнямі, на вячэры ў сталовай з вучнямі штодзённа, на абедзе амаль кожны дзень; у бальніцы бываў штодзённа; у выпадку цяжкай чыёй-небудзь хваробы — некалькі разоў днём і ноччу цяжкім, нават заразным хворым сам служыў (да ўсядзённага ўласнаручнага адцірання халерных, да саджэння іх на рундук); усякі вучань памёр на маіх вачах; усякі мною, пры мне абмыты, пакладзены на стол, у труну, ледзь не ўсякі пры мне спавяданы, апушчаны ў магілу. Усе закуткі, памяшканні вучняў я наведваў штодзённа днём і ноччу, да рэтырадаў. …(Я ж) вучыў вартаўнікоў, як чысціць гэтыя патрэбныя месцы… Усюды я наведваў і хлявы да свінара, дзе знішчаў мярзоту запусцення”(Биографические материалы.С. 273). Ён паспеў перабудаваць пад семінарыю зноў арэндаваны ў 1857 г. больш прасторны будынак і скласці план пад пабудову новага будынка Рыжскай семінарыі. Ён ажывіў і царкоўны лад жыцця: “Я першы ўвёў агульныя спевы ўсёй семінарыяй, — спявалі не частку службы, а ўсю службу, як абедню, так і ўсяночную, так і вялікапосную службу. Я асабіста рабіў агульныя спеўкі і на тыдні і перад кожнымі ўсяночнаю і абедняю. Сам вучыў спяваць і чытаць, сам жа нярэдка тлумачыў і дзённыя чытанні з Апостала і Евангелля” (Тамсама. С.272-274). Трэба толькі дадаць, што такая істотная пастаноўка рэктарскай справы мела і знешнія для Рыжскай праваслаўнай епархіі значэнне: Рыжская праваслаўная семінарыя была місіянерскай; дзве трэці яе выхаванцаў набіраліся з прыродных латышоў і эстаў. У Рыжскай семінарыі А.І. Браўковіч рэктарстваў год і восем месяцаў, пасля чаго было новае прызначэнне, выкліканае асаблівымі акалічнасцямі — пераводам у Саратаў, таксама рэктарам семінарыі.

А.І. Браўковіч быў прызначаны рэктарам 1 снежня 1858 г. На гэтае рэктарства, па асабістым прызнанні А.І. Браўковіча, прыпадае самая бурлівая пара яго жыццядзейнасці. Ён прыехаў сюды 32-гадовым архімандрытам і ўразіў саратаўцаў сваёй вучонасцю і маральнымі якасцямі. “Няма чаго казаць пра тое, чым былі і што сабою ўяўлялі нашы духоўныя вучылішчы да рэформ мінулага царствавання, — пісаў яго былы вучань. — Непраглядная, цёмная і змрочная карціна гэтых школ засталася ў памяці старых, былых вучняў гэтых вучылышчаў…” У такім асяроддзі з’яўленне новага рэктара выклікала нечаканае прыемнае ўражанне: “Малады, энергічны, разумны, адукаваны і прыгожы фізічнай і духоўнай прыгажосцю, архіпастыр Ніканор у самым канцы пяцідзесятых гадоў уступіў у кіраўніцтва Саратаўскай духоўнай семінарыяй у якасці яе рэктара. Адно ўжо з’яўленне маладога рэктара, яго постаць і знешнасць, яго манеры і звароты — усё гэта прыемна здзівіла, радасна ўсхвалявала і захоплена настроіла ўсю, без выключэнняў, моладзь семінарыі. Раней і яшчэ нядаўна моладзь гэтая бачыла на чале кіраўніцтва начальства, якому былі недаступныя інтарэсы, мітусня і слабасці гэтага “грэшнага свету”… І раптам з’явіўся рэктар-манах, які даступны голасу няшчасця і ўважлівы да крыку болю і несправядлівасці. Усё вакол заквітнела і ажыло! Архімандрыт Ніканор адразу пахаваў усю былую сістэму схаластыкі і паказной пакоры і ганарлівага фарысейства. Семінарыя, а за ёй вучылішчы, перасталі быць трунамі павапленымі, няблага аздобленымі звонку і поўнымі ўнутры гнілля і тленнага паху… Акрамя забароны цялеснага пакарання, архімандрыт Ніканор наогул імкнуўся зрабіць больш высакароднай знешнюю ўнутраную існасць “бурсакоў”, зрабіць іх людзьмі не па знешняму толькі выгляду і ўдыхнуць у іх бадзёрасць і моц духу. Ён з захапленнем гаварыў пра навуку і яе вялікае значэнне і не бачыў у ёй антыпода рэлігіі, сцвярджаючы, што “па-сапраўднаму адукаваны чалавек ёсць у той жа час і сапраўдны хрысціянін”. Пры ім настаўнікі семінарыі пачалі вучыць і вучыцца. Загаварыла семінарская кафедра чалавечай мовай, пайшла сапраўдная навука і яе сапраўднае выкладанне. Амаль кожны дзень новы рэктар, які хутка зрабіўся кумірам семінарскай моладзі, наведваў класы, сам умешваўся ў выкладанне, сам чытаў багаслоўе, выкладаў у выпадку неабходнасці матэматыку і цудоўна чытаў герменэўтыку і патралогію. Завёў, сам сфармаваў і рэгентаваў вялізным хорам семінарскіх пеўчых” (Памяти высокопреосв. Никанора, архиеп. херсонскага // Странник. 1891. № 1.С.157) . У саратаўскай семінарыі, як і ў рыжскай, А.І. Браўковіч навёў чысціню і парадак, у сувязі з чым практычна перабудаваў усю семінарыю і духоўнае вучылішча (у асноўным на ім жа самім знойдзеныя сродкі); у саратаўскім манастыры (настаяцелем якога ён быў) перарабіў тры царквы, упарадкаваў і адкрыў вялікія могілкі, пабудаваў дзве каплічкі. За рэктарскую службу ў Саратаве А.І. Браўковіч быў узнагароджаны ў 1859 г. Ордэнам св. Ганны ІІ ступені і ў 1863 г. — тым жа ордэнам з каронай.

З навуковых заняткаў у саратаўскі перыяд у А.І. Браўковіча многа часу займала вывучэнне архіва раскольніцкіх спраў, якімі саратаўская кансісторыя, паводле заўвагі А.І. Браўковіча, была багатая, як ніякая іншая. Вынікам гэтай працы з’явіліся два рукапісныя тамы, прадстаўленыя ў 1865 г. у Пецярбурзе Обер-Пракурору Св. Сінода А.П. Ахматаву, якія, на жаль, былі пакінуты без увагі.

У 1864 г. архімандрыт Ніканор (Браўковіч) быў выкліканы на так званую “чаргу свяшчэннаслужэння” ў Санкт-Пецярбург, дзе на працягу некалькіх месяцаў чакаў наступнага прызначэння. Пастановай Св. Сінода ад 5 лістапада 1865 г. ён быў пераведзены рэктарам Полацкай семінарыі (знаходзілася ў Віцебску). У Віцебску А.І. Браўковіч служыў да 1868 г. Яго рэктарства там, паводле яго ўласнага паведамлення, было адзначана наступнымі новаўводзінамі: “У Віцебску я… абнавіў, упрыгожыў і ўзбагаціў царкву; вынес з будынка рэтырады, дзякуючы чаму не стала смуроду; складаў праекты перабудовы семінарыі. Наладзіў гімнастыку… і сам вучыў ёй усю семінарыю. Развёў цэлы сад. …Увёў агульныя чытанні пасля вячэрняй малітвы, якімі сам жа і кіраваў (супраць чаго пярэчыла семінарская інспекцыя: “Вы накладаеце на інспекцыю неабавязковую працу”); у царкве ўзначальваў агульныя спевы (калі сам не служыў)…” (Биогр. матер. С. 273-275). І ў Віцебску, як і паўсюль, рэктар а. Ніканор сам быў асэнсаваным і натхняючым цэнтрам уласных пераўтварэнняў і служыў, тым самым, прыкладам для астатніх.

29 ліпеня 1868 г. архімандрыт Ніканор атрымаў прызначэнне на пасаду рэктара — цяпер у Казанскую духоўную акадэмію. Першыя два гады А.І. Браўковіч рыхтаваў акадэмію да пераўтварэнняў; у 1870 г. увёў новы статут і арганізаваў вучэбную і адміністрацыйную часткі згодна з новымі патрабаваннямі. П. Знаменскі ў сваёй “Гісторыі Казанскай духоўнай акадэміі” так характарызуе рэктарства а. Ніканора: “Акадэмія не мела яшчэ ні аднаго рэктара, так універсальна адукаванага, у поўным сэнсе чалавека навукі, высокага багаслова і філосафа і разам з тым знаўцу некалькіх спецыяльнасцяў з галіны свецкіх навук, моцнага мысліцеля і разам з тым эстэтыка, з цудоўна развітым густам, асабліва ў музыцы і агульнай літаратуры. З самага пачатку, знаёмячыся са станам вучэбнай часткі ў акадэміі і ўваходзячы ў блізкія вучоныя зносіны з выкладчыкамі ў час гутарак з імі і наведвання іх аўдыторый, ён яскрава паказаў, што будзе не па-начальніцку толькі загадчыкам вучэбнай часткай акадэмічнага жыцця, але асабістым і жывым удзельнікам яго, нават галоўным супрацоўнікам у дасягненні яе мэтаў, які стаіць на чале іншых яе супрацоўнікаў… Стан вучэбнай часткі ў акадэміі ён ведаў ва ўсіх падрабязнасцях. Не было навукі ў акадэмічным курсе, за выкладаннем якой ён не сачыў бы штодзённа, то па журнальных запісах, то па справаздачах студэнтаў, то па частых асабістых наведваннях аўдыторый… Шматбакова развіты, перанёсшы шмат выпрабаванняў у жыцці, добры псіхолаг і разам чалавек зусім сардэчны і шчыры, які ўмеў і разумець іншых, і спачуваць ім, ён нявольна выклікаў на адкрытасць і шчырасць, і сам да экспансіўнасці быў адкрыты душой для ўсіх… Сваім жывым удзелам у агульнай справе служэння акадэміі, сваімі сімпатычнымі зносінамі з усімі настаўнікамі і амаль сяброўскай да іх блізасцю ён у самы хуткі час паспеў зрабіцца жывым цэнтрам усёй акадэмічнай карпарацыі і аб’яднаць яе вакол сябе ў адну дружную і адухоўленую сям’ю. З той жа сардэчнасцю адносіўся ён і да студэнтаў акадэміі, якіх ведаў усіх да аднаго асабіста і зусім блізка, уступаючы з імі ў пастаянныя зносіны і ў адыторыі, і ў іх памяшканнях… Сляды былога ўпадку дысцыпліны і грубасць некаторых маладых людзей спачатку моцна яго ўражвалі і каштавалі яму нават нямалых засмучэнняў. Даводзілася ледзь не нанова ўводзіць самыя галоўныя правілы дысцыпліны… А былі і значныя яе парушэнні, якія засталіся ад былой разбэшчанасці студэнцкага жыцця…” У адносінах да студэнтаў рэктар “асабліва ўзмоцнены і прыдзірлівы нагляд не любіў ужываць, разлічваючы на іх уласную прыстойнасць, і нават наўмысна стараўся не надта часта ўмешвацца ў іх справы. Яго менш за ўсё можна было абвінавачваць у вузкай фармалістыцы і дробязнасці патрабаванняў.

Ва ўсіх патрабаваннях яго выяўляўся надзвычай шырокі погляд на жыццё і дбайнасць пераважна аб духу дысцыпліны, узвядзенне апошняй… да ідэі рэлігійнасці і царкоўнасці ва ўсіх паводзінах духоўнага выхаванца…” (Знаменский П. История Казанской духовной академии. Казань, 1891. С.252-254, 256). З першых жа месяцаў сваёй службы ў акадэміі А.І. Браўковіч многа пісаў для часопіса “Православный собеседник”, які выдавала акадэмія: ён змясціў у ім шэраг артыкулаў, якія дапоўнілі яго кнігу “Разгляд рымскага вучэння аб бачным панаванні ў царкве…” У 1869 г. за вучэбна-багаслоўскія працы архімандрыта Ніканора, у прыватнасці, за яго сачыненне “Разгляд рымскага вучэння…” (якое выйшла ўжо новым дапоўненым выданнем), Свяцейшы Сінод, па прадстаўленню акадэмічнай канферэнцыі, прысвоіў яму ступень доктара багаслоўя. Рэктарства А.І. Браўковіча ў Казанскай духоўнай акадэміі працягвалася 3 гады. У апошні, 1871 год, ён пачаў пераўтварэнне акадэміі па Статуту 1869 года.

У Казанскай акадэміі А.І. Браўковіч займаў кафедру асноўнага багаслоўя. Менавіта ў гэты час яго прафесарскі талент выявіўся зусім стала, бо не абмяжоўваўся начальніцкай цэнзурай. Па ўспамінах студэнтаў, якія слухалі яго ў Казанскай акадэміі, лекцыі яго былі выразнымі і жывымі. Ён карыстаўся ў выкладанні аналітычным метадам, указваючы галоўныя бакі прадмета назірання і растлумачваючы кожны з іх; у аргументацыі стараўся трымацца строгай навуковай логікі. Той мастацка-паэтычны талент, якім адрозніваюцца яго пропаведзі, мала праяўляўся ў лекцыях, стрымліваўся разумовай лагічнасцю. Зрэшты, па многіх успамінах, А.І. Браўковіч быў занадта жывым і рознабаковым чалавекам, каб быць толькі адцягненым мысліцелем. Кожная самая адцягнутая, чыста лагічная пабудова ў яго дыхала жыццём і прываблівала слухачоў, а кожны канкрэтны факт ці вобраз — з’яўляўся звяном цэлай сістэмы, ад якой атрымліваўся і новы сэнс і новы інтарэс. Эспансіўная асоба яго выяўлялася і ў выкладанні праз тое, што ён цалкам раскрываў перад слухачамі не толькі вынікі сваёй вучонай працы, але і сам метад — тыя прыёмы і сродкі, пры дапамозе якіх ён прыйшоў да гэтых вынікаў, так што слухачы маглі сачыць крок за крокам за працэсам навуковага даследавання і, такім чынам, як бы і самі ў ім удзельнічаць.

19 чэрвеня 1871 г. было заснавана вікарыянства для Данской епархіі, і 4 ліпеня таго ж года адбылася хіратонія архімандрыта Ніканора ў епіскапа Аксайскага, вікарыя Данской епархіі (гэта было па тых часах самае сціплае архіерэйства). На працягу пяці з паловай гадоў праасвяшчэнны Ніканор дапамагаў архіепіскапу Платону ў епархіяльным кіраўніцтве, а вольны час прысвячаў задуманаму яшчэ ў Казані філасофскаму даследваванню, якое назваў “Пазітыўная філасофія і звышпачуццёвае быццё”.

У снежні 1876 г. епіскап Ніканор быў прызначаны на самастойную новую Уфімскую кафедру, епіскапам Уфімскім і Мензенскім. На гэтай пасадзе ён быў цалкам заняты кіраўніцтвам епархіяй, місіянерствам і пропаведдзю праваслаўнага веравучэння. Вось успаміны самога А.І. Браўковіча пра гэты перыяд: “Скажу смела, ва Уфімскай епархіі, за сем гадоў кіраўніцтва ёю, я быў сведкам вялікай перамены. Я аб’ехаў тут не толькі гарады і сёлы, не толькі мноства вёсак, але і многа такіх пунктаў, часам нават без назваў, куды пакуль не пранікаў яшчэ ніякі культурны экіпаж. Хмурна і вузкавата многае здалася мне спачатку. Нават у прыгарадных сёлах, у першы год майго падарожжа, мяне сустракала ў цэрквах дакладна ад 5 да 11 чалавек, уключаючы ў гэты лік і свяшчэнніка з усім прычтам, а рускае насельніцтва пры маім уездзе ў сёлы, выпадкова стаяла каля сваіх хат ды пазірала на мяне ў паўабарота з поўнай абыякавасцю і рассеянасцю, пачэсваючы павёрнутыя да мяне свае спіны… Але смею сказаць, што ў тым жа годзе, у другую маю паездку, гэтую няўважлівасць, гэтую абыякавасць знесла ветрам. Адразу ж я стаў бачыць усенародныя сустрэчы шматтысячныя, калі выходзілі ўсе, ад старых да малых… Праязджаў я з экіпажам па шляхах, дзе да мяне людзі перамяшчаліся ці пешшу, ці на лыжах, ці нярэдка верхам, цэлыя дзесяткі вёрстаў гэтых дарог знарок пракладваліся да майго праезду вольнай працай праваслаўнага і нават іншародніцкага насельніцтва. Я не гераічны заклік клікнуў па гэтых пустках, а проста з цяжкім болем сэрца ўздыхнуў: “Госпадзі, ды гэтыя ж людзі жывуць без царквы і рэлігіі! Ды тут жа цэрквы патрэбныя!” І цэрквы выраслі ўсюды, дзе я ўказаў; ні ў адным пункце я не быў падмануты… Цэрквы будаваліся менш чым за 10 месяцаў, цэрквы вялікія, зусім добраўпарадкаваныя, усім патрэбным цалкам забяспечаныя. Ад селяніна да купца і баярына ўсе спяшаліся прынесці на Божую справу свае лепты…”. У гэты перыяд А.І. Браўковіч пачаў друкаваць свае прапаведніцкія сачыненні. 12 снежня 1883 г. адбылося перамяшчэнне Ніканора на Херсонскую і Адэскую кафедру. Гэта было апошняе месца яго служэння, не азмрочанае больш службовымі непрыемнасцямі. У 1886 г. (20 сакавіка) ён быў уведзены ў сан архіепіскапа Херсонскага. Прафесар Казанскай духоўнай акадэміі Н. Бяляеў, які асабіста ведаў А.І. Браўковіча, дае выразную характарыстыку яго адміністрацыйнага служэння: “Усюды, на ўсіх месцах свайго служэння па духоўна-вучэбнаму і епархіальнаму ведамству, Высокапраасвяшчэнны Ніканор пакінуў пасля сябе найлепшую памяць і як адміністратар, надзелены ад прыроды тэмпераментам у вышэйшай ступені жывым і рухавым, ён выконваў свой абавязак з энергіяй і, можна сказаць, з захапленнем, уносячы ў адпраўленне абавязкаў шчырасць і моц пераканання, аддаваўся справе ўсёй душой. Адсюль моцны ўплыў яго на падначаленых, якія як бы заражаліся прыкладам начальніка, натхняліся яго памкненнямі і ўзбуджаліся да плённай дзейнасці. Дзе начальнікам быў спачыўшы іерарх, там не магло быць застою і апатыі. Але такім жа чынам тут не магло быць жорсткай канцыляршчыны і мёртвага фармалізму. Ён даражыў, праўда, і захаваннем устаноўленых форм і парадкаў. Але выкананне іх служыла для яго не мэтай, а сродкам для дасягнення вышэйшых жыццёвых мэтаў. Другая… рыса адміністрацыйнай дзейнасці (гэтага) архіпастыра мае сваім вытокам яго праніклівы розум, які дазваляў яму акружаць сябе здольнымі і вернымі справе супрацоўнікамі, з якіх кожнаму адводзілася падыходзячае кола абавязкаў і заняткаў… Гэта быў начальнік, што ўмеў і любіў заахвочваць і ўзнагароджваць…” У той жа час “ён прымушаў слухацца сябе не толькі тым, што яго дзеянні грунтаваліся на патрабаваннях законаў, але таксама і тым, што даводзіў сваіх падначаленых да ўсведамлення маральнай неабходнасці скарыцца перад гэтымі патрабаваннямі. Не падпарадкоўвацца яму было немагчыма, таму што ён не толькі загадваў, але і пераконваў. Гэта быў адміністратар, які не забываўся, што ён перш за ўсё архіпастыр…” З гэтымі рысамі яго адміністрацыйнай дзейнасці “цалкам гарманізуе і тое, што ён, як чалавек чулы і спагадлівы да патрэбаў часу і навакольнага асяроддзя, імкнуўся заўсёды да таго, каб быць гаспадаром становішча, каб ходу падзей, якія падлягаюць яго начальніцкаму ўплыву, вызначыць шлях, каб падначаленым яму дзеячам указваць кіруючую ідэю, каб розумам даваць напрамак. Гэта… быў чалавек справы і ініцыятывы; гэта быў адміністратар дзейны і прадпрымальны, у руках якога ўлада не заставалася мёртвым капіталам” (“Православный собеседник”, 1891. № 1. С.171).

Летам 1887 г. архіепіскап Ніканор быў выкліканы ў Пецярбург, каб прысутнічаць на Св. Сінодзе і засядаў там увесь 1887/88 год,
а затым і зімовую сесію 1888/89 года.

У гэты час сур’ёзна пагоршылася яго здароўе: хутка развівалася хвароба, якая заяўляла пра сябе і раней. Восенню 1890 г. архіепіскап ездзіў у Маскву на кансультацыю да знакамітага тады доктара Зарах’іна. Медыцынскае заключэнне было песімістычным. Са слоў свяшчэнніка М.А. Юркевіча, сваяка А.І.Браўковіча і блізкага яму чалавека, “усё жыццё Уладыкі пасля вяртання з Масквы… было павучальнейшым прыгатаваннем да смерці, якое выразна сведчыла пра веліч духоўнай сілы хворага…” (“Странник”, 1891. № 1. С. 171). Архіепіскап Ніканор сам адчуваў блізкасць свайго канца і спакойна, па-хрысціянску, рыхтаваўся да яго. Да апошняга дня літаральна, наколькі мог, ён са звычайнай для яго добрасумленнасцю выконваў свае зямныя абавязкі. Памёр архіепіскап Ніканор 27 снежня 1890 г. 29 снежня, пры мностве народу і — як сведчаць відавочцы — з агульным шчырым смуткам, ён быў пахаваны ў Адэскім кафедральным саборы, на месцы, даўно выбраным і ўказаным ім самім, у левым прыдзеле, пад вялікім кіпарысавым крыжам, які зроблены быў па яго ўказанню і загадзя пастаўлены замест надмагільнага помніка.

Паводле адзінадушнага заключэння сучаснікаў, архіепіскап Ніканор быў надзвычайным прапаведнікам, багасловам і хрысціянскім мысліцелем. У мемарыяльнай прамове рэктар Адэскай духоўнай семінарыі протаіерэй М. Чэмена даў яму наступную характарыстыку: “Разнастайнасць і багацце здольнасцяў, дзівосная хуткасць і моц уражлівасці, незвычайная энергія ў дзейнасці складалі асаблівасці яго душэўнага ладу. Гэта было полымя вогненнае, якое заўсёды гарэла духам…” (“Православный собеседник”, 1891. № 1. С.124-125). Многія з тых, хто асабіста ведаў архіепіскапа Ніканора, некалькі патэтычна, але псіхалагічна правільна параўноўвалі яго з апосталам Паўлам — па сіле духу і веры, і са старазапаветным прарокам Іллёй — па тэмпераменту і нярэдкай цвёрдасці прапаведніцкіх выкрыванняў.

Нягледзячы на яўна фізічную прычыну смерці архіепіскапа Ніканора, яна ўсё ж мела паходжанне маральнай уласцівасці. Сваёй смерцю А.І. Браўковіч нібыта дапоўніў спіс сумных лёсаў многіх саноўных іераманахаў, якія ён сам не раз апісваў. У вялікіх аўтабіяграфічных нататках А.І. Браўковіча, якія з’яўляюцца зборам фактаў хутчэй псіхалагічных, чым гістарычных, увесь час гаворыцца аб тым болю, які прычыняе цэльнай дзейнасці веры несправядлівасць яе ацэнкі і неразумныя патрабаванні да яе звыш чалавечай меры. Такога роду адносіны, з боку як духоўных і свецкіх уладаў, так і грамадскасці, сустракалі многія манашаствуючыя свяшчэнаслужыцелі, не выключаючы архіерэяў: сумныя лёсы некаторых з іх А.І. Браўковіч прыводзіць у сваіх нататках, проста і адкрыта называючы невыпадковыя прычыны іх пагібелі.

У лесвіцы свяшчэнаслужэння А.І. Браўковіч дасягнуў высокіх ступеняў. Але па агульным сведчанні тых, хто блізка ведаў яго, гэтае службовае прасоўванне было адлюстраваннем і прызнаннем яго адоранасці і шчырага служэння Царкве на ўсіх пасадах, куды духоўная ўлада яго перамяшчала. Гэта было прызнанне знешняе, непазбежнае пры яго адоранасці, але яно не мела адносін да сутнасці яго ўнутраных спадзяванняў. Гэтыя спадзяванні грунтаваліся на яго цэльным таленце, які сумяшчаў шчодрасць сэрца і дапытлівасць розуму; дар гэты сам і патрабаваў, і ўказваў спосабы найлепшага свайго прымянення, — не дзеля носьбіта дару, а дзеля яго Падаўца. Менавіта гэтае запаветнае патрабаванне не было задаволена. Тым не менш, іераманах Ніканор змог захаваць галоўны запавет манашаства — пакору, і падначаліў сваё прызванне ўладзе абставін, ці вышэйшай Божай волі. Але і цану заплаціў за гэта дарагую — вышэшую меру вынослівасці ў душэўных пакутах. Праўда, ён сам і выявіў гатоўнасць да гэтага. Яшчэ ў 20-гадовым узросце ён паведаміў бацьку пра сваё рашэнне прыняць манашаства. Бацька, патомны свяшчэннік, катэгарычна пярэчыў, думаючы, што тонкая, уражлівая натура сына не вытрымае таго цяжару адказнасці перад Богам, які накладвае на чалавека манашаскі чын. А.І. Браўковіч прыняў манашаства праз чатыры гады, супраць волі ўжо памерлага бацькі, вымаліўшы благаславенне ў маці. У сваім артыкуле “З гісторыі вучонага манашаства 60-х гадоў”, растлумачваючы той цяжар душэўнага смутку і духоўнай працы, які прымаюць на сябе манахі адрачэннем ад міру і ўласнага самавольства, ён указвае асабліва на два моманты: па-першае, на поўную паднявольнасць манахаў духоўным уладам (падпарадкаванне ім было для манаха абавязкам пакоры), па-другое, на поўную адзіноту ў жыцці (сутнасць манашаскага адрачэння знаходзіцца ў тым, што пакідаюцца “за агароджай” манашаства ўсе зямныя магчымасці суцяшэння ў душэўнай скрусе, застаецца — толькі адзін нябесны Суцяшыцель). Ведаць гэта — нават не палова справы, а толькі пачатак справы.

У аўтабіяграфічных нататках архіепіскапа прысутнічае настойлівы матыў: тлумачэнне ўсіх больш ці менш прыкметных пагібеляў і лёсаў ХІХ ст., асабліва другой яго паловы, маральнымі прычынамі, дакладней адной — прычынай надламанай ці не прызнанай веры. Гэта была агульная духоўная хвароба эпохі; яна выявілася ва ўсім (асабліва ў 60-я гады): у духоўным плане — у антынамічнай раздвоенасці сардэчнага і разумовага вопыту прадстаўнікоў культурнага слою грамадства; у інтэлектуальным плане — у разумовай крытыцы знешнеразумовых пачаткаў чалавечага духу, найперш у крытыцы веры, якая стала агульнай адзнакай эпохі; у сацыяльным плане — у розных формах нігілізму (эмансіпацыя, свабода нораваў, таемныя змовы, тэрор). Ужо значна пазней архіепіскап Ніканор пісаў пра гэты час: “Ува мне паўстае мноства маіх асабістых пры гэтым успамінаў, ідэй, прамоў, двухразовага крывацёку са здаровых зусім грудзей пасля 4-га красавіка, спаленні шматгадовых пісанняў, паўжыцця, паў-самога сябе…” (Биогр. матер. С.116). Справа ў тым, што шмат гадоў жыцця А.І. Браўковіча (прыкладна паўтара дзесяцігоддзя, з пачатку 50-х да сярэдзіны 60-х) былі выпрабаваннем яго веруючага сэрца з боку яго глыбокага і крытычнага розуму, і гэта было агульным сімптомам духоўнага жыцця сучаснай яму эпохі. Пераадольваючы раз’яднанасць веры і розуму ўнутры ўласнага духу, А.І. Браўковіч даў у агульным вопыце свайго жыцця яшчэ і вопыт сінтэтычнай філасофіі, — такой, па вызначэнню Ул. Салаўёва, якая “не сцвярджае сябе ў сваёй адцягненасці і выключнасці, а для ажыццяўлення поўнай, суцэльнай ісціны імкнецца да ўнутранага з’яднання з дзвюма іншымі галінамі ведаў — тэалогіяй і сапраўднай навукай…”(“Православное обозрение”, 1877.Т.II.С.116). .Вопыт гэты застаўся незавершаным, хоць у выкананай сваёй частцы дае ўяўленне не толькі пра задуму, але і пра “глыбокую прадуманасць і сістэматычную завершанасць філасофскага вучэння”. Сінтэз, не завершаны ў філасофскім выкладанні, архіепіскап Ніканор цалкам ажыццявіў у сваім жыцці — у плане асабістай веры, духоўнымі высілкамі ўтрымаўшы яе станоўчы, г. зн. цэласны сэнс ад разбураючага
прыгавору крытычнага розуму.

Святлана Карасёва (МІНСК)

Бібліяграфія твораў архіепіскапа Ніканора і матэрыялаў
пра яго жыццё і творчасць:

Біяграфічныя матэрыялы:
Биографические материалы (архиепископ Никанор) Под ред. свящ. С. Петровского. Одесса, 1900.
Два письма к Макарию, митрополиту московскому // Православное обозрение. 1891. № 4.
Записки преосв. Никанора. // Русский архив. 1908. Кн.2; 1908. Кн.5.
Зеленецкий А. К биографии преосв. Никанора // Исторический вестник. 1891. Кн.2-3; 1905, кн.8.
Зефиров В. Мои воспоминания о преосв. Никаноре за время его пребывания на Уфимской кафедре (1878-1884) // Странник. 1893.
Знаменский П. История Казанской духовной академии. Казань, 1891-92.
(О ректорстве Никанора).
Красносельцев Ф. Никанор, архиепископ херсонский и одесский. Одесса, 1893.
Крылов А. Архиепископ Никанор как педагог. Новочеркасск, 1893.
Крылов А. Воспоминание о митрополите Платоне и викарии его, епископе аксайском Никаноре // Пастырский собеседник. 1893. май-июнь.
Преосвященный Никанор, архиепископ херсонский и одесский.(Биография) // Русский паломник. 1887. Т. Ш. № 6.
Юркевич М. Памяти в Бозе почившего Никанора, архиепископа херсонского и одесского. Поучение при поминовении его в двадцатый день по кончине //Православное обозрение. 1891. № 2.

З багаслоўскіх прац:
Вопрос о перстосложении для крестного знамения и благословения по некоторым ново-исследованным источникам // Православный собеседник. 1870. № 1-3.
О перстосложении для крестного знамения и благословения в обличение неправды мнимых старообрядцев // Православный собеседник. 1869. № 2,3.
О святительском жезле // Христианское чтение. 1853.
Об антихристе //Христианское чтение. 1904.
Об изображении св. евангелистов в обличение неправды мнимых старообрядцев // Христианское чтение. 1854.
Описание некоторых сочинений, написанных русскими раскольниками. Записки А.Б. Спб, 1861.
Разбор римского учения о видимом главенстве церкви, сделанный на основании Священного Писания и Предания первых веков христианства до I Вселенского собора (Диссертация на степень доктора богословия). Спб, 1856; 1858; Казань, 1871

З духоўных гутарак:
Беседа на день Рождества Христова, изложенная в публичном собрании в зале одесской духовной семинарии //Православное обозрение. 1885, № 2; Поучения. Т.Y.
Беседа о том, что вера (православно-христианская) есть знание // Православное обозрение. 1886. № 2; Поучения. Т.Y.

З філасофскіх прац:
Можно ли позитивным философским методом доказывать бытие чего-либо сверхчувственного — Бога, духовной бессмертной души и т.п. // Православный собеседник. 1871.Т. II. № 5-6.
Позитивная философия и сверхчувственное бытие. Спб. Т. 1. 1875; Т.2. 1876; Т.3.1888.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.