Станаўленне і эвалюцыя прававых і палітычных поглядаў архіепіскапа Георгія Каніскага

Дзейнасць беларускага праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага прыйшлася на складаны перыяд у гісторыі нашай Бацькаўшчыны. У XVIII ст. Беларусь знаходзілася ў складзе канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай — дзяржавы, стан якой характарызаваўся ўнутранымі супярэчнасцямі і пастаяннай пагрозай знешняй агрэсіі з боку імперскіх суседзяў. Рэлігійны фактар, а, дакладней, фактар міжканфесійных узаемадачыненняў актыўна ўплываў на ўсе сферы грамадскага жыцця Рэчы Паспалітай. У многім гэты фактар вызначыў і драму страты незалежнасці народамі, што складалі гэтую канфедэратыўную дзяржаву. Роля Георгія Каніскага — грамадскага і царкоўнага дзеяча, прызнанага яшчэ сучаснікамі філосафа, карэспандэнта многіх еўрапейскіх асветнікаў і нават манархаў — у развіцці прававых і палітычных ідэяў на Беларусі ў другой палове XVIII ст. заслугоўвае асаблівай увагі.
 

Архіепіскап Беларускі Георгій Каніскі  (1717-1795)

Архіепіскап Беларускі Георгій Каніскі  (1717-1795)

Для найбольш поўнага разумення сутнасці ідэй беларускага архіепіскапа важна прасачыць працэс станаўлення яго светапогляду. Грыгорый (імя Георгій яму было дадзена пры пастрыжэнні ў манашаскі сан) Каніскі паходзіў з заможнага казацтва. Ён нарадзіўся ў 1717 г. у горадзе Нежыне на Слабадской Украіне, які, што немалаважна, ужо паўстагоддзя знаходзіўся пад уладай Расіі. Гэтую тэрыторыю ў сучаснай украінскай гістарычнай літаратуры называюць Гетманшчынай. Яна захоўвала пэўную аўтаномію ў складзе Расіі, мела асаблівасці грамадскага ладу. Вядома, што ўмовамі ўваходжання Украіны ў Расію было прадбачана, каб “шляхціч застаўся шляхцічам, казак казаком, а мешчанін мешчанінам”. На Украіне ў той час існаваў уласны вайскова-адміністрацыйны апарат улады і кіравання, дзейнічалі адрозныя ад расійскіх прававыя акты, у тым ліку Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.

Род Каніскіх здаўна належаў да казацкай старшыны, а яго прадстаўнікі займалі адказныя пасады ў палковым кіраванні. Сучаснікі казалі пра бацьку Грыгорыя, Восіпа Іванавіча Каніскага, што ён быў “знатным товарищем полковым”. Універсалам нежынскага палкоўніка Журакоўскага ад 14 сакавіка 1715 г. Восіп Каніскі быў прызначаны “выезджым” на адзін з кірмашоў, г.зн. ён павінен быў збіраць з гандляроў падаткі для палковага скарбу. “Выезджыя” вельмі даражылі сваімі абавязкамі, бо яны былі для іх крыніцай матэрыяльнага дабрабыту. Аб тым, што Восіп Каніскі быў заможным чалавекам, які належаў да вышэйшага казацкага саслоўя, сведчыць таксама яго прызначэнне ў 1727 г. на пасаду нежынскага бургамістра.

Ва ўзросце адзінаццаці гадоў Грыгорыя Каніскага запісалі ў Кіева-Магілянскую акадэмію, дзе пачаўся працэс актыўнага фармавання яго светапогляду. У сярэдзіне XVIII ст. у сценах акадэміі выкладалі вядомыя навукоўцы-асветнікі Стэфан Каліноўскі, Сільвестр Кулябка, Міхал Казачынскі, Сямён Тадорскі ды іншыя. Вельмі важнымі для дзейнасці Акадэміі ў Кіеве ў час навучання там Грыгорыя Каніскага былі кантакты з універсітэтамі і акадэміямі Заходняй Еўропы. Што датычыць сувязяў з адукацыйнымі ўстановамі ў Расіі, то Кіева-Магілянская акадэмія была асноўнай крыніцай папаўнення выкладчыкамі Маскоўскай Славяна-грэка-лацінскай акадэміі. У якасці прыклада можна прывесці тагачасны загад Сінода: “В славено-латинских Московских школах мало учителей, а ко учению философии весьма никого нет; а слышно-де, что в Киеве обретаются ко учению философии, риторики и пиитики способные мужи… И по его великаго государя указу велено способных ко учению персон из Киево-Печерского монастыря, или где инде кто обретается, отправить к Москве обычайно на подводах без замедления”. (1)

У Кіева-Магілянскай акадэміі будучы беларускі архіепіскап вывучаў замежныя (польскую, латынь, грэчаскую, старажытнаяўрэскую, нямецкую) мовы, паэтыку, філасофію, багаслоўе і пры гэтым праяўляў добрыя здольнасці да складання вершаў. Увесь курс навучання працягваўся 15 гадоў. Сярод выпускнікоў акадэміі, якія вучыліся разам з Каніскім, важна назваць вядомага ўкраінскага філосафа Грыгорыя Скавараду, які, як лічыць даследчык П.С. Шкурынаў, аказаў уплыў на свядомасць будучага беларускага епіскапа. (2) У цэнтр сваёй філасофскай сістэмы Г. Скаварада ставіў чалавека, асобу, якая залежыць ад уладаў і чыноўнікаў. Выйсце з гэтага становішча Г. Скварада бачыў у распаўсюджванні асветы, удасканаленні самой асобы, а праз яе і ўсяго грамадства. Трэба адзначыць таксама ўплыў на станаўленне светапогляду будучага епіскапа ідэяў Феафана Пракаповіча. Пра апошняга прафесар В.В. Зянькоўскі гаворыць наступным чынам: “ У Феафана Пракаповіча, палымянага апалагета рэформаў Пятра Вялікага, які адкрыта прапаведваў секулярызацыю ўлады і “праўду волі манаршай”, у аснове меркаванняў ляжыць ідэя “натуральнага права”. (3)

Па заканчэнні навучання ў акадэміі ў 1743 годзе Каніскі прыняў у Кіева-Пячэрскай Лаўры манашаскі пострыг. Ён як найбольш таленавіты выпускнік быў прызначаны выкладчыкам Кіева-Магілянскай акадэміі. Давялося будучаму беларускаму архіепіскапу выкладаць паэтыку, рыторыку, а потым і філасофію.

У Кіева-Магілянскай акадэміі існавала добрая традыцыя: па заканчэнні курса паэтыкі ладзіць вялікае акадэмічнае свята. Звычайна п’есу для свята пісаў выкладчык, а вучні ажыццяўлялі яе пастаноўку. Падобную п’есу склаў і Г. Каніскі. Яна называлася “Уваскрасенне памерлых” і ўвайшла ў гісторыю ўкраінскай літаратуры як узор драмы-маралітэ. Гэтая драма (альбо трагікамедыя) Г. Каніскага мела за мэту даказаць сапраўднасць уваскрасення. У творы будучага беларускага епіскапа праявіліся таксама яго палітычныя і прававыя погляды. Каніскі выступаў супраць нацыянальнага ўціску ўкраінцаў і беларусаў, выкрываў захоп казацкай вярхушкай зямель беднага казацтва. Аўтар п’есы стаў на абарону пакрыўджаных і прыгнечаных, крытыкаваў свавольства і несправядлівасць суддзяў. Бедны селянін у п’есе Каніскага не можа знайсці праўду нават у судзе, бо яго крыўдзіцель “сам в суде заседает”. Нават калі яго там і не будзе,

Да будуть судить мои единомысленни…—
А буди бы стал на мя апелліоват вишше,
И в вишшем суде маю патронов излишше,
Нехай только кто схощет правду защищати,
(Капшуком трусит).
А сей мой Юда малой может доказати:
Ослеплю очи дарми, руце пленю мздою. (4)

Драма “Уваскрасенне памерлых” не пакідала ўбаку і пытанне міжэтнічных дачыненняў. У інтэрлюдыях, якія суправаджалі п’есу, персанажамі былі: мужык, маскаль, яўрэй, цыган, літвін-беларус і злы лях — польскі шляхціч. Змест інтэрлюдыі нескладаны: мужык і яўрэй цярпелі ад ляха, які да таго ж забіў бязвіннага дзяка. За ўсе пакуты мужыка помсціць маскаль, а ляха топяць у балоце мужык разам з літвінам.

Можна сцвярджаць, што Г. Каніскі вылучаў ідэю супольнай гістарычнай долі ўкраінцаў і беларусаў. Ён выступаў за салідарныя дзеянні прадстаўнікоў двух народаў дзеля захавання нацыянальнай і рэлігійнай адметнасці ва ўмовах дыскрымінацыі і пераследаў. Вялікія спадзяванні аўтар інтэрлюдыі ўскладаў і на расійскі народ, аб чым сведчаць некаторыя паказальныя моманты твора. Да прыкладу можна прывесці эпізод, калі мужык (украінец) пачуў песню маскаля, які набліжаўся, і з радасцю ўскрыкнуў: “Слава ж Богу! Щіось гуде, ні би то наши.” (5)

Будучы беларускі епіскап зарэкамендаваў сябе таксама выдатным знаўцам філасофіі. Па прашэсці стагоддзя архіепіскап Макарый уважаў сістэму выкладання філасофіі Георгія Каніскага найлепшай са створаных у Кіева-Магілянскай акадэміі. Асноўны чатырохгадовы курс філасофскіх дысцыплінаў, што чытаўся Каніскім, падзяляўся на чатыры аддзелы, якія ўключалі “логіку, фізіку, метафізіку і этыку”. “Ужо тэксты акадэмічных філасофскіх курсаў Г. Каніскага сведчылі, што ён быў блізкі да сучаснай, перадавой філасофіі, і сучаснай яму навукі”,— адзначае П.С. Шкурынаў. (6)

Для філасофскай сістэмы Г. Каніскага ўласціва барацьба паміж дзвюма тэндэнцыямі: арыстоцелізмам і інтарэсам да філасофскай думкі новага
часу. Будучы беларускі епіскап не атаясамляў ісціны багаслоўя і навуковыя веды, ён адрозніваў розум і веру. Георгій Каніскі крытычна ставіўся да арыстоцелеўскай ідэі першаштуршка і схіляўся да поглядаў Спінозы, атрыбутыўнага разумення рэаліяў свету.

У вучэнні Каніскага назіраюцца элементы натурфіласофіі. Ён меркаваў, што прырода ёсць такой самай вечнай, як Бог усязначны ды ўсемагутны. На гэтай падставе будучы беларускі епіскап рабіў выснову, што прырода—гэта форма іншабыцця Бога. Цікава заўважыць, што пазней знакаміты нямецкі філосаф Гегель адзначаў традыцыйнасць гэтай думкі.

Блізкасць Георгія Каніскага да арыстоцелізма выяўляецца ў тым, што ён апераваў катэгорыямі “матэрыя” і “форма”, пры гэтым Каніскі не прымаў тэорыю ідэй Платона: “Нішто не выліваецца з нічога, хіба толькі пустыя трызненні, якімі з’яўляюцца ідэі Платона”. Матэрыя для Георгія Каніскага ўяўляецца існай, цялеснай, асобнай. Толькі з ёю можа быць звязаны рух. Асноўнымі для філасофіі будучага епіскапа былі анталагічныя праблемы. Для іх асвятлення Каніскі звяртаўся да вучэння Арыстоцеля, Дунса Скота, Дэкарта.

Веды Г. Каніскага ў галіне філасофіі высока цаніліся яго сучаснікамі. Менавіта да Каніскага, які ўжо быў беларускім епіскапам, звяртаўся кіеўскі мітрапаліт Цімафей Шчарбацкі з просьбаю ахарактарызаваць новыя падручнікі па філасофіі, якія падрыхтаваў для Акадэміі Давід Нашчанскі. Гэта былі падручнікі Баўмейстэра ды Вінклера, у якіх выкладалася сістэма Лейбніца-Вольфа. Д.Нашчанскі так абгрунтоўваў неабходнасць увядзення новых падручнікаў: “… ибо та вольфианская философия все термины… ясними дефинициами толкует… Сия вольфианская философия ничего не предлагает, разве на опытах и демонстрациях (что суть два способа к познанию истины вещей).” (7) Каніскі ўхваліў новаўвядзенні Давіда Нашчанскага, пры гэтым ён адзначаў наступнае: “Бавмейстерова лекция з болшою ползою может быти ученикам, ибо что не учится в ней, все основательно, твердо и ясно учится, и нет кажется ничего, что бы не было средствием к мете философии, то есть блаженному человеческому житию. Логика его от смеття схоластиков, можно сказать, седмижди перечищенная, метафизика твердия основания протчим дисцепленам по ея должности полагает; Ethica человеку к познанию себе и своей должности чувственно очи отворяет.” (8)

У Кіева-Магілянскай акадэміі, як і ў іншых навучальных установах XVIII ст., вялікая ўвага надавалася філасофіі Вольфа. Яе можна ахарактарызаваць як дуалізм, бо “натуральная тэалогія” Вольфа самым цесным чынам спалучаецца з шэрагам прынцыпаў механістычнага матэрыялізма. Эклектычная філасофія Вольфа стала патрэбнай у часы, калі нельга было ігнараваць дасягненні навукі. А ў Кіева-Магілянскай акадэміі цікавасць студэнтаў да дакладных навук заахвочваў яшчэ Феафан Пракаповіч, які чытаў курс матэматыкі, што складаўся з арыфметыкі і геаметрыі.

Філасофскія погляды Георгія Каніскага шмат у чым вызначалі яго палітычныя і прававыя ідэі, бо, як у свой час сцвярджаў знакаміты адвакат беларускага паходжання У.Д. Спасовіч, любая прававая тэорыя ёсць толькі часткай вядомага філасофскага светапогляду і абапіраецца на тую
ці іншую філасофскую сістэму.

Для характарыстыкі прававых поглядаў Георгія Каніскага важна адзначыць, што ён, як і Ф. Пракаповіч, схіляўся да канцэпцыі натуральнага права. Пры гэтым Георгій грунтаваўся на ідэі адвечнасці існавання свету ды яго законаў. Каніскі пісаў: “Належыць лічыць, што Бог так захоўвае створаныя Ім рэчы, каб захаваць Свае законы разам з законамі, прапісанымі прыродзе; і такі спосаб захавання называецца concursus альбо натуральнае захаванне, г.зн. для ўсёй прыроды ад самага пачатку дадзены і навекі вызначаны”.

Можна выказаць меркаванне, што будучая праваабарончая дзейнасць Георгія Каніскага лагічна вынікала з яго прававых поглядаў. Вядома, што дактрына натуральнага права разглядаецца як крыніца ўзнікнення пазнейшай канцэпцыі правоў чалавека. Яшчэ адной такой крыніцай было вучэнне старажытнагрэчаскага філосафа Арыстоцеля, які стаяў ля вытокаў ідэі натуральнага права. Шырока вядомыя наступныя яго словы: “Што датычыць палітычнага права, то яно ёсць часткова натуральным, часткова ўмоўным”. Для Арыстоцеля вялікае значэнне мела захаванне справядлівасці ў грамадстве. Ён меркаваў, што права ўвасабляе сабой палітычную справядлівасць і служыць асновай палітычных дачыненняў паміж людзьмі. На прыкладзе беларускага епіскапа можна прасачыць, як яго схільнасць да дактрыны натуральнага права і арыстоцелевых ідэй дапамаглі Георгію Каніскаму актыўна выступаць за захаванне свабоды сумлення і правоў асобы ў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст.

Прававыя і палітычныя ідэі Георгія Каніскага цесна пераплятаюцца з яго этычнымі поглядамі. Тут можна таксама адзначыць уплыў на Георгія Каніскага поглядаў Арыстоцеля, які меркаваў, што палітыка цесна злучана з этыкай. Арыстоцель нават называў этыку пачаткам палітыкі. Этыка будучага беларускага епіскапа грунтавалася на гуманістычнай традыцыі Асветніцтва XVIII ст. Адной з асноўных этычных катэгорыяў Каніскага была “духоўнасць”. Ён меркаваў, што духоўнасць з’яўляецца важным сродкам для знаходжання “надзейнага шляху”, падставай “шчаслівай долі”. Духоўнасць, на думку Георгія Каніскага, магла служыць формай раскрыцця магчымасцяў людзей і народаў.

У 1751 годзе Георгій заняў пасаду рэктара акадэміі. Паводле ацэнак сучаснікаў, ён лічыўся лепшым — пасля Ф.Пракаповіча —
прафесарам акадэміі ў XVIII стагоддзі. Аднак Георгію Каніскаму не давялося пстаць пажыццёвым рэктарам ды прафесарам Кіева-Магілянскай акадэміі.

13 кастрычніка 1754 года ў Магілёве памёр праваслаўны архіепіскап Іеранім Ваўчанскі. Гэтая падзея стала імпульсам да ажыццяўлення палітычных інтрыгаў як у самой Рэчы Паспалітай, так і за яе межамі. Каталікі абодвух абрадаў былі зацікаўлены ў прызначэнні на вакантную пасаду свайго стаўленіка. Полацкі уніяцкі епіскап Флавіян Грабніцкі адразу ж паведаміў Рымскаму папу Бенедыкту XIV пра смерць праваслаўнага архіерэя. Папа тэрмінова адрасаваў ліст кароннаму канцлеру графу Малахоўскаму, каб вакантную кафедру заняў прадстаўнік рыма-каталіцкай царквы. У той жа час расійскі амбасадар у Ватыкане Грос звярнуўся да імператрыцы Елісаветы Пятроўны з просьбаю неадкладна прызначыць епіскапа ў Магілёў. 9 студзеня 1755 года Свяцейшы Сінод, магчыма, па прапанове Санкт-Пецярбургскага мітрапаліта Сільвестра, які быў украінцам і ведаў Георгія Каніскага з часоў Кіева-Магілянскай акадэміі, абраў на пасаду магілёўскага архіерэя менавіта Каніскага. Амбасадар Грос перадаў каралю Рэчы Паспалітай рэскрыпт імператрыцы і сказаў, што прызначэнне Георгія Каніскага з’яўляецца яе асабістым жаданнем. У хуткім часе прывілей Каніскага быў пацверджаны і падпісаны, што сведчыць пра вялікі ўплыў Расійскай імперыі на ўнутраную палітыку Рэчы Паспалітай. 20 жніўня 1755 года Георгій быў рукапакладзены ў епіскапа, прычым гэтае царкоўнае таінства адбылося не ў Пецярбурзе, як звычайна, а ў Кіеве.

З гэтага часу Георгій Каніскі трапіў у вір грамадскага бязладдзя Рэчы Паспалітай. Становішча праваслаўных у гэтай дзяржаве было адчайным, што пацвярджаецца наступнымі фактамі. У 1716 годзе на Варшаўскай канфедэрацыі было прынята рашэнне разбурыць усе праваслаўныя храмы, пабудаваныя пасля 1632 года. Асобы праваслаўнага веравызнання не маглі браць удзел у дэпутацкай дзейнасці, у трыбуналах і камісіях, займаць ваяводскія, земскія і гарадскія пасады, збіраць сходы і г.д. Каталіцкае духавенства пры дапамозе соймавых пастаноў 1717, 1733 і 1736 гг. абмяжоўвала іншаверцаў у палітычных правах. Усіх хрысціян-некаталікоў у Рэчы Паспалітай зняважліва называлі “дысідэнтамі”. Усё гэта прывяло да таго, што “ў сярэдзіне XVIII ст. у Рэчы Паспалітай разгарнулася вострая палітычная барацьба прыхільнікаў рэформаў дзяржаўнага ладу з рэакцыйнымі коламі каталіцкага духавенства і буйных феадалаў”. (9) У гэтую барацьбу актыўна ўключыўся новапрызначаны магілёўскі епіскап Георгій.

Г. Каніскі супрацьпастаўляў бязладдзю Рэчы Паспалітай палітыку рэформаў у Расіі, якія былі распачатыя пры Пятры І: “А другие, великоважнейшие и преполезные (дела.— А.Л.) еще ныне совершаются, так что Россия день ото дне, иное, но светлейшее на себе лице приемлет.” (10) Пры гэтым беларускі епіскап ідэалізаваў працэсы, якія адбываліся ў Расіі.

Нельга сказаць, што Георгій Каніскі арганічна ўвайшоў у кантэкст грамадска-палітычных працэсаў Рэчы Паспалітай. Не падлягае сумневу, што ён выяўляў і абараняў інтарэсы Расійскай імперыі, у межах якой Магілёўскі епіскап нарадзіўся ды выхоўваўся. У той жа час, ён пазнаёміўся з беларускай нацыянальна-рэлігійнай традыцыяй, дасягненнямі філасофскай, прававой і палітычнай думкі нашага краю. Як адзначае П.С. Шкурынаў, на Каніскага ўплывалі ідэі Ф. Скарыны, А. Волана, С. Буднага, іншых беларускіх мысляроў і асветнікаў (11).

У сваіх казаннях беларускі епіскап смела выкрываў рэпрэсіўную палітыку каталіцкай царквы ў дачыненні да праваслаўных грамадзян Рэчы Паспалітай: “… школам і семинарам быть не допускают; а потому не только низкого сословия люди, но и самое дворянство в крайней простоте и невежестве принуждено жить. Тому же дворянству прегражден вход к чинам и достоинствам; … Граждане из уряду гражданского исключены; податьми излишними и другими тягостями неравно обременены… Ежели православные наши люди звания крестьянского, то на них просто, как хищными волками нападение делается. … ставят виселицы, вкапывают столбы, возгнещают костры; розги, терние и другие мучительные орудия представляют.” (12)

Георгій Каніскі актыўна выступаў у абарону праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай, што выклікала ваяўнічае супрацьдзеянне каталікоў. Неаднаразова жыццё магілёўскага епіскапа знаходзілася ў небяспецы. Так, напрыклад, у ноч з 28 на 29 студзеня 1760 года езуіты напалі на архіерэйскі дом у Магілёве, гаспадар якога ўратаваўся, схаваўшыся ў падвале.

Шмат іншых ганенняў і пераследаў перанёс Георгій Каніскі. Потым пра гэты цяжкі перыяд свайго жыцця ён сказаў наступнае: “Семнаццаць гадоў змагаўся я з ваўкамі”.

У сваім стаянні за правы некаталіцкага насельніцтва Рэчы Паспалітай беларускі архіепіскап выявіўся паслядоўным абаронцам свабоды сумлення і правоў асобы. Пры гэтым ён дзейнічаў у межах законаў, абапіраўся на існуючае права. Вядома, што Георгій сабраў вельмі каштоўны архіў каралеўскіх грамат, законаў і пастаноў уладаў Рэчы Паспалітай, які стаў вядомы ў гістарычнай літаратуры як “Архіў Каніскага”. На аснове гэтага архіва прававых дакументаў Магілёўскі епіскап выдаў кнігу “Правы і вольнасці жыхароў Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага, якія спавядаюць грэка-ўсходнюю рэлігію” (Варшава, 1767; на польск. м.).

Шырока вядомай у Еўропе стала прамова Георгія Каніскага, з якой ён выступіў перад каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім. У сваёй прамове епіскап абараняў правы не толькі праваслаўных, але і ўсяго некаталіцкага насельніцтва Рэчы Паспалітай. Вядома, што выступленне Г. Каніскага моцна паўплывала на караля. Пазней прамова была перакладзена на еўрапейскія мовы і стала своеасаблівым узорам абароны верацярпімасці.

Вядомы гісторык М. Каяловіч так ацэньваў дзейнасць Георгія Каніскага. “Ні ў адным польскім помніку, — пісаў ён, — я не сустракаў такога яснага і шырокага разважання пра свабоду сумлення (не для адных толькі адукаваных людзей, а для ўсіх), як у данясеннях і прашэннях Георгія Каніскага”. (13) Можна смела сцвярджаць, што праваслаўны епіскап стаяў ля вытокаў традыцыі абароны свабоды сумлення на Беларусі.

Варта выказаць меркаванне, што пэўны ўплыў на эвалюцыю прававых і палітычных поглядаў беларускага архіепіскапа аказалі ідэі французскіх мысліцеляў эпохі Асветніцтва. Вядома, што Вальтэр выступаў супраць нецярпімасці каталікоў і клерыкалізму. Такія думкі Вальтэра знаходзілі падтрымку сярод некаторай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай. Георгій Каніскі быў знаёмы з творчасцю гэтага французскага мысліцеля, але не прымаў яго празмернага радыкалізму. Ён напісаў нават свой адказ на “Письмо г. Вольтера к учителям церкви и богословам”, у якім супрацьстаяў небяспечным атэістычным тэндэнцыям.

Сваю актыўную палітычную пазіцыю Георгій Каніскі праявіў у час Слуцкай канфедэрацыі 1767 г., якая праходзіла пры падтрымцы Расіі. Падчас правядзення канфедэрацыі былі выпрацаваны патрабаванні да кіруючых колаў Рэчы Паспалітай — адмяніць усе дыскрымінацыйныя нормы ў дачыненні да праваслаўных і пратэстантаў.

Дзейнасць епіскапа Георгія набліжала трагічныя часы падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі. Вядома, што метады, якімі карысталіся расійскія ўлады пры гэтым, неадназначна ўспрымаліся Георгіем Каніскім. Беларускі епіскап бачыў заганныя паводзіны расійскіх чыноўнікаў, якія займалі высокія дзяржаўныя пасады, і рэзка крытыкаваў іх: “Ах! Сколь много найдем таких, как… все милости обращают в выгоды самим себе; должное обиженным удовлетворение — в сугубую обиду их; налоги, по обстоятельствам необходимо нужные — себе в хищение, а народу в несносные бремена; власть — в наглость; защищение — в разбой, судьи правоту — в лихоимство; слезы бедных претворяют в вино веселия своего…” (14). Гэта паслужыла прычынай таго, што пад канец свайго жыцця беларускі архіепіскап трапіў у няміласць да расійскага самадзяржаўя. Непрыхільнае стаўленне да асобы Георгія Каніскага праяўлялася расійскімі чыноўнікамі яшчэ пры існаванні Рэчы Паспалітай. Напрыклад, калі ўзнікла пытанне пра наданне беларускаму епіскапу права засядаць у сенаце Рэчы Паспалітай, амбасадар Расіі Рапнін заявіў, што Г. Каніскі не можа атрымаць гэтае права з прычыны прыналежнасці да плебейскага роду. (15)

Памёр Георгій Каніскі ў 1795 г. і быў пахаваны ў Спаскім саборы Магілёва. У 1993 г. Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы далучыў архіепіскапа да ліку беларускіх Святых.

Можна сцвярджаць, што асоба беларускага епіскапа была нязвыклай для расійскай грамадска-палітычнай сістэмы, якая насцярожана ставілася да любых праяў вальнадумства. Асаблівая пазіцыя Г. Каніскага тлумачыцца тым, што яго светапогляд фармаваўся на ўкраінскіх і беларускіх землях пад уздзеяннем мясцовай дэмакратычнай традыцыі. Багатая спадчына архіепіскапа Георгія Каніскага, у тым ліку яго прававыя і палітычныя ідэі, бясспрэчна адносяцца да прагрэсіўнага русла духоўнай культурна-гістарычнай традыцыі беларускага і ўкраінскага народаў.

Алесь Ляскоў,

аспірант кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ (Мінск)

(1) Огіенко І.І. Украінська Церква. К., 1993. С. 252-253.
(2) Шкуринов П.С. Философия России XVIII века. М., 1992. С. 152.
(3) Зеньковский В.В. История русской философии. Т.1, ч.1. Л., 1991. С. 92.
(4) Цыт. па: Хрестоматія давньоі украінськоі літератури. Під ред. А.І. Білецького. К., 1967. С.453.
(5) Петров Н.И. Очерки из истории украинской литературы XVII и XVIII веков. К., 1911. С.376.
(6) Шкуринов П.С. Указ. сач. С.153.
(7) Акты и документы, относящиеся к истории Киевской академии. Отд. II, т.2. К., 1906. С.176.
(8) Тамсама. С.179.
(9) Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992, С. 213.
(10) Собрание сочинений Г. Конисского.Ч.І. Спб., 1835. С.166.
(11) Шкуринов П.С. Указ. сач. С.154.
(12) Собрание сочинений Г. Конисского. С. 156-159.
(13) Цыт. па: Дышыневіч В.Н. “Георгій Каніскі—абаронца Праваслаўя”// Праваслаўе, №5, 1997. С.37.
(14) Собрание сочинений Г. Конисского. С. 80-81.
(15) Wielka Encyklopedia powszechna ilustrowana. Warszawa, 1890-1909, serya 1, t. 37-38. S. 619-620.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.