Да кананІзацыІ праведнага айца Іаана Кармянскага (Гашкевіча)

У цяперашнія нялёгкія часы Гасподзь праславіў і папоўніў сабор малітвеннікаў за нашу зямлю яшчэ адным сваім угоднікам. 31 мая 1998 г. у Сабор Беларускіх Святых увайшоў святы праведны Іаан Кармянскі (Гашкевіч).

Жыццё і пастырскае служэнне а. Іаана Гашкевіча было азорана бачнымі праявамі Божае ласкі. Нарадзіўся ён у 1839 г. перад святам святога апостала евангеліста Іаана Багаслова ў вёсцы Агародня Кармянскага павета на Гомельшчыне. Яго бацька служыў святаром у мясцовым Свята-Мікалаеўскім храме. Дзяцінства Іаана прайшло ў бацькоўскім доме ў непасрэднай блізкасці да храма. У чатырохгадовым узросце ён ужо самастойна хадзіў да Прычасця і іншых Святых Хрыстовых Таінстваў, а хутка стаў прыслужваць у алтары. Пасля службы яму прыходзілася мыць падлогу, чысціць лампады ды выконваць іншую працу.

Ікона св. прав. Іаана Кармянскага.Пачатковую адукацыю Іаан Гашкевіч атрымаў у царкоўна-прыходскай школе, затым паступіў вучыцца ў гімназію, якую паспяхова закончыў. Пазней была вучоба ў духоўнай семінарыі. Толькі ва ўзросце 23 гадоў Іаан вярнуўся ў родную вёску, дзе пачаў несці паслушэнства псаломшчыка ў царкве. Неўзабаве пасля цяжкай хваробы памёр яго бацька, і на месца настаяцеля быў рукапакладзены малады пастыр. Да гэтага часу ён ужо быў жанаты, меў траіх сыноў.

Ва ўзросце 40 гадоў айцец Іаан наведаў Кіева-Пячэрскую Лаўру, дзе атрымаў ад старцаў благаславенне весці манашаскі лад жыцця. Бацюшка да смерці не ўжываў мясной ежы і трымаў строгі пост у сераду і пятніцу.

Любоў да бліжняга, якую ён прапаведаваў, пацвярджаў канкрэтнымі справамі, часта паўтараючы словы апостала Іакава: ”Вера без спраў мёртвая” (2,20). У Агародні і ваколіцах людзі памятаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне паданні, якія сведчаць пра надзвычайную дабрыню, міласэрнасць і празорлівасць свайго пастыра. Аднойчы да а. Іаана прыйшла ўдава, якая мела на руках пяць сірот. Бацюшка, убачыўшы яе чыстую душу, падаў ёй міласціну – сваю карову і сказаў пры гэтым: “Тваім дзеткам яна больш патрэбная, чым мне”. Другім разам а. Іаан заўважыў, што нехта з яго двара бярэ ноччу дровы і вырашыў высачыць зламысніка. Калі ж ён заўважыў, што прыйшла бедная ўдава, то сказаў: ”Пачакай, памагу табе, а то цяжка падняць”. Калі ж жанчына ўзмалілася, просячы прабачэння, старац сказаў: ”Бог благаславіць, бяры дровы, грэй печку дзецям…”

Да яго на богаслужэнне прыходзіла ўсё больш і больш людзей, у тым ліку – людзі з бліжэйшых вёсак. Адчуваючы благадатнасць бацюшкі, здалёк прывозілі хворых і беснаватых. Прапаведуючы слова Божае, ён заклікаў усіх да пакаяння, бо, як прарочыў ён, для будучых пакаленняў будзе ў храмах мярзота ды запусценне. Гэтыя словы яго збыліся ў хуткім часе пасля яго канчыны.

Старац Іаан заўсёды доўга маліўся начамі. Самы любімым яго занятакам была разумная і сардэчная Іісусава малітва. Ужо ў сталым узросце, будучы слабым, выстойваў службы, уважліва слухаючы кожнае слова. Калі хто з псаломшчыкаў рабіў памылку, ён толькі ківаў галавой ды ціхенька папраўляў. Аднойчы падчас богаслужэння ён убачыў над прастолам вялікі крыж. Свайму сыну Іаану ён сказаў: “Да цябе ў храм прыйдзе Маці Божая, а пасля гэтага храм апусцее. Гэтае прароцтва здзейснілася ў 1930-я гады. Многія памятаюць, што прыйшла ў храм жанчына, апранутая нязвыкла для нашай мясцовасці. Яна падыйшла да чашы без споведзі. Некаторыя бачылі каля жанчыны юнакоў у белых вопратках. Калі выйшаў свяшчэннік з чашай, то кроў у чашы пачала кіпець. Ён спалохаўся, а ў гэты час жанчына стала нябачнай. Праз некаторы час храм закрылі, а айца Іаана (малодшага) адправілі ў ссылку.

Памёр а. Іаан Гашкевіч у 1917 г. У дзень спачыну, як ён і прадказваў, быў сонечны пагодлівы дзень. Спачылага ў Бозе бацюшку сыны перанеслі ў храм, дзе ён знаходзіўся тры дні. Царква не зачынялася ні днём, ні ноччу, перапоўненая народам. Адпраўлена было дзве літургіі, пасля якіх па просьбах людзей былі адслужаны паніхіды па іх духоўнаму настаўніку. На трэці дзень, калі з’ехалася духавенства акругі, адслужылі чын паграбення, і труну з целам спачылага старца пад гукі званоў абнеслі вакол храма са спяваннем “Помощник и покровитель” и апусцілі ў магілу. Пахаваны ён быў з правага боку ад алтара. Яшчэ доўга прыходзілі людзі на магілу старца, шукаючы, як і пры жыцці, дапамогі і суцяшэння. У 1930-я гады спачыў сын, іерэй Міхаіл, які быў пахаваны побач з бацькам.

У свой час бацюшка гаварыў: ”Будуць скакаць на мне, ды труна моцнай будзе”. Так і выйшла: у 1956 г. Свята-Мікалаеўскі храм спалілі, а ўсё, што засталося ад пажару, у тым ліку надмагільныя пліты і крыжы, згрэблі бульдозерам у роў. На роўным месцы наладзілі футбольнае поле і пляцоўку для танцаў. А пры раскопках фундамента царквы парушылі і труну… Вось тады людзі і ўспомнілі пра свайго забытага пастыра.

Аднойдзенне мошчаў а. Іаана супала з прыездам у Гомель Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II. Напярэдадні яго прыезду мошчы былі перанесены па благаславенню правячага архіерэя Праасвяшчэннага Арыстарха, епіскапа Гомельскага і Жлобінскага, у храм Пакрову Багародзіцы ў вёсцы Карма Добрушскага раёна. Гэты храм у 1903 г. а. Іаан закладваў і асвячаў як старшы па хіратаніі іерэй сярод святароў, якія прыехалі тады на ўрачыстасць. Па благаславенню праасвяшчэннага была створана камісія з трох святароў, якая засведчыла нятленнасць мошчаў праведніка. Мошчы былі пакрыты новымі аблачэннямі і вынесены на сярэдзіну храма. Пасля перазахавання на магіле каля храма зрабілі мармуровую грабніцу.

На працягу тыдня правіліся паніхіды – раніцай і вечарам, у храм ішоў народ пакланіцца ўгодніку Божаму. Многія адчувалі ціхія павевы ветру, які разносіў па храме прыемны водар. Мноства цудаў ад мошчаў а. Іаана і па яго малітве здзейсненых, былі засведчаны перад святым Евангеллем і Крыжом у прысутнасці святароў і вернікаў Свята-Пакроўскага храма вёскі Карма. Шматлікія вернікі, якія прыходзяць і прыязджаюць сюды, адчуваюць вялікую благадатную сілу, што сыходзіць ад нятленных мошчаў іх нябеснага заступніка.

Матэрыял падрыхтаваны паводле працы ігумена Стэфана Нешчарэта
“Жыццё і цуды ў Бозе спачылага старца протаіерэя Іаана Гашкевіча”.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.