Феномен праваслаўнага адраджэння

Паспяховае вырашэнне шматлікіх тэарэтычных праблем пісьменства Новага часу патрабуе пераадолення ўяўленняў аб перарванасці нацыянальнай духоўна-культурнай традыцыі. Сёння выглядае надзвычай важным сцвярджэнне арганічнай паяднанасці старабеларускага і сучаснага перыядаў культурнага быцця, асвятленне “залатога веку”старажытнай літаратуры, калі здабыткі беларускай кніжнасці засвойваліся не толькі славянскімі народамі, але і жыхарамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. У сувязі з даследаваннямі светапоглядных асаблівасцяў, менталітэту беларускай нацыі важна паказаць таксама асабліва вызначальную ролю гамілетыка-марыялагічнай, лексіколага – граматычнай і паэтыка- раматургічнай спадчыны.

Мы неяк прызвычаіліся атаясамляць Рэнесанс з Італіяй, напэўна, ад няведання, занядбання гісторыі і культуры славян, бо сама ідэя Адраджэння зарадзілася ў Х-ХII стт. у Візантыі (значна раней за Італію) як “рэстаўрацыя традыцыйных мадэляў духоўнай і моўнай чысціні”.

Пачатак і росквіт гэтай выдатнай рэлігійна-культурнай з`явы, асабліва плённай на тэрыторыі Беларусі і іншых праваслаўных землях Вялікага Княства Літоўскага, прыпадае на эпоху I і II паўднёваславянскага ўплыву.

Напрыклад, першы паўднёваславянскі ўплыў, ля вытокаў якога стаялі свв. салунскія браты Кірыл і Мяфодзій, іх вучні Клімент Ахрыдскі, Навум, Чарнарызец Храбр, Іаан Экзарх, абумовілі залаты век культуры Першага (часоў цара Семяона) і Другога (цара Асена II) Балгарскіх царстваў. І не толькі ў Балгарыі, а і сярод іншых славян.

Пачатковы перыяд гэтай старажытнай пераемнасці мовы салунскіх першанастаўнікаў — часы св. Еўфрасінні Полацкай, якая, паводле звестак, атрымлівала святыя кнігі (у балгарскай рэдакцыі Кірыла і Мяфодзія) праз сваю родную цётку, візантыйскую імператрыцу, для перапісвання ў сваім знакамітым скрыпторыі непасрэдна з Канстанцінопаля. Не можа не здзіўляць сапраўды падзвіжніцкая дзейнасць Еўфрасінні Полацкай па хрысціянізацыі краю, распаўсюджванні манашаскіх цэнтраў з іх добра наладжанымі скрыпторыямі па перапісванні богаслужбовых і душакарысных кніг.

Другі паўднёваславянскі ўплыў, эпіцэнтрам якога былі не толькі, як прынята лічыць, Маскоўскае княства, але, магчыма, яшчэ ў большай меры, землі Вялікага Княства Літоўскага, абумоўлены складанымі зрухамі ў праваслаўным свеце, падзеннем Балгарыі, Сербіі, Канстанцінопаля пад націскамм ваяўнічай Асманскай імперыі, канчатковым вынікам чаго з`явілася вядомае перамяшчэнне рэлігійных цэнтраў з Візантыі да сваіх усходніх пераемнікаў — Кіеўскай і Маскоўскай мітраполіі.

Носьбітам другога паўдневаславянскага ўплыву былі прадстаўнікі ісіхазму, якія лічылі, што вянец існавання чалавечай душы — асабістае “абажэнне”, узвышэнне чалавека ў сыноўняй любові праз Іісуса Хрыста і Святога Духа да Госпада. Кожны хрысціянін павінен увесь час унутрана маліцца, а абавязак манахаў навучыць гэтаму міран, як адзінаму сродку ратавання чалавечай душы. Гэта быў своеасаблівы тып падзвіжнікаў, якія нават ахвяруючы ўласным збаўленнем, ішлі выратоўваць “мір” ад граху і парокаў.

Разуменне хрысціянскага ўсходняга ці праваслаўнага візантыйскага Адраджэння, як пачатку, прадцечы заходнееўрапейскага Рэнесансу, у беларускай навуцы толькі пачынаецца, у той час як многія замежныя візантолагі і славісты разглядаюць увесь хрысціянскі свет часоў ісіхазму і дыспутаў пра Фаворскае святло як эпоху Адраджэнскую, эпоху гуманізму.

Па сваіх вытоках і характары рэнесансныя з`явы ў розных краінах і ў розныя часы маюць свае асаблівасці, але зыходная аснова іх — цікавасць да чалавечай асобы. ХIV стагоддзе, відаць, у большай меры, чым якое іншае, можна назваць векам Адраджэння ў Заходняй Еўропе і Візантыі, у славянскіх краінах і на арабскім Усходзе. Паўсюдна пасля паслаблення сацыяльна-дзяржаўных структур, веку чорнай чумы, што знішчала трэць насельніцтва Еўропы, рэзка ўздымаецца значэнне чалавечага фактара. Таму ХIV стагоддзе такое антрапацэнтрычнае. У строгім сэнсе яго прадстаўнікоў нельга дзяліць на гуманістаў і негуманістаў. Тады ўсе былі гуманістамі: і тыя, хто сыходзіў ад людзей у пустынь, і тыя, хто паміж філасофскімі развагамі аб прыгажосці і дабрачыннасці, гібелі ў грахах і ліхвярстве. Нават больш — славянскімі вучонымі апошніх год аспрэчваецца правамернасць распаўсюджання вучонымі тэрміна АДРАДЖЭННЕ на заходні свет, які праз свой Рэнесанс адышоў ад хрысціянскіх каштоўнасцей у язычніцтва, бездань ерасяў і граху, адмовіўся ад трансцэндэнтнай сінергіі (узаемадзеяння) Божай ласкі і свабоднай волі чалавека, побач з дадатнымі сутыкнуўся з пэўнымі крызіснымі момантамі. У расійскай навуцы намеціўся перагляд канцэпцыі Д.С. Ліхачова, які ў адносінах да ўсходнеславянскіх умоў уводзіў рабочы тэрмін “Предвозрождение”. Бо ў наяўнасці былі ўсе адзнакі духоўнага, культурнага, нацыянальнага, дзяржаўнага ўздыму, нездарма ў гэты час Русь пазбаўляецца іга татараў, тады калі Еўропа адступае перад туркамі. Хочацца згадаць, што аб`яднанымі сіламі Рэчы Паспалітай, Вялікага княства Літоўскага і Чэшска-Венгерскага каралеўства (1490 — 1515) стрымліваўся асманскі наступ на Цэнтральную Еўропу.

У апошнія гады стала агульнапрынятым у еўрапейскай навуцы разглядаць два бакі ў Рэнесансе: духоўнае Адраджэнне, якое заўсёды папярэднічае гэтаму феномену, і яго палітыка-культурныя праявы з усімі выдаткамі гэтай з`явы.

І калі мы яшчэ ў сябе даволі сціпла гаворым пра гэтыя факты, то на Захадзе ўжо даўно ідзе перагляд тэрміна Рэнесанс у бок больш духоўнага зместу. У заходнееўрапейскай і амерыканскай тэалогіі і медыявістыцы, асабліва пасля прац Г. Гаскінса “Адраджэнне ХII ст.” (1927 г.), Эрвіна Панофскага “Рэнесанс і Адраджэнне ў заходнім мастацтве” (1960 г.), агульнапрынята гаварыць пра духоўнае Адраджэнне ўжо ў эпоху Готыкі (ХI — XII стт.)

Як адзначае Р. Сазерн у сваёй кнізе “Станаўленне сярэднявечча”, у другой палове XII ст. адчуваецца подых новых павеваў, пачынаецца ўсведамленне новых гістарычных перспектыў у форме “вежества” і “учености”, рух ішоў з Грэцыі (Візантыі) да Рыма, ад Рыма, пасля вядомага перапынку, да Францыі, па тым часе фарпосту заходняга хрысціянскага свету. Па сведчанню англійскага прафесара гісторыі Крыстафера Брука, зварот да сапраўдных, ісцінных уяўленняў пра Рэнесанс пачаўся ў Еўропе ў ХVIII ст. З часам, асабліва ў ХIХ ст., назіралася крапатлівае даследаванне вытокаў Рэнесанса, складваецца духоўны асяродак, які здольны ацаніць усе вартасці гатычнай культуры, славутай папярэдніцы Рэнесанса, пачынаецца вывучэнне традыцыйнай агульнахрысціянскай абраднасці, патрыстыкі візантыйскай пары і працэсаў духоўнага Адраджэння славянскіх, праваслаўных народаў.

 

Алена Яскевіч (МІНСК)

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.