Апавяданне блажэннай Феадоры пра мытарствы

“Цяпер ужо значна пазней, чым вам здаецца”
Іераманах СерафІм (Роуз)

Чэці-Мінеі, што даносяць да нас праз вякі звесткі пра жыцці Святых угоднікаў Божых, складзены па месяцах адпаведна з днямі шанавання Царквою іх памяці. У зборніку за сакавік знаходзіцца апавяданне блажэннай Феадоры пра мытарствы, якія праходзіць душа пасля смерці. Існаванне іх, дзякуючы Госпаду, даўно адкрылася ўсім шчырым вернікам — неаднаразова пра тое сцвярджалі ў розныя часы Святыя. Змешчана апавяданне ў жыціі Васілія Новага (пад 26 сакавіка). Феадора многа служыла яму, але памерла раней, прыняўшы іначаскі чын. Мірскі чалавек Грыгорый, надзвычай набожны, прасякнуты страхам Божым вучань старца, папрасіў святога даведацца, што атрымала Феадора ад Госпада за сваю шчырую службу — ён быў упэўнены, што Божаму Угодніку вядома ўсё. Не жадаючы засмучаць свайго вучня, Вялебны Васілій звярнуўся з малітвай да Госпада, каб ён адкрыў тайну…

І вось Грыгорый убачыў яе ў сне ў раі і адразу засыпаў пытаннямі: як адлучалася душа яе ад цела, што адчувала яна, што бачыла пры сконе, як праходзіла мытарствы. На кожнае пытанне Феадора імкнулася даць грунтоўны адказ. Прагучала гэта наступным чынам:

“Любы Грыгорый, пра жахлівыя рэчы пытаешся ты, жудасна ўспамінаць нават. Бачыла я твары, якіх ніколі не бачыла, чула словы, якіх ніколі не чула. Што я магу сказаць табе? Шмат чаго жахлівага, прыкрага давялося мне бачыць і чуць за мае справы, не адзін раз скаланулася ад жудасці і страху душа мая, але з дапамогай Госпада, па малітвах айца нашага, вялебнага Васілія, мне ўсё сышло, як кажуць, з рук. Як перадаць табе ўсе пакуты цялесныя, жах і разгубленасць, якія даводзіцца зведаць тым, хто памірае? Як агонь знішчае ўсё, што кідаюць у яго, так і мукі смяротныя разбураюць ушчэнт чалавека. Сапраўды страшная рэч смерць для падобных мне грэшнікаў. Мяркуй сам зараз па тым, што пачуеш.

Архангел МіхаілКалі настаў час адлучацца ад цела душы маёй, я ўбачыла вакол пасцелі мноства чорных, як галавешкі з кастрышча, варожых, злосна-няўрымслівых эфіопаў. Вочы іх гарэлі, як вуголлі, самі яны ўвесь час валтузіліся, узнімаючы лямант і гвалт, утвараючы неверагодныя гукі: чмыхалі, чмякалі, раўлі, як быдла, брахалі, як сабакі, скугіталі, скуголілі, вылі, як ваўкі, мяўкалі, як каты, рохкалі, як свінні. Гледзячы на мяне, усе яны ўсё больш і больш вар’яваліся, пагражалі, скрыгацелі зубамі, быццам намерваліся разадраць мяне і з’есці. Спадзеючыся на лёгкую і хуткую здабычу, стрымгалоў кінуліся рыхтаваць звіткі, у якіх былі запісаны ўсе мае дрэнныя справы. Затрапятала бедная мая душа, смяротнай пакуты ўжо быццам і не існавала. Грознае бачанне жудасных эфіопаў стала для мяне другою, больш страшнаю смерцю. Я адварочвалася, каб не бачыць іх жудасных твараў, але яны былі ўсюды, скрозь, і адусюль несліся іх галасы. Калі я зусім знемагла, то ўбачыла, як накіроўваюцца да мяне ў выглядзе прыгожых юнакоў два Ангелы Божыя. Твары іх былі светлыя, прамяністыя, вочы іх глядзелі з любасцю, валасы на галаве былі таксама надзвычай светлыя і ззялі, як золата, гэтак жа зіхацела і адзенне, якое было падобна да зарніцы маланкі. На грудзях крыж-накрыж былі перакінуты залатыя паясы. Яны падышлі да маёй пасцелі, сталі поруч, з правага боку і ціха пачалі размаўляць паміж сабой. Я вельмі ўзрадавалася, убачыўшы іх. Чорныя, быццам сажа, эфіопы адразу затрэсліся і адступілі далей. Адзін светлы Ангел звярнуўся да іх з наступнымі словамі: “О, бессаромныя, праклятыя, злосныя ворагі роду чалавечага. Навошта вы заўсёды спяшаецеся прыйсці да ложка паміраючага, утвараеце столькі шуму, палохаеце, бянтэжыце кожную душу, якая разлучаецца з целам. Але зараз не вельмі радуйцеся, бо тут вы нічога не знойдзеце. Бог міласэрны да гэтай душы, і няма вам тут здабычы”. Выслухаўшы, эфіопы злосна замітусіліся, голасна залямантавалі: “Як гэта мы не маем свайго ў гэтай душы? А гэта чые грахі, — гарланілі яны, паказваючы на звіткі, дзе былі запісаны ўсе мае дрэнныя справы, — ці ж не яна зрабіла вось тое і тое?” У прадбачанні (дзякуй Богу, дарэмным) сваёй перамогі яны стаялі і чакалі маёй смерці. Нарэшце прыйшла і сама смерць, рыкаючы, як леў, жудасная на выгляд. Яна была падобная на чалавека, але не мела ніякага цела, быццам бы складзеная з адных голых костак. Каля яе знаходзіліся розныя прылады для пакут: меч, кап’ё, стрэлы, косы, пілы, сякеры і іншыя невядомыя мне прылады. Затрымцела бедная мая душа, убачыўшы гэта. Святыя ж Ангелы сказалі смерці: “Што ж ты марудзіш, вызвалі гэтую душу ад цела, вызвалі ціха і хутка, таму што за ёю няма вялікіх грахоў. Падпарадкоўваючыся загаду, смерць падышла да мяне і пачала спрытна арудаваць сваімі прыладамі. Спачатку адсекла мне ногі, потым рукі, затым паступова іншыя члены мае, аддзяляючы сустаў ад сустава, і ўсё цела маё амярцвела. Потым, узяўшы сякач, адцяла мне галаву, якая стала для мяне адразу чужою, бо павярнуць ёю я ўжо не магла. Пасля гэтага смерць зрабіла ў чашы нейкі напой і, паднёсшы да маіх вуснаў, прымусам напаіла мяне. Напой такі быў горкі, што душа мая не змагла вытрываць: яна ўздрыганулася і выскачыла з цела, нібы сілком вырваная. Тут светлыя Ангелы падхапілі мяне і панеслі перад сабою. Я азірнулася назад і сваё бяздушнае, нечуллівае цела ўбачыла распластаным, нерухомым і надта здзіўлялася, што яно цяпер, як зношаная вопратка, рызманы, скінутыя ў кут. Чорныя бы смала, эфіопы-чэрці абляпілі святых Ангелаў і звадліва, наперабой, пачалі ганьбіць мяне, абвінавачваць у розных грахах, кпіцца, патрабаваць апраўдання, адказу за ўсе брыдоты майго жыцця. “У душы гэтай шмат грахоў. Цікава, цікава, што запяе яна нам”. Cвятыя Ангелы сталі адшукваць мае добрыя справы і, па літасці Божай, знаходзілі і збіралі ўсё добрае, што з дапамогай Госпада было мною зроблена: ці міласціну жабракам раздавала, ці накараміла галоднага, ці напаіла сасмаглага, ці апранула раздзетага, ці прывяла вандроўніка ў дом свой і падсілкавала яго, ці ўслужыла святым, ці наведала хворага альбо зняволенага, і дапамагла таму і другому, ці знаходзіла час пабыць у царкве, молячыся са слязьмі сама і ўважліва слухаючы царкоўныя чытанні і спевы, ці прыносіла ў царкву ладан, свечкі і іншыя ахвяраванні, ці налівала масла ў лампады перад святымі іконамі і цалавала іх з глыбокай пашанай, ці пасцілася, у тым ліку шчыра, без усялякай ежы па серадах і пятніцах і ў час агульных пастоў, ці клала паклоны, ці малілася ноччу, звяртаючыся ўсёй душой да Госпада і плачучы аб сваіх грахах, ці з сардэчнасцю і пакаяннем спавядалася Богу перад сваім духоўным айцом ва ўсіх грахах, якія старалася загладзіць добрымі справамі, ці для бліжніх рабіла дабро, дапамагала ў цяжкай працы, у немачы, дзялілася тым, што мела сама, не злавалася ў адказ на зламыснасць, варожасць, перасільвала ўласны гнеў і за незычлівасць адной толькі дабрынёю адплочвала; ці засмучалася чужою бядою, ці, будучы хворай, цярпела пакорліва; ці спачувала іншым хворым, суцяшаючы тых, хто плакаў, ці дапамагала ў добрых справах, ці стрымлівала сябе і іншых ад дурных учынкаў і марных справаў, дарэмнай клятвы, паклёпаў, пустаслоўя і гэтак далей. Астатнія мае, нават самыя мізэрныя, добрыя справы, рупліва збіралі святыя Ангелы, каб супрацьпаставіць іх маім грахам. Чорныя, як смоль, эфіопы заскрыгаталі яшчэ больш зубамі, бачачы, што не так проста авалодаць ім мною, каб жывасілам звалачы ў пекла. У гэты час вельмі дарэчы неспадзявана з’явіўся прападобны айцец наш Васілій і сказаў святым Ангелам: “Спадары мае, гэтая душа многа служыла мне, даглядаючы маю старасць, і я маліўся Богу, каб ён аддаў яе мне”. З такімі словамі ён дастаў з-за пазухі залаты мяшэчак, паўнюткі, як я думала, чыстым золатам і аддаў яго святым Ангелам, параіўшы: “Калі будзеце праходзіць паветраныя мытарствы, і змрочныя злыя духі пачнуць мардаваць няшчасную душу, выкупляйце яе адным з гэтых даўгоў: я міласцю Божай багаты, Гасподзь дапамог мне назбіраць сваёй працай многа скарбаў. Хай будзе гэты мяшэчак падарункам душы, якая многа служыла мне”. Сказаўшы гэта, ён знік. Хітрыя бесы ад таго, што знячэўку ўбачылі, зараўлі, нібы ачмурэлыя, і абурана кінуліся ўрассыпную наўцёкі. Тут ізноў прыйшоў угоднік Божы Васілій з чыстым алеем, дарагім мірам і, адкрываючы адну за другой пасудзіны, выліваў на мяне, ад чаго навокал разліўся водар. Я адразу адчула сама, як стала змяняцца і неяк асабліва святлець, нават крыху прамяніцца. Святы старац зноў звярнуўся да Ангелаў: “Спадары мае, калі Вы зробіце ўсё, што патрэбна для гэтай душы, адвядзіце яе ў прыгатаваны мне Госпадам Богам дом, каб пасяліць яе там”. Сказаўшы гэта, ён зрабіўся нябачным, а святыя Ангелы наблізіліся да мяне, і мы пайшлі на ўсход, уздымаючыся на Неба. Шлях наш увесь час перасякалі злосныя паветраныя духі, што былі згрупаваны вакол кожнага з 20 мытарстваў, якіх не пазбегнуць ніводнай, вызваленай ад мёртвага цела душы.
 

МЫТАРСТВА 1-е

Пры нашым ушэсці на вышыню нябесную нас хутка спынілі паветраныя духі першага мытарства, на якім выпрабоўваюцца грахі пустаслоўя. Тут нам вынеслі мноства звіткаў, дзе былі запісаны ўсе брыдкія словы, якія я гаварыла з часоў юнацтва майго, усё, што было сказана мною неабдуманага, а тым больш ганебнага; усе блюзнерскія справы маёй маладосці, а таксама выпадкі безпадстаўнага, непрыстойнага смеху, да якога бывае часта схільнаю маладосць, бессаромныя мірскія песні, якія я часам спявала ў гурце. Пагардліва, падбухторваючы адзін аднаго, зласліва насядалі на мяне, падыспытную, нізкія духі, лапаталі, называлі і месца, і час, і асоб, з якімі займалася я тымі марнатраўнымі справамі, гневала Бога. Многае з таго, што супраць мяне выстаўлялі прыкрыя духі, я не лічыла нават за грэх перад Госпадам, таму ні разу не спавядалася ў гэтым перад сваім духоўным айцом. Гледзячы на гэтыя звіткі, я маўчала, быццам у мяне адняло мову, мне не было чым пярэчыць — усё, што прад’яўлялі мне, была праўда. Адно толькі ўражвала — як гэта ў іх нічога не забыта, прайшло ж столькі гадоў, я і сама ўжо нічога не памятала. Выпрабоўвалі духі мяне ўнікліва, з вялікай хітрасцю і мала-памалу я нешта ўжо ўспамінала і сама. Святыя Ангелы паклалі, нарэщце, канец гэтаму здзекаванню. Яны пакрылі мае грахі добрымі справамі і яшчэ далучылі з дабрачыннасцяў айца майго прападобнага Васілія, такім чынам выкупілі мяне і мы пайшлі далей.
 

МЫТАРСТВА 2-е

да якога мы наблізіліся, называецца мытарствам маны. Тут трымаюць адказ за кожнае ілжывае слова аматары ілгаць, суровая кара чакае за клятвапарушэнні, дарэмныя закліканні імя Божага, за хлуслівыя сведчанні, за невыкананне дадзеных Богу абетаў, за ўтойванне грахоў у час споведзі, адным словам, не соладка тут бывае хлусіўцам, падманшчыкам. Духі ў гэтым мытарстве раз’юшаныя, лютыя, бязлітасна выпрабоўваюць тых, хто трапляе сюды са сваім подлым грузам. Спыніўшы нас, яны адразу абрушылі на мяне шэраг абвінавачванняў: маўляў, хлусіла. Ім без розніцы, што было тое ў малых рэчах, усяго толькі 2 разы, што я тады нават за грэх не лічыла; залялякалі ад радасці, што і на споведзі я аднойчы пасаромелася сказаць свайму духоўнаму айцу ўсю праўду. Такім чынам, небеспадстаўна абвінаваціўшы мяне ў хлусні, яны ўжо радасна касавурыліся ў мой бок, збіраючыся выхапіць мяне з рук Ангелаў. Добрыя Ангелы нетаропка пакрывалі знойдзенныя ў мяне грахі, супрацьпастаўляючы мае добрыя справы, а чаго не хапала, далі са скарбонкі прападобнага Васілія. Тым мяне і выкупілі з гэтага мытарства, і мы бесперашкодна пайшлі вышэй.
 

МЫТАРСТВА 3-е

называецца мытарствам асуджэння і паклёпаў. Спыніўшыся тут, я выразна ўбачыла, як цяжка грашыць той, хто асуджае, абгаворвае свайго бліжняга і як кепска ўсім ад таго, што людзі паклёпнічаюць адзін на аднаго, лаюцца паміж сабой, няславяць, ганьбяць іншых, насміхаюцца над чужымі грахамі, не звяртаючы ўвагі на свае ўласныя. Вось і мардуюць іх грозныя духі за тое, што апярэджваюць Суд Хрыстоў, што робяцца суддзямі і згубіцелямі сваіх бліжніх у той час, як самі бязмерна больш вартыя асуджэння. У гэтым мытарстве я, па благадаці Божай, не ў многім аказалася грэшнай, таму што ўсё жыццё сваё асцерагалася, каб каго-небудзь не асудзіць, не напаклёпнічаць на каго, ні з кога не насмяяцца, нікога не аблаяць. Але ж здаралася, што і я, слухаючы, як асуджалі бліжніх іншыя, ці смяяліся над кім-небудзь, пагаджалася ў думках з імі і па неасцярожнасці ў іх гаворкі ўстаўляла што-небудзь і ад сябе, хоць і спяшалася, схамянуўшыся, стрымаць сябе, балазе Бог даваў розум. Але ж усё роўна, гэта было мне за грэх пастаўлена, і толькі заслугамі прападобнага Васілія святыя Ангелы вызвалілі мяне з гэтага мытарства, і мы пайшлі вышэй.
 

МЫТАРСТВА 4-е

На шляху нашым паўстала новае мытарства, якое называецца абжорствам. Насустрач нам выбеглі куродымныя, ненажэрныя духі, радуючыся, што прыйшла новая ахвяра. Знешні выгляд гэтых духаў быў вельмі прыкры, яны ўяўлялі сабою розныя віды брудных сальных пачварных абжор і агідных п’яніц, неслі талеркі з ежаю і чашы з розным пітвом. Ежа і пітво выгляду таксама былі мярзотныя, падобныя да смярдзючага гною і ванітаў. Духі гэтага мытарства, як падчас застолля, здаваліся абкормленымі і п’янымі, скакалі з бразготкамі ў руках, выкручваючыся на ўсе лады. Жорстка здзекаваліся над душамі грэшнікаў, якія затрымліваліся на гэтым мытарстве. Гэтыя духі, як галодныя сабакі, накінуліся на мяне з усіх бакоў і пачалі паказваць усе мае грахі падобнага роду: ці ела тайком калі-небудзь, ці праз сілу, ці праз меру, ці з раніцы, як свіння, без малітвы і хроснага знаку, ці ў святыя пасты ела заўчасна ў парушэнне царкоўнага ўставу, ці па неўстрыманню ела раней абеду, ці ў час абеду наядалася без меры. Выкрылі таксама п’янства маё, паказваючы нават посуд, з якога я напівалася, і дакладна падлічвалі, колькі, калі і чаго выпіла, на якой бяседзе, з якімі людзмі, колькі ў якім месцы, дзе дайшла да бяспамяцтва і ванітаў, колькі разоў балявала і скакала пад музыку, пляскаючы ў ладкі і спяваючы песні, як дастаўлялі да дому, знясіленую ад бязмернага п’янства; паказвалі чашы, з якіх я іншым разам піла раніцой у посныя дні (дзеля гасцей ці па слабасці, але піла да ап’янення, бо не лічыла гэта за грэх і не каялася, а наадварот, яшчэ і другіх спакушала на гэта. Нагадалі і нядзельныя дні, у якія даводзілася мне выпіць раней святой Літургіі. На абжорства, якое не раз дазваляла сабе. Духі ўпэўнена скаліліся ад радасці, лічачы мяне сваёй здабычай, насельніцай дна пекла. Я ж, бачачы сябе выкрытай і не маючы нічога сказаць у абарону сваю, усё больш трымцела ад страху. Але святыя Ангелы, запазычыўшы са скарбніцы прападобнага Васілія добрыя справы яго, пакрылі мае грахі і забралі мяне з-пад улады нахабнікаў. Тыя ж, бачачы сваё паражэнне, загаласілі ў распачы: “Гора нам, прапала наша праца. Знікла наша надзея”, – і пачалі пускаць па паветры звіткі, на якіх былі запісаны мае грахі. Я ж была надзвычай рада, што пазбавілася такой агіднай перашкоды. На шляху да наступнага мытарства святыя Ангелы вялі паміж сабою гаворку: “ Сапраўды, вялікая дапамога ідзе гэтай душы ад угодніка Божага Васілія. Каб не яго малітвы, шмат давялося б вытрымваць гэтай душы, праходзячы паветраныя мытарствы”. Так гаварылі мае спадарожнікі, Святыя Ангелы, і я адважылася запытаць іх: “Спадары мае, мне здаецца, ніхто з жывых на зямлі не ведае пра тое, што тут адбываецца, што чакае грэшную душу пасля смерці”. Святыя Ангелы адказалі мне: “Няўжо Святое Пісанне мала гаворыць пра гэта? Толькі прыхільнікі зямной мітусні не звяртаюць на гэта ўвагі, знаходзячы асаблівую асалоду ў тым, каб да адвалу есці і ўдзельнічаць у п’янках, робячы сваім богам чэрава. Ці ж задумваюцца яны пра жыццё вечнае, ці спасцігаюць словы Пісання: “Гора вам, сытым сёння, калі будзеце прагнуць, напіўшымся, калі сасмагнеце”. Яны лічаць Святое Пісанне байкамі і жывуць у неахайнасці да сваёй душы, як евангельскі багач, піруючы з песнямі і музыкай у вясельным бляску кожнага дня. Тыя ж, хто міласэрны і літасцівы, дапамагае маламаёмасным, жабракам ці ўбогім, атрымліваюць ад Бога дараванне грахоў сваіх і за сваю міласэрнасць, без асаблівых пакут праходзяць паветраныя мытарствы, па слову Пісання: “Міласціна ад смерці выратоўвае і адпускае ўсялякі грэх”. Творцы міласэрнасці і праўды напаўняюцца жыццём, а той, хто не імкнецца міласэрнасцю ачысціць грахі свае, не пазбягае гэтых мучэнняў. Змрочныя князі гэтых мытарстваў забіраюць іх, жорстка катуюць, валакуць на дно пекла і трымаюць там у кайданах да страшнага Суда Хрыстовага. І ты наўрад ці пазбегла б гэтага, каб не скарбонка добрых спраў прападобнага Васілія, з якой пакрываюцца твае грахі.
 

МЫТАРСТВА 5-е

Разважаючы такім чынам, мы дайшлі да мытарства, якое называецца мытарствам ляноты. Тут душа дае адказ за ўсе дні і гадзіны, якія правяла ў бяздзейнасці. Тут затрымліваюцца і туняядцы, якія жывуць чужой працай, а самі не хочуць нічога рабіць, ці бяруць плату за работу, якую не выконвалі. Няма заступніцтва Божага тут лайдакам і неахайнікам да душы сваёй, якія не клапаціліся пра славу імя Божага, ленаваліся ці не лічылі патрэбным у святы і нядзелі хадзіць на Божую Літургію ці іншыя богаслужэнні. Тут выпрабоўваюцца за нядбайнасць пра сваю душу не толькі звычайныя людзі, але і духоўныя асобы. Многія адсюль адпраўляюцца ў пекла. Многа і мяне выпрабоўвалі тут і, каб не дабрачыннасць прападобнага Васілія, учапіліся б за мяне прыкрыя духі, наўрад ці ўдалося б мне вызваліцца, аднак, дзякуй Богу, усё абышлося, выкараскалася я і адгэтуль.
 

МЫТАРСТВА 6-е

называецца мытарствам крадзяжу, тут трасуць грахі злодзеяў. На ім нас затрымалі нядоўга, і нямнога добрых спраў спатрэбілася на пакрыццё маіх грахоў, бо я ніколі нічога не крала, акрамя аднаго выпадку, калі была зусім малая, у дзяцінстве, па непаразуменні.
 

МЫТАРСТВА 7-е

Пасля мытарства крадзяжу мы прыйшлі да мытарства срэбралюбства і скупасці. Але і гэтае мытарства мы абмінулі без цяжкасцяў, таму што я, па літасці Божай, не клапацілася ў час майго зямнога жыцця аб набыцці маёмасці, не была срэбралюбкай, мне было досыць таго, што пасылае Гасподзь, знаючы патрэбы мае. Скнарлівасцю я таксама не вызначалася, — што мела, тым спяшалася падзяліцца з людзьмі, бяднейшымі за мяне.
 

МЫТАРСТВА 8-е

Потым мы дасягнулі мытарства, якое называецца мытарствам ліхвярства, дзе выпрабоўваюцца тыя, хто аддае ў рост свае грошы і такім чынам атрымлівае неправедныя набыткі. Тут трымаюць адказ за прысваенне сабе чужога. Варожыя духі гэтага мытарства пільна шукалі мае правіннасці і, не знайшоўшы за мною ніякіх грахоў, заскрыгаталі ад злосці зубамі. Мы ж, падзякаваўшы Богу, пайшлі вышэй.
 

МЫТАРСТВА 9-е

Наступнае мытарства называецца мытарствам няпраўды. Тут выпрабоўваюцца неправедныя суддзі, якія, забываючы пра сумленне, дбаюць больш пра свой дабрабыт і прысуды выносяць за грошы, за паднашэнні апраўдваюць вінаватых, асуджаюць нявінных; трымаюць адказ і хцівыя парушальнікі гандлю, якія спакусліва прагнуць нажывы, забываючы пра душу, якой у іх цесна і млосна, і іншыя непрыхільнікі праўды. Але мы, па благадаці Божай, бесперашкодна мінулі гэтае мытарства, ледзь толькі пакрыўшы нямногімі добрымі справамі мае грахі гэтага роду.


МЫТАРСТВА 10-е

Таксама паспяхова прайшлі мы і наступнае мытарства, якое называецца мытарствам зайздрасці. У мяне зусім не аказалася грахоў гэтага роду, я ніколі не была жадлівай, і хоць выпрабоўвалі тут яшчэ такія грахі як нелюбоў, братанянавісць, варожасць, але ж па міласэрнасці Божай на мне не было падобных грахоў, і я смела, не сціскаючыся ўжо ў камяк, назірала, як церпяць дэманы яшчэ адно паражэнне. Радуючыся, мы пайшлі вышэй.
 

МЫТАРСТВА 11-е

Падобным чынам прайшлі мы і мытарства гордасці, дзе фанабэрыстыя і пыхлівыя духі выпрабоўваюць тых, хто славалюбны, многа думае пра сябе і ўзносіцца. Асабліва прыдзірліва ставяцца тут да тых, хто не паважае сваіх бацькоў і дзяржаўную уладу, прызначаную Богам. Тут мне таксама спатрэбілася вельмі мала добрых спраў, каб пакрыць грахі па гэтаму мытарству, і я атрымала свабоду.
 

МЫТАРСТВА 12-е

Новае мытарства, якога мы дасягнулі, было мытарства гневу і раз’юшанасці. Але і тут, нягледзячы на тое, што духі, якія нас выпрабоўвалі, вельмі лютавалі, нямнога яны атрымалі, і мы без перашкод працягвалі наш шлях, з вялікай удзячнасцю Госпаду за дапамогу.
 

МЫТАРСТВА 13-е

На наступным мытарстве надыходзіць чарга даваць адказ за зло, якое было ці запаўняла сэрца, калі хто трымаў зло на бліжняга і ўздаваў злом за зло. Самі духі тут жорсткія, злосныя, вядома ж, без спагады, адсюль найчасцей уцягваюць яны душы ў тартар. Але мяне і тут не пакінула міласэрнасць Божая: я ніколі не памятала злосці, сама не была яе рассадніцай, наадварот, даравала сваім ворагам, наколькі залежала ад мяне, выяўляла сваю любоў да іх, перамагаючы такім чынам зло дабрынёю. Таму на гэтым мытарстве я ні ў чым не аказалася замешанай. Дэманы ў роспачы раўлі, што я так лёгка вырываюся з іх лапаў, мы ж у радасці прадоўжылі шлях. Я зноў запытала сваіх спадарожнікаў, святых Ангелаў: “Спадары мае, калі ласка, адкажыце мне, адкуль гэтыя страшныя паветраныя ўлады ведаюць усе дрэнныя справы ўсіх людзей, што жывуць на зямлі? Гэтак жа, як і мае, як бачу. Ці ж ім усё згледзець? Звычайна ж пра свой грэх ведае толькі сам грэшнік. Святыя Ангелы адказалі мне: “Кожны хрысціянін ад святога хрышчэння атрымлівае сабе ад Бога Ангела Ахоўніка, які нябачна ахоўвае чалавека да самой смерці. На працягу ўсяго жыцця ён накіроўвае яго на добрыя справы і ўсе іх запісвае, каб душа магла атрымаць міласць ад Госпада і вечную ўзнагароду ў Царстве Нябесным. Але ж і князь цемры не дрэмле: жадаючы загубіць род чалавечы, прыстаўляе таксама да кожнага чалавека свайго апалчэнца, каб той таксама хадзіў следам, да таго ж, падбухторваў на кепскае, непрыстойнае, злое і рабіў адпаведныя запісы. Адсюль і дасведчанасць, адсюль і перашкоды на мытарствах. Калі душа мае добрых спраў болей, чым грэшных, то дэманы бяссільныя яе ўтрымаць. Калі ж здараецца, што грахоў болей, чым добрых спраў, то на нейкі час варожыя духі завалодваюць грэшнай душой, заключаюць у цямніцу няведзення Божага і мучаць, наколькі ім дазваляе Сіла Божая да таго часу, пакуль па малітвах Царквы і блізкіх душа атрымае свабоду. Калі ж якая-небудзь душа да такой ступені грэшная, што губляецца ўся надзея на яе выратаванне і ёй пагражае пагібель, то яе адразу кідаюць у пекла, дзе яна будзе знаходзіцца да другога прышэсця Гасподняга, з якім пачнуцца для яе вечныя пакуты ў геене вогненай.

Ведай таксама, што гэткім чынам выпрабоўваюцца толькі душы тых, хто асвечаны хрышчэннем. Хто не верыць у Хрыста: язычнікі, ідалапаклоннікі і наогул, усе, хто не прызнае сапраўднага Бога, не ідуць гэтым шляхам у час зямнога жыцця, яны жывуць толькі целам, а душою ўжо пахаваны ў пекле. І калі такі чалавек памірае, дэманы без усялякага выпрабавання валакуць яго душу і скідваюць у прорву.

МЫТАРСТВА 14-е

Пакуль я размаўляла так са святымі Ангеламі, мы ўвайшлі ў мытарства, якое называецца мытарствам забойства. Тут патрабуюць адказу таксама за кожнае рукапрыкладства, ці нават адштурхоўванне ад сябе бліжняга. Змрочныя духі ўсё тут вышукваюць дасканала, абвяшчаюць з вялікімі падрабязнасцямі, прытка ўзважваюць, чаго грэшнік варты. Мы прайшлі гэтае мытарства бесперашкодна, пакінуўшы малую частку добрых спраў на пакрыццё маіх грахоў.
 

МЫТАРСТВА 15-е

Бесперашкодна прайшлі мы і наступнае мытарства, дзе выпрабоўваюцца духамі грэшнікі за чараўніцтва, вядзмарства, розныя прымхі, шаптунства, прыклік бесаў. Духі гэтага мытарства па свайму выгляду падобныя да чацвераногіх гадаў, на скарпіёнаў, гадзюк, жаб — адным словам, страшна і мярзотна глядзець на іх. Па Божай літасці духі гэтага мытарства не знайшлі ў мяне ніводнага падобнага граха, і мы адправіліся далей. Духі ж моцна раз’ятрыліся і пагрозліва балбаталі ўслед: “Пабачым, як ты ўцячэш з распутных месцаў, калі прыдзеш туды”. Калі мы пачалі ўздымацца вышэй, я зноў запытала маіх добрых Ангелаў: “Панове мае, ці ж усе хрысціяне праходзяць праз гэтыя мытарствы і ці няма для каго-небудзь магчымасці прайсці тут без выпрабаванняў і страху”? Святыя Ангелы адказалі мне: “Для душы верніка, якая ўзыходзіць на неба, другога шляху няма. Усе тут праходзяць, але не ўсіх, як цябе, тут так выпрабоўваюць. Толькі да цябе падобныя грэшнікі шкодзяць сабе — гэта значыць тыя, хто саромеўся шчыра прызнацца, адкрыцца на споведзі. Калі ж хто сумленна каецца ва ўсіх грахах, то грахі па міласэрнасці Божай нябачна згладжваюцца і паветраныя каты, адкрыўшы кнігі свае, нічога не знаходзяць. Тады яны ўжо не ўладары над душой — ні запалохаць, ні загубіць душу яны ўжо не змогуць, і душа ў вясялосці ўздымаецца ў нябесны абсяг да Прастолу Гасподняга. І ты, калі б своечасова пакаялася перад духоўным айцом і атрымала адпушчэнне грахоў, пазбегла б усіх гэтых пакут, не смылела б столькі душа твая. Слава Госпаду, што табе ў дапамогу была твая праведнасць у апошнія гады жыцця, а галоўным чынам малітвы прападобнага Васілія, якому ты сумленна служыла.
 

МЫТАРСТВА 16-е

У гэтай гутарцы мы наблізіліся да мытарства, якое называецца распусным. Тут выпрабоўваюцца за кожнае любадзейства, за нячыстыя намеры жарсцяў, валацужнасць, юрлівасць. Князь гэтага мытарства сядзеў на прастоле, адзеты ў смярдзючую мярзотную вопратку. Была яна апырскана крываваю пенаю, бы замяняла яго царскую баграніцу. Перад ім падлабуньвалася мноства бесаў. Убачыўшы мяне, яны вельмі здзівіліся, што я дасягнула іх мытарства і вынеслі звіткі, на якіх былі запісаны ўсе мае распусныя справы. Духі бессаромна пералічвалі іх, называлі асоб, з якімі я грашыла ў маладосці, час, калі грашыла, гэта значыць днём, ці ноччу і месца, дзе ўчыніла той ці іншы грэх. Я нічога не магла ім адказваць і стаяла, трасучыся ад сораму і страху. Святыя Ангелы, якія вадзілі мяне, пачалі пярэчыць бесам: “Яна ужо даўно пакінула блуднае жыццё і ўвесь гэты час праводзіць у чыстаце і ўстрыманні. Бесы спешна затараторылі: “І мы ведаем, што яна даўно пакінула блуднае жыццё, але ж не адкрылася духоўнаму айцу, не каралася епітым’ёй, каб загладзіць мінулае, таму яна наша; а вы ідзіце прэч, бо не хопіць вам ужо добрых спраў, каб выкупіць яе”. І здзекліва зарагаталі пры гэтым. Святыя Ангелы паказалі на многія мае добрыя справы, і яшчэ больш спатрэбілася добрых спраў прападобнага Васілія, якімі і пакрылі мае грахі, і я ледзьве пазбавілася лютае напасці.
 

МЫТАРСТВА 17-е

Наступнае мытарства было мытарства пралюбадзейства, дзе выпрабоўваюць грахі тых, хто быў у шлюбе, але не збярог вернасці, апаскудзіўся здрадай. Жорстка караюцца тут і за рабаванне, за крадзёж для распуснасці. Тут жа выпрабоўваюць і асоб, якія пасвяцілі сябе Богу, далі абет нявіннасці, але не вытрымалі яго, спакусіліся на ўцехі плоці. Выпрабаванне гэтых асабліва грознае. На гэтым мытарстве я аказалася многа грэшнай. Мяне выкрылі за пралюбадзейства. Злыя духі ўжо спрабавалі вырваць мяне з рук Ангелаў і справадзіць на дно пекла. Але святыя Ангелы адчайна заспрачаліся з імі і хоць з цяжкасцю, але выкупілі мяне, пакінуўшы тут усе мае добрыя справы да апошняй і шмат чаго яшчэ прыбавілі са скарбонкі прападобнага Васілія.
 

МЫТАРСТВА 18-е

Потым мы апынуліся на мытарстве садомскім, дзе выпрабоўваюць грахі, якія абражаюць чалавечую натуру, як мужчынскую, так і жаночую, савакупленне з бесамі і з безславеснымі жывёламі, кровазмяшанне і таму падобныя грахі. Князь гэтага мытарства, найпрыкрэйшы з усяго свайго акружэння, быў увесь пакрыты смярдзючым гноем. Пачварнасць яго цяжка нават апісаць. Шалёныя, як вар’яты, духі спешна выбеглі нам насустрач, назойліва абступілі нас. Але, па благадаці Божай, за мной не лічылася падобнага роду грахоў. І прысаромленыя дэманы адбеглі назад. Мы ж, радуючыся, выйшлі і з гэтага мытарства. Пасля чаго святыя Ангелы сказалі мне: “Ты бачыла, Феадора, страшныя і прыкрыя блудныя мытарствы. Ведай, што рэдка якой душы ўдаецца адсюль выбрацца, таму што ўвесь свет знаходзіцца ў гнюсе спакусаў і мярзотнасцей, і большасць людзей схільна да распусты. Чалавек ужо з ранняй маладосці мае цягу да плоцевай усалоды. Моцны дух і вялікія намаганні патрэбны, каб устрымацца ад злагады на брыдоты. Няшмат тых, хто пераадольвае сваю пажадлівасць і хто бесперашкодна праходзіць праз гэтыя мытарствы; большасць жа тут гіне. Лютыя выпрабавальнікі больш чым дзе ўладараць тут над душамі распуснікаў, жорстка катуюць іх і скідваюць у пекла. Ты ж, Феадора, павінна дзякаваць Богу, што па малітвах святога Васілія абмінула гэтыя распусныя мытарствы. Затрымкі табе ўжо больш не прадбачыцца.
 

МЫТАРСТВА 19-е

Пасля блудных мытарстваў мы прыйшлі да мытарства ерасей, дзе выпрабоўваюцца людзі за няправільныя меркаванні аб прадмеце Веры, а таксама за адступніцтва ад Праваслаўнай Веры. недавер да існага вучэння, сумненні ў Веры, блюзнерства і г. д. Гэтае мытарства я прайшла без прыпынку, і мы былі ўжо недалёка ад нябеснай брамы.

МЫТАРСТВА 20-е

называецца мытарствам неміласэрнасці і жорсткасці. Выпрабавальнікі гэтага мытарства асабліва выродлівыя, жахлівыя і больш за ўсіх лядашчы іхні князь. На выгляд ён сухі, злосны, позірк гнеўны, прарэзлівы, спапяляе, быццам агнём. У гэтым мытарстве без усялякай літасці выпрабоўваюцца душы неміласэрных. І калі нават за душой шмат розных подзвігаў, строгія пасты, руплівасць у малітвах, чысціня сэрца, цялесная бясстраснасць, але ў наяўнасці неміласэрнасць, бязлітаснасць, раўнадушша, чэрствасць да бліжніх, то ўратавацца няма ніякай надзеі. Душа абавязкова будзе звергнута долу, каб сышла ў пякельню, адкуль не ўбачыць ёй паратунку. Але ж мы, дзякуючы Богу, за нешматлікія грахі мае, што засведчаны ў гэтым, апошнім мытарстве па малітвах прападобнага Васілія, які ўсюды памагаў мне сваімі добрымі справамі, і гэта мытарства прайшлі бесперашкодна.

На гэтым канчаўся ланцуг паветраных мытарстваў, і мы з радасцю наблізіліся да варот нябесных. Вароты гэтыя былі прамяністыя, як крышталь, а навокал разлівалася такое зіхаценне, якое немагчыма апісаць. Лучныя, сонцападобныя юнакі, убачыўшы мяне ў суправаджэнні Ангелаў пры нашым набліжэнні да нябесных варот, з любасцю сустрэлі нас, шчыра радаваліся і віншавалі мяне, што пад покрывам міласэрнасці Божай прайшла ўсе паветраныя мытарствы, а затым завялі мяне ў сярэдзіну. Што я там бачыла і чула, Грыгорый, гэта табе не выказаць. Мяне прывялі да Прастолу непрыступнай Славы Божай. Вакол яго — Херувімы і Серафімы і мноства іншага войска Нябеснага. Мілагучнымі галасамі ўсе яны славілі Бога, шматгалосы хор спяваў ціхія, задушэўныя, нявыказнай чысціні песні. Я ўпала ніцма і пакланілася нябачнаму і недаступнаму для чалавечага розуму Бажаству. Тады хор заспяваў найсалодшую песню пра бясконцую, бязмерную міласэрнасць Божую, якую не вычарпаць грахам людзей, якімі б яны не былі. Затым я пачула загад маім Ангелам паказаць мне мясціны Святых, а таксама пякельню грэшнікаў і размясціць мяне потым у пакоях Вялебнага Васілія. Па гэтаму загаду мяне вадзілі ўсюды, і я бачыла найслаўнейшыя і найпрыгажэйшыя сялібы тых, хто любіць Бога, хто верна служыць яму. Мае павадыры паказвалі мне святочна-спачынныя, нявыказнага нябеснага хараства і слодычы прытулкі, кожны паасобку: і Апосталаў, і Прарокаў, і Мучанікаў, і Свяціцельскія, і наогул, для кожнага чына святых. Усюды была ўтульная прастора і незвычайная прыгажосць. Памерамі можна параўнаць з Царгорадам, толькі нерукатворныя пабудовы тыя пераўзыходзяць па дасканаласці і шматлікасці найслаўнейшыя пакоі. Усе, хто знаходзіўся там і бачыў мяне, радаваліся майму ўратаванню, сустракалі і цалавалі, славілі Бога, што вызваліў мяне ад д’яблавага ўладання. Калі мы агледзелі ўсю веліч, славу і непаўторнасць збудаванняў Нябесных, паказвалі мне і пекла. І ўбачыла я нязносныя пакуты, якія чакаюць грэшнікаў. Паказваючы іх, мае павадыры Ангелы гаварылі мне: “Бачыш, Феадора, ад якіх пакут па малітвах святога Угодніка Божага вызваліў цябе Гасподзь”. Я пачула там скрыгатанне зубоў, дзікае галашэнне, адны стагналі, другія злосна ўскліквалі: “Так нам і трэба”. Былі і такія, хто праклінаў дзень сваіх народзін, але не было нікога, хто б іх пашкадаваў. Паказаўшы гэтыя страшэнныя мясціны пакут, прывялі мяне Ангелы ў пакоі Вялебнага Васілія, сказаўшы мне: “Зараз прападобны Васілій творыць па табе памяць”. Тады я зразумела, што прыйшла на гэтае месца вечнага спакою праз сорак дзён пасля майго адлучэння ад цела.

Усё гэта блажэнная Феадора пераказвала Грыгорыю ў сонным бачанні выказаўшы і паказаўшы ўсю радасць і славу знаходжання ў духоўнай радасці сярод нябесных палацаў, залатых садоў з мноствам кветак, дрэў і пладоў, усю веліч узнагароды чалавеку за яго праведнасць перад Госпадам нашым, перад нашым Тварцом.
 

Пераклад з рускага тэкста Л. Рабцэвіч-Бранавіцкай

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.