Прот. Аляксандр Мень “Жыццё і святло” (урывак з кнігі)

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Раніцай 7 красавіка 30 года з рэзідэнцыі Пілата да ерусалімскіх варотаў рушыла сумнае шэсце. Ісус, аточаны жаўнерамі, нёс на Сабе цяжкі крыж: гэткі быў жорсткі рымскі звычай. Побач з Асуджаным ішлі два разбойнікі, якіх чакала такая ж страшная кара. Наўкола былі толькі халодныя альбо варожыя твары. Толькі некалькі жанчын бязбоязна выяўлялі сваё гора. Убачыўшы іхнія слёзы, Ісус сказаў:

— Дочкі Ерусалімскія, не плачце аба Мне, аб сабе плачце, ды аб дзецях вашых.

Ён ведаў, што праз 30 гадоў горад апынецца ў аблозе і тысячы ерусалімлянаў загінуць, распятыя рымлянамі на крыжах.

Калі жаўнеры заўважылі, што Ісус ужо зусім абнямог пад цяжарам крыжа, яны запынілі селяніна, які вяртаўся з поля, і прымусілі яго ўзяць на плечы страшную прыладу кары.
 

ГАЛГОФА

Шэсце наблізілася да лобнага месца. Гэта быў голы камяністы ўзгорак пад назовам Галгофа.

Усім тром паднеслі дурманны напой, згатаваны яўрэйскімі жанчынамі дзеля палёгкі пакутаў асуджаных. Але Ісус адмовіўся выпіць яго.
— Ойча, — маліўся Ён за сваіх катаў, — даруй ім, бо яны не ведаюць, што робяць.

І вось адбылася найвялікшая трагедыя сусветнай гісторыі. Людзі цвікамі прыбілі да крыжа свайго Збаўцу.

Бунтары, раскрыжаваныя разам з Ісусам, спачатку здзекаваліся з Яго. “Уратуй Сябе і нас!” — казалі яны. Але неўзабаве адзін з іх адчуў, што гэты Чалавек, пакараны як злачынец, вялікі перад Богам. Ён стаў ушчуваць свайго хаўрусніка, а затым папрасіў Ісуса: “Згадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Сваё”. — “Сёння ж будзеш са Мною ў раі”, — адказаў яму Хрыстос.

Архерэі ж ды законнікі, якія таксама былі на Галгофе, прадаўжалі пацвельванне: “Месія, Цар Ізраілеў! Сыдзі з крыжа, і мы паверым у Цябе!”
 

ІСУС НА КРЫЖЫ

Разбойнікаў распялі абапал крыжа Назараніна. Над галавой Хрыста па загаду Пілата быў прыцвічаны напіс па-яўрэйску, па-грэцку і па-лацінску:

ІСУС НАЗАРАНІН, ЦАР ІУДЗЕЙСКІ
У натоўпе, які аточваў крыж, Ісус убачыў Сваю Маці. Яе падтрымліваў апостал Ян.

Усю Сваю душу аддала Марыя Сыну. Моўчкі пакутавала, моўчкі несла цяжар разлукі. І цяпер Яна заставалася зусім самотнай. Хрыстос паглядзеў на Маці і на юнага вучня: “Ён будзе Тваім сынам, а Яна — тваёю маці”, — сказаў Ён.

“Маці ў муках ледзь стаяла,
Бы сама Яна канала
На крыжы, дзе Сын вісеў.
Меч тугі, адчаю, болю,
Меч пакуты без патолі
Там душу яе прасек”.
(Якапонэ да Тодзі)
“Хор ангелов великий час восславил.
И небеса расплавились в огне.
Отцу сказал: “Почто меня оставил?”
А Матери: “О не рыдай Мене”.
Магдалина билась и рыдала,
Ученик любимый каменел,
А туда, где молча Мать стояла,
Так никто взглянуть и не посмел”.
(Ганна Ахматава)

Апоўдні густыя хмары завалаклі неба, сонца схавалася. Ісус уголас маліўся. Гэта быў псалом пакутнага грэшніка, якога ўратуе Гасподзь. У апавілай Галгофу цішыні скрушліва чуліся словы псалма:
— ЭЛАІ, ЭЛАІ ЛАМА САВАХФАНІ! Божа мой, Божа мой, навошта Ты пакінуў мяне?..

Хто стаяў каля крыжа, не расчулі словаў малітвы. Ім падалося, што Ісус вымавіў імя прарока Іллі.
— Пабачым, ці з’явіцца Ілля Яму на паратунак, — здзекліва пакеплівалі каты.
Пакутнік знемагаў ад задухі і страты крыві.
— Піць! — выдыхнуў Ён.

Адзін з жаўнераў змачыў воцатам губку і на дзідзе паднёс яе да вуснаў Паміраючага. А трэцяй гадзіне папалудні непраглядная цемра апавіла зямлю.
“ЗБЫЛОСЯ!”

Раптоўна Ісус ва ўсю моц голасу ўскрыкнуў…
— Збылося! — данеслася да ўсіх. — Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой…

Галава Ісуса ўпала на грудзі, і Ён памёр. У гэты ж міг дол здрыгануўся і луснулі скалы; людзі ў жаху рынуліся прэч з Галгофы. Рымскі сотнік (афіцэр), які стаяў каля крыжа, сказаў: “Сапраўды Чалавек гэты быў праведнік”.

Зямное служэнне Месіі завяршылася. Кроў Богачалавека пралілася за збаўленне грахоўнага свету.
 

ПАХАВАННЕ

Разбойнікі былі яшчэ жывыя. Рымляне зазвычай пакідалі распятых на крыжах канаць уласнай смерцю, але надыходзіла Пасха і суботні супакой, і іх вырашылі дабіць. Пасля гэтага пакараных меліся пахаваць у адной агульнай магіле. Даведаўшыся, што Ісус памёр ужо, Пілат быў моцна ўражаны такой хуткай канчынай.

Тым часам тайны вучань Ісуса Іосіф з Арымафеі, сябра Рады Старэйшынаў, папрасіў у пракуратара дазволу пахаваць Ісуса асобна. Пілат не пярэчыў. Іосіф і яшчэ адзін тайны паслядоўца Месіі Нікадзім знялі з крыжа цела Ісуса і аднеслі яго ў свой сад паблізу Галгофы. Там мелася пахавальня, высечаная ў скале, якую Іосіф падрыхтаваў сабе. У гэтую магільную пячору і быў пакладзены Памерлы, спавіты саванам і, па звычаю, намашчаны духмянасцямі. Наставаў святочны вечар, калі не дазвалялася займацца ніякай працай. Праз тое Іосіф і Нікадзім прывалілі магільніцу каменем і заспяшаліся дахаты.
 

ПАСЛЯ ЎКРЫЖАВАННЯ

Архіерэі, даведаўшыся, дзе пахавалі Пакаранага, вымагалі ад Пілата выставіць каля магільніцы варту. Яны баяліся, што да пячоры сыйдуцца вучні Ісуса, выкрадуць Ягонае цела, а тады абвесцяць, што Ён і не паміраў. Пілат загадаў апячатаць пахавальню, і да яе прыставілі варту.

А што было гэтым часам з вучнямі Ісуса? Яны зусім упалі духам. Падначальваючыся закону суботы, апосталы не выходзілі з дому, і глыбокая роспач дратавала іхнія сэрцы. Яны бачылі, што Гасподзь не супраціўляўся ворагам, чакалі цуду, аднак яго не было. Развеяліся ўсе іхнія надзеі, вера іхняя гасла. Вучні думалі, што Ён быў Месіяй, Які прыйшоў усталяваць Царства Ізраілева, а Ён загінуў ад рук зайздроснікаў на самым пачатку Свайго служэння. Іхні страх стаўся глыбокай нудою.

Так прамінула субота. Наранку жанчыны, верныя памяці Настаўніка, накуплялі духмянасцяў і выправіліся да магілы Хрыста.
 

ПЕРАМОГА ЖЫЦЦЯ

У ноч з 8-га на 9-е ў садзе Іосіфа здзеялася невераемнае… Зямля здрыганулася, і ад магільнай пячоры адваліўся камень. Ад асляпляльнага бляску варта ніцма пападала долу…

Калі ж вартавыя падняліся, дык убачылі, што магільніца пустая. Цела, якое ім было загадана сцерагчы, знікла. Яны кінуліся да прадстаўнікоў улады і паведамілі пра начную падзею. Архіерэі не паверылі ім, але спалохаліся, што чутка пра дзівоснае знікненне цела разыходзіцца па горадзе. Яны далі вартавым грошай і загадалі ўсюды казаць, што цела ўкралі вучні.

Христос воскресе из мертвых,
Смертию смерть поправ
И сущим во гробех
Живот даровав.
 

ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Гэтыя словы ляцяць праз стагоддзі і краіны. Да Велікоднай ночы смерць была непераможнай. Яна забірала і малых, і вялікіх, юных і старых, добрых і злых. Чалавек не быў здольны працівіцца яе сіле.

І вось, нарэшце, паклаўся крэс яе ўсёўладдзю. Упершыню яна змушана была адступіць перад духоўнай моцай бязгрэшнага Богачалавека. Ён памірае, беручы на Сябе немінучы кон смяротных, але Ён жа і топча смерць. Пераможца смерці Ісус-Месія. Выкупнік чалавецтва, прымірае неба і зямлю…

Ягонае ўваскрэслае цела ўжо непадуладна няўмольным законам матэрыі: яно можа пераісточвацца; Ён з’яўляецца і раптоўна знікае, для Яго не існуе перашкодаў…

Старажытнае свята Збаўлення — Пасха — нагадвала пра вызваленне з рабства. Новы Вялікдзень — найрадаснейшае свята хрысціянскага свету — сведчыць пра перамогу над смерцю, над грахом і моракам.

А Марыя Магдалена зноў прыйшла ў сад і стаяла там, апанаваная горам… Раптам ззаду пачуліся нечыя крокі. І неўзабаве голас аклікнуў яе: “Марыя!”

Гэта быў Ён.
— Настаўніку! — кінулася Магдалена да Ягоных ног.
— Пайдзі да братоў, — сказаў Ісус, — і скажы ім: узыхожу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.

Бязмерна ўзрадаваная Марыя заспяшалася ў Ерусалім. Яна не разважала, не распытвалася. Найгалоўнейшым для яе было — што ЁН ЖЫВЫ, ЁН УВАСКРОС!..

Але вучні не маглі даць веры яе словам. Яны былі ўпэўненыя, што жанчына папросту абясцямілася ад гора.

Неўзабаве ўжо не адна Марыя ведала пра вялікую падзею. Ісуса бачылі і іншыя жанчыны, якія хадзілі да магільніцы.
 

З’ЯЎЛЕННЕ Ў ЭМАУСЕ

У першы велікодны дзень двое вучняў, — а ўсіх іх было сем дзесяткаў, — выправіліся з Ерусаліма ў селішча Эмаўс. Яны яшчэ нічога не ведалі і былі ў глыбокім смутку. Вечарэла, калі да іх далучыўся незнаёмы Спадарожны. Даведаўшыся прычыну іхняга гора, Ён нагадаў ім, што ўсё тое, што адбылося, было прадвешчана прарокамі, што Месія мусіў быў адпакутаваць за грахі людзей. Словы Незнаёмца трохі ўзбадзёрылі вучняў, і, калі наспела спыніцца на начлег, яны папрасілі Яго заначаваць разам. Ён згадзіўся, сеў з апосталамі вячэраць і, узяўшы ў рукі хлеб, разламаў яго. У гэты ж міг яны пазналі Настаўніка… А Ён ураз стаўся нябачным.

Вучні подбегам вярнуліся ў горад. Там яны сустрэлі ўжо дужа ўзрадаваных апосталаў. Як выявілася, Гасподзь з’яўляўся ўжо і Пятру, і загадаў усім выправіцца ў Галілею.
 

АПОСТАЛ ФАМА

На працягу тыдня радасць сустрэчы з Госпадам спазналі ўсе апосталы, апрача Фамы. Фаму гэта вельмі засмучала, і ён казаў: “Пакуль сам не пабачу Ягоных ранаў, не паверу”.
І вось аднойчы, калі ўсе адзінаццаць апосталаў былі ў зборы, сярод іх з’явіўся Ісус.
— Мір вам! — павітаўся Ён. Затым абярнуўся да Фамы і сказаў: — Паглядзі на раны Мае і не будзь няверным, а верным.
— Госпадзе мой і Божа мой! — радасна ўсклікнуў Фама.
— Шчасліўцы тыя, хто не бачыў, але паверыў, — адказаў Ісус.

З’ЯЎЛЕННЕ НА ВОЗЕРЫ
 

Па загаду Госпада, вучні вярнуліся ў Галілею. Там яны зноў займаліся тым, чым займаліся раней — лавілі рыбу. І з дня ў дзень чакалі з’яўлення Хрыста.

Аднаго разу, калі за ўсю ноч яны не злавілі ніводнай рыбіны і ўпусце прысталі да берага, да іх падышоў нейкі Чалавек і папытаўся, ці маюць яны рыбу. Яны адказалі, што гэтай ноччу ім зусім не пашэнціла. Тады Ён загадаў закінуць сетку яшчэ раз, і ў сетцы аказалася мноства рыбы. Угледзеўшыся ў Чалавека на беразе, Ян шапнуў: “Гэта ж Гасподзь!” Пётр без роздуму кінуўся ў ваду і паплыў да берага. За ім падалася і лодка з сеткай, поўнаю рыбы.

Неўзабаве на беразе ўжо гарэла вогнішча, ляжалі печаная рыба і хлеб. Усе паселі вакол агню і моўчкі ўзяліся есці. Ніхто не пытаўся ў Незнаёмца, хто Ён, усе ведалі, што гэта Ісус.
— Сімане, сыне Іонін, — звярнуўся Госпад да Пятра, — ці любіш ты Мяне мацней за іншых?
— Але, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе, — адказаў апостал. Гэтае пытанне было зададзена тройчы запар. Горка стала Пятру: ён прыгадаў сваё адрачэнне. Але Ісус ведаў ягоную душу і зноў пацвердзіў Сваё абяцанне наконт Каменя Царквы.
— Пасві авечак Маіх, — сказаў Ён, — ступай следам Маім.
— А што рабіць яму? — спытаўся Пётр пра Яна.
— Калі Я хачу, каб ён застаўся тут, пакуль Я не прыду, дык што табе да гэтага? Ты ж хадзі за Мною, — адказаў Ісус.
“ІДЗІЦЕ І НАВУЧАЙЦЕ…”

Яшчэ раз Хрыстос з’явіўся ў Галілеі на гары, дзе некалі навучаў народ. Яго ўбачылі не толькі Адзінаццаць, але й астатнія пяцьсот вучняў. Звяртаючыся да іх, Ісус сказаў:
— Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі; дык вось, ідзіце і навучайце ўсе народы, хрышчачы іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа, вучыце іх усяму, што Я запаведаў вам. БО ВОСЬ Я З ВАМІ — УВА ЎСЕ ДНІ ДА СКАНЧЭННЯ ВЕКУ.

Пераклад Н. Мацяш

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.