Апошняя з Алелькавічаў

драматычная паэма ў трох дзеях

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Соф`я Алелькавіч —Слуцкая, багатая спадчынніца.
Геранім Хадкевіч — яе апякун, магнат.
Януш Радзівіл — жаніх Соф`і.
Крыштаф Радзівіл Пярун — яго бацька.
Дануся — камерыстка Соф`і.
Андрусь Каханоўскі — збраяносец Януша Радзівіла.
Тамаш Буяш, Язэп Заваруха — стражнікі асабістай
аховы Гераніма Хадкевіча.
Дзеянне адбываецца ў 1600 годзе.

ДЗЕЯ І

СЦЭНА І
Вільня. Палац Хадкевічаў. На галерэі — стражнікі.

Тамаш Буяш.
Падумаеш, прынцэса! На зямлі
Хапае недаступных і прыгожых.

Язэп Заваруха.
Але няшмат хто мае столькі грошай.
Каб мы з табой магнатамі былі —
І мы б сватоў да Соф‘і засылалі б…

Тамаш Буяш.
Што толку? Вырашае не яна.
Паненцы спадабацца — працы мала.
Ды апякун жа — горды, як сцяна
Вось гэтай вежы…

Язэп Заваруха.
Як не ганарыцца?
Пасагам выхаванкі збагацеў.
Цяпер пільнуе, як бы ў неўспадзеў
З непажаданым кім не парадніцца.

Тамаш Буяш.
Та-ак, жаніха не проста падабраць.
Апошняя з Алелькавічаў Соф‘я…

Язэп Заваруха.
І роўнай хараством не адшукаць!
Не дзіва, што шукае абароны
У Бога ад маленства сірата…

Тамаш Буяш.
Пан Геранім Хадкевіч многа б даў,
Каб клала меней у царкве паклоны.
Бо высватаў жа за каталіка!

Язэп Заваруха.
Што ж, Януш Радзівіл — жаніх зайздросны,
Сын лепшага калісьці сябрука,
А закаханы ў панну нашу…!

Тамаш Буяш.
Разладзіў ім вяселле апякун.
Чагосьці са старэйшым Радзівілам
Не падзяліў, паказвае на дзверы жаніху.
А Радзівілы ці дапусцяць гэта?
На каралеўскі выклікалі суд.
Вох, будзе бойка ў нас па ўсіх прыкметах.
Крывавае вяселле зладзяць тут.
А ўсё яна (з’едліва), князёўна, краля, цнота. (…)

СЦЭНА ІІ
Пакой Соф‘і Алелькавіч. Адчынены ўваход у малельню, дзе перад абразамі гараць свечкі. У пакоі — сама князёўна і яе камерыстка Дануся.

Соф‘я.
Прывыкла да самоты я зямной.
Цяпер прывыкнуць, пэўна, давядзецца,
Што я нясу бяду і неспакой
Усім, хто для мяне адкрые сэрца.

Дануся.
Ці ваша ў тым, паненачка, віна?
А можа, справу скончаць мірам-ладам,
Пан вернецца з суда,
вяселле зладзіць,
За шчасце слёзы — дробная цана.

Соф‘я.
Я проста для Хадкевічаў — тавар.
Багата спакаваны і … маўклівы.
Нашто мае мне землі, гожы твар,
Калі яны — адно прынада хцівым.
Прасваталі — забыліся спытаць,
Заручыны парвалі — не сказалі…
Каханне не прыходзіць у палац..
Адзін Гасподзь паўсюль пачуе жальбы.

Дануся.
Мая князёўна, ды хіба маглі
Вы не крануцца жаніха каханнем?

Пан Януш — рыцар, лепшы на зямлі.
Прыгожы, і з выдатным выхаваннем.
(мройна) Няўжо яго не ўбачым больш у нас?

Соф‘я (з паблажлівай іроніяй).

Дакладней, сябра панскага, Андруся.
Вунь у цябе яго пярсцёнак, мусіць.
Не чырваней…
(сумна) Усім кахаць у час…

Дануся.
А вы, князёўна?

Соф‘я.
Я? Дачка самоты.
І можа быць, таму — не як усе.
Пан Януш закахаўся?
У даброты
Князёўны, што ў пасагу прынясе
Багацці незлічоныя; што служыць
Прынадай добрым рыцарам…
Але
Ці так бы мкнуўся стаць маім ён мужам,
Каб я была… табой, Дануся?
Не!
Усё адносна. Меркі ўсе зямныя
Няпэўныя, як наша спроба жыць.
Ахвотна аддала б даброты тыя,
Бо не хачу прычынай звадаў быць.
О Божа! Ты апошні мой ратунак!
(У вакно пакоя спрабуе залезці нейкі мужчына).

Дануся.
Што за нахабства? Божа, нас рабуюць!
(Мужчына залазіць у пакой. Гэта Януш Радзівіл, малады і дужы прыгажун).

Януш.
Прашу вас літасціва дараваць
Няпрошаны візіт мой непрыстойны,
Але перада мною ваш палац
Чамусь замкнёным аказаўся сёння.

Соф‘я.
Паверце, тут няма маёй віны…
Загадваю не я у гэтым доме.

Януш.
Ад вас ніхто не чуў яшчэ маны.
Я веру вам, я рыцар ваш нястомны.
Таму скажыце, жыць ці ўмерці мне,
Ці ў вас таксама выклікае гнеў
Род Радзівілаў за якуюсь немач,
І слова, што аднойчы вы далі,
Цяпер назад з маім бярэце шчасцем?
Што ж, вартыя вас толькі каралі?
Вам сэрца не крануць зямною жарсцю?

Соф‘я.
Дакораў тых не заслужыла я,
Пан Януш… І, сваё вам даўшы слова,
Назад не забяру. Душа мая
У шлюбе зліцца з вашаю гатова.

Януш (радасна)
Тады — трымайся, хіжы, здрадны род
Хадкевічаў падступных!
Я ніколі,
Нікому адабраць вас не дазволю!
Мы разам — да сканчэння нашых год!

Соф‘я.
Пан Януш… Аднаго прашу — цяпер,
Калі маю вы ведаеце згоду,
І да мяне не страцілі давер —
Дзеля мяне і нашага народу —
Стрымайцеся! Не трэба звадак больш.
Крывавага вяселля не жадаю.
Паабяцайце — так, як я чакаю,
Чакаць, пакуль не сціхнуць жарсць і боль.
Пачуе Бог малітвы сіраты.
Пан Геранім адумаецца…

Януш (цераз сілу).
Добра…
Я пачакаю… Соф‘я, толькі ты
Магла дабіцца ад мяне пакоры…
(У вакне паказваецца Андрусь Каханоўскі).

Каханоўскі.
Пан Януш!

Януш (здзіўлена).
Каханоўскі?

Дануся.
Мой Андрусь!

Каханоўскі.
Нам лепш пайсці адсюль, і паспяшацца.
Хадкевіч пад’язджае да палаца.
Падыме шум на ўсеньку Беларусь!
Бо, кажуць, выйграў бацька ваш працэс,
Хадкевіч за нястрыманае слова
Вялікі штраф заплаціць.
І выснова —
Ён кінецца на вас, як воўк у лес.
Хутчэй!

Януш.
Каб Радзівіл кагось збаяўся!

Соф‘я.
Вы ж абяцалі…

Януш (неахвотна).
Добра. Я іду.
(У пакой хутка заходзіць раз’юшаны Геранім Хадкевіч, за ім — Тамаш Буяш і Язэп Заваруха).

Соф‘я.
О, Божа мой! Яны нібы аслеплі!

Януш.
Я не сцярплю абразы.

Хадкевіч (са стрыманай насмешкай).
Не цярпі.
Гэй, з лесвіцы спусціць таго ваяку!
(Тамаш Буяш і Язэп Заваруха хапаюць маладога Радзівіла і выштурхоўваюць з пакоя).

Соф‘я.
Што нарабілі вы!

Хадкевіч.
Дзеля цябе,
Мая красуня, і мае старанні.
Ці ж пыху Радзівілаў нам цярпець?
Я мужа лепшага
знайсці табе у стане.

Соф‘я.
Нашто мне лепшага? Каб распаліць вайну?
Каб Беларусь перасварыць з-за грошай?
Я годнасць маю, як душу — адну,
І слова, што дала я, смерць не зможа.

Хадкевіч.
Падзяка вось за клопаты мае,
За тое, што расціў цябе і песціў,
Нібы дачку, не даў касы расплесці
Абы-каму, змагаўся, быццам леў,
За шчасце беднай сіраты…
Чым можаш
Ты папракнуць Хадкевічаў?
Хіба
Убораў не выпісвалі прыгожых,
Парфумаў рэдкіх ты не чула пах?
Не кожная жыве так каралева!

Соф‘я.
Паверце мне, я клопат ваш цаню…

Хадкевіч.
Вось і чакай, не маючы сумлеву.
Я гонар твой як след абараню.

Соф‘я (нечакана цвёрда)
Над гонарам сваім я — гаспадыня,
І над тутэйшым людам я — уладар.
І з-за мяне ніхто тут не загіне,
Не будзе праклінаць з-за панскіх свар.

Хадкевіч (раздражнёна).
Паслухаць — рыцар, а не дзеўка, кажа.
Ты, любанька, маліся, цукры еш,
Музыкаў слухай.
Бойка — справа наша,
А ваша — пазіраць з высокіх веж.
З высо-окіх! Разумееш? Недасяжных
Для позіркаў бязродных,
плётак злых.
Што там, унізе, творыцца — няважна,
Гул бойкі не кране князёўны слых. (…)

СЦЭНА ІІІ
Соф‘я Алелькавіч і Дануся ў малельным пакоі князёўны.

Соф‘я.
Карысней размаўляць з каменным стодам…
Ну што рабіць?
Вось мой сапраўдны лёс —
Я маю ўсё, я — спадчынніца роду,
А ўлада ўся мая — не дзейсней слёз…

Дануся.
Ах, ясная князёўна,
не з-за кожнай
Гатовы рыцар да крывавых спраў.
Ды іншая жыццё заклала б, можа,
Каб з-за яе хоць нехта ваяваў…

Соф‘я.
Стаць хочацца Чароўнаю Аленай?
Здаецца, вось жаноцкай славы верх?
Ды сталі друзам слаўнай Троі сцены
Цераз яе недаравальны грэх.
Цераз яе забілі немаўлятаў —
Ні ў чым не вінных Гектара сыноў.
Я назаву такую роль — праклятай,
І не хачу сыграць яе наноў. (…)
Пакінь мяне… Настаў маліцца час.

(Дануся выходзіць неяк велмі паспешна, азіраючыся па баках.
Соф‘я замыкае дзверы малельні).

О Божа! Не знайсці мне разумення.
“Героі! Воі! Гонар!” — і вайна…
Хто мае праўды больш,
хто правы меней,
А праўда — ім далёкая — адна!
Свае законы мае сёння кожны.
Як зручна, Божы запавет сагні:
“Не забівай” —
а за абразу — можна!
“Не сведчы крыва!” —
пан сказаў — змані…
Ніхто тут і не ўспомніць пра бязвінных,
Што мусяць аплаціць крывавы шлюб…
Так, я не маю ўлады,
я — дзяўчына,
Але, як продкі, за тутэйшы люд
Адказваю прад Богам.
Я — князёўна!
Я мушу ратаваць сваю зямлю.
Не страшна мне аддаць за гэта гонар,
Бо гонару вышэйшага малю.
(горка) Падумаюць — дзяўчына замуж хоча,
За Радзівіла гожага ляціць…
Што я зраблю, калі за мною сочаць?
Што я зраблю?..
Усё, што можа быць.
Юдзіф, безабаронная жанчына,
Змагла ж спыніць варожую арду,
Хоць гэтак жа чакаць была павінна
Сыходу бойкі — радасць ці бяду…
І ў нашым родзе прыклад ёсць цудоўны —
Алелькавіч Настасся, што была,
Як рыцар; войскам кіравала ў войны
І Слуцак наш абараніць змагла.
Няўжо мне Бог дарогі не падкажа?
Аднак жа дзе Дануся?
(Выглядае з дзвярэй малельні)
Хто там ёсць?
(Углядаецца ў цемру, у бок акна).
Мне падалося?
Ці у замку нашым
Ізноў якісьці нечаканы госць?
Ах, вось што! На спатканне да Данусі
Пан Каханоўскі, пэўна, прыляцеў.
Не, нездарма я плачу і малюся.
Я выйсце адшукала неўспадзеў. (…)
(З цемры выходзіць Каханоўскі, кідаецца перад Соф‘яй на калені).

Каханоўскі (з удаваным раскаяннем).
Аб літасці малю… Па маладосці
Гублю свае і цела, і душу.

Соф‘я.
Я вас не асуджаю. Толькі шчыра
Хачу, каб адказалі вы ўдваіх
Ці хочаце, каб скончылася мірам
Магнатаў звада з-за даброт маіх? (…)
Стрымай жа Богу дадзенае слова —
Мяне да Радзівіла адвядзі.
Раз ты прайшоў скрозь войскі і ахову —
І я прайду;
ды справа тут не ўся:
Я гонар загублю — і з жарсцю новай
Прымушу зорку варажнечы ззяць.
Надзею маю — з дапамогай Божай
Былога жаніха угаварыць
У тайне захаваць прыход мой… Можа,
Ён не захоча гонар мой губіць…

Дануся.
Ды як такое ў тайне захаваеш?

Соф‘я.
У гэтым ёсць надзея на цябе.
Геройства ты хацела, памятаеш?
Усім вядома: Соф‘я — у журбе,
І моліцца, і размаўляць не хоча…
Дык не пускай нікога ў мой пакой.
Скажы, што я малюся днём і ноччу,
І бачыцца хачу з адной табой…
Зачынішся знутры ў маёй малельні…

Дануся.
Баюся! Пашкадуйце!

Соф‘я.
Страх не ў час.

Каханоўскі.
Князёўна, я малю вас на каленях,
Застаньцеся!
І не губіце нас!

Соф‘я.
Вы пакляліся!
Сказана ў Пісанні —
Няма любові большай, чым аддаць
Душу сваю за бліжняга…
Не станем
Сумненнем тыя словы абвяргаць.
Узважана — палічана — ёсць вырак. (…)

ДЗЕЯ ІІ

СЦЭНА І
Паходны намёт Януша Радзівіла. Ноч. Уваходзіць усхваляваны Каханоўскі.

Януш.
А, Каханоўскі! Ну нарэшце, пане.
Ты дзе прапаў? Амуры ўсё твае?
Як бавіў час?
Канешне ж, у каханні?

Каханоўскі.
Пан Януш, я малю вас быць сур’ёзным…
Да вас прыйшла князёўна.

Януш.
Ну і жарт…
(З-за спіны Каханоўскага нясмела выходзіць Соф‘я ў мужчынскім касцюме, зусім збянтэжаная тым, што ўбачыла маладога Радзівіла не ў звыклай ролі рамантычнага рыцара).

Соф‘я (сама сабе).
Няўжо памылку я зрабіла? Позна…
О Божа! На мяне скіруй пагляд!

Януш (разгублена).
Вы, Соф‘я?!!
Ты!!! Каханая! О, цуда!
Вачам я веры не адважны даць.
Цяпер дрыжы, Хадкевіч, вораг люты!
Перада мной табе ў гразі ляжаць!

Соф‘я.
Пан Януш… Не таму я рызыкую
І добрым імем, і жыццём сваім.
Хіба нявесту вы ўзялі б такую,
Што гонар свой развейвае, як дым?
Я тут таму, што мела глупства верыць,
Што вы — высакародней, чым яны
(паказвае рукою ў бок, адкуль даносяцца песні і рогат).
Што зразумець маглі мае намеры
Любой цаной спыніць пажар вайны.
Я тут — не для таго, каб даць магчымасць
Вам перамогу з пыхай святкаваць.
Не жарсцямі распаленай жанчынай,
Заложніцай у вас хачу я стаць.

Януш.
Што чую я?
Дык, значыць, не каханне
Вас прывяло дарогай небяспек?
Я вас лічыць заложніцай не ў стане.
Я не святы. Я толькі чалавек.

Соф‘я.
Пан Януш, зразумейце —
цераз ганьбу
Алелькавіч не пойдзе да вянца.
Ад вас залежыць — гордасці забаву
Адрынуць — і мы разам да канца.
Ці зараз абвясціць пра перамогу
Над сэрцам недаступнай з прыгажунь,
І я аддам душу і цела Богу,
І тую вам не перайсці мяжу.

Януш (з крыўдай).
Вы, Соф‘я, не жанчына…
Я, прынамсі,
Такіх не бачыў…
Перад вамі быць
Прыстойна на каленях.
Дзе там жарсці…
Мы, грэшныя, не варты вас любіць.

Соф‘я.
Не ведаю, дзе словы ўзяць, о Божа,
Каб вам маю пакуту перадаць.
Ва ўладзе вашай я… Не дапаможа
Мне аніхто… Далёка мой палац…
(плача)

Януш (з раскаяннем).
Прабачце, Соф‘я!
Я — ваш верный рыцар.
Мацней стакрот цяпер кахаю я.
Што загадаеш — біцца ці скарыцца…
Усё прымаю. Воля тут твая.

Соф‘я.
Адно ёсць выйсце для мяне, напэўна.
У тайне захаваць учынак мой,
Каб перадаць Хадкевічу таемна,
Што, калі ўсё не скончыцца вайной,
І шлюбу нашаму абвесціць згоду,
У свой палац цішком вярнуся я.
Вам аддадуць мяне перад народам,
І годнасць захаваецца мая.

Януш.
Няўжо вы самі, Соф‘я, так рашылі,
З адвагаю і мудрасцю такой?
Я ўсё зраблю, што будзе мне па сілах,
Што б ні было — я верны рыцар твой.
Пайду да бацькі, буду пераконваць,
Адкласці наступ, твой адкрыю план…
Надзейную пастаўлю тут ахову —
Клянуся, не слізне сюды спадман.
(Бярэ шаблю, апранае шапку, адыходзіць).

Соф‘я.
Дай сілы, Божа! Клічуць недарэмна
Старога Радзівіла Перуном.
І план мой успрыняць ён можа дрэнна…
Зрабіць бы гэта проста дрэнным сном…

СЦЭНА ІІ
У намёце Крыштафа Радзівіла Перуна. Стары Радзівіл, відаць, толькі што разбуджаны, не ў гуморы. Перад ім — яго сын Януш.

Радзівіл Пярун.
Чаго ты, пане сыне, сярод ночы
Мяне растурхаў? Я ж цябе вучыў —
Што перад бойкай, хочаш ці не хочаш —
А выспіся, каб сілы зберагчы.

Януш.
Прабачце, пане бацька, ёсць патрэба
Пагаварыць сам-на-сам — і цяпер.
І мне здаецца, гэта воля неба,
І мы павінны выканаць яе…
Князёўна Соф‘я — у маёй палатцы. (…)
Яна жыццё і гонар закладае,
Каб разгарэцца тут не даць вайне.
Прашу вас — захавайце таямніцу.
Хадкевічу паведамім — і ён
На шлюб мой з Соф‘яй мусіць пагадзіцца…

Пярун.
Ты што мармычаш?!!
Ганьба мне! Праклён!
Якая таямніца?!! Што за гулі?
Ды шляхціц самы дробны, бедны нат,
Падобную абразу не даруе. (…)

Януш.
Князёўна мне даверыла свой гонар,
Памру — але яе абараню.
Быць Перуном ва ўласным доме — гора,
Наш дом згарыць ад вашага агню.
Загубіце князёўну — мне загуба.
Вось тое, што не дараваць павек,
А перамога наша будзе шлюбам.
Я — не святы, ды ўсё-ткі — чалавек.
І ведаю: “Блажэнны міратворцы”.
Хоць бойка мне — як добрае віно,
Князёўне здрадзіць я не маю моцы.
Ёй здрадзіць — здрадзіць Богу —
ёсць адно.

Пярун (разгублена).
Ну, пане сыне,
ты й нагаварыў тут…
І я шаную Божы запавет…
І здраджваць даме не павінен рыцарь…
Ну, добра, растлумач мне ўсё, як след.

ДЗЕЯ ІІІ

СЦЭНА І
Палац Хадкевіча. Тамаш Буяш і Язэп Заваруха трымаюць Андруся Каханоўскага, час ад часу ўзнагароджваючы яго кухталямі.

Каханоўскі.
Да пана Гераніма маю звестку,
А звестуноў, панове, крыўдзіць грэх!

Буяш.
Не крыўдзяць — толькі вешаюць іх зрэдку.

Заваруха.
Ці зашываюць з пацукамі ў мех.
(З’яўляецца Геранім Хадкевіч).

Каханоўскі.
Прасветлы князь, сказаць вам нешта мушу!
Таемнае! Сам-на-сам!
(Буяш і Заваруха адыходзяць).

Хадкевіч.
Кажы, але і не спрабуй салгаць.
(Каханоўскі падыходзіць да Хадкевіча, нешта шэпча яму на вуха. Хадкевіч ад душы рагоча).
Няўжо ты думаў — гэтаму паверу!
Ну, пане, і знайшоў ты што сказаць.

Каханоўскі.
У гэтым вам пераканацца лёгка…

Хадкевіч.
Што ж, пойдзем да князёўны…
Ну і жарт…
За Соф‘яй назірае пакаёўка…
Шчаслівы будзеш, як салгаў ты, брат (…)
(адыходзяць).

СЦЭНА ІІІ
Вянчанне Соф‘і Алелькавіч-Слуцкай і Януша Радзівіла. З царквы выходзяць Геранім Хадкевіч і Радзівіл Пярун.

Хадкевіч.
Што ж, пане браце, вось табе й вянчанне…
Пярун. Н-да, пане браце. Пышнае, як след.

Хадкевіч.
Ну, хто прыпамінаць былое стане,
Няхай таму вузлом завяжа свет.

Пярун.
Галоўнае, не зведалі б нашчадкі,
Як дзеўка нас, ваякаў правяла…

Хадкевіч.
Ды хто паверыць у такую згадку?
Над намі воля Божая была!

Пярун.
Так, сапраўды… інакш не растлумачыць

Хадкевіч.
А Богу быць пакорны мусіць шляхціч!
(З царквы выходзяць Соф‘я і Януш Радзівіл. Народ сустракае іх крыкамі “Віват!”, чуваць гарматныя салюты).

Януш.
Узвесяліся, край! Шчаслівым шлюбам
Закончыўся часовы твой разлад.
Гучы “Віват!”, да зор ўструбіце, трубы!
Пад ногі Соф‘і Слуцкай — заркапад!

Соф‘я.
Хто я такая, каб ступаць па зорках?
Вялікі дзякуй тым, хто віншаваў.
Хай будзе шлях наш лёгкі, як аблокі,
А голас звады — ціхі, як трава.
І я прад лікам Божым абяцаю
Усё зрабіць — каб на маёй зямлі
Хрыстова вера пышна расцвітала,
І людзі мірна й шчасліва жылі.
Апошняя з Алелькавічаў стане,
Як продкі, край свой родны зберагаць,
Захоўваць веру продкаў,
храмы ставіць,
І дзецям тую веру перадасць.

Хадкевіч (з прыхаванай насмешкай).
Мы ведаем, што ты ўсяго даб’ешся,
Каб Госпада ўлагодзіць так, як след. (…)

Януш.
Чаму ж не верыць? Гэтая дзяўчына
Паболей рыцар, чымсьці мы — усе.
Маёй душы і сэрца палавіна,
Як зведаць, што жыццё нам прынясе?
Але заўсёды я — твой рыцар верны,
Тваёй красы, твайго жыцця і веры. (…)
(У натоўпе гасцей з’яўляюцца Язэп Заваруха і Тамаш Буяш).

Буяш.
Ну, брат Язэп!
Дзівосы ад дзівосаў!
Вяселле выйшла — ладзілі ж вайну.

Буяш.
Што ж памірыла раптам так магнатаў?
Учора ваявалі — сёння мір? (…)

Заваруха.
Паслухай, брат, Язэпа Заваруху.
Што я скажу… Тут умяшаўся Бог.
Князёўны Соф‘і скаргі ён паслухаў
І сіраце няшчаснай дапамог.
І дзень, і ноч малілася дзяўчына,
Вось сэрцы і змягчыліся паноў.

Буяш.
Што ж, можа быць, у цудзе і прычына.
А гэта не для нашых, брат, галоў.

Заваруха.
Цяпер жа ў гонар Соф‘і дабрадзейнай
Па келіху паўнюткаму нальем!

Канец.

Людміла Рублеўская

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.