Пра часопіс “Праваслаўе”

Пра часопіс "Праваслаўе"Першапачатковая назва часопіса — “Праваслаўе ў Беларусі і сьвеце”. Сама назва ўжо сведчыла пра яго мэту і прызначэнне. У прадмове да першага выпуску гаварылася пра імкненне спрыяць яднанню “ўсіх праваслаўных беларусаў свету на грунце нацыянальных каштоўнасцей і Святой Праваслаўнай Царквы”. Выпуск быў ажыццёўлены сумеснымі намаганнямі двух брацтваў: Беларускага Праваслаўнага Брацтва Святых Віленскіх Мучанікаў і Беластоцкага Кірыла-Мяфодзіеўскага. Укладальнікі часопіса мелі намер пазнаёміць чытачоў з матэрыяламі беларускіх царкоўных архіваў, раскіданых па ўсім свеце, з беларускімі пропаведзямі і духоўнай паэзіяй, з багаслоўскай думкай, з пытаннямі царкоўнай гісторыі.


Рубрыкі, задуманыя на самым пачатку ўтварэння часопіса, замацаваліся, да іх з цягам часу дадаліся новыя: “Мастацкае слова”, “Царкоўнае мастацтва”. Шосты нумар часопіса (1998 г.) быў тэматычны – прысвечаны Сербскай Праваслаўнай Царкве.

Рэдакцыйная калегія часопіса аб’яднала для плённага супрацоўніцтва святароў – епіскапа Канстанціна (Гаранава), протаіерэя Георгія Латушку (галоўнага рэдактара часопіса), протаіерэя Сергія Гардуна і міранаў – літаратараў Анатоля Клышку ды Івана Чароту, навукоўцаў Алену Яскевіч, Уладзіміра Васілевіча, Генадзя Шэйкіна, Лідзію Кулажанку. Рэдакцыя часопіса стала асяродкам вакол якога склаўся немалы творчы актыў, утвараюцца шмат ініцыятыў, а ў выніку з’яўляюцца новыя разнастайныя выданні. Аўтарамі часопіса сталі прадстаўнікі розных краін мінулых гадоў і нашы сучаснікі: рэктар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, епіскап Канстанцін (Гаранаў); польскі праваслаўны багаслоў айцец Ежы (Георгій) Клінгер; архіепіскап Вроцлаўскі і Шчэцінскі Іерамія; тэолаг, візантолаг, член-карэспандэнт Брытанскай акадэміі протапрасвітэр Іаан Меендорф; доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, пісьменнік Іван Чарота; багаслоў і прапаведнік протаіерэй Аляксандр Мень; паэт і празаік са ЗША Масей Сяднёў і шмат іншых.


Часопіс "Праваслаўе"

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.