Слуцкі Свята-Троіцкі манастыр

У глыбіні далёкіх стагоддзяў губляюцца сляды першых насельнікаў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Невядома дакладна, як і калі ён ўзнік, хто быў заснавальнікам або фундатарам. Праўдападобна, што гэта адзін са старэйшых манастыроў на тэрыторыі Беларусі, які адыграў значную ролю ў пашырэнні хрысціянства, у абароне і захаванні Праваслаў’я на Случчыне.

Аўтарам кнігі пра Слуцк Ф. Серна-Салаўевічам прыводзяцца звесткі, што ў 1205 г., пад час вайны з палякамі, сярод іншых святыняў, быў абрабаваны і Слуцкі Троіцкі манастыр. Аднак яго меркаванні, што манастыр мог існаваць ужо ў ХІІ або нават у ХІ стагоддзях, на дакументальныя крыніцы не абапіраюцца. (19, 10).

Манастыр упершыню згадваецца ў гістарычнай літаратуры ў 1445 г. (9). Быў ён заснаваны непадалёку ад горада, ніжэй па цячэнні ракі Случ, на правым яе беразе. Побач праходзіла дарога на Вільню. Вакол пачалі сяліцца людзі, утварылася прадмесце — Трайчаны. Адрэзак дарогі да горада стаў называцца вуліцай Трайчанскай.

Свята-Троіцкая саборная царква і мураваны манастырскі корпус. Фота Ю. Смалінскага. 1904 г.

Свята-Троіцкая саборная царква і мураваны манастырскі корпус.
Фота Ю. Смалінскага. 1904 г.

Манастыр паступова становіцца адным з галоўных цэнтраў духоўнага і культурнага жыцця рэгіёна. Яму падпарадкоўваюцца пазней узведзеныя і больш дробныя манастыры: Слуцкі Ільінскі (з ХV ст.), абодва Грозаўскія (Свята-Мікалаеўскі з XVI ст., Свята-Іаана-Багаслоўскі з XVIІ ст.), Морацкі Свята-Успенскі (верагодна, з XVI ст.), Старчыцкі Свята-Петра-Паўлаўскі (з XVIІ ст.) (6; 11, 81 — 82; 13, 120 — 121). Сам Свята-Троіцкі манастыр на працягу большай часткі сваёй гісторыі ў адміністрацыйных адносінах быў звязаны з Кіевам, хаця ў ранні перыяд была залежнасць ад Віленскага Свята-Духава манастыра (1). Меліся сувязі і з іншымі праваслаўнымі цэнтрамі. Напрыклад, Іерусалімскі патрыярх Феафан (19, 36) у дар і благаславенне ў 1611 годзе прыслаў Слуцкаму архімандрыту кіпарысавы посах. У 1678 г. тут нейкі час жыў грэчаскі мітрапаліт Макарый Лігарыд (11, 192; 13, 36), а архімандрыт Слуцкага Троіцкага манастыра Феадосій Васілевіч у 1678 годзе быў высвячаны ў сан епіскапа Беларускага і Магілёўскага (17,14; 19,14). У канцы XVIІ — пачатку XVIІІ ст. епіскапам Беларускім і Магілёўскім становіцца слуцкі архімандрыт Серапіён Палхоўскі (сустракаецца яго прозвішча і як Валхоўскі) (19,14; 24, №271). Праўда, адносіны з Магілёвам не заўсёды былі бясхмарнымі. У 1716 годзе была пратэстацыя новага архімандрыта Слуцкага Ф. Валковіча і былога архімандрыта І. Лапіцкага на дзеянні епіскапа Беларускага Святаполк-Чацвярцінскага ў сувязі з яго прэтэнзіямі на слуцкія цэрквы, у тым ліку і на Троіцкі манастыр (24,№266, №316, №320). У другой палове XVII — першай палове XVIII ст. былі спробы дамагчыся незалежнасці ў вырашэнні многіх пытанняў за кошт падпарадкавання непасрэдна патрыярху Канстанцінопальскаму (17, 44 — 45; 19, 7, 14).

Князь Юрый Алелькавіч. Гравюра А. Зубчанінава. 1890 г.Да канца XVIII ст. манастыр быў уласнасцю князёў Слуцкіх. Яны — князі Алелькавічы, а пазней іх спадкаемцы, князі Радзівілы — былі апекунамі (патронамі) абіцелі. У выпадку адсутнасці архімандрыта распараджаліся тут самі князі. Настаяцелі заўсёды мелі адказнасць перад імі за захаванне і памнажэнне манастырскай маёмасці. Завяшчанне князя Слуцкага Юрыя Юр’евіча Алелькі (1531 — 1578), паводле якога горад і княства дзялілася паміж яго трыма сынамі, гаворыць, што Троіцкі манастыр застаецца на іх агульным утрыманні. Пасля смерці настаяцеля спадчыннікі павінны былі разам перадаваць яго новаму, каторы павінен быць абавязкова «закону грэчаскага» (10; 24, № 9, №11, №101).

Кіраўнікамі са згоды Слуцкага князя прызначаліся Кіеўскім мітрапалітам пераважна іераманахі кіеўскіх манастыроў (19,11). Ілюстрацыяй шчыльных кантактаў паміж Слуцкам і Кіевам з’яўляюцца спіскі Слуцкага паменніка, у якіх сустракаюцца і імёны кіеўскіх інакаў. Да аднаго са спіскаў далучана копія граматы, дзе гаворыцца, што ў 1517 г. настаяцель Слуцкага Свята-Троіцкага і настаяцель Кіеўскага Свята-Мікалаеўскага манастыроў дамовіліся паміж сабою пра ўпісанне імёнаў братоў слуцкіх у Кіеўскі паменнік, а кіеўскіх адпаведна ў Слуцкі (12, 77).

Кіеўскі мітрапаліт Дзіянісій (Балабан), пражываючы нейкі час у Слуцку, у 1659 г. заснаваў пры манастыры духоўную кансісторыю (17, 44; 20; 26, 71). З гэтага часу слуцкія архімандрыты становяцца намеснікамі Кіеўскай мітраполіі на значнай тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. А гаспадаром Случчыны князем Радзівілам у 1784 г. нават прыкладаюцца дыпламатычныя намаганні, каб слуцкія архімандрыты сталі епіскапамі ўсіх праваслаўных цэркваў Літвы і Польшчы (3). Па ініцыятыве архіепіскапа Беларускага і Магілёўскага Георгія Каніскага ў 1785 г. у Слуцку ствараецца епіскапія. Першым настаяцелем, які меў чын епіскапа, стаў прызначаны ў 1783 — 85 гг. архімандрыт (да 1783 г. — ігумен пры рускім пасольстве ў Варшаве) Віктар Садкоўскі. Найменне яго з тытулам “Епіскапа Пераяслаўскага і Барыспальскага” адбылося ў 1785 г. у кіеўскім Сафійскім саборы (19, 15; 26;71). У тым жа 1785 г. па ініцыятыве Расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ пры манастыры створана каадзьютарства Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі. Епіскапу Віктару Садкоўскаму даручаецца справа ўладкавання Мінскай епархіі. З канца ХVІІІ ст. сярод настаяцеляў ужо сустракаюцца архіепіскапы, якія носяць тытул “епіскапа Мінскага, Брацлаўскага і Ізяслаўскага, каадзьютара Кіеўскай мітраполіі і свяшчэннаархімандрыта (19, 11, 16; 26, 71).

У 1793 г. у Троіцкі манастыр пераводзіцца духоўнае вучылішча, якое з ранейшых часоў дзейнічала пры Слуцкім Спаса-Праабражэнскім манастыры. На новым месцы навучальная ўстанова рэарганізуецца, і з часам на яго аснове ўжо дзейнічаюць духоўнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча і семінарыя, якая атрымала назву “Мінская” (5; 23).

На працягу XV — XVIII стст. Слуцк быў адным з буйнешых беларускіх гарадоў і значным культурным цэнтрам. Вядомы ён і як цэнтр кніжнасці. Як сведчыць зробленае ў 1494 г. апісанне, у бібліятэцы Троіцкага манастыра тады налічвалася 45 рукапісных кніг (4, 112,115, 128). Тут таксама існавала і школа перапісчыкаў. Нешматлікія крыніцы даносяць асобныя імёны тых, хто непасрэдна прыклаў сваю руку да распаўсюджання пісанага слова: у 1462 г. працаваў дыякан Каляда, у 1502 г. перапісваў Евангелле іераманах Антоній, у 1669 г. Чэцці-Мінеі перапісваў іераманах Пахомій Пацэнка (12, 224 — 225). Як своеасаблівая і унікальная з’ява ў гісторыі беларускай рукапіснай кнігі сёння расцэньваецца падоранае Троіцкаму манастыру Чэцвераевангелле, якое ў 1580 г. «своею рукою власною переписав» князь Слуцкі Юрый Алелька. Кожнае Евангелле тут пачынаецца з прыгожай арнаментальнай застаўкі, а пачатак тэксту — маляванай каляровай (блакітная з зялёным і золатам) буквіцай. Упрыгожваліся малюнкамі і іншыя рукапісныя кнігі, што ствараліся ў Слуцку (4, 114; 7, 37-38, 14-20; 19, 35; 21). Разам з мастакамі над кнігамі працуюць ювеліры, якія чаканяць і гравіруюць металічныя зашпількі, навугольнікі і сярэднікі кніжных пераплётаў. З канца XV і ў XVI стст. выкарыстоўваецца прыём залатога або срэбнага ціснення на скураных пераплётах элементаў, якія імітавалі металічныя сярэднікі і навугольнікі (12, 131-132). З XV ст. пры манастыры працуюць майстры-алавяннікі. Яны адлівалі свечнікі, посуд і іншыя неабходныя рэчы (18, 288). Развіваюцца на Случчыне і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама іконапіс.

Сам манастырскі комплекс, будаваны з дрэва, неаднойчы мяняў свой выгляд. Як гаворыць апісанне, зробленае ў 1678 годзе, у той час яго тэрыторыю бараніла драўляная агароджа — высокі замёт. Галоўны ўваход быў з вуліцы Трайчанскай праз драўляную браму, якая мела два ўваходныя праёмы. Яе фланкіравалі дзве драўляныя вежы, а завяршала надбрамная царква св. Нікіты. Непадалёку ад уваходу стаяла Благавешчанская царква прыгожай архітэктуры, пафарбаваная. Далей узвышалася званіца з двума малымі, сярэднім і большым званамі. Самы вялікі звон, адліты, верагодна, яшчэ ў часы Алелькавічаў, быў скінуты ў часы разбурэнняў сярэдзіны XVII ст. і ляжаў разбітым на зямлі. Лявей ад уваходу можна было бачыць мураваны скарбец са склепам, пяць драўляных келляў (адна — трапезная), дом для гасцей. Побач стаяў дом архімандрыта — драўляны, па перыметру акружаны верандай, з мезанінам, да яго вяла вінтавая лесвіца. У глыбіні тэрыторыі мясціліся хлявы (адзін «па-пруску»), стайні, бровар, лазні, жылыя дамы. За імі да ракі цягнуліся сады, кветнікі, агароды, меўся ставок. На манастырскім двары на слупе быў усталяваны компас, а побач — калодзеж з узведзеным над ім дахам (24, № 177). Доўгі час захоўвалася паданне, што той калодзеж уласнаручна выкапаў іераманах Дзімітрый, вядомы кіеўскі філосаф-багаслоў, які быў запрошаны Спаса-Праабражэнскім брацтвам і знаходзіўся ў Слуцку ў 1677 — 79 гг. (19, 5). Як раз пра гэты калодзеж, а таксама ў больш шырокім сэнсе — пра святасць мясцовай духоўнай крыніцы — захаваліся напісаныя Дзімітрыем — будучым епіскапам Растоўскім — радкі: «Почто нам в Самарию за водою ходити, егда и зде, в Случеске, лепо её пити» (19, 5—6).

Галоўнай святыняй абіцелі быў Свята-Троіцкі сабор. Мураваны храм замест старажытнага драўлянага пабудавалі ў 1505 г. (19, 21). Магчыма, гэта толькі дата заснавання. Узводзіўся ён як удзячнасць за ласку Божую і з нагоды ўдалай абароны і перамогі над перакопскімі татарамі па фундацыі слуцкай княгіні Настасіі Алелькі. Пазней гэты будынак неаднойчы гарэў і рабаваўся, асабліва ў 1655 і 1660 гг., калі ён, як паведамляюць дакументы, быў разбураны дашчэнту. Але гэта, піша даследчык А. Снітка, здаецца, не трэба разумець літаральна. Ужо апісанне 1678 г. гаворыць пра тое, што храм быў амаль адноўлены, вялася толькі рэстаўрацыя алтара (24, № 177). Аднак падзеі другой паловы XVII і ў XVIII стст. не дазволілі завяршыць адбудову. Сказаўся і цяжкі эканамічны стан пасля вайны з Маскоўскай дзяржавай, спусташэнне Случчыны ў канцы ХVІІ ст. супернічаючымі групіроўкамі Радзівілаў і Сапегаў, складанасці часоў Паўночнай вайны, калі горад займалі то рускія, то шведскія войскі, а таксама страты, нанесеныя гораду і княству ў 1764—67 гг. пры кіраванні краем Генеральнай Літоўскай канфедэрацыяй, а канчатковая адбудова храма завяршылася толькі ў 1789 г. (6; 7, 41; 14; 20). Некаторыя другарадныя работы вяліся да 1795 г., а набажэнствы распачаліся ў 1804 г., калі быў закончаны іканастас (19; 22).

Працяглы час адбудовы, калі мяняліся заказчыкі і выканаўцы, эстэтычныя і мастацкія густы, адбіўся і на характары будынка і на яго аздабленні. Пра яго першапачатковы выгляд можна толькі меркаваць. У другой палове XVIII ст. храм меў у плане форму крыжа. Да галоўнага аб’ёма з бакоў далучаліся роўныя яму па вышыні і даўжыні прыдзелы. Правы быў асвячаны ў гонар св. мчц. Варвары, левы — у гонар дбрв. кн. Аляксандра Неўскага. З усходу да паўкруглай алтарнай апсіды сіметрычна па баках прылягалі прамавугольныя ў плане рызніцы. Галоўны фасад упрыгожвалі дзве чацвярыковыя трох’ярусныя вежы, якія фланкіравалі масіўны, суразмерны прыдзелам, бабінец. На левай вежы меўся гадзіннік з курантамі, правая служыла званіцай. Паміж вежамі да бабінца далучаўся яшчэ адзін невысокі ўваходны тамбур з прыступкамі. Магутны чацвярык, узведзены над сяродкрыжжам, пакрываў трох’ярусны шлемападобны купал з бельведэрам і ліхтаром. Сцены, прарэзаныя арачнымі аконнымі праёмамі і вуглы будынка дэкарыраваліся пілястрамі (7, 14, 13; 9; 16). Для выгляду сабора было характэрным спалучэнне даволі масіўных і выразных па сілуэту формаў асноўных частак аб’ёмаў, што ўзыходзяць, верагодна, да ХVІ — ХVІІ стст. з вытанчанымі барочнымі завяршэннямі вежаў і купала, крывалінейнымі франтонамі галоўнага і бакавых фасадаў, а таксама элементамі дэкору — пінаклямі па вуглах купальнага барабана.

У правым прыдзеле сабора пакоіліся мошчы св. мч. дзіцяткі Гаўрыіла Заблудаўскага, у левым — стаяла рака з мошчамі прав. княгіні Сафіі. Сярод насценных абразоў звярталі на сябе ўвагу выявы на тэму сямі Ўсяленскіх сабораў (19, 23 — 24;). З правага боку каля алтара знаходзіліся два партрэты, напісаныя ў поўны рост і амаль у натуральную велічыню. На адным была выява князя Слуцкага Сімяона (1460 — 1505), на другім — выява яго жонкі княгіні Настассі (? — 1524). Яны абодва вядомыя як кіраўнікі абароны горада ад татарскіх нападаў XVI ст., а пасля смерці доўгі час ушаноўваліся насельніцтвам як нябесныя апекуны краю. Творы былі зроблены ў іканапіснай манеры, што гаворыць пра іх старажытнае паходжанне (8, 42—43). Матэрыялы Трайчанскага архіва сведчаць, што шматлікія манастырскія іконы мелі срэбныя абклады, многія абразы ўпрыгожваліся срэбнымі і пазалочанымі каронамі і дыядэмамі, ва ўжытку была значная колькасць срэбнага царкоўнага посуду (24, №243). Сяміярусны іканастас у адпаведнасці з колькасцю прастолаў, складаўся з трох частак. Над разнымі Царскімі варотамі галоўнага прастола размяшчалася ікона “Тайная вячэра”. Разнымі былі таксама Царскія вароты правага і левага прастолаў (19, 22-24). Афарбоўку іканастас меў цёмна-зялёную, а разныя арнаменты і дэталі былі пазалочанымі. Працаваў над ім кіеўскі мастак С.Катлярэўскі, які зрабіў і канструкцыю іканастаса, і напісаў абразы ў «венецыянскай манеры». На працягу многіх гадоў на аднаўленне храма рабілі ахвяраванні гаспадары Случчыны і жыхары горада, на ўзвядзенне іканастаса дала сродкі руская імператрыца Кацярына ІІ (19, 22-24; 24, № 178, №123).

Пакуль мураваны сабор не быў адноўлены, набажэнствы вяліся ў аднайменнай драўлянай царкве. Калі яе пабудавалі — невядома, у 1800 г. яна была «… ещё тверда, … однопрестольная, с иконостасом древней работы, имеющая на образах местных серебряные шаты». Стаяла ў першай палове ХІХ ст. і старажытная драўляная двух’ярусная званіца, на якой к гэтаму часу мелася восем званоў вялікіх і малых. Большы з іх, адліты мясцовымі майстрамі ў 1799 г., замест разбітага ў ХVII ст., меў 207 пудоў і 10 фунтаў вагі (6). Звон гэты меў вельмі прыемны гук. У часы благавесту разносіўся ён далёка па Случы, а па святах, дасягаючы горада, служыў сігналам для званароў іншых слуцкіх цэркваў.

У некаторых дакументах ХІХ ст. ужо толькі згадваюцца дзве старажытныя драўляныя манастырскія цэрквы. Благавешчанскай, якая служыла цёплай зімовай царквой, не стала ў канцы ХVIII ст. — яе перавезлі ў гарадскі Свята-Іллінскі манастыр.

Замест яе з’яўляецца цёплая царква Увядзення ў храм Багародзіцы, размешчаная на другой палове новага дома архімандрыта. Гэты драўляны будынак, узведзены з левага боку ад сабора, стаяў на каменным падмурку і складаўся з дзесяці пакояў. Меў ён таксама і прыбудовы — поварню, леднік, памяшканні для жылля. У старых жа настаяцельскіх келлях, што налічвалі дзевяць пакояў, арганізавалі трапезную, там сталі жыць паслушнікі. Побач — шэсць пад адным дахам — стаялі манашаскія келлі. Далей размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы: тры драўляныя двухпавярховыя амбары, мураваны склеп, вядомы ўжо нам калодзеж з узведзенай над ім «пакрышкай», распісанай фарбамі, стайні, хлявы для сена і драбінаў, хата для конюха (6; 25,16).

На працягу ХІХ ст. большасць старых драўляных пабудоў знікае. Узамен іх на працягу 1865 — 67 гг. у стылі позняга класіцызму ўзводзіцца мураваны будынак, дзе размяшчаюцца пакоі архімандрыта, адміністрацыя, манашаскія келлі і наноў заснаваная цёплая царква Благавешчання Багародзіцы (19, 36; 20). Быў ён «Г»-падобны ў плане, двухпавярховы, пакрыты вальмавым дахам. Галоўным фасадам быў павернуты да ракі, а меншым бакавым крылом — да сабора. Сцены звонку пасярэдзіне завяршаліся ступенчатымі атыкамі, па ўсяму перыметру праходзіў міжпавярховы паясок. Сярэдзіны фасадаў вылучаліся таксама пілястрамі і сандрыкамі над вокнамі — прамымі на першым паверсе і паўкруглымі на другім. Пасярэдзіне бакавога крыла меўся ўваход, ад якога да сабора вяла дарога, абсаджаная бэзам (7, 1, 13; 9; 16).

Старадаўняя драўляная агароджа замяняецца мураванай. Некаторыя крыніцы дату яе з’яўлення адносяць да 1659 г. (14), што выклікае сумненні, таму што апісанне 1678 г. яшчэ гаворыць пра драўляны замёт (24, № 177). Мураваная сцяна, верагодна, з’явілася ў XVIII ст. Галоўны ўваход застаўся з вуліцы Трайчанскай праз «Святыя вароты», якія ўяўлялі сабою невялікую, але моцна збудаваную браму. У 1870 г. брама змяняе свой выгляд — другім ярусам над ёй узводзіцца надбрамная мураваная царква св. Іанна Багаслова. Тут часам адбываліся набажэнствы — яна была прызначана дамавой царквой навучэнцаў духоўнага вучылішча, а на Троіцу была адчынена для ўсіх наведваль нікаў. Ад брамы ўглыб вяла дарога, на баку якой, прыкладна пасярэдзіне, стаяў драўляны будынак манастырскай прыходскай школы. Стары настаяцельскі драўляны дом нейкі час выкарыстоўваўся для размяшчэння класаў духоўнага вучылішча і бібліятэкі. На левым баку, пры дарозе, амаль побач з брамай, у пачатку ХХ ст. была ўзведзена капліца, дзе на працягу цёплай пары года знаходзіліся мошчы св. Гаўрыіла Беластоцкага (16; 19, 36; 25, 18-20).

Галоўным будынкам ансамбля заставаўся Троіцкі сабор, які стаяў у канцы плошчы, абсаджанай векавымі разложыстымі ліпамі. Рамонтныя работы і аздабленне апошні раз у ім праводзіліся ў 1903 г. Сцены будынка мелі светла-ахрысты колер, дах быў блакітным, а цэнтральны купал і крыжы — пазалочанымі. Правей, у адну з ім лінію, узвышаўся мураваны манастырскі корпус, далей ішлі драўляныя гаспадарчыя пабудовы.

Бліжэй да ракі, за храмам знаходзіліся могілкі. На працягу многіх стагоддзяў тут хавалі простых інакаў, і іерархаў, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сярод іх — архімандрыт Эмануіл Казачынскі (1700/1703 — 1755), вядомы не толькі як царкоўны дзеяч, але і як філосаф, беларускі і ўкраінскі пісьменнік і адзін з пачынальнікаў сербскай драматургіі. Хаваліся тут і свецкія асобы. У храмавым склепе стаялі труны княгіні Марыі (? — 1660) — жонкі Вялікага гетмана Літоўскага Януша Радзівіла, якая была пляменніцай Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы, і яе сына. Княгіня Марыя пэўны час жыла ў Слуцку, была апякункай Спаса-Праабражэнскага брацтва. У Троіцкім манастыры знайшлі свой апошні прытулак адзін з апошніх князёў Слуцкіх Аляксандр Юр’евіч Алелька (? — 1591), і першы губернатар далучаных да Расійскай Імперыі ў канцы ХVIII ст. земляў Рэчы Паспалітай рускі генерал М. Крачэтнікаў (? — 1793) (7, 42; 17, 58-63; 19, 15, 24; 20; 22, 153).

З канца XVIII ст. у параўнанні з папярэднімі часамі значэнне Слуцка значна змяншаецца. У ХІХ ст. гэта ўжо не ўдзельная сталіца слаўных князёў Алелькавічаў і не менш магутных князёў Радзівілаў, а шараговы павятовы горад Расійскай імперыі. Пачынаючы з канца XVIII ст., паслядоўна са Слуцка ў Мінск пераносяцца епіскапская кафедра, духоўная кансісторыя, у 1840 г. — духоўная семінарыя, а ў канцы 1860-х гадоў і сам Троіцкі манастыр перамяшчаецца ў Мінскі Свята-Духаў (15; 19, 15, 24; 20; 22, 153). Значныя манастырскія каштоўнасці таксама перавозяцца ў Мінск. Замест Троіцкага тут з’яўляецца пераведзены з Грозава трэццякласны Іаана-Багаслоўскі манастыр. У значна збяднеўшай саборнай рызніцы ў гэты час, як адзначаюць даследчыкі, былі асобныя дарчыя рэчы князёў Алелькавічаў, у тым ліку — рыза-фелонь, якую, як сцвярджала паданне, выткала ўласнымі рукамі княгіня Сафія Алелька (1585—1612), рукапіснае Евангелле Юрыя Алелькі (1559—1586), срэбраны посах і пацір з дарчымі надпісамі таго ж князя (7; 19, 33-36; 22, 153).

Евангелле князя Юрыя Алелькавіча. 1585 г.Значэнне манастыра змяншаецца, але жыццё тут не затухае. Па традыцыі ён завецца Троіцкім (па народнаму — Траецкім, або па назве прадмесця — Трайчанскім). Пры ім дзейнічае духоўнае вучылішча, для якога ў 2-й палове 1880-х гадоў непадалёку ўзводзіцца двухпавярховы мураваны корпус. Пазней ствараецца манастырская царкоўна-прыходская школа.

У пачатку ХХ ст. манастыр вядомы ўжо як першакласны. У 1910г. у Мінскай епархіі ствараецца Слуцкае вікарыянства з размяшчэннем кафедры вікарнага Слуцкага епіскапа ў Троіцкім манастыры. На Мінскім памесным саборы ў 1922 г. прынята рашэнне аб заснаванні чатырох новых беларускіх епархій, у тым ліку і Слуцкай (4, 131; 16; 26, 74), якая падпарадкоўвалася Мінска-Беларускай мітраполіі.

Але былую веліч і значнасць манастыру вярнуць не давялося. У 1925 г. манастыр быў скасаваны, яго тэрыторыя адводзілася пад ваенны гарадок (2, 192). Троіцкая царква працягвала дзейнічаць, аднак гаспадарамі тут былі ўжо абнаўленцы. Тым не менш, і яе ў 1930 г. улады закрылі (27, 6). Апошні вікарны Слуцкі епіскап Мікалай Шэмяціла ў 1933 г. быў арыштаваны, пазней ён загінуў (26, 75). Найбольш каштоўныя манастырскія рэчы былі забраны ў музеі, астатняе рабуралася і знішчалася. Сучасныя энцыклапедыі сцвярджаюць, што манастырскі комплекс разбураны ў гады Другой сусветнай вайны (9). Аднак па расказах былых вайскоўцаў можна меркаваць, што яшчэ ў пасляваенныя гады магла стаяць манастырская капліца. Іншыя сведчаць, што стаяў і будынак былой Троіцкай царквы, хаця і меў пашкоджанні. Яго лёс вырашыўся ў 1945 годзе пад час інспекцыйнага прыезду маршала Цімашэнкі, калі было вырашана будынак не рамантаваць, а зруйнаваць. А мураваны двухпавярховы жылы корпус пэўны час пасля вайны выкарыстоўваўся для размяшчэння казармаў. Рэшткі манастырскага некропаля знішчыліся ў часы будаўнічых і земляных работ на тэрыторыі гарадка яшчэ ў 1960—70-я гады. Цяпер ад былога манастыра не засталося і слядоў. У памяць пра значны ў гісторыі беларускага Праваслаўя цэнтр вясною 1994 г. паломнікамі з Мінска і слуцкімі вернікамі на яго месцы ўсталяваны памятны крыж.
 

ЦІТКОЎСКІ Ігар

Літаратура і крыніцы:

1. Батюшков П. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. СПб, 1890.
2. Будзімер В. Случчына // Спадчына. 1999, №3. С.177-219.
3. Гаусман М.А. Исторический очерк города Слуцка. //Минские губернские ведомости. 1878. № 8-12.
4. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985.
5. Грицкевич А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVI — XVIII вв. // Вопросы библиографии и библиоведения. 1983, № 4.
6. Историческое описание о Слуцком Свято-Троицком архимандричьем и приписных к нему … монастырях. 1800 г. // НГА РБ ф. 136, спр. 1, аз 1311. С.34.
7. Каламайска-Сайд М. Партрэты і помнікі старадаўнасці князёў Алелькавічаў у Слуцку. // Інвентарызацыя Юзафа Смаліньскага з 1904 г. Варшава, 1996.
8. Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода. Мн., 1969.
9. Кукуня В.Р. Слуцкі Троіцкі манастыр. Энцыклапедычны даведнік «Архітэктура Беларусі». Мн. 1993. С.449.
10. Ластоўскі В. Нарысы з беларускай гісторыі … // Спадчына, 1996, №4. С. 42.
11. Мартос А., архиеп. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.
12. Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993.
13. Николай архимандрит. Историко-статистическое описание Минской епархии… . СПб., 1864.
14. Описание церквей и приходов Минской епархии. Мн., 1879.
15. Памятная книжка Минской губернии. Город Слуцк. Мн., 1901.
16. Пятроўскі Ян. Мемуары. Кн. 1. Гайнесвіль, 1988. С.45—47.
17. Родчанка Р. Слуцкая старасвеччына. Мн., 1991.
18. Сахута Я.М., Сямёнаў А.І. Ліццё мастацкае. // ЭЛІМ. Т. 3. Мн. 1986.
19. Серно-Соловьевич Ф.Ф. Древне-русский город Слуцк и его святыни. Вильна., 1896.
20. Слуцкий Свято-Троицкий монастырь. // Вестник Западной России. 1865. № 8. С.219—222.
21. Снитко А.К. Описание рукописей и старопечатных книг в Слуцком Тройчанском монастыре. СПб, 1911.
22. Снитко А.К. Из слуцкой старины. // Минская старина. Вып. 2, Мн., 1911.
23. Стефан, епископ Пинский и Лунинецкий. История Минской духовной семинарии. // Вестник Белорусского экзархата. 1990, № 3. С.27-32.
24. Тройчанский архив. // Минская старина. Вып. 4. Мн. 1913.
25. Успаміны пра Слуцк (Выдаў Б.І.К.). Гнезна, 1905 (на польскай мове).
26. Шейкин Г. Двухсотлетие Минской епархии // МЕВ. 1993, № 1—6. Ч. 2. С.71—75; Яго ж: Из истории монастырей Минской епархии. МЕВ // 1993, № 1—6. Ч. 2. С. 94-95.
27. Шклярэўскі А. Антырэлігійная кампанія на Случчыне ў 1929—1932 гадах // Преображение. 1999, №9. С.6-7.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.