Гісторыя і дзень сённяшні Ружанскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора

Духоўнаму айцу Мікалаю Саўчуку прысвячаецца

Кожны, хто пад‘язджае да Ружанаў, ужо здалёк заўважае ўзнесеныя ў неба над мястэчкам два сілуэты: цёмны шпіль каталіцкага касцёла і белую званіцу з блакітнай галоўкай праваслаўнай Петра-Паўлаўскай царквы. Царква, касцёл ды плошча паміж імі ствараюць архітэктурны гістарычны цэнтр Ружанаў, а крыху далей, з узгорка, з імі пераклікаюцца велічныя руіны палаца князёў Сапегаў.


Лічыцца, што Ружанская Петра-Паўлаўская царква была заснавана ў 1675г., пра гэта сведчыць і таблічка на фасадзе “Помнік архітэктуры XVII ст. Петра-Паўлаўская царква 1675г. Ахоўваецца дзяржавай“. Гэтая ж дата згадваецца ва ўсіх даведніках па гісторыі і архітэктуры Беларусі. Аднак пабудова царквы мае сваю гісторыю.

Пружанская Свята-Петрапаўлаўская царква. Сучасны выгляд.У канцы XVI ст. канцлер Леў Сапега набыў Ружаны ў графаў Тышкевічаў і адразу ж пачаў упарадкаванне мястэчка. Спачатку быў пабудаваны на цэнтральнай плошчы Троіцкі касцёл. Ужо пасля смерці канцлера ў 1639 г. маршалкам Казімірам Львом Сапегам была пабудавана царква з манастыром базыльянаў для “надання прыхаджанам духоўных трэбаў”. У 1675 г. княгіня Хрысціна Масальская з Сапегаў, якая ў той час валодала Ружанамі, перабудавала царкву на ўзор уніяцкай. У 1781 г. царква была ўжо мураваная, перабудаваная ў італьянскім стылі прыдворным архітэктарам дома Сапегаў Янам Самуэлем Бекерам на сродкі князя Аляксандра Сапегі. Крыху пазней, у 1784-88 гг., побач з царквою тым жа архітэктарам быў узведзены мураваны будынак базыльянскага манастыра. 8 снежня 1781 г. з дазволу мітрапаліта Ясона Смагаржэўскага царква была асвечана протаархімандрытам Парфірыем Важынскім у імя свв. першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.

У знешнім выглядзе храма за перыяд яго існавання значных зменаў не адбылося, за выключэннем дэталяў званіцы і фасада. У 1875 г. над алтарнай часткай быў узведзены купал на невялікім барабане.

Сваім фасадам з высокай плоскай чатырохкутнай званіцай царква павернута на ўсход, а апсідай з алтаром, хрысцільняй і рызніцай — на захад. Гэта тлумачыцца тым, што будаўніцтва царквы пачалося ўжо пасля таго, як з усходняга боку плошчы ў 1617 г. быў пабудаваны каталіцкі касцёл. Каб архітэктурна аформіць цэнтр мястэчка, Сапегі выбралі для уніяцкага храма супрацьлеглую частку Гандлёвай плошчы.

Першы вопіс царквы, які захаваўся, адносіцца да 1834 г., і быў складзены з прычыны ліквідацыі манастыра і яго фонда дэлегаваным ад Літоўскай грэка-уніяцкай кансісторыі інспектарам Літоўскай семінарыі Фердынандам Гамаліцкім і былым настаяцелем гэтага манастыра Васіліем Русецкім. З гэтага вопісу відаць, якім быў знешні і ўнутраны выгляд царквы. “Пабудова гэтая мае ў даўжыню 483 локці, шырыню — 175 локцяў, вышыня такая ж, як і шырыня. Драўляная столь пакрыта гіпсам, на гіпсе — карнізы плоска-авальнай формы. Над галоўнай залайроспіс быў зроблены на тэму “Праабражэння”, а на столі алтарнай часткі — на тэму “Гасподзь Саваоф”. Для захавання гіпсавага пакрыцця і роспісу столі быў зроблены шчыт, аднак, як паведамляе вопіс, “карціны ў многіх месцах пашкоджаны вільгаццю”. У алтары ў той час была чорная табліца з надпісам мастака Фусгорда, які, відаць, і зрабіў роспіс.

Звонку царквы, на франтоне, была вялікая мансарда з акном, напалову закрытым металічнай агароджай. На вежы ўзвышалася невялікая, абітая бляхай, піраміда з жалезным крыжом, На мансардзе, з двух бакоў ад вежы, стаялі тры драўляныя статуі ў рост чалавека — свв. першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, а таксама Маісея. Мансарду ўпрыгожвалі чатыры драўляныя разьбяныя кветнікі, а крыху вышэй размяшчаліся чатыры драўляныя выявы ангелаў, якія трымалі крыжы. Карнізы мансарды ўжо тады моцна абсыпаліся і з кожным разам усё цяжэй паддаваліся рамонту. Унізе былі вялікія скляпенні.

нутраны выгляд Свята-Петра-Паўлаўскай царквы.

Царква мела шэсць алтароў. Перад першым, галоўным, іканастаса і царскай брамы не было. У сярэдзіне гэтага алтара размяшчалася ікона Іісуса Хрыста, які дае ключы ад Царства Нябеснага св. апосталу Пятру. Другі алтар прысвечаны св. Антонію, трэці — Багародзіцы, у сярэбранай рызе. Чацвёрты алтар — Ражджаства Іісуса Хрыста, пяты — св. Васілія, шосты св. Іясафата. Шмат што з унутранага ўбранства нагадвала каталіцкі касцёл — абраз св. Казіміра, каралевіча польскага і на драўлянай дошцы — папы Аляксандра. В 1822 г. на сродкі памешчыка Калатора быў устаноўлены арган на 12 галасоў.

Такі уніяцкі выгляд Ружанская Петра-Паўлаўская царква мела да 1839 г. — да ліквідацыі уніі. Базыльянскі манастыр, які існаваў пры царкве з 1788 г., быў зачынены раней, 20 лютага 1834 г. асобым загадам імператара “Аб ліквідацыі чатырох грэка-уніяцкіх манастыроў у Віленскай, Гродзенскай і інш. губернях” з распараджэннем перадаць усю нерухомасць ва ўласнасць белага духавенства.

За манастыром тады налічвалася 56 душ прыгонных. За тры гады да закрыцця манастыра па загаду грамадзянскага гродзенскага губернатара былі ўлічаны насельнікі ўсіх грэка-уніяцкіх манастыроў Заходніх губерняў “во избежание укрывательства в них мятежников и подозрительных лиц”. Мяркуючы па гэтай ведамасці, у Ружанскім базыльянскім манастыры было толькі чатыры манахі (з іх два іераманахі). Настаяцелем быў іераманах Фама Казлоўскі. На момант закрыцця манастыра настаяцелем быў ужо згаданы вышэй Васілій Русецкі. Лёс насельнікаў манастыра пасля яго закрыцця невядомы.

Само мястэчка Ружаны, а значыць і царква з манастыром, знаходзіліся на землях, якія належалі Сапегам. Апошнім уладальнікам Ружанаў быў князь Яўстафій Сапега, у якога за ўдзел у паўстанні 1830 г. Віленскай ліквідацыйнай камісіяй была канфіскавана ўся ўласнасць. З той пары мястэчка Ружаны, царква і манастыр адышлі ў казну. Манастыр прад‘явіў патрабаванне на выплату з канфіскаванай маёмасці пэўнай сумы, але Ліквідацыйная камісія адмовіла. У хуткім часе— у 1834 г., манастыр быў закрыты, а будынак перайшоў да грэка-уніяцкай царквы (да 1839 г.). Стан Ружанскай царквы напярэдадні скасавання уніі быў вельмі цяжкі. У дакументах адзначалася, што царква хоць і вызначаецца “добрай архітэктурай і важнасцю”, але патрабуе сур`ёзнага рамонту — дах, падлога, сцены, карнізы, агароджа, чатыры іконы ўнутры храма. Патрэбна было будаўніцтва новай званіцы. Епархіяльнае начальства выдзеліла на яе рамонт 495 руб. серабром, але Ліквідацыйная камісія не дала дазволу на выкарыстанне гэтых грошай.

Пасля 1838 г. пачынаецца праваслаўная гісторыя Ружанскай Петра-Паўлаўскай царквы. Уладкаванне царквы па праваслаўнаму ўзору працягвалася некалькі гадоў. З лета 1838 г. пачаўся рамонт храма, якім кіраваў першы праваслаўны настаяцель протаіерэй Гамаліцкі, рэктар Літоўскай духоўнай семінарыі. Поспеху яго справы паспрыяў загад “Аб забеспячэнні прычта Ружанскай праваслаўнай царквы Слонімскага павета” (снежань 1845 г.). Паводле гэтага загада, да Ружанскай праваслаўнай царквы прыпісвалася 33 дзесяціны зямлі з фальваркам Малочкі ў “недатыкальную царкоўную ўласнасць”. Акрамя таго, за ёй пакідалася 345 руб. серабром — сума, ахвяраваная князем Сапегам — для адкрыцця прыходскага духоўнага вучылішча і 3 400 руб. серабром выдзялялася на рамонт самога храма, капліцы на могілках і манастырскага дома.

У сярэдзіне 19 ст. Ружанская Петра-Паўлаўская царква выглядала так: над фасадам па-ранейшаму ўзвышаўся конус, які пірамідальна заканчваўся ўверсе жалезным крыжом. Відавочна, да гэтага часу драўляныя фігуры з даху былі знятыя, бо ў царкоўных вопісах яны больш не згадваюцца. Было ўстаноўлена пяць званоў. Унутры царквы і ў алтары падлога была з мармуру. Прастол быў “з сасновага дрэва ў 1,5 аршыны”, пакрыты жоўтым атласным антымінсам, асвечаным высокапраасвяшчэннейшым мітрапалітам Літоўскім і Віленскім Іосіфам Сямашкам у 1840 г. На горнім месцы і над ахвярнікам — дзве іконы ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. На іканастасе — іконы Божае Маці і свяціцеля Мікалая Цудатворца ў сярэбраных акладах, над паўночнымі дзвярыма — ікона св. Васілія Вялікага. А на левай сцяне — свяціцеля Мікалая з надпісам па-руску: ”Гэты абраз ахвяраваны афіцэрамі і ніжэйшымі чынамі Конна-Піянерскага Дывізіёна ў 1855 г.” У вопісах гэтага часу згадваюцца тры старой работы паціры з срэбра і золата. У царкве былі таксама 4 старажытныя Евангеллі, багатая бібліятэка і архіў па гісторыі царквы і краю.

29 чэрвеня 1854 г. пры аглядзе Ружанскай царквы камісіяй была адзначана “ахайнасць, сістэма і дакладнасць як унутранага яе зместу, так і ўсяго прыхода”. Настаяцелем царквы тады быў П.Крукоўскі.

Сярэдзіна 1870-х гг. вызначылася ў гісторыі Ружанскай Петра-Паўлаўскай царквы трагічнай падзеяй — грандыёзным пажарам 1875 г. Настацелем храма ў гэты час быў а.Іларыён Дзядзевіч, якому давялося перажыць і сам пажар, і цяжкасці аднаўлення, і абнаўленне ўнутранага інтэр‘еру царквы, пасля чаго яна набыла свой цяперашні выгляд.
Пажар надарыўся 31 жніўня 1875 г. Камісія з Гродзенскага губернскага царкоўна-будаўнічага “Прысутствія” ў сваіх актах не назвала прычын пажару, а толькі зазначыла, што ён адбыўся “па волі Божай”. Разбурэнні былі вельмі значныя. Па сутнасці, засталіся толькі сцены і частка даху са столлю над алтаром — усё астатняе абрынулася і выгарэла. Амаль усе іконы ўдалося вынесці, але многае было страчана.

Камісія, дэталёва азнаёміўшыся з наступствамі пажару, канстатавала неабходнасць “накрыць царкву, уладкаваць купалы над дахам і званіцу, зрабіць іканастас з абразамі і правесці ўсе сталярныя работы”. На гэта выдзялялася з казны 2 000 руб. серабром, царкоўных 5 315 руб. серабром і ахвяравана 2 717 руб. серабром. Рамонтныя работы ў царкве вяліся да 1878 г., пасля чаго яна набыла свой сучасны выгляд.

Несумненна, царква страціла шмат ад былой унутранай прыгажосці. У пазнейшых вопісах ужо не згадваюцца некаторыя іконы, прадметы царкоўнага ўбранства. Фрэскавы роспіс столі на тэму “Праабражэнне” быў адноўлены толькі ў пачатку ХХ ст. На столі над іканастасам па-ранейшаму размяшчалася кампазіцыя “Бог Саваоф”, а на паўночнай і паўднёвай сценах, каля іканастаса — іконы св. першавярхоўных апп. Пятра і Паўла на медальёнах.

Вялікая зігзагападобная трэшчына злева ад уваходу над крайнім акном і цяпер нагадвае пра падзеі 1875 г.

Пакуль царква адбудоўвалася, богаслужэнне вялося ва Уваскрасенскай царкве на могілках, якая, відавочна, была малой для 4-тысячнага прыходу.

Нарэшце, 31 снежня 1878 г. царква была асвечана архіепіскапам Літоўскім Макарыем з благаславення Праасвяшчэннага Януарыя, епіскапа Брэсцкага.

Над храмам сталі ўзвышацца два купалы — адзін над званіцай, другі — над алтарнай часткай. Унутры і звонку царква была атынкавана і пабелена. Столь — драўляная, атынкаваная. Падлога на амвоне і ў алтары з дошак, а ў астатняй частцы — каменная. Царкву пакрылі жалезным дахам. Унутры званіцы было тры званы. З двух бакоў царква была абнесена каменнай агароджай, а з двух астатніх — драўлянай.

Іканастас пафарбавалі блакітнай фарбай, ён меў тры ярусы ікон. Царскія вароты да нашых дзён засталіся ў нязмененым выглядзе. Справа ад іх размяшчалася ікона Спаса ў драўлянай пазалочанай раме, злева — ікона Божае Маці. У другім ярусе знаходзілася ікона Тайнай Вячэры, справа ад яе — ікона св. Прарока Іллі, злева — св. Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана.

Трэці ярус завяршаўся іконай Праабражэння Гасподняга, а над ёй узвышаўся залаты крыж вышынёю ў 1 аршын.

На паўночных дзвярах знаходзілася ікона св. Архангела Гаўрыіла, на паўднёвых — св. Архангела Міхаіла. У другім ярусе была размешчана ікона свяціцеля Мітрафана Варонежскага, над паўднёвымі дзвярыма — св. блгв. князя Аляксандра Неўскага.

На прастоле быў ускладзены жоўты атласны антымінс, асвячаны архіепіскапам Літоўскім Макарыем. На Горнім месцы — абраз св. Троіцы ў пазалочанай раме.

Справа ад іканастаса была ікона свв. апосталаў Пятра і Паўла, злева — свяціцеля і цудатворца Мікалая, свяціцеляў Мітрафана і Ціхана.

 

У 1879 годзе на сцяне прыбудовы, што з паўдзённага боку прымыкае да апсіды царквы, з’явілася мемарыяльная дошка паўсферычнай формы з тэкстам наступнага зместу: ”Вечная памяць дарагому брату Мітрафану Ільічу Экскузовічу, прапаршчыку лейб. гвардыі драгунскага палка, які загінуў у барацьбе з туркамі за вызваленне хрысціян Балгарыі ў бітве пад Горным Дубняком пры Целешы 12 кастрычніка 1877 года ў 9 гадзін раніцы. Жыў 20 год”. Цела яго перавезлі з Балгарыі ў кастрычніку 1879 года і пахавалі каля царквы ў вёсцы Суботца Аляксандраўскага павета Херсонскай губерні. Родныя забітага па дарозе ў Херсонскую губерню па нейкай прычыне зрабілі прыпынак у Ружанах, дзе была адслужана паніхіда па забітым. Пасля гэтага царкве, якая нядаўна была адбудавана пасля пажару, былі ахвяраваны немалыя сумы на пабудову ў паўднёвым прытворы зімовай царквы з алтаром і іканастасам у імя прп. Мітрафана Варонежскага, нябеснага заступніка забітага Мітрафана Экскузовіча.

Каля стагоддзя, да 1970-х гадоў, у Петра-Паўлаўскай царкве меліся два алтары, і зімой у гэтай, ацяпляемай, частцы храма вяліся богаслужэнні. Толькі ў канцы 1970-х гадоў іканастас быў зняты і перанесены ў Чарнаўчыцкую царкву Брэсцкага раёна, якая адбудоўвалася пасля пажару.

Падзеі канца ХІХ ст., якія закранаюць жыццё царквы і прыхода, пададзены епіскапам Брэсцкім Іосіфам (Сакаловым) у кнізе ”Праваслаўе на Брэсцка-Гродзенскай зямлі ў канцы ХІХ стагоддзя”, якая была выдадзена ў Варонежы ў 1899 г. Тут згадваецца ікона, якая і зараз знаходзіцца ў царкве і размяшчаецца ў сярэдзіне паўднёвай сцяны. Епіскап піша: ”Маецца ў царкве асабліва шанаваная мясцовая цудадзейная вялікая старадаўняя ікона Багародзіцы Чанcтахоўскай, якая размяшчалася ў вялікім добраўладкаваным ківоце з левага боку храма. Маюцца два паціры 1648 года, з рэльефнымі ліставымі ўпрыгожаннямі. Гэты вялікі, велічны, вельмі высокі храм адметны тым, што захаваўся зусім непашкоджаным, з прычтавым двухпавярховым домам, які ўратаваў многа людзей, што ў ім сабраліся ў вялікі пажар 5 мая 1895 г., калі амаль усё мястэчка — уся сярэдзіна яго на далёкую адлегласць, ва ўсе бакі ад царквы — выгарэла: усё змешана, вычышчана агнём на вялікую адлегласць ад плошчы, як і ўся плошча з касцёлам пры ёй, а гэтая царква ў цэнтры мястэчка засталася не толькі цэлая ў сценах, але нават і не пачарнела ад дыму, які з усіх бакоў ахопліваў яе, — толькі шкло з некалькіх яе велізарнейшай велічыні вокан патрэскалася ад агню. На вечную памяць пра гэта каля названай Багародзічнай іконы на ківоце зроблена медная дошчачка… з надпісам: “Гэты храм пакровам і заступніцтвам Прасвятое Багародзіцы цудадзейна захаваны ад агню і разбурэння ў страшным пажары 5 мая 1895 года, які знішчыў усе прылягаючыя да царквы будынкі і да 400 жылых дамоў”.

Да Ружанскага прыхода тады адносілася 11 вёсак — Байкі, Блізная, Уласовічы, Воля, Заполле, Калачы, Карам, Куляны, Манчыкі, Малочкі і Поланск — з якіх далей усіх былі Байкі. Меліся ў прыходзе цэрквы — могілкавая Уваскрасенская ў Ружанах, могілкавая Аляксандраўская ў Блізной і Георгіеўская ў Малочках. Было брацтва, з 1872 г. — прыхадское апякунства. Акрамя таго былі дзве царкоўныя школы: у Ружанах — з 1893 г. і ў Блізной — з 1885 г.; два народныя вучылішчы: у Ружанах — з 1845 г. і ў Палонску — з 1863 г. Зямлі царкоўнай у карыстанні прычта было 48 дзесяцін: прысядзібнай — 3, 65, ворнай — 36, і сенакоснай — 9.

Увесь гэты час, пачынаючы недзе з 1873 і да 1915 г. настаяцелем Ружанскай Петра-Паўлаўскай царквы быў протаіерэй Іларыён Іаанавіч Дзядзевіч. Можна меркаваць, што яго святарскае служэнне ў гэтай царкве працягвалася больш за 40 гадоў. Вядома, што ён быў узнагароджаны набедранікам, скуф’ёю і камілаўкаю. З 1894 да 1904 г. на тутэйшым прыходзе мелася два свяшчэннікі, але ж асноўная пастырская праца вялася, несумненна, протаіерэем Іларыёнам Дзядзевічам. І сёння ў храме, там, дзе знаходзіцца Распяцце (Галгофа), вісіць металічная таблічка, пакрытая эмаллю, з надпісам: “Протаіерэй Іларыён Дзядзевіч, памёр 15 лютага 1917 г. у Аносіным манастыры Маскоўскай губерні”. Прычына, якая прымусіла протаіерэя Дзядзевіча пакінуць Ружанскі прыход і выехаць у Расію, была выклікана неабходнасцю суправаджаць эвакуіраваныя царкоўныя каштоўнасці ва ўмовах наступлення кайзераўскіх войскаў. У Ружаны ён так і не вярнуўся.

Першая сусветная вайна, 1915 год былі пачаткам цэлага шэрагу цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на долю беларускага народа і яго праваслаўнага духавенства. У жніўні 1915 г. кайзераўскія войскі ўжо былі ў Ружанах. У царкоўных дакументах таго часу можна прачытаць: “… Рэчаў у сучасны момант зусім недастаткова. Рэчы эвакуіраваны ўглыб Расіі з выпадку ваенных дзеянняў… Пакінутае ў Царкве … знішчана вайной. Царкоўная агароджа з камянёў напалову была разбурана. Прычт не мог займацца гаспадаркай з-за недахопу сродкаў”. Частка царкоўных кніг, царкоўны архіў былі знішчаны. Прыпісаныя да царквы дзве могілкавыя царквы былі таксама спустошаны немцамі.

З паўночнага боку царкоўнай каменнай агароджы пад шатамі тады яшчэ маладых дрэў былі пахаваныя кайзераўскія салдаты. Агульным помнікам загінуўшым немцам стаў плоскі гранітны камень з надпісам старым гатычным шрыфтам “Храбрыя не паміраюць”. Час зраўняў магілы з зямлёй. Камень жа гэты пазней быў падняты протаіерэем Іаанам Наўродскім і ўстаўлены ў царкоўную агароджу (надпісам навонкі) у час яе рамонту пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі з тым, каб савецкія ўлады не апаганілі магіл гэтых прышлых і іншаверных і не пашкодзілі гэтым царкве. Гэты надмагільны камень і зараз можна бачыць у сцяне непадалёку ад уваходу, з правага боку.

У 1919 г. Ружаны былі заняты польскімі войскамі. Становішча праваслаўнага прыхода, безумоўна, не змянілася да лепшага. Могілкавая царква з той пары была занята католікамі. У царкоўным доме, былым будынку манастыра, палякі размясцілі школу. І хоць прыход і ў гэты час ахопліваў усе тыя ж 11 вёсак, колькасць прыхажан скарацілася напалову — 2193 душы (1037 мужчынскага і 1156 жаночага полу).

Калі Заходняя Беларусь стала часткаю буржуазнай Польшчы (1921), новыя ўлады стварылі Варшаўскую Праваслаўную Мітраполію, складзеную з 5 епархій: Варшаўскай, Валынскай, Віленскай, Палескай і Гродзенскай. Ружанскі прыход уваходзіў у склад Палескай епархіі з царкоўна-адміністрацыйным цэнтрам у Пінску. Узначальваў епархію ў гэты час (да 1944) архіепіскап Аляксандр (Іназемцаў).

Невядома, хто змяніў на святарскім месцы Іларыёна Дзядзевіча, але з 1920 г. ужо значыцца імя протаіерэя Іаана Сцяфанавіча Сямашкі, які скончыў Літоўскую Духоўную Семінарыю і быў узнагароджаны ў свой час набедранікам, скуф’ёю, камілаўкаю і наперсным крыжом. Але ж настаяцелем тут ён, відаць, прабыў нядоўга, бо ў 1922 г. святарская пасада ў прыходзе аказалася вакантнай і замяшчалася свяшчэннікам суседняй Варанілавіцкай царквы — а. Аляксандрам Наумавым.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.