Ікона.Міларад Л. Блэчыч

Узгадаваныя на традыцыі Нэманічаў, як і ўвесь народ старой сербскай Герцагавіны, Блэчычы, без выключэння, былі веруючымі, Богу адданымі людзьмі. Колькі існавалі, яны трымаліся царкоўных свят і абрадаў, а таксама захоўвалі культ раслін. І даўнейшыя, і навейшыя паданні даносяць, што Блэчычы верылі ў так званыя цяністыя, г.зн. святыя дрэвы. Асабліва ўшаноўваліся імі белы і чорны явар, сасна, яліна, ядловец, ціс, бук, белы і чорны ясень, арэх лясны і грэцкі, граб, клён, дуб звычайны і чарнільны. Такая вера ў святую моц пэўных раслін, перш за ўсё явара, пры канцы другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя прынесла брацтву Блэчычаў значныя перамены лёсу, дабрабыт і паляпшэнні ва ўсім. Пра гэта сведчыць паданне, якое, у тужлівых пераказах, і цяпер яшчэ можна пачуць на дзедзічыне Блэчычаў — вёсцы Селяны, Піўскай жупаніі.


Паводле падання, Андрыя Блэчыч меў двух сыноў — Мілавана і Ураша, хлопцы прыкметныя і абліччам, і ўдаласцю, і розумам. Да ўсяго яны былі здатныя, і яшчэ зусім маладымі сталі вядомымі як майстры па вырабу гусляў. А калі надышла пара жаніцца, браты дамовіліся, што возьмуць шлюб у адзін дзень, на прастольнае свята Піўскага манастыра — Успенне Прасвятой Багародзіцы. І ў Мілаванавай, і ў Урашавай абранніц імя было аднолькавае — Ружа. Мілаванава паходзіла з роду Лучычаў, Урашава — з брацтва Бакрачаў. Калі ўжо створаны былі сем’і, з’явіліся на свет дзеці, старэйшы брат, Мілаван, прысніў дзіўны сон. У гэтым сне, чалавек, які, быццам бы, прыйшоў да яго ў хату, паведаміў, што на вясковых могілках, у склепе пад яварам знаходзіцца ікона; абавязкова трэба пайсці туды і з-пад пліты дастаць яе.

“Гэтая ікона, — канкрэтна тлумачыў прыснёны чалавек, — табе прынясе багацце і шчасце, але нікому, апроч свайго роду, ты не павінен яе даваць… А таксама і паказваць, і расказваць пра яе нікому нельга”.

Мілаван зрабіў так, як яму ў сне было сказана, і на другі дзень досвіткам прынёс у хату святую рэч — ікону. Уся сям’я пакланілася ёй так, як пакланяюцца самому пасланніку Прамысліцеля.

З той пары, сцвярджае паданне, братам Мілавану і Урашу ва ўсім шанцавала, і за кароткі час нажылі яны вялікае багацце. Іхні статак авечак і коз вырас да тысячы з лішнім галоў, і той “лішак”, што за тысячу, яны заўжды, адлучыўшы, пускалі ў даліну ракі Півы, дзе статак сам па сабе, нават без аховы ад ваўкоў, пасвіўся, і ўжо толькі пад вясну вяртаўся разам з прыплодам.

Тое, што братам Мілавану і Урашу ва ўсім шчасціла, што яны багацелі на вачах, выклікала ў астатніх жыхароў жупаніі Півы, ды і ўсёй акругі, вялікае здзіўленне. Многія пачалі зайздросціць і наракаць: маўляў, ад Бога несправядлівасць — што Блэчычам усё ідзе, “як па масле”, а іх адолелі гароты, розныя непрыемнасці…

Ды, хоць і трымалася ў найстражэйшай таямніцы аднойдзенне іконы, пайшлі чуткі, што Блэчычы маюць у доме нейкую святую альбо царкоўную рэч і што гэта дзякуючы ёй адбываецца такое нечуванае ўзбагачэнне. Крыўдавалі зайздроснікі: “Мы працуем, нібы праклятыя, і шчыра Богу молімся ранкам і вечарам, а Бог, без дай прычыны, ад нас адварочваецца, забірае плён працы нашай, перадаючы яго братам Блэчычам — Мілавану і Урашу!”

Калі даводзілася па нейкіх справах адлучацца, Мілаван і Ураш сваіх сямейнікаў, асабліва жонак, заўжды строга папярэджвалі, каб тыя ікону нікому не паказвалі, з дому не выносілі, ды і не гаварылі пра яе.

“Гэта — шчасце нашага дома, — наказвалі браты. — Яе не павінны бачыць чужыя вочы, кранаць чужыя рукі, цалаваць чужыя вусны. Яна толькі для нашага роду…”
Ды, як кажуць: “Паклялася зямля раю: таямніцы ўсе спазнаю”. І пра ікону братоў Блэчычаў дазналіся многія жыхары Півы. З іх, ці не першы, быў Феадосій Сочыца, святар манастыра Півы і родны дзядзька слыннага піўлянскага героя Лазара Сочыцы. Паводле падання, айцец Феадосій пачуў ад некага з Міланавай ці Урашавай сям’і, калі той прыходзіў на абедню і да прычасця, што ў іхнім доме ёсць ікона, якую хаваюць у змотках пражы.

А якраз тады, паводле згадак, якія перадаюцца ўжо дзесяцігоддзямі, паміралі адразу пасля нараджэння дзеці слыннага героя Лазара Сочыцы — ніводнае не магло выжыць. Боязь, што такая асоба можа застацца без нашчадкаў, абуджала жаль у многіх піўлянаў, асабліва ў бліжэйшых сваякоў. Таму названы Феадосій, блізкі родзіч, неаднойчы спрабаваў “пазычыць” ікону, каб яе толькі, як ён казаў, “на нейкі час занесці ў дом Лазара няхай дапаможа нашчадкам выжыць”. Браты Блэчычы настойліва адмаўляліся: ніякай асаблівай іконы ў іх няма, так што і пазычыць не могуць таго, чаго самі не маюць.

Аднойчы, было гэта пасля Сабора святога Іаана Хрысціцеля, як даносіць паданне, браты Блэчычы ў снежную завею адправіліся ў Закамень, на зімовішча, дзе ўтрымліваўся іхні статак. Яны хацелі самі паглядзець, як жывёла зімуе, што там робяць чабаны, якім ужо і харч трэба было даставіць. Сваіх, выпраўляючыся, папярэдзілі, што калі снег і далей будзе ісці, магчыма, затрымаюцца дзень-другі на зімовішчы.

На другі дзень пасля адыходу гаспадароў у іхні дом раптам, што было не ў яго звычцы, заявіўся айцец Феадосій. Ён, распытаўшы, дзе ж гэта мужчыны, пацікавіўшыся, як ідуць справы ў гаспадарцы, выказаў шкадаванне, што не застаў гаспадароў дома, дадаючы: маўляў, спадзяецца, што аднак не дарэмна прыйшоў.

Узрушаныя прыходам святара, гаспадыні паспяшаліся збіраць яму пачастунак. А тым часам, калі яны стараліся як мага хутчэй прыгатаваць ежу і пітво, айцец Феадосій абышоў усё жытло, уважліва азіраючы ўсе сцены і паліцы, чагосьці шукаючы — як быццам ён тут нешта згубіў. Дамачадцам гэта было нязвыкла, бо раней, калі бываў у іх, бацюшка так сябе не паводзіў.

Пасля пачастунку, які адпавядаў стану і гонару дома, айцец Феадосій выклаў сапраўдную мэту свайго наведвання і запатрабаваў ад Урашавай жонкі Ружы ікону, каб аднесці яе на кароткі час у Піўскі манастыр дзеля важных спраў.

“Ваша ікона патрэбна манастыру, — скрушна даводзіў Феадосій. — У манастыры яна пабудзе нядоўга… Так Богу ўгодна… Вось каб гаспадары былі дома, яны б дзеля Бога і дзеля манастыра далі яе адразу. Дык і ты, ласкавая Ружа, зрабі так, а я заўтра ж раніцою ікону вярну. Бог гэты ўчынак не забудзе…”

Не спадзеючыся, што святар можа пайсці на падман, Урашава жонка парушыла наказы мужа і дзевера, учыніла “на свой лад і абрад”, дастала ікону з патаемнага месца і перадала айцу Феадосію, мяркуючы, што перадае самому Богу.

Калі Ураш і Мілаван вярнуліся з зімовішча, Ружа, упаўшы на калені перад мужам і дзеверам, як быццам апынулася перад тымі, хто абвяшчае самыя жорсткія прысуды, дрыготкім голасам расказала, што “на Боскую патрэбу пазычыла ікону Феадосію”. Уражаныя такім легкадумным яе ўчынкам, браты адразу ж пабеглі ў манастыр да айца Феадосія і запатрабавалі, каб ён аддаў ікону ім назад. Калі не верне ў той жа час, можа здарыцца ўсё, што заўгодна, бо Феадосій іх падмануў…

Ведаючы, што з Блэчычамі жартаў быць не можа, бо яны за гонар і запавет роду заўсёды здольныя пастаяць, Феадосій ужыў хітрасць.

“Гэтая святая рэч патрэбна царкве і манастыру да заўтрашняй раніцы, — сказаў ён так, нібыта даваў тлумачэнне ўладыку. — Толькі да заўтра, браты мае і божыя. Адразу пасля ранішняй службы я сам прыду з іконай у ваш паважаны дом”.

“Цвёрда можна верыць?”— перапытаў яшчэ ўзрушаны Мілаван. “Цвёрда вер, шаноўны Мілаване, — адказаў яму Феадосій, — цвёрда вер і мне, і Богу”.

Крыху супакоеныя гэтымі словамі святара, Мілан і Ураш вярнуліся дадому, але трывога ў іх заставалася. Не пакідала думка, што яны парушылі запавет чалавека, які з’явіўся ў сне Мілавану.

Назаўтра аказалася, што трывога братоў Блэчычаў была небеспадстаўнай. Раніцою, замест святара з іконай, на іхнім падворку з’явіліся ўзброеныя туркі. Навёў іх, сваім абвінавачаннем, святар Феадосій… Туркі Мілавана арыштавалі і кінулі ў сумнавядомую мостарскую вязніцу, дзе ён і памер у другой палове дзевятнадцатага стагоддзя.

Паданне сведчыць яшчэ, што неўзабаве пасля гэтага прысніўся сон Урашу Блэчычу, у якім, нібыта, нейкі чалавек яму крычаў з двара: маўляў, “ікона больш ужо ніколі не вернецца ў іхні дом, а тых, хто падманам дараваную ікону забраў адсюль, пакарае сам Бог; няхай брацтва Блэчычаў прыдбае сабе іншую ікону, яно і надалей будзе множыцца і багацець, а ў злодзеяў, якія адабралі ікону ім дараваную, род знішчыцца…”

Відаць, з-за нялюдскага ўчынка Феадосія ў дачыненні да іконы і нічым не апраўданага паклёпу на Мілавана, якога зняволілі і да смерці трымалі ў жахлівай турэцкай вязніцы (з цяжкімі кайданамі на руках і нагах пасля мардавання працаю ад цямна да цямна), пракляцце ўпала на спамянёнага Феадосіевага пляменніка Лазара Сочыцу — аднаго з найвыдатнейшых герояў Герцагавіны і Чарнагорыі ў бітвах з туркамі другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя. Паводле ўсіх звестак, ваявода Лазар не меў бацькоўскага шчасця — і пасля таго, як “ахоўнік радаводу” яго, на ўсё гатовы, нават на змову з туркамі, дзядзька Феадосій нечуванымі хітрыкамі выманіў і перанёс ікону з дому Мілавана і Ураша ў слынную вежу Лазара. З сямнаццаці дзяцей (што здаецца неверагодным, але гэта суровая праўда жыцця), якіх меў знакаміты Лазар ад жонкі-прыгажуні Еваны, вядомага роду Тасавац з-пад Трэбіня, чатырнаццаць памерлі адно за другім.

“Кара Гасподняя, — гаварылі тады людзі, — абмінула больш вінаватага ігумена Феадосія, а неміласэрна абрушылася на род Лазара”.

Але, як гэта адлюстравана ў народнай песні, “Бог нікому вінаватым не застаецца”— праз дзесяць гадоў пасля здарэння з іконай, суровая кара спасцігла і Феадосія Сочыцу — якраз тады, калі з-за яго паклёпу замардавалі ў мостарскай вязніцы невінаватага Мілавана Блэчыча. Неяк вясною 1862 года, калі Феадосій на пэўны час затрымаўся ў паселішчы Мрацінне, дзесьці кіламетраў трыццаць ад Піўскага манастыра, каля пяцісот туркаў на чале з ліхапомным Дэдагам Чэнгічам, сынам Смаіл-агі Чэнгіча, які меў пасад у Гацку, напалі раптоўна з боку ракі Дрыны на Мрацінне і, не сустрэўшы адпору, паколькі ўсе мужчыны тады знаходзіліся на зімовішчы Барні, каля сваіх статкаў, спалілі вёску, пабілі шмат жанчын, дзяцей і старых людзей. Ігумен Феадосій, баючыся за сваю галаву, хаваўся ў адной непадпаленай хаце. Але туркі яго знайшлі, і Дэдага Чэнгіч загадаў свайму самаму жорсткаму кату, каб адсек яму галаву, што і было выканана. Так скончыў Феадосій Сочыца, пасля сарака пяці гадоў ігуменства ў Піўскім манастыры.

Ды і ўсё брацтва Сочыцаў з жупаніі Півы, на працягу наступных гадоў пачало раптам прападаць. Смерць усё часцей і часцей стукалася ў дзверы іхніх дамоў. Не толькі састарэлыя ці хворыя асобы, але і юнакі і дзяўчаты, як быццам пры здароўі і прыгажосці, пачалі выміраць адно за другім. Кара Гасподняя, д’ябал нейкі ці пракляцце ад самой Маці Божай, з-за таго падману, што ігумен Феадосій учыніў у адносінах да роду Блэчычаў — так ці інакш збіралася раз за разам, без выключэння, даніна чалавечымі жыццямі па дамах усіх Сочыцаў. Іхняе брацтва дарэшты знікла пасля смерці Муя (Рысты) Сочыцы, Лазаравага сына, у пачатку дваццатага стагоддзя.

З другога боку, тады яшчэ сярэдняе па колькасці сем’яў піўлянскае брацтва Блэчычаў множылася проста з неверагоднай хуткасцю і на пачатку гэтага стагоддзя, падобна да Тадзічаў, стала адным з самых значных брацтваў у жупаніі Півы.

І шмат гадоў і дзесяцігоддзяў пазней, людзі, якія накіроўваліся з Півы ў манастыр Остраг маліцца Богу, спыняліся начаваць у доме Блэчычаў, верачы, што гэта “святы дом” і што святы Васілій Остражcкі малітвы іхнія яшчэ лепш пачуе. Пэўны культ “святога дома” трымаўся даволі доўга, нават тады, калі быў збудаваны дом новы. Некаторыя аднавяскоўцы і супляменнікі, закладаючы сабе новыя дамы, бралі з крушні, якая заставалася ад “старой вежы”, каменне ў свае падмуркі ў надзеі на шчаслівейшую будучыню.

Такім чынам аповяд пра тое, як браты Блэчычы здабылі ікону — сцвярджаецца, што гэта абраз святога Іаана Хрысціцеля, а якраз яго брацтва Блэчычаў здавён лічыла сваім нябесным заступнікам — і як ікону гэтую адабраў Феадосій Сочыца, атрымаў свой эпілог. А ведаюць яго і па сённяшні дзень пераказваюць многія піўляне.

Пераклаў з сербскай мовы Іван Чарота

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.