Трапары і кандакі нядзельныя

Глас 1

Трапар

Калі ка́мень апяча́талі іудзеі,/ і воіны сцераглі Прачыстае Цела Тваё,/ Ты ўваскрэ́с на трэці дзень, Спасіцелю,/ даючы́ свету жыццё./ Дзеля гэтага сілы нябесныя ўскліка́лі да Цябе, Жыццядацелю:/ Слава ўваскрасенню Твайму, Хрысце́,/ слава Царству Твайму, / слава промыслу Твайму, адзіны Чалавекалюбны.

Кандак

Уваскрэс Ты як Бог з магілы ў славе / і свет з Сабою ўваскрасіў;/ і прырода чалавечая як Бога апявае Цябе,/ і смерць знікла./ Адам жа весяліцца, Уладару;/ Ева цяпер, з путаў вызваля́емая,/ радуецца, ўскліка́ючы:/ Ты, Хрысце́, Той, Хто ўсім падае́ ўваскрасенне.

 

Глас 2

Трапар

Калі сышоў Ты да смерці, Жыццё несмяротнае,/ тады пекла ўмярцвіў Ты ззя́ннем Бажаства;/ калі ж і паме́рлых з прадоння ўваскрасіў Ты,/ усе сілы нябесныя ўсклікалі:/ Жыццядацелю Хрысце́ Божа наш, слава Табе.

Кандак

Ты ўваскрэс з магілы, Усемагутны Спасіцелю,/ і пекла, убачыў­шы цуд, жахну́лася,/ і мёртвыя паўсталі,/ а стварэнне, бачачы, радуецца з Табою,/ і Адам весяліцца,/ і свет, Спасіцелю мой, апява́е Цябе заўжды.

 

Глас 3

Трапар

Няхай весяляцца нябесныя,/ няхай радуюцца зямныя,/ бо праявіў магутнасць рукою Сваёю Гасподзь,/ перамог смерцю смерць,/ пе́ршынцам з мёртвых стаў,/ з глыбінь пякельных вы́зваліў нас / і пада́ў свету вялікую міласць.

Кандак

Уваскрэс Ты сёння з магілы, Шчодры,/ і нас узвёў з варот смяротных;/ сёння Адам весяліцца і радуецца Ева,/ а разам і прарокі з патрыярхамі апява́юць няспы́нна / Бажэственную магутнасць ула́ды Тваёй.

 

Глас 4

Трапар

Светлую ўваскрасення пропаведзь ад ангела ўспрыня́ўшы / і пра́дзедаў асуджэнне адкінуўшы,/ Гасподнія вучаніцы апосталам хва́лячыся гаварылі:/ звергнута смерць, уваскрэс Хрыстос Бог,/ даючы́ свету вялікую міласць.

Кандак

Спасіцель і Збавіцель мой / з магілы як Бог уваскрасіў з путаў / народжаных на зямлі,/ і вароты пяке́льныя разбуры́ў / і як Уладар уваскрэс на трэці дзень.

 

Глас 5

Трапар

Спрадве́чнае Слова Айцу і Духу,/ ад Дзевы народжанае для спасення нашага,/ апяе́м, верныя, і паклонімся Яму,/ бо пажада́ў плоццю ўзысці на Крыж,/ і смерць перацярпе́ць,/ і ўваскрасіць паме́рлых / слаўным уваскрасеннем Сваім.

Кандак

Да пекла, Спасіцелю мой, сышоў Ты,/ і вароты разбуры́ў як усемагутны,/ паме́рлых як Стварыцель уваскрасіў з Сабою,/ і смерці джа́ла знішчыў Ты,/ і Адам ад пракля́цця быў вы́звалены, Чалавекалюбны,/ таму мы ўсе ўскліка́ем:/ спасі нас, Госпадзі.

 

Глас 6

Трапар

Ангельскія сілы на магіле Тваёй / і вартаўнікі змярцве́лі,/і стаяла Марыя ў магіле,/ шука́ючы Прачы́стае Цела Тваё./ Ты паланіў пекла, не спакусіўшыся ім,/ Ты сустрэў Дзеву, даючы́ жыццё./ Уваскрэслы з мёртвых Госпадзі,/ слава Табе.

Кандак

Жыццятворчай далонню / паме́рлых са змрочных далін уваскрасіўшы ўсіх,/ Жыццяда́вец Хрыстос Бог / уваскрасенне пада́ў чалавечаму роду,/ бо Ён – усіх Спасіцель,/ уваскрасенне, і жыццё, і Бог усіх.

 

Глас 7

Трапар

Ты разбуры́ў Крыжом Тваім смерць,/ адкрыў Ты разбойніку рай,/ міраносіцам плач перамяніў Ты / і апосталам прапаве́даць загада́ў Ты,/ што ўваскрэс Ты, Хрысце́ Божа,/ даючы́ свету вялікую міласць.

Кандак

Ужо больш улада́нне смерці не зможа трымаць людзей,/ бо Хрыстос сышоў, разбура́ючы і знішча́ючы сілы яго./ Звя́зваецца пекла,/ прарокі згодна радуюцца, гаворачы:/ прадста́ў Спасіцель тым, што ў веры,/ выходзьце, верныя, ва ўвас­кра­сенне.

 

Глас 8

Трапар

З вышыні сышоў Ты, Міласэрны,/ пахаванне Ты прыня́ў трох­дзённае, каб нас вы́зваліць ад пакут,/ жыццё і ўваскрасенне наша, Госпадзі, слава Табе.

Кандак

Уваскрэсшы з магілы, Ты паме́рлых падняў і Адама ўваскрасіў,/ і Ева весяліцца з Твайго ўваскрасення,/ і канцы свету святкуюць Тваё з мёртвых паўста́нне, Мнагаміласцівы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.