Чэрвень

1 чэрвеня
Трапар дбрв. кн. Дзімітрыю Данскому, глас 3
Вялікага абаронцу ў бедах зямля Руская атрымала цябе, / які народы перамагаеш, / і як на Доне ты звергнуў Мамаеў гонар, / на подзвіг гэты атрымаўшы благаславенне прападобнага Сергія, / так, княжа Дзімітрые, Хрысту Богу маліся // даць нам вялікую міласць.

Кандак дбрв. кн. Дзімітрыю Данскому, глас 2
Подзвігамі тваімі, святы Дзімітрые,/ краіну нашу Бог захаваў, / даўшы табе сілу непераможную; / і цяпер, заступнік моцны, / ахоўвай малітвамі святымі горад твой Маскву непашкоджаным // ад усялякіх подступаў варожых.

 

4 чэрвеня
Трапар, мч. Васіліску, глас 4
Мучанік Твой, Госпадзі, Васіліск/ у пакутах сваіх вянец прыня́ў нятле́нны ад Цябе, Бога нашага,/ бо маючы моц Тваю, мучыцеляў перамог ён,/ адолеў і дэманаў нямоглыя выпады./ Яго малітвамі спасі ду́шы нашы.

Кандак, мч. Васіліску, глас 8
У пакутах моцным і мужным з’явіўся ты, і ў цу́дах дзівосным,/ на я́ве імя́ Хрыстова прызыва́ючы, мучыцеляў пасароміў ты./ Таму ўсе ўшаноўваем цябе, Васіліск найпачэ́снейшы, заўсёды ўсклікаючы:/ радуйся, мучанікаў, светлая ўкра́са.

 

5 чэрвеня
Трапар прп. Еўфрасінні Полацкай, глас 4
Па прыкладу дванаццацігадовага Хрыста,/ Які вучыў у храме Божаму слову,/ зрабіла ты, дванаццацігадовая Еўфрасіння,/ славу часовую і зямнога жаніха пакінуўшы,/ і усім мірскім пагарджаючы,/ прыгажэйшаму за ўсіх Хрысту сябе унявесціла ты;/ крыж узяўшы, шляхам ангельскага жыцця ідучы / і многіх да Яго звяртаючы, / у духмянасці міра ў нябесны хорам узышла ты; / там малі Таго, Якога ўзлюбіла ты, // за шануючых благачэсна памяць тваю.

Кандак прп. Еўфрасінні, глас 8
Абранай Богам ад самага нараджэння / і пакліканай на служэнне Яму, / што ў чыне ангельскім Госпаду паслужыла свята, / і прападобна пражыла, / і цяпер з Нябеснымі сіламі Госпада ўсхваляе, / за нас жа, грэшных, перад Госпадам хадайнічае, / з радасцю і любоўю ўсклікнем: // радуйся, Еўфрасіння, нявеста Хрыстова усячэсная.

 

7 чэрвеня
Трапар 3-га аднойдзення галавы Іаана Прадцечы, гл. 4
Як Божы скарб, схаваны ў зямлі,/ Хрыстос адкрыў галаву Тваю нам, прарок і Прадцеча./ Цяпер усе, сышоўшыся на яе аднойдзенне, / у спевах богавяшчальных будзем апяваць Збавіцеля, / што збаўляе нас ад пагібелі па малітвах тваіх.

Кандак 3-га аднойдзення галавы Іаана Прадцечы, гл. 6
Светазарны і Божы ў свеце стоўп,/ свяцільнік сонечны,/ Прадцеча, галаву светланосную і Бажэственную сваю паказаўшы да краю зямлі,/ асвячае ёю тых, што з вераю пакланяюцца і ўсклікаюць:/ Хрыстоў прамудры Хрысціцель,/ збаў усіх нас.

 

9 чэрвеня
Трапар свмч. Ферапонту, глас 4
І ладам жыцця саўдзельнік, / і ў служэнні пераемнік апосталаў,/ ты дасягнуў дара ўзыходжання, / на вышыню богапазнання, / таму слова ісціны выкладаючы, / за веру ты пакутаваў аж да праліцця крыві, / свяшчэннамучанік Ферапонце, / малі Хрыста Бога, // спасці душы нашы.

Кандак свмч. Ферапонту, глас 4
У свяціцельстве набожна пражыўшы/ і пакутніцтва шлях прайшоўшы,/ пагасіў ты ідальскія ахвярнікі/ і быў абаронцам стада твайго, багамудры;/ таму, ушаноўваючы цябе, у малітвах усклікаем да цябе:/ збаўляй нас ад бед заўсёды малітвамі тваімі, / ойча наш, Ферапонце.

 

11 чэрвеня
Трапар прмц. Феадосіі, глас 4
Дабрадзейнасці з добрапрыхільнасцю ты дасягнула, мучаніца, / стаўшы чыстым умясцілішчам Хрыстовым / і ўзлюбленым домам Святога Духа; / тым самым зганьбіла ты ворага, які змагаецца супраць роду чалавечага, / ты, Феадосія, прыняла цяжкія пакуты, / і пасекла Капраніма мячом веры, / і да хораму Нябеснага перайшла з радасцю./ Для тых, што з вераю ўшаноўваюць цябе, // заўсёды прасі вялікай міласці.

Кандак прмц. Феадосіі, глас 2
Праз пакуты дасягнула ты жыцця беспакутнага,/ крывёю знішчыла Капраніма, злога ворага Хрыстовай Царквы, / мучаніца, усеблажэнная Феадосія, / і з вышнімі воінствамі радуешся, // пакрываючы тых, што ўшаноўваюць памяць тваю.

 

12 чэрвеня
Трапар прп. Ісаакію Далмацкаму, глас 8
На табе, ойча, дакладна збылося паводле прарочага слова, – / бо ўзяўшы свой крыж, ты за Хрыстом пайшоў / і на справе вучыў не дбаць пра плоць, бо яна недаўгавечная,/ а клапаціцца пра душу, бо яна несмяротная/. Таму, прападобны Ісаакій, дух твой і радуецца з Ангеламі.

Кандак прп. Ісаакію Далмацкаму, глас 8
Як угоднік Божы верны,/ аб Хрыстовай Царкве рэўнасцю разгарэўшыся,/ уладу Вáлентаву стрымаўшы,/ па-прарочы яму за закрыццё Царквы ліхую смерць прадказаў ты, прападобны./ Таму заўсёды маліся за нас, якія ўшаноўваем цябе, Ісаакій прападобны.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.