Жнівень

1 жніўня
Трапар прп. Серафіму Сароўскаму, гл. 4
З юна́цтва Хрыста ўзлюбіў ты, блажэнны,/ і Яму адзінаму служы́ць палымяна пажада́ў,/ няспы́ннаю малітваю і працаю ў пустэ́льні падзвізаўся ты,/ замілава́ным сэ́рцам любоў Хрыстову здабыва́ючы,/ ты стаў узлю́бленым абра́ннікам Божае Маці./ Таму мы ўсклікаем да цябе:// спасай нас малітвамі тваімі, Серафіме, прападобны, ойча наш.

Кандак прп. Серафіму Сароўскаму, гл. 2
Свету прыгажо́сць і ўсё тле́ннае ў ім пакінуўшы, прападобны,/ у Сароўскай абіцелі пасяліўся ты,/ і там падобна да ангела пражыўшы,/ стаў для многіх шля́хам да спасення,/ дзеля гэтага і Хрыстос цябе, ойча Серафіме, праславіў / і да́рам ацале́нняў і цудаў узбагаціў./ Таму мы ўсклікаем да цябе:// радуйся, Серафіме, прападобны ойча наш.

 

2 жніўня
Трапар пророку Іліі, глас 4
У плоці Ангел, / прарокаў аснова, / другі Прадцеча прышэ́сця Хрыстовага, Ілія́ слаўны, / з вышы́няў паслаў Елісею благадаць / няду́гі выганяць, і пракажоных ачышча́ць, // і тым, якія ўшаноўваюць яго, пасыла́е ацале́нні.

Кандак прароку Іліі, глас 2
Прарок і правíдзец вялікіх спраў Бога нашага, / Ілія́ вялікаіменаваны, / прадказа́ннем тваім скіраваўшы дажджавы́я аблокі, // малí за нас адзíнага Чалавекалюбнага.

Трапар прмч. Афанасію Брэсцкаму, глас 2
Блажэнны ты, ойча наш Афанасіе,/ бо верна жыў ты, стоячы пільна за святую праваслаўную веру,/ у замілаванні заўсёды спяваючы несядальнае Прачыстай,/ запаведуючы, каб ніхто не парушаў Праваслаўную веру святую,/ пацярпеў за сведчанне ісціны нават да смерці./ І мы, ушаноўваючы святыню тваю,/ з адвагаю ўсклікаем да цябе: / ойча наш, прападобнамучанік Афанасіе,// пахвала і ўкраса наша.

Кандак прмч. Афанасію Брэсцкаму, глас 2
Як посніка благачэснага і дастойнага / і дабравольнага пакутніка пачэснага, / і на жыхара пустэльні падобнага / у песнях дастойна хвалім Афанасія заўждыхвальнага, // бо ён змея патаптаў.

 

3 жніўня
Трапар прароку Іезекіілю, гл. 2
Прарока Твайго Іезекііля памяць, Госпадзі, святкуючы, / Табе молімся: // збаў душы нашы.

Кандак прароку Іезекіілю, гл. 4
Божым прарокам ты стаў, Іезекііле цудоўны, / Гасподняе ўсялесненне ўсім прадказаў ты. // Гэтага Агнца і Стварыцеля – Сына Божага, Які явіўся на векі.

Трапар прпп. Сімяону і Іаану, гл. 4
Божа айцоў нашых, / Ты заўсёды робіш нам па Тваёй дабрыні, / не адымі міласць Тваю ад нас, / але па іх малітвах // ў міры ўладкуй жыццё наша.

Кандак прпп. Сімяону і Іаану, гл. 2
Сімяона, які ў плоці стаў, як бясплотны / і дабрадзейнасцямі духоўнымі заззяў, / роўнаангельскага і Баганоснага з вераю і любоўю ўсхвалім, / з ім жа і Іаана заўсёды памятнага, // бо яны моляцца несупынна за ўсіх нас.

 

4 жніўня
Трапар роўнаап. Марыі Магдаліны, гл. 1
За Хрысто́м, Які дзе́ля нас нарадзíўся ад Дзе́вы,/ ты, сла́ўная Мары́я Магдалíна пасле́давала,/ Яго ўстанаўле́нні і зако́ны захо́ўваючы./ Таму́ сёння ўсесвяту́ю па́мяць тваю́ святку́ючы,/ грахо́ў адпушчэ́нне,// па малíтвах тваíх мы атры́мліваем.

Кандак роўнаап. Марыі Магдаліны, гл. 3
Сто́ячы, сла́ўная, перад Кры́жам Спасíцеля, / ра́зам з íншымі мно́гімі, / і Ма́ці Гаспо́дняй супаку́туючы, і слёзы праліва́ючы,/ пахвалу́ ты ўзно́сіла, гаво́рачы: што́ гэта за дзíўны цуд/ Той, Хто вало́дае ўсім стварэ́ннем, пажада́ў паку́таваць! // Сла́ва ўла́дзе Тваёй.

 

5 жніўня
Трапар Ціхвінскай іконе, гл. 4
Сёння як сонца святлістае, / заззяла нам узнесеная слаўная ікона твая, Уладычыца, / промнямі міласці свет асвятляючы./ Яе ж вялікая Расія як дар Божы звыш прыняўшы з пашанаю,/ праслаўляе Цябе, Багамаці, усіх Уладычыцу,/ і з Цябе народжанага Хрыста Бога нашага велічае радасна. / Яго ж малі, Спадарыня Царыца Багародзіца, / каб захаваў усе гарады і краіны хрысціянскія / непашкоджанымі ад подступаў варожых / і спас тых, што з вераю пакланяюцца Яго Бажэственнаму і Твайму прачыстаму вобразу, // Дзева, шлюбу недатычная.

Кандак Ціхвінскай іконе, гл. 8
Прыйдзем, людзі, да Дзевы Багародзіцы Царыцы, / з падзякаю да Хрыста Бога,/ і да Яе цудатворнай іконы, з замілаваннем гледзячы, прыпадзем і усклікнем: / Уладычыца Марыя, наведаўшы краіну гэтую цудоўным яўленнем Твайго слаўнага вобраза,/ спасай у міры і спрыяльнасці нашу айчыну і ўсіх хрысціянаў,/ робячы наследнікамі Нябеснага жыцця, / бо мы з вераю ўсклікаем да Цябе: // радуйся, Дзева – свету спасенне.

Трапар прп. Давіду Салунскаму, гл. 4
На табе, ойча, здзейснілася па вобразным слове, / бо, ўзяўшы крыж, ты паследаваў за Хрыстом,/ і на справе вучыў не зважаць на плоць, бо яна часовая,/ а клапаціцца пра дцшц, бо яна несмяротная./ Таму, прападобны Давідзе, дух твой святкуе з Ангеламі.

Кандак прп. Давіду Салунскаму, гл. 1
У садзе вечна квітнеючым, што дабрадзейнасці плады прыносіць,/ з’явіўся ты падобна птушцы дабраспеўнай на садовым дрэве; / і райскае дрэва жыцця – Госпада – у сэрцы тваім прыняўшы,/ ты ўзрасціў, Багамудры,/ ад яго ж і нас насычаеш благадаццю;/ заўжды маліся за нас, Давідзе усеблажэнны.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.