Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія

Віленскія мучанікі Назва: Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў г.Мінску Беларускай Праваслаўнай Царквы. Братство в честь Виленских мучеников Антония, Иоанна и Евстафия в г.Минске Белорусской Православной Церкви. Brotherhood in honour of Vilnia martyrs Anthony, John and Eustaphy of the Belarusian Orthodox Church.

 

Адрас: Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, вул. Ракаўская, 4. Мінск, 220004,Беларусь

Тэл/факс: (+375)-17/ 203-33-44; 226-98-15,

E-mail: bpbtvm@tut.by

Старшыня Брацтва:

Матрунчык Мікалай Аляксандравіч

Выдавецкі аддзел:

Гаховіч Георгій Яўгенавіч

Кулажанка Лідзія Яўгенаўна

Матрунчык Таццяна Аляксееўна

Нётцел Ганна Аляксандраўна

Антановіч Канстанцін Уладзіміравіч

Чарнякевіч Юрый Валер'евіч

Лабараторыя царкоўнай гісторыі:

Кулажанка Лідзія Яўгенаўна

Рэгент брацкага хору:

Клімовіч Аляксей Аляксандравіч

Дырэктар брацкага дома "Кінанія":

Гаховіч Георгій Яўгенавіч

Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонiя, Iаана i Яўстафiя – рэлігійная арганізацыя, якая дзейнічае на прынцыпах хрысціянскай маралі,  добраахвотнасці ісамакіравання. Узнікла ў 1992  г. пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы горада Мінска па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Аб`ядноўвае праваслаўных веруючых, пераважна інтэлігенцыю, у мэтах хрысціянскага асветніцтва, дабрачыннасці, місіянерскага і сацыяльнага служэння. Названа ў гонар святых зямлі беларускай Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх, што пацярпелі за веру Хрыстову ў 1347 г. і былі кананізаваны ў 1374 г. Канстанцінопальскім патрыярхам Філафеем. Сваю непасрэдную дзейнасць Брацтва ажыццяўляе пры духоўным акармленні настаяцеля сабора протаіерэя Георгія Латушкі.

Брацтва бачыць сваё прызначэнне ў дапамозе  Царкве несці благадатны дух Праваслаўя ў сям`ю, грамадства, нацыянальную культурную традыцыю. Асветная дзейнасць ажыццяўляецца выдавецкім аддзелам, які рыхтуе і выдае царкоўныя календары, богаслужбовую, гістарычную, даведачную і інш. рэлігійную літаратуру на беларускай, рускай і інш. мовах.

Сыходзячы з разумення, што Праваслаўе — гэта не толькі спасціжэнне Хрыста, але і жыццё ў Хрысце, і што далучыцца да гэтага сапраўднага жыцця магчыма талькі праз Царкву — Цела Хрыставае, выдавецкі аддзел рыхтуе і штогод выдае "Беларускі Праваслаўны каляндар" (на беларускай мове) і "Церковный календарь" (на рускай мове). “Каляндар найперш скіраваны на асабісты духоўны шлях чалавека — удзельнічаць супольна з царкоўным народам у выратавальнай Тайне Хрыстовай, у Пасхальнай Тайне, праз перажыванне ўсяго літургічнага года” (Уступнае слов да "Календара" на 1994 год старшыні брацтва Міколы Матрунчыка). Жыццё па літургічнаму часалічэнню, на думку складальнікаў Календара, гэта “тая духоўная апора, якую дае Царква разгубленаму сучаснаму чалавеку. Яна дазваляе адчуваць сябе ўдзельнікамі саборнага жыцця Царквы, разумець сваё жыццё як штодзённае служэнне Гаспаду”. "Беларускі Праваслаўны календар", акрамя асноўнай часткі, мае некалькі раздзелаў: "Звод імёнаў святых", "Беларускія праваслаўныя святыні", “Светачы Беларусі”, "3 гісторыі епархій Беларускага Экзархата".

Штогадовыя тэматычныя “Церковные календари” маюць дадаткі: “Молитвослов”, “О православной семье”, “Молитвенное правило православного христианина”, “2000 лет истории Христианства”, “Поместные Православные Церкви”, “Священное Писание в жизни христианина”, "Чудотворные иконы Божией Матери", "Святые земли Белорусской", "О церковном богослужении", "Духовничество и старчество", "Церковные Таинства", "О семье", "Святыни Беларуси".

Царкоўна-рэлігійны часопіс "Праваслаўе" рыхтуецца сумесна з выдавецтвам "ORTHDRUK" (Беласток, Польшча) і разлічаны на праваслаўных жыхараў Беларусі, атаксама на нашых суайчыннікаў за мяжой. Мэтай часопіса з'яўляецца імкненне "злучыць чалавечае і Божае, Бацькаўшчыну і веру" ("Праваслаўе" № 1, 1993). У сваім слове-благаславенні сябра рэдкалегіі епіскап Канстанцін (Гаранаў) зазначыў, што змест публікацый прызначаны для таго, каб нам "моцна трымацца святой веры, каб перадаць сваім нашчадкам тое вялікае духоўнае багацце, — Святое Праваслаўе, што атрымалі ад продкаў". Сталыя рубрыкі часопіса – багаслоўе, рэлігійная думка, царкоўная гісторыя, духоўная спадчына, архівы і дакументы, мастацкае слова — маюць мэтай аднавіць перарваную традыцыю духоўнасці і веры ў нашым грамадстве. Рэдакцыйная калегія аб'яднала для супрацаўніцтва святароў — епіскапа Арцемiя (Кішчанку), протаіерэя Георгія Латушку (галоўнага рэдактара), протаіерэя Сергія Гардуна, iерэя Юрыя Залоску і міранаў — прафесійных журналістаў — Леаніда Качанку і Валянціну Трыгубовіч, навукоўцаў Івана Чароту, Уладзіміра Васілевіча, Антося Мірановіча, Генадзя Шэйкіна, Лідзію Кулажанку і інш.

Брацтва арганізуе традыцыйныя штогадовыя паломніцтвы ў Віленскі Свята-Духаў манастыр для пакланення мошчам сваіх нябесных апекуноў – св. Віленскіх мучанікаў, аказвае дапамогу манастыру, у тым ліку рэлігійнай літаратурай. Лабараторыя царкоўнай гісторыі заснавана з мэтай стварэння асновы  для царкоўна-гістарычных даследаванняў. Для гэтага збіраецца архіў і бібліятэка, ствараецца база дадзеных па бягучай і рэтраспектыўнай бібліяграфіі. Падрыхтаваны  даведачныя выданні “Цэрквы і прыходы Мінска”, “Цэрквы і прыходы Беларускай Праваслаўнай Царквы”, “Святыні Беларусі”. Распачаты  гісторыка-царкоўныя даследаванні па накірунках: “Гісторыя святасці ў Беларусі”, “Шанаваныя іконы Божае Мацi ў Беларусі”, “Светачы Беларусі”, “Праваслаўныя асветнікі”, “Царкоўнае краязнаўства” і інш. Лабараторыя адкрыта для супрацоўніцтва з навукоўцамі, краязнаўцамі, усімі, хто імкнецца далучыцца да справы напісання новых старонак у кнігу нашай багатай царкоўнай гісторыі. У межах супрацоўніцтва з Біблейскім таварыствам РБ у складзе Біблейскай каміссіі Беларускага Экзархата члены Брацтва ўдзельнічаюць у перакладзе Новага Запавету і тэкстаў праваслаўных богаслужэнняў на беларускую мову. Камісіяй перакладзены 4 Евангеллi, Дзеяннi Апосталаў i Саборныя Пасланнi. Гэтыя пераклады выдадзены Брацтвам асобнымi кнiгамi з паралельнымi тэкстамi на грэчаскай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай мовах. З мэтай духоўнага адраджэння сумесна з творчымі саюзамі, навучальнымі ўстановамі, музеямі Брацтва арганізуе тэматычныя сустрэчы, канферэнцыі з удзелам духавенства і інтэлігенцыі, на якіх абмяркоўваюцца пытанні царкоўнай гісторыі, рэлігійнага асветніцтва, практычныя задачы духоўнага адраджэння нацыі. У актыве Брацтва міжнародная канферэнцыя “Праваслаўе ў славянскай культурнай традыцыі”, царкоўна-гістарычныя чытанні, прысвечаныя памяці дабравернага князя Канстанціна (Васілія) Астрожскага,  сустрэчы “Праблема духоўнасці ў грамадстве”, "Беларуская інтэлігенцыя і Царква: шляхі пакаяння і адказнасці ”,  “Беларуская мова ў Царкве” , “Духоўная асвета і выдавецкая справа”, вечары духоўнай паэзіі, прэзентацыі кніг, часопісаў. Гэта канкрэтны плён супрацоўніцтва Брацтва і інтэлігенцыі. Хор Брацтва нясе паслушэнства на клірасе Свята-Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска, удзельнічае ў штотыднёвых беларускамоўных богаслужэнных, у дабрачынных канцэртах, фестывалях царкоўнай музыкі, адраджае беларускую царкоўную пеўчую традыцыю. З 1996 года дзейнiчае брацкi дом мiжцаркоўных сувязей "Кiнанiя".Тут адбываюцца i мерапрыемствы агульнацаркоўнага значэння, напрыклад, штогадовыя сустрэчы праваслаўнай моладзi Беларусі, прымеркаваныя да Сусветнага дня Праваслаўнай маладзі (15 лютага, Стрэчанне Гасподняе). А таксама i брацкиiя мерапрыемствы, i семiнары для iнвалiдаў, культурныя i асветнiцкiя мерапрыемствы. Сацыяльнае служэнне ажыццяўляецца праз супрацоўніцтва з дабрачыннымі і дыяканічнымі  арганізацыямі ў Беларусі за мяжой. Выконваюцца пасрэдніцкія функцыі ў рэалізацыі сацыяльных праектаў па лініі міжцаркоўнай дапамогі ў Беларусі. Вядзецца работа с дзецьмі-інвалідамі, выхаванцамі школ-інтэрнатаў, дзецьмі, што часова знаходзяцца ў прыёмніку-размеркавальніку МУС. Арганізуецца летні адпачынак дзяцей з нядзельных школ і з малазабяспечаных сем`яў.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.