Кніга “400 гадоў у Праваслаўі” выйшла ў выдавецтве сабора

Кніга "400 гадоў у Праваслаўі" выйшла ў выдавецтве сабораЧарговая кніжная навінка выйшла ў свет у выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Назва кнігі “400 гадоў у Праваслаўі. Гісторыя і сучаснасць Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску” сведчыць сама за сябе.

Трэба адзначыць, што юбілейнае выданне працягвае раскрываць тэму гісторыі і сучаснасці сабора, распачатую яшчэ сто гадоў таму. Справа ў тым, што на пачатку мінулага стагоддзя выйшла кніга “300 гадоў у Праваслаўі” протаіерэя Паўла Афонскага, прысвечаная гэтаму ж храму.

У новай, багата ілюстраванай кнізе, значнае месца адведзена цікавым старонкам гісторыі сабора, аддаецца пашана жыхарам Мінска, якія спрычыніліся да яго заснавання, духавенству, якое служыла тут на працягу чатырох стагоддзяў. У прыватнасці, асобныя артыкулы выдання прысвечаны заснавальнікам манастыра і сабора, першаму яго настаяцелю ігумену Паўлу Домжыву, а таксама асобе айца Паўла Афонскага, настаяцеля ў 1904–1917 гадах. З кнігі можна даведацца і пра жыццё храма ў часы ліхалецця Вялікай Айчыннай вайны, складаныя першыя пасляваенныя гады, калі рэпрэсіям з боку савецкай улады падвяргаліся не толькі святары, але і прыхаджане сабора.

У асобны раздзел кнігі ўвайшлі матэрыялы пра аднаўленне прыходскага жыцця, якое пачалося з 1992 года, пра рэстаўрацыю храма, падрабязна апісваецца рэстаўрацыя насценных роспісаў.

Не менш цікавая інфармацыя, змешчаная ў кнізе, звязана з сённяшнім жыццём прыхода. Так, сярод іншага, з кнігі можна даведацца пра прыходскія брацтвы, хоры, нядзельную школу, супольнасць прыхаджан “Кінавія”, выдавецтва сабора.

Акрамя таго, адметнасцю кнігі сталі ўспаміны прыхаджанаў сабора, у тым ліку, тых людзей, якія актыўна займаліся аднаўленнем храма ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Кнігу можна набыць у кніжнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора (Мінск, вул. Ракаўская, 4).
 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.