Жывапісны строй храма

На сённяшні час вядома існаванне пяці жывапісных слаёў сценапісу. Паасобку кожны слой альбо кожная карціна ці фрагмент жывапісу вызначанага перыяду, безумоўна, з'яўляюцца культурным здабыткам, іх трэба захоўваць – і ў гэтым асноўная задача рэстаўрацыі. Зробім кароткі агляд жывапісных старонак гісторыі храма.

Пад алейнымі і клея-мелавымі зафарбоўкамі, якімі былі пакрыты сцены і скляпенні храма пад час існавання архіва, быў выяўлены алейны роспіс, які датуецца 40-мі гадамі мінулага стагоддзя. Пад ім захаваліся фрагменты алейнага сценапісу пачатку ХХ ст., ніжэй – алейны роспіс ХІХ ст., далей – фрэскавы роспіс, які датуецца канцом ХVIІІ ст., яшчэ ніжэй выяўлены фрагменты першапачатковага жывапісу. Архiтэктурны дэкор iнтэр’еру, а дакладней, пiлястры з iанiчнымi капiтэлямi трэба аднесцi да рэканструкцыi храма перыяду класiцызма (1794-1795 гг.). Увядзенне ордэрных элементаў патрабавала пералiцоўкi тынкаванай, а часткова i мураванай паверхнi, што прывяло да значных страт папярэдняга жывапіснага слоя. У дакуменце «Донесение Виленского Свято-Духова монастыря игумена Азарии киевскому митрополиту Арсению Могилянскому с двумя при оном описаниями Минского Петропавловского монастыря…», датаваным 16 ліпеня 1766 года, які прыводзіць даследчык і гісторык Петра-Паўлаўскага сабора Р.Баравы, даецца апісанне царквы пасля вялікага пажару 1742 года: «…церковь большая мурованая и всё было внутри малиованная, но от пожару вся полушилась и покололась, зверху склепения полова часть выпала и разбила склепения имеющиеся под церковью…»  

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.