Метадалагічны прынцып рэстаўрацыі

Метадалагічны прынцып рэстаўрацыіСлова "рэстаўрацыя" лацінскага паходжання – "restauratio" азначае аднаўленне. Але аднаўленне разбуранага згодна з прынятымі айчыннымі і міжнароднымі правіламі і дакументамі не з’яўляецца мэтай рэстаўрацыі.

Калі глянуць на чатырохвекавую гісторыю Петра-Паўлаўскага сабора, то адразу ўзнікаюць пытанні: якому часу ці дакладней жывапісу якога часу аддаваць перавагу ў аднаўленні? ці магчыма аднавіць сценапіс ХVII ст., не знішчыўшы пры гэтым роспісы ХVІІІ-ХІХ стст.? Таму асноўная задача нашай групы – гэта кансервацыя. Як кансерватары мы працуем над даследваннем, фіксацыяй і захаваннем ўсіх гістарычных напластаванняў. Поўная ці часткова выкананая на паперы графічная рэканструкцыя страчаных фрагментаў і кампазіцыi – неабходная ўмова для наступных даследванняў, бо перш чым раскрыць выяву, трэба ведаць, што неабходна выявіць. Для гэтага трэба адчуць стыль і манеру аўтара, зразумець кампазіцыю пабудовы твора кожнага жывапіснага слоя. Пасля раскрыцця жывапіснай паверхні ад зафарбовак адкрываецца адзіная жывапісная карціна разбурэнняў, сплеценая з фрагментаў роспісаў розных часоў. Цяжка ўявіць у гэтым перапляценні каляровых плямаў выяву альбо кампазіцыю цалкам. Таму паўстала мастацка-этычная праблема кансервацыі і паказу шматслойнага сценапісу. Для гэтага ж неабходна арганізаваць прастору такім чынам, каб можна было адчуць культуру чатырох вякоў і не парушыць прыгажосці і ўрачыстасці храма, у якім штодзённа адбываюцца набажэнствы. Таму рэстаўратарамі быў сфармуляваны і абраны асноўны метадалагічны падыход да вядзення рэстаўрацыйных работ – кансервацыйная прафілактыка і транспазіцыя шматслойнага сценапісу як прынцып рэстаўрацыі.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.