Транспазіцыя шматслойнага сценапісу

У адрозненне ад станкавых карцін шматслойны манументальны роспіс немагчыма вынесці са сховішчаў, ён захоўваецца тут жа – адзін пад адным. Адначасова можна бачыць фрагменты некалькіх выяў.

Каб зразумець, што там намалявана, неабходна тлумачэнне альбо нейкі рэканструкцыйны ізвод, які наносіцца ў месцах стратаў па прафілактычнай укрыўцы. Выкананы акварэльнымі фарбамі малюнак-ізвод лёгка можна выдаліць і працягваць рэстаўрацыйныя работы. Ён звязвае асобныя фрагменты жывапісу і дазваляе праз іх убачыць выяву альбо кампазіцыю дамінуючага жывапіснага слоя цалкам. Адначасова можна ўбачыць фрагменты сценапісу іншых перыядаў. Такі метад кампазіцыйнай рэканструкцыі шматслойнага сценапісу можна назваць транспазiцыяй. Калі слова "экспазіцыя" тлумачыцца з лацінскай мовы – ex-positio – з-пазіцыі, са- становішча, то транспазіцыя адпаведна – trans-positiо – праз-пазiцыю, праз-становішча. Праз адну выяву мы бачым другую, трэцюю i г.д. У дадзеным выпадку рэстаўратар,як рэжысёр, праяўленым сярод шматслойных напластаванняў абрысам накіроўвае погляд на кампазіцыйны строй. Метад транспазіцыі быў выкарыстаны пры аднаўленні карціны “Шлюб у Кане Галілейскай” на паўночнай сцяне галоўнай навы. Унікальнасць гэтага роспісу ў тым, што ўсе запісы выконваліся на адзін сюжэт, але з рознымі кампазіцыямі. Ніводны слой цалкам не захаваўся. Па захаваных фрагментах была зроблена рэканструкцыя роспiсу 1871 года з паказам асобных фрагментаў папярэдніх і наступных слаёў.

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.