Уводзіны ў рэстаўрацыю

 Агульны выгляд скляпенняў цэнтральнай навы. Асноўнай задачай творчай май­стэрні «Басталія» пад кіраўніц­твам мастака-рэстаўратара Фёдара Сарокі з’яўляецца захаванне аўтэн­тычнасці і своеасаблівасці сабора як помніка культуры XVII–XX стагоддзяў. Больш за 50 гадоў сабор выкарыстоўваўся не па пры­значэнню, таму насценныя роспісы апынуліся пад шматлікімі алейнымі зафарбоўкамі і тынкоўкамі, значная iх частка пашкоджана ў выніку гаспадарчай дзейнасці часовых ула­дальнікаў. У выніку цалкам не захаваўся ніводны з выяўленых пяці жывапісных слаёў роспісаў. Але тое, што засталося, успрымаецца намі як жывы вобраз мінулых эпох, які адлюстроўвае і ажыўляе старонкі гісторыі. Таму рэстаўратары вырашылі паказаць увесь «жывапісны канон», каб праз яго адчувалася насычаная гіста­рычнасць храма. 

Роспісы сцен, размешчаныя на пло­шчы звыш 2000 м², аб’яд­ноў­ваюцца ў два мастацка-тэхнала­гічныя перыяды.

Агульны выгляд алтарнай часткі у час рэстаўрацыі. 1995 г.Фрэскавы перыяд прадстаў­ле­ны двума слаямі XVII і XVIIІ стагод­дзяў, аб’яднанымі тэхналогіяй вы­ка­нання. Традыцыйна фрэскавым роспісам называўся роспіс у тэх­ніцы сэкка-фрэска, калі спачатку па сырой тынкоўцы выконваўся асноўны роспіс (al fresko — сыры, італ.), а затым па сухому тынку рабілася прамалёўка фарбамі на клеі (al secco — сухі, італ.).

Першы слой — рэшткі роспісу XVII стагоддзя — знойдзены асоб­нымі невялікімі фрагментамі па ўсёй паверхні сцен. Агульная пло­шча захаванага роспісу каля 10 м², што складае 0,5% ад агульнай плошчы. На скляпеннях роспіс гэтага перыяду не захаваўся.

Другі слой — манументальны роспіс 1795 года (так званы «рагозавы» ці «екацярынінскі») — за­хаваўся на плошчы да 200-220 м² у асноўным на скляпеннях. Ён складае 10–12% ад агульнай плошчы. Аўтар-выка­наўца рос­пісу — жывапісец М. Лісоўскі. Па выяўленых фрагментах можна ўявіць кампазіцыйную пабудо­ву рос­пісаў скляпенняў цэн­траль­най навы. Менавіта тут захавалася большасць фрагментаў аўтэнты­чнага роспісу гэтага перыяду. У аздабленні расліннага арнаменту напісаны сюжэты «Палажэнне ў гроб», «Уваскрасенне з мёртвых» і «Гасподзь Бог Саваоф».

Ап. Матфей. Фрагмент роспісу пасля рэстаўрацыі.Алейны перыяд — гэта пласт жывапісных слаёў з роспісаў ХІХ — сярэдзіны ХХ стагоддзя, аб’яднаных у адзін тэхналагічны перыяд. Першы слой датуецца 1871 годам, калі ў інтэр’ерах храма з’яўляецца алейны роспіс акадэмічнай школы Бруні, выка­наны групай мастакоў пад кіраў­ніцтвам А. Лебедзева. Гэты роспіс больш захаваўся на сценах, што дазволіла ажыццявіць поўную рэканструкцыю карцінна-сюжэтнага рада на тэму «Зямное жыццё Іісуса Хрыста». У галоўнай наве, памiж пiлонамi, намаляваны шэсць кар­цiн-сюжэтаў. На паўночнай сцяне — «Цуд у Кане Галiлейскай», «Нагорная пропаведзь», «Здрада Іуды». На паўднёвай — «Нясенне крыжа», «Благаславенне дзяцей», «Насычэнне народа пяццю хлябамi i дзвюма рыбінамi». На пілонах ­выявы святых апосталаў — Фамы, Андрэя Першазванага, Паўла, ­Пятра, Іакава Зевядзеева, Філіпа.

Палажэнне ў гроб. Фрагмент роспісу. XVIII ст.Ап. Матфей. Алей. Пач. ХХ ст. Фрагмент роспісу да рэстаўрацыі.Другі слой — алейны роспіс 1914 года — мае памер звыш 1000 м², што складае каля 50% ад агульнай плошчы. Роспіс выкананы ў васняцоўскай манеры, распаўсюджанай пасля роспісаў В. Васняцовым і М. Несцеравым кіеўскага Уладзімірскага сабора. Роспіс фрагментарна захаваўся на сценах і скляпеннях у цэнтральнай і бакавых навах.

На сценах у карцінным поясе размешчаны тыя ж сюжэты, што і ў папярэднім роспісе 1871 года. Прычым, кожны з шасці сюжэтаў мае сваю кампазіцыйную адпаведнасць 1871 і 1914 гадам напісання. Праўда, верхні слой мы можам бачыць толькі ў невялікіх фрагментах альбо на графічнай рэкан­струкцыі.

Серафім. Фрагмент роспісу. Алей. Сярэдзіна ХХ ст.Унізе, пад фрызам, — выявы евангелістаў. Скляпенні распісаны традыцыйна для таго часу, без пры­вязкі да архітэктурнай формы: па ўсіх распалубках скляпенняў — карціна ружовага неба, на якім кампазіцыйна групуюцца выявы серафімаў і херувімаў. У цэнтры —васьміканцовая зорка з надпісам «СТЪ ГДЬ БГЪ САВАОФЪ». Аўтарства роспісаў гэтага часу невядома.

Трэці слой — алейны роспіс 1943 года, выкананы групай мастакоў пад кіраўніцтвам М. Гусева. Па сутнасці гэта панаўленне папярэдняга роспісу з некаторымі новымі дэкаратыўнымі элементамі. Гэты слой захаваўся фрагментамі па ўсёй плошчы. Трываласць і стан жывапісу нездавальняючыя.

Прафілактычныя работы скляпенняў паўночнай навы. 1998 г.Упершыню за гісторыю існа­ван­ня храма рэстаўратарамі сабраны і прааналізаваны ўсе захаваныя фрагменты роспісаў. Зро­блена фік­­сацыя раскрытага жывапісу і графічная рэканструкцыя страчанага. Частка рос­пісаў пасля правядзення неабходных тэхналагічных умаца­ван­няў закансервавана шмат­слой­ным пластом пад белай прафілактычнай укрыўкай, якая пры неабходнасці можа быць лёгка выдаленай. Сёння мы можам бачыць толькі фрагменты роспісаў, якія трапілі ў зандажы, аднак гэтага дастаткова, каб уявіць характар страчанага роспісу, адчуць яго фактуру. На белым полі арганічна размяшчаюцца храмавыя іконы.
Рэстаўрацыйныя работы з 1992 года выконвае творчая майстэрня «Баста­лія» ў складзе мастакоў-рэстаў­ра­та­раў Міколы Залатухі, Ігара Кныша, Івана Медзвядзёва, Алега Ха­дыкі, Алены Ахрамовіч, з удзелам мастакоў-рэстаўратараў Сяргея Дзе­нісенкі, Аляксандра Астравуха, Яў­гена Ляўданскага, Веры Рэшты, Аляксея Бэйды, Элеаноры Ляхновіч. Кіраўнік рэстаў­рацыі сценапісу мастак-рэстаўратар Фёдар Сарока. Навуковы кіраўнік аб’екта — архітэктар Аляксандр Кропатаў.

Акант. Фрагмент роспісу. XVIII ст.     Рагоз. Фрагмент роспісу. XVIII ст.

 

 

 

 

 

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.