Брацкі хор

Брацкі хор Хор Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў пачаў стварацца, фактычна, разам са стварэннем аргкамітэту Брацтва восенню 1991 года. Спачатку спявалі разам калядныя песні і беларускі рэлігійны гімн “Магутны Божа”. Потым па ініцыятыве братчыкаў аматары рэлігійных спеваў Брацтва (Міхась Арэшкаў, Анатоль Астапенка, Таццяна Матрунчык, Лідзія Кулажанка, Алена Анціпенка і іншыя) пасля нядзельнай літургіі пачалі развучваць беларускія рэлігійныя спевы і песнапенні праваслаўнага богаслужэння.  25 лютага 1992 г. Беларусь наведаў першаіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай Царквы са Злучаных Штатаў Амерыкі мітрапаліт Мікалай (Мацукевіч). Адбылася сустрэча з Брацтвам у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы. У літургіі, якую служылі ў дамовай царкве Мінскага Епархіяльнага Упраўлення, удзел прымалі і харысты Брацтва. Адразу пасля ўстаноўчага сходу Беларускага Праваслаўнага Брацтва Трох Віленскіх мучанікаў (так афіцыйна тады называлася Брацтва), які адбыўся 27 красавіка 1992, Брацкі хор атрымлівае паслушэнства на клірасе Св.Петра-Паўлаўскага сабора. Рэгентам хору становіцца Ларыса Густава. Пад яе кіраўніцтвам адбылося значнае ўзрастанне выканальніцкага ўзроўню хору. 5 мая 1992 г. на Радаўніцу адбылася паездка братчыкаў і Брацкага хору ў Жыровіцкі манастыр, а потым быў хрэсны ход на Святое поле каля в.Сталавічы Баранавіцкага раёна. На Святым полі была адпраўлена Пасхальная паніхіда ў памяць пахаваных на гэтым полі. К 1993 году хор дасягнуў дастаткова высокага мастацкага ўзроўню, колькасць удзельнікаў калектыву дасягнула 20-25 чалавек. 24 красавіка 1993 года хор Брацтва ўдзельнічаў у Пасхальнай вечарыне ў дзяржаўным рускім тэатры імя М. Горкага. Выконваліся праваслаўныя пасхальныя песнапенні. У траўні гэтага ж года хор прыняў удзел у ХІІІ Міжнародным Фестывалі Царкоўнай музыкі ў горадзе Гайнаўка (Польшча). Цікава, што Беларусь на фестывалі, акрамя брацкага хору, прадстаўлялі яшчэ толькі Дзяржаўны хор імя Р.Шырмы і лаўрэат многіх конкурсаў хор Дому культуры чыгуначнікаў з Брэста. У намінацыі “Прыхадскія хоры” хор Брацтва стаў дыпламантам. Галоўнай адметнасцю ў выступленні хору на фестывалі было выкананне беларускамоўных духоўных і народных спеваў. Важнай падзеяй брацкага жыцця стала перанясенне ў іконе часціцаў мошчаў мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія з Віленскага Свята-Духавага манастыра ў Мінскі Петра-Паўлаўскі сабор 24-26 ліпеня 1993 года. Пеўчыя брацкага хору ўдзельнічалі ў гэтым памятным паломніцтве. На адваротным шляху з Вільні ў Мінск адбыліся хрэсныя ходы і пакланенне веруючых іконе з часціцамі мошчаў у Ашмянах, у Ракаве. Былі адслужаны малебны з удзелам брацкага хору. Пасля размяшчэння іконы на пастаяннае месцазнаходжанне ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска, брацкі хор пачаў кожную сераду ў 17 гадзін служыць Малебен за беларускі народ з Акафістам Віленскім мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію. Гэтыя малебны па серадах адбываюцца і да цяперашняга часу. У 1993 – 1995 гадах хор зрабіўся сталым удзельнікам нядзельных літургій і ўсяночнага трывання па суботах і іншых днях ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы. Акрамя таго хору часта даводзілася ўдзельнічаць у разнастайных грамадскіх і культурных мерапрыемствах, якія пачыналіся альбо кароткім малебнам на беларускай мове, альбо ўрачыстымі рэлігійнымі спевамі. Часам гэта былі і жалобныя мерапрыемствы — адпяванні вядомых дзеячаў беларускай культуры. У 1996 годзе пачаўся складаны перыяд у дзейнасці хору, адбылася змена рэгентаў. Пэўны час хорам кіраваў Дзмітрый Кулакоў. Хор старанна выконваў сваё кліраснае паслушэнства, і гэта дало яму сілы вытрываць, не распасціся, а, глыбей асэнсаваўшы сваё прызначэнне, перайсці да чарговага этапу сваёй дзейнасці. Галіна АксянцюкНовае дыханне хор атрымаў пасля таго як на рэгенства хорам у 1997 годзе атрымала благаславенне сталая харыст брацкага хору Галіна Аксянцюк. Хор пад кіраўніцтвам новага рэгента працягнуў традыцыі развіцця і ўжывання беларускамоўных песнапенняў у службах Свята-Пятра-Паўлаўскага сабора. Па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з верасня 1997 года Малебен за Беларускі народ з Акафістам святым мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію Віленскім пачалі служыць на беларускай мове, а са студзеня 1999 года кожную суботу хор удзельнічае ў беларускамоўнай Бажэственнай Літургіі. 21-23 лістапада 1998 г. па запрашэнню таварыства міласэрнасці «ELEOS» адбылася паездка Брацкага хора на Беласточчыну. 21 лістапада адбылася сустрэча з прыхаджанамі вёскі Рыбалы, быў дадзены канцэрт і пазней адбылося вячэрняе богаслужэнне. 22 лістапада – літургія ў Супрасльскім манастыры з удзелам Брацкага і мясцовага хароў. Увечары таго ж дня адбыўся дабрачынны канцэрт у Беластоцкай Філармоніі, прысвечаны збору сродкаў для нямоглых і малазабяспечаных людзей. Канцэрт у філармоні складаўся з двух аддзяленняў: царкоўнай праваслаўнай песеннай творчасці і народных спеваў. І калі ў другой частцы не было нічога незвычайнага — Беласточчына добра ведае і шануе беларускія народныя спевы, то ў першай частцы фрагменты з беларускамоўнай літургіі і беларускіх праваслаўных кантаў у выкананні Брацкага хору было сапраўдным адкрыццём амаль для ўсіх прысутных. Унікальнасць і непаўторнасць выканання царкоўных спеваў хора была адзначана многімі слухачамі Беласточчыны, у тым ліку вядомым дзеячом Сусветнага Савету цэркваў у Польшчы Міраславам Матрэнчыкам, каардынатарам Беларускага дэмакратычнага аб’яднання беларускіх арганізацый у Польшчы Пятром Юшчуком і іншымі. 10 студзеня 1999 г. Брацкі хор удзельнічаў у штогоднім фестывалі Ражджэственскіх песнапенняў у Св.Еўфрасіннеўскай царкве прыхода “Усіх гаротных Радасць”. У маі 1999 года Брацкі хор запісаў кампакт-дыск “Радуймася, хрысціяне!”, куда увайшлі пасхальныя і ражджэственскія канты на беларускай мове, а таксама іншыя беларускія духоўныя і народныя песні. На дыску ў выкананні хора Брацтва гучаць запісы беларускіх духоўных спеваў, якія выконваліся раней, а ў некаторых храмах Беларусі выконваюцца і цяпер у якасці запрычасных песнапенняў альбо спяваюцца людзьмі пасля заканчэння царкоўнай службы. Тэксты і музыка большасці з гэтых песнапенняў народныя. Традыцыя выканання іх у царкве сведчыць пра глыбіню хрысціянскай сутнасці душы беларускага народа. Захаванню і развіццю гэтай традыцыі хор Брацтва надае вялікае значэнне. 8-18 чэрвеня 2002 г. адбылася паездка брацкага хору ў Швецыю па запрашэнню лютэранскіх прыходаў. Адбыліся выступленні і сустрэчы з прыхаджанамі ў Смёгене, Кунтсхамме, Осо, Ходгедзе, Гётэборгу, а таксама ў Доме для састрарэлых і ў агульнаадукацыйнай школе. Выконваліся праваслаўныя богаслужбовыя песнапенні, канты, народныя песні. З удзелам хору была адслужана літургія ў праваслаўным прыходзе г. Гётэборга. 20 чэрвеня 2004 г. адбылася першая Літургія ў Брацкім доме “Кінанія”. Служыў Літургію а. Юрый Залоска. 16-18 снежня 2004 г. адбылася паездка брацкага хора ў Бельск–Падляшскі (Польшча) для ўдзелу ў святкаванні 60-годдзя Беларускага ліцэя і памяці прот. Канстанціна Байкі. 17 снежня раніцай брацкі хор спяваў на Літургіі ў Свята-Міхайлаўскай царкве г.Бельска. У 16 гадзін пачалася вечарына, прысвечаная памяці а. Канстанціна Байкі, прымеркаваная да 60-годдзя ліцэя. Напрыканцы вечарыны адбыўся канцэрт брацкага хора. Хор праспяваў літургічныя песнапенні на беларускай мове, а таксама духоўныя народныя спевы. 18 снежня адбылася паездка ў в. Курашава (недалёка ад Бельска), дзе некалі служыў архім. Серафім (Шахмуць), тут мясцовым святаром а.Мікалаем быў адслужаны малебен свмч. Серафіму, архім. Жыровіцкаму, з удзелам брацкага хора. 2 ліпеня 2006 г. ў дамовай царкве Дома міжцаркоўных зносін “Кінанія” адбылося ўшанаванне Сабора Беларускіх Святых. Святочную Літургію служыў апякун Брацтва, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага сабора протаіерэй Георгій Латушка і Брацкі хор. 17 студзеня 2007 г. Брацкі хор пад кіраўніцтвам Галіны Аксянцюк здзейсніў віншавальны аб’езд з “Калядкамі” інвалідаў на даму. Адзінокія і нямоглыя, яны былі вельмі ўдзячныя і расчуленыя такой увагай. Адным з ганаровых абавязкаў хору з’яўляецца ўдзел у штогадовых паніхідах прысвечаных памяці Ларысы Геніюш (25 траўня), Максіма Багдановіча (7 красавіка) і іншым дзеячам беларускай культуры. Брацкі хор на святочнай ранішняй літургііНа здымку Брацкі хор на святочнай ранішняй літургіі (7.00) ў Ражджаство Хрыстова 7 студзеня 2006 г. Верхні рад: Святлана Братухіна, Ірына Жарава, Лілія Галачкіна, Васіль Новік, Анатоль Астапенка; ніжні рад: Лідзія Кулажанка, Таццяна Трусава, Вольга Папова, Алена Замтарадзе, Таццяна Градкова. На жаль, тут адсутнічаюць: ініцыятар стварэння хору Таццяна Матрунчык; самы малодшы ўдзельнік хору Леанід Ганчароў (робіць здымак) (у 1992 г. — годзе ягонага прыходу ў хор яму было 15 год); самы старэйшы ўдзельнік хору — Ала Паўлаўна Піскунова, якой нядаўна споўнілася 80 год; і лепшы бас хору, выпускнік Акадэміі музыкі Арсень Замтарадзе, які быў на калядных гастролях у Нямеччыне. Галіна Аксянцюк кіруе хорам і здымак гэтай дзеі можна ўбачыць вышэй. 21 лістапада 2007 года Брацкі хор прымаў удзел у адкрыцці аўтарскай фотавыстаўкі “Праваслаўныя храмы Літвы” іерэя Алега Штэльмана з Клайпеды. Выстаўка была арганізавана ў будынку пасольства Літоўскай Рэспублікі ў РБ. У лістападзе 2007 года да рэгенцкага кіравання Брацкім хорам быў запрошаны Аляксей Клімовіч. Будучы ўдзельнікам Дзяржаўнага хору Белтэлерадыёкампаніі, Аляксей меў на той час немалы вопыт спеву ў царкоўных хорах, але да рэгенцтва прыступіў упершыню. І трэба адзначыць, што гэтая спроба аказалася паспяховай. Аляксей праявіў сябе працавітым, адказным, патрабавальным, але разам з тым вельмі цярплівым і стрыманым кіраўніком хору. Паміж рэгентам і пеўчымі адразу ўзніклі адносіны шчырай узаемапавагі, якая з цягам часу толькі ўзрастае. 27 лістапада 2007 года ў час падпісання Дакумента міжхрысціянскай стратэгіі па праблеме ВІЧ/СНІДу з удзелам кіраўнікоў хрысціянскіх канфесій у Беларусі Брацкі хор выканаў шэраг духоўных песнапенняў на беларускай мове, што надало акту падпісання асаблівую ўрачыстасць. 24 кастрычніка 2008 года ў Беластоку адбылася прэзентацыя 2-га выдання богаслужэбнага «Свяшчэннага Евангелля» на беларускай мове. Прэзентацыя праводзілася ў межах вечарыны беларускай культуры, арганізаванай пры падтрымцы Генеральнага Консула РБ у Беластоку ў цэнтры праваслаўнай культуры. У праграме вечарыны адбылося выступленне хора Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў з літургічнымі і кантавымі спевамі на беларускай мове. На наступны дзень 25 кастрычніка ў Свята-Георгіеўскім храме Беластока па благаславенню Архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Іакава ўпершыню была адслужана на беларускай мове Вячэрня з Акафістам Віленскім мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію з удзелам Брацкага хора. Трэба адзначыць, што ў гэтым прыходзе асабліва шануюць святых Віленскіх мучанікаў. Некалькі гадоў таму ў храме заміраточыла ікона Віленскіх мучанікаў. Пасля гэтага па просьбе веруючых сюды былі перададзены часціцы мошчаў Віленскіх мучанікаў з Віленскага Свята-Духава манастыра. Пасля багаслужэння некаторыя веруючыя падыходзілі да хора і выказвалі шчырую ўдзячнасць за магчымасць пачуць малітву на роднай мове. У нядзелю 26 кастрычніка Брацкі хор удзельнічаў у Бажэственнай літургіі ў дзень 100-годдзя Свята-Мікалаеўскага храма вёскі Міхалова Беластоцкай епархіі. У мясапусную нядзелю 22 лютага 2009 года Брацкі хор удзельнічаў у Бажэственнай Літургіі ў храме ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы в. Тарасава і, па благаславенню настаяцеля, некаторыя песнапенні выканаў па-беларуску. Для Тарасаўскага прыхода гэта было ўпершыню. Пасля ўрачыстай Літургіі была адслужана паніхіда ў памяць дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага. Затым хор Брацтва выступіў перад прыхаджанамі Тарасаўскага храма з літургічнымі песнапенннямі на беларускай мове. Прыхаджане былі вельмі задаволены. Трэба адзначыць, што гэта стала ўжо штогадовай традыцыяй: удзел Брацкага хору ў Бажэственнай літургіі ў прыходзе в. Тарасава, звычайна ў суботу ці нядзелю, бліжэйшую да 26 лютага (дня памяці дбрв. кн. Канстанціна Астрожскага), пасля чаго пачынаюцца традыцыйныя Астрожскія чытанні. 24 жніўня 2010 года ў дзень памяці прп. Фёдара Астрожскага, літургію ў дамовай царкве дома “Кінанія” ўзначаліў Праасвяшчэнны Веніямін, епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі, у саслужэнні святароў Петра-Паўлаўскага сабора Мінска. Брацкі хор прымаў удзел у гэтым архіерэйскім богаслужэнні, многія часткі якога былі выкананы па-беларуску. У сваім прывітальным слове да братчыкаў праасвяшчэнны Веніямін адзначыў, што ўпершыню яму давялося служыць па-беларуску, але малітоўны ўздым і натхнёнасць службы пры гэтым не зменшыліся. Хору Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў неўзабаве споўніцца 20 гадоў. На працягу ўсяго гэтага часу хор — нязменны ўдзельнік шматлікіх богаслужэнняў у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы. Ён паспяхова ажыццяўляе мэты спеўнай дзейнасці хора — адраджэнне беларускай літургічнай традыцыі мінулых стагоддзяў: увядзенне ў сучасны царкоўны ўжытак старажытных богаслужбовых распеваў. Несумненным з’яўляецца тое, што дзейнасць Брацкага хору — гэта істотны ўнёсак у развіццё праваслаўных царкоўных спеваў у Беларусі ў ХХІ стагоддзі.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.