У саборы прайшло абмеркаванне выкарыстання роднай мовы ў Царкве

У саборы прайшло абмеркаванне выкарыстання роднай мовы ў Царкве14 сакавіка 2013 года ў прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора адбылася прэзентацыя новых праваслаўных выданняў на беларускай мове і абмеркаванне пытанняў выкарыстання роднай мовы ў Беларускай Праваслаўнай Царкве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі выдавецтва Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, члены Біблейскай камісіі па перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, святары, журналісты.

У саборы прайшло абмеркаванне выкарыстання роднай мовы ў Царкве

Сёння беларускую мову можна пачуць у шэрагу праваслаўных храмах нашай краіны. Яна паўнавартасна выкарыстоўваецца ў пропаведзях і ў богаслужэннях, пад час Таінстваў Хрышчэння і Вянчання. Для стварэння неабходных умоў па пашырэнню роднай мовы ў праваслаўных храмах спатрэбілася два дзесяцігоддзі, а таксама падрыхтоўка і выданне адпаведнай богаслужбовай, рэлігійна-асветніцкай літаратуры. Яе прэзентацыя, гэтаксама як і абмеркаванне пытанняў запатрабаванасці выкарыстання беларускай мовы ў Праваслаўнай Царкве адбылася днямі ў прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўсага сабора ў Мінску з удзелам святароў, навукоўцаў, выдаўцоў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Як адзначыў пад час прэзентацыі намеснік старшыні Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, галоўны рэдактар выдавецтва Свята-Петра-Паўлаўскага сабора протаіерэй Георгій Латушка цяпер богаслужэнні на беларускай мове адбываюцца не толькі ў сталічным Свята-Петра-Паўлаўскім саборы, але і ў іншых праваслаўных цэрквах па ўсёй Беларусі — у Мінску, Гродне, Івянцы ды іншых населеных пунктах. Пры гэтым пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў жыццядзейнасці Царквы адбываецца паступова, крок за крокам. У прыватнасці, родная мова стала больш актыўна выкарыстоўвацца ў пропаведзях. На працягу апошніх гадоў значна ўзрос попыт на беларускамоўныя рэлігійныя выданні, што выйшлі ў свет у выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага сабора пры ўдзеле Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў. Намеснік старшыні Біблейскай камісіі БПЦ адзначыў найбольш важныя выданні. Гэта “Праваслаўны малітваслоў” для прыхаджанаў і святароў, а таксама богаслужбовае “Свяшчэннае Евангелле”, якое выкарыстоўваецца ў многіх храмах краіны.

Да слова, ужо пабачыла свет другое выданне беларускамоўнага “Праваслаўнага малітваслова”. Як адзначыў яго перакладчык, протаіерэй Сергій Гардун, усе асноўныя малітвы, што былі складзены ў свой час на грэчаскай мове, перакладаліся менавіта з арыгінала, а не з царкоўнаславянскай мовы. Акрамя таго, адметнасцю другога выдання стала ўключэнне ў кнігу трох канонаў, якія звычайна чытаюцца вернікамі перад Прычасцем і якія раней не былі даступныя на беларускай мове. У будучым плануецца пашырыць беларускамоўны малітваслоў за кошт шэрагу малітваў, запатрабаваных вернікамі.

У сваім выступленні айцец Сергій зрабіў невялікі гістарычны экскурс. Так, па яго словах, яшчэ ў савецкі час беларуская мова арганічна прысутнічала ў праваслаўным храме. Справа ў тым, што ў 1960-1970 гады ў Беларусі было дастаткова шмат святароў, якія не маглі красамоўна прамаўляць на рускай мове і карысталіся мясцовай гаворкай. І хоць у той неспрыяльны для Царквы час немагчыма было праводзіць богаслужэнні па-беларуску з-за адсутнасці перакладу неабходных тэкстаў, але пропаведзі нярэдка чыталіся менавіта на беларускай мове. Сведчаннем такой тэндэнцыі айцец Сергій назваў выпадак з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім з Вішнева, якога дакаралі за выкарыстанне ў сваёй дзейнасці беларускай мовы, якую каталіцкія вернікі лічылі ўласцівай выключна Праваслаўнай Царкве.

У сваю чаргу, сакратар Біблейскай камісіі БПЦ, доктар філалагічных навук, прафесар БДУ Іван Чарота нагадаў, што першы склад Біблейскай камісіі БПЦ, які налічваў больш за 20 чалавек, быў сабраны яшчэ ў 1989 годзе па ініцыятыве Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Вучоны звярнуў увагу, што камісія стваралася адкрыта — Царква звярнулася тады да ўсёй навуковай і багаслоўскай грамадскасці. Аднак, на яго думку, першыя крокі ў гэтым напрамку былі не самымі простымі, таму што адбывалася выпрацоўка прынцыпаў перакладу, узгадненне супярэчлівых, а часам супрацьлеглых, пазіцый перакладчыкаў. Вынікам працы першага складу Біблейскай камісіі стала выданне ў 1991 годзе Святога Евангелля паводле Матфея з паралельнымі тэкстамі на чатырох мовах. Пасля гэтага дзейнасць камісіі спынілася. І толькі ў 1994 годзе, зноў па ініцыятыве мітрапаліта Філарэта, быў сфарміраваны новы склад камісіі, які працуе ўжо каля 18 гадоў. За гэты час былі перакладзены ўсе Евангеллі, а таксама Дзеянні апосталаў, Саборныя Пасланні і частка Пасланняў апостала Паўла: да Рымлян, да 1-е і 2-е да Карынфян, да Галатаў, да Эфесян, да Філіпійцаў. Іван Чарота падкрэсліў, што з самага пачатку працы была прынята ўстаноўка на якасць працы, а не на хуткасць. Пры гэтым ён дадаў, што перакладчыкі крытычна ставяцца да сваёй працы і ўносяць сотні правак у свае ранейшыя пераклады.

Усе напрацоўкі апошніх гадоў — у галіне перакладу, выдання біблейскіх і богаслужбовых тэкстаў на беларускай мове, а таксама практычнае іх выкарыстанне — разбураюць меркаванне пра тое, што Беларуская Праваслаўная Царква нібыта зусім не выкарыстоўвае беларускую мову ў царкоўнай практыцы. "Самае галоўнае — пераадолець той стэрэатып, які замацаваўся ў СМІ, а таксама ў свядомасці шырокай грамадскасці, аб тым, што Беларуская Праваслаўная Царква нібыта не прымае беларускую мову і ўсё звязанае з ёю", — падкрэсліў Іван Чарота.

Ёсць нямала святароў, якім даводзіцца па просьбе вернікаў хрысціць, вянчаць ды здзяйсняць іншыя Таінствы і абрады на беларускай мове. Па гэтай прычыне ў духавенства нават узнікла патрэба ў выданні беларускага трэбніка з разнастайнымі чынапаследаваннямі: асвячэння жылля, і г.д. У той жа час удзельнікі мерапрыемства звярнулі ўвагу, што далейшае пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў царкоўным жыцці залежыць менавіта ад вернікаў. Калі з іх боку будуць выказвацца адпаведныя просьбы, то Царква гатова станоўча падтрымаць і задаволіць гэтыя просьбы. У прыватнасці, святар з Гродзенскай епархіі, іерэй Ігар Данільчык паведаміў, што богаслужэнні на беларускай мове рэгулярна адбываюцца ў некалькіх храмах Гродна, у тым ліку, старажытнай Каложскай царкве, а таксама ў Зэльве, Шчучыне, Ваўкавыску, а беларускамоўная царкоўная літаратура выпускаецца не толькі ў Мінску. Напрыклад, у Гродне на беларускай мове былі надрукаваны ўжо два выданні пропаведзяў архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, а таксама невялікі службоўнік з Літургіяй святога Іаана Залатавуста. На абласным тэлебачанні дэманструюцца перадачы з пропаведзямі на роднай мове. Пры гэтым айцец Ігар Данільчык адзначыў, што часам знаёмыя выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэта пытаюцца ў яго: “Калі ўжо вы пачняце служыць па-беларуску?” Тады святару даводзіцца ў адказ пытацца: “Мы то служым, але чаму вы не ўдзельнічаеце?” Аказваецца, крытыкі часта нават не падазраюць пра існаванне беларускіх службаў, малебнаў і выданняў, а самае галоўнае — не наведваюць багаслужэнняў.

Выкарыстоўваецца родная мова і ў асобных храмах Мінскай епархіі. Яскравы прыклад — царква ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы. Па словах настаяцеля храма, протаіерэя Віктара Перагудава, пачынаючы з 90-х гадоў у прыходзе вельмі арганічна гучыць родная мова. Акрамя таго, навучанне першага класа нядзельнай школы адбываецца па-беларуску, гэтаксама як і маладзёжны хор выконвае царкоўныя спевы на роднай мове.
Па словах протаіерэя Сергія Гардуна, абавязак Царквы даць вернікам кнігі на іх роднай мове. Сёння, на думку ўдзельнікаў прэзентацыі, вельмі актуальна выдаваць кнігі на беларускай мове асветніцкага, катэхізатарскага зместу, патрабуецца пераклад тайных малітваў, якія чытаюцца святарамі пад час літургіі. Акрамя таго, як адзначыў клірык Свята-Петра-Паўлаўскага сабора іерэй Юрый Залоска, патрабуе дапрацоўкі тэксты Таінства Хрышчэння, чынапаследаванняў малебна і паніхіды, чакае вырашэнне праблема варыятыўнасці выкарыстання некаторых рэлігійных тэрмінаў у богаслужэбнай літаратуры.

У сваю чаргу, як паведаміла супрацоўніца выдавецтва Петра-Паўлаўскага сабора, кандыдат гістарычных навук Лідзія Кулажанка, ужо падрыхтаваны да выхаду ў свет даведнік для паломнікаў "Святыні Беларусі". Гэтая кніга павінна выйсці ў гэтым годзе і раскажа чытачам пра асноўныя месцы паломніцтва праваслаўных вернікаў у Беларусі. Акрамя таго, у планах — выданне царкоўнаславянска-беларускага слоўніка, а магчыма і тлумачальнага рэлігійнага слоўніка на беларускай мове. "Цяпер рыхтуюцца да выдання Саборныя Пасланні. Плануецца выдаць іх асобнай кнігай. Гэта будзе кніга 6-я серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”. Усяго ў гэтай серыі будзе выдадзена дзевяць кніг з паралельнымі тэкстамі на чатырох мовах: грэчаскай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай”, — адзначыла прадстаўнік брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.

Пад заканчэнне мерапрыемства інак Мікалай (Бембель), насельнік Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, прадставіў увазе удзельнікаў апошнія выданні “Жыровіцкага лістка”, галоўным рэдактарам якога ён з’яўляецца больш за дзесяць гадоў. Гэта выданне ўздымае вельмі актуальныя праблемы нашай рэчаіснасці, вытокі якіх палягаюць у духоўнай сферы.
 

Кастусь АНТАНОВІЧ

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.