Спачыў у Госпадзе протаіерэй Пётр Латушка

Спачыў у Госпадзе протаіерэй Пётр Латушка23 лютага 2014 г. у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска адбылося адпяванне аднаго са старэйшых клірыкаў Беларускай Праваслаўнай Царквы – протаіерэя Пятра Латушкі. Чын адпявання ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Коржыч, адказны сакратар Упраўляючага справамі Беларускага Экзархата архімандрыт Антоній (Даронін), ключар Свята-Духава кафедральнага сабора протаіерэй Георгій Дзічкоўскі, благачынны Рэчыцкай акругі і настаяцель Свята-Успенскага сабора ў Рэчыцы протаіерэй Аляксій Пешко, настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага храма ў г. Мінску протаіерэй Сергій Куракевіч, клірыкі прыходаў Мінскай епархіі, а таксама сыны спачылага – архімандрыт Нікіта, настаяцель Свята-Троіцкага храма ў г. Усевалажск Выбаргскай епархіі РПЦ, протаіерэй Георгій, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў г. Мінску, протаіерэй Павел, настаяцель храма ў гонар іконы Божае Маці “Сысканне загінулых” Мінска.

Спачыў у Госпадзе протаіерэй Пётр Латушка

Перад пачаткам адпявання Мітрапаліт Павел звярнуўся да прысутных з праніклівым архіпастырскім словам, у якім выказаў спачуванне сваякам і духоўным дзецям спачылага, а таксама заклікаў усіх маліцца за спачын душы памерлага протаіерэя Пятра. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, у прыватнасці, сказаў: “Смерць – гэта натуральная рыса, якая абмяжоўвае жыццё кожнага чалавека. Аднак мы заўсёды з болем праводзім тых, хто адыходзіць ад нас за гэтую рысу. Жыццё айца Пятра было цалкам прысвечана служэнню Богу і людзям. Многія свяшчэннаслужыцелі і простыя жыхары горада Рэчыцы і раёна лічаць яго сваім духоўным настаўнікам. Дай Бог, каб шчодра пасеянае ім насенне веры, надзеі і любові прынесла свой духоўны плён стокроць. Гасподзь няхай упакоіць новаспачылага протаіерэя Пятра ў паселішчах з праведнымі. Вечная яму памяць”.

протаіерэй Пётр Латушка
 

Пасля спеву кандака “Са святымі ўпакой” абвешчана спачуванне Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта. “Айцец Пётр быў чалавекам, з якім нас злучала даўняя сувязь малітвы і сяброўскай узаемадапамогі. Гэта быў свяшчэннік, які, сапраўды яўляе славу Беларускай Праваслаўнай Царквы. Маючы глыбокую духоўную мудрасць, ён не баяўся бескампрамісна адстойваць праўду Божую ў часы богазабыцця. У свой час айцец Пётр быў вучнем іншага выдатнага сына зямлі Беларускай протапрасвітара Віталія Баравога. Гэта людзі, парада і малітоўная падтрымка якіх заўсёды дапамагалі ўмацоўваць трываласць царкоўнага карабля.

Айцец Пётр сам гатовы быў ісці за Хрыста на пакуты і таму меў тонкае разуменне ўсякай смуткуючай душы. Ён любіў Царкву і не абмяжоўваў свайго сэрца межамі сваёй абшчыны. Выхаваўшы ў веры траіх сыноў, якія цяпер здзяйсняюць сваё служэнне ў свяшчэнным сане, ён меў такое ж бацькоўскае стаўленне да сотняў простых людзей, выгадаваных яго малітвай і любоўю ў меру ўзросту Хрыстовага.

Веру, што душа яго ў дабры спачываць будзе, што яго малітоўная праца працягнецца каля прастола Божага і што спадчыннікі яго духоўных дараванняў прынясуць багатыя плады ў славу святога Праваслаўя.

“Блажэнны шлях, па якім пойдзеш ты, душа, бо прыгатавана табе месца ўпакаення!” Вечная памяць новаспачыламу протаіерэю Пятру”, – гаворыцца ў спачуванні Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Філарэта.

Па заканчэнні канона да веруючых звярнуўся протаіерэй Георгій Латушка, які расказаў пра свайго бацьку.

Протаіерэй Мікалай Багдановіч, які 10 гадоў служыў пад пастырскім кіраваннем айца Пятра, успамінае, што гэта быў чалавек гарачай веры і напружанай мэтанакіраванасці, міралюбны пастыр, самаадданы і ахвярны служыцель прастола Гасподняга.

Упакой, Госпадзі, душу спачылага раба Твайго.

протаіерэй Пётр Латушка

протаіерэй Пётр Латушка

Пратаіерэй Пётр ЛАТУШКА

Нарадзіўся 13 верасня 1930 г. у вёсцы Слабада Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю і Ленінградскую духоўную акадэмію. У 1951 г. быў прызначаны ў Свята-Троіцкі прыход гарадскога пасёлка Лоеў, у 1961 г. пераведзены ў г. Рэчыцу – у Свята-Успенскі прыход. У канцы 1970-х гадоў арганізаваў будаўніцтва Свята-Успенскага мураванага храма замест старога драўлянага, за што паводле патрабавання ўлад быў пераведзены ў Шклоў, дзе служыў на працягу года.

У 1981 Маскоўскай Патрыярхіяй накіраваны для святарскага паслушання ў ЗША, быў настаяцелем храма Усіх Святых зямлі Расійскай (Пайн Буш, штат Нью Джэрсі, ЗША). У 1985 г. вярнуўся ў Беларусь, служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы ў Гомелі, благачынным Гомельскай царкоўнай акругі. У сакавіку 1987 г. айцец Пётр вярнуўся ў Рэчыцу, быў прызначаны настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы, дзе працягваў сваё служэнне да 2009 года.

З асабістым удзелам айца Пятра, пры яго маральнай і матэрыяльнай падтрымцы і за кошт ахвяраванняў прыхода пабудаваны храмы ў вёсках Азершчына, Коззе, Каравацічы, Ровенская Слабада, праведзены рамонт цэркваў у Заспе, Бабічах, Бронным, Холмечы, Новым Барсуку. Айцец Пётр – адзін з ініцыятараў вяртання вернікам Свята-Успенскага сабора Рэчыцы ў 1990-я г.

Мае шматлікія ўзнагароды Рускай Праваслаўнай Царквы.

Званне “Ганаровы грамадзянін Рэчыцкага раёна” прысвоена ў 2007 г. за плённую дзейнасць па кансалідацыі грамадства вакол духоўна-маральных каштоўнасцей і вялікую дабрачынную працу.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.