Aраторыя «Страсці паводле Матфея» ў Мінску

DSC_2035 (5)Сёлета спаўняецца 10 гадоў з дня першага выканання араторыі «Страсці паводле Матфея» на музыку мітрапаліта Іларыёна (Алфеева). Гэты твор сродкамі класічнага мастацтва адкрывае сучаснаму чалавеку гісторыю апошніх зямных дзён Іісуса Хрыста.  Па благаславенні Мітрапаліта Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў апошнія дні Вялікага посту выкананне гэтага твора пры поўным аншлагу адбылося ў сталіцы нашай краіны – у актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі пры падтрымцы Петра-Паўлаўскага сабора.

Ідэю арганізатараў мерапрыемства – Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла і Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у г. Мінску – падтрымаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Маштабнасці выканання музычнага твора дадалі і іншыя ўдзельнікі – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы і мітрапалічы хор мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора.

Тэкст Евангелля ў перакладзе на беларускую мову прачытаў дыктар беларускага радыё, артыст Алег Вінярскі, што надала араторыі асаблівае гучанне. Важна падкрэсліць, што беларуская мова арганічна ўспрымалася поруч з царкоўнаславянскай, на якой спявалі хор і салісты, ды ўзмацняла ўражанне ад евангельскага тэксту.

Многія з запрошаных гасцей мерапрыемства, сярод якіх было вельмі шмат як ўцаркоўленых гасцей, так і свецкай публікі, адзначылі ўдалае спалучэнне ў «Страсцях паводле Матфея» мітрапаліта Іларыёна заходняй традыцыі і праваслаўнай богаслужбовай творчасці – выдатны прыклад выяўленага музычнымі сродкамі хрысціянскага універсалізму, адзінства агульнахрысціянскай культуры. Тым самым мітрапаліт Іларыён паказаў, што не толькі рок-асяроддзе або моладзевая субкультура – прастора сучаснага місіянерства. Сёння ім можа быць і высокая культура.

Згадаем словы аўтара араторыі, агучаныя ім перад першым выкананнем музычнага твора. “Услухоўваючыся ў аповяд евангеліста Матфея пра пакуты, крыжовую смерць і ўваскрэсенне Госпада Іісуса, падзякуем Бога за тое, што Ён стаў адзінокім, каб не былі адзінокімі мы, быў пакінуты, каб мы не былі пакінутыя, прайшоў праз абразы і знявагі, паклёп і прыніжэнне, пакуты і смерць, каб ва ўсякай пакуце мы адчувалі, што мы не адны, але што Сам Спасіцель з намі да сканчэння веку”.

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.