8 чэрвеня адбылося адпяванне беларускага філосафа, навуковага дзеяча і асветніка Уладзіміра Конана

Паніхіда па Уладзіміру Конану8 чэрвеня 2011 года ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы адбылося адпяванне вядомага беларускага філосафа, навуковага дзеяча і асветніка Уладзіміра Конана. Заўпакойны пахавальны чын на беларускай мове адслужыў святар Юрый Залоска, які затым звярнуўся да прысутных з пастырскім словам .

У малебне за ўпакаенне душы новаспачылага Уладзіміра Конана ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай новуковай і творчай інтэлігенцыі, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, духавенства. Па заканчэнні малебна некаторыя з прысутных не маглі не падзяліцца сваімі думкамі і ўспамінамі пра Уладзіміра Конана як дзеяча нацыянальнага і культурнага адраджэння:

Інак Мікалай (Бембель): "Сёння я развітваюся не толькі са сваім хросным бацькам, дзякуючы якому некалі на кватэры святара Георгія Латушкі я прыняў Святое Хрышчэнне. Але ўсе мы развітваемся з патрыярхам беларускай эстэтыкі, якім з'явіўся Уладзімір Конан."

Уладзімір Някляеў: "Уладзімір Конан з тых
людзей, пра якіх можна сказаць, што колькі б яны ні пражылі, яшчэ
большыя здзяйсненні – наперадзе. Таму верыцца, што і там, куды ён
перайшоў, ён будзе працягваць займацца галоўнай сваёй справай – ратаваць
Беларусь."

Валянцін Акудовіч: "Адышоў слынны беларускі
мысляр, які аднавіў пераемнасць беларускага дыскурсу. Гэты пераход
Уладзіміра Конана з зямнога ў нябеснае адбыўся амаль незаўважна, бо ён і
тут жыў найбольш жыццём духоўным, мала зважаючы на цялеснае."

Ігар Бабкоў: "Можна назваць эпохаю Уладзіміра
Конана 1980-90-я гады, калі распачыналіся і ажыццяўляліся самыя
неймаверныя творчыя задумы. І сёння ён, які быў натхняльнікам і
ўдзельнікам тых многіх здзяйсненняў, зноў сабраў нас разам, зноў паяднаў
нас."

Уладзімір Конан, паніхіда

 

Уладзімір Арлоў: "Часам мне здавалася, што ён
святы. І гэта пацвердзіў такі выпадак. Аднойчы мы прагульваліся па
Серабранкаўскім сцяжынам, і ён сказаў: "Хочаш, я пакажу табе куніцу?" Я
здзівіўся, бо куніца – гэта звярок, які не паддаецца прыручэнню. А ён
дастаў з кішэні сухарык, раптам з зараснікаў да яго выбегла куніца, і ён
карміў яе."

Ніна Загорская: "Адно з многіх служэнняў, якія
здзяйсняў Уладзімір Конан, гэта гэта яго братэрскае служэнне: ён для
ўсіх нас быў братам. І сёння мы звяртаемся да яго як да брата, як да
роднага: Малі Бога за нас!"

Леанід Дранько-Майсюк: "Памятаю, як у час
адной з нашых размоў, Уладзімір прамовіў: "Мне заўсёды хочацца прадмет,
які знаходзіцца на краю стала, перасунуць у сярэдзіну, каб надаць яму
большую ўстойлівасць". І вось гэта запавет Уладзіміра Конана для ўсіх
нас: надаць нашай беларушчыне ўстойлівасць!"

Мікола Матрунчык: "Уладзімір Конан быў адным з
тых, хто спрыяў стнаўленню нашага беларускага праваслаўнага брацтва.
Але ён сваёй дзейнасцю спрыяў і развіццю рэлігійнай думкі Беларусі.
Сапраўды, яго жыццё было выразным сведчаннем таго, што сіла Божая ў
немачы здзяйсняецца: так, гэты кволы на выгляд чалавек здолеў закласці
трывалы духоўны падмурак сучаснай беларускай філасофскай школы".

Аляксей Марачкін: "У свой час ён шмат пацярпеў несправядліваці
ад кіраўніцтва. Калі ж яму прапаноўвалі напісаць нешта ў сваю абарону,
ён прамаўляў: "Марная трата часу, ёсць справы значна прыярытэтнейшыя".
Сапраўды, колькі ж часу мы аддаём марнаму замест таго, каб займацца
найважнейшым!"

 

Уладзімір Конан
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.