Група братчыкаў наведала Бельск-Падляшскі

Група братчыкаў наведала Бельск-ПадляшскіДнямі група братчыкаў з Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія наведала горад Бельск-Падляшскі, цэнтр павета ў Падляшскім ваяводстве Польшчы.

Братчыкі прынялі ўдзел у прэзентацыі кнігі Людмілы Антыховіч-Валынец “Антыховічы з Бельска Падляшскага”, якая адбылася ў памяшканні Бельскага беларускага ліцэя імя Б. Тарашкевіча. Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў мае даўнія сувязі з тамтэйшымі беларусамі. Братчыкі неаднойчы прысутнічалі на богаслужэннях у бельскіх храмах, наведвалі Беларускі ліцэй, музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, гасцілі ва ўтульным доме спадарства Фіёнікаў.

Ад Мінска да Бельска

Паездка туды была арганізавана нездарма. Як вядома, беларусы складаюць адну з галоўных нацыянальных груп, што спрадвеку жывуць у Бельску-Падляшскім. У шэрагу школ і гімназій Бельска сотні дзяцей як дадатковы прадмет вывучаюць беларускую мову. Акрамя таго, у горадзе дзейнічае Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова з’яўляецца абавязковым прадметам.

Бельск-Падляшскі – адзiн з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Тут штогод адбываюцца фестывалі беларускай бардаўскай песні, фальклорныя фестывалі, дзейнічаюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы. Літаратары Бельска пішуць і выдаюць свае кнігі на беларускай мове, а таксама на мясцовым паляшуцкім дыялекце. А своеасаблівым цэнтрам і адметнай культурнай “фішкай” рэгіёна здаўна з’яўляецца Музей малой Бацькаўшчыны, размешчаны ў прыгарадзе Бельска-Падляшскага – Студзіводах, стваральнікам якога з’яўляецца вядомы краязнаўца, галоўны рэдактар часопіса «Бельскі гостінэць» Дарафей Фіёнік.

Але ў першую чаргу хочацца распавесці пра цікавы вопыт мясцовых прыходаў у справе сацыяльнай дзейнасці ды арганізацыі дзіцячага выхавання. У прыватнасці, падобную практыку мы змаглі ўбачыць у мясцовым Доме праваслаўнай культуры.

Братчыкі ў Бельску


Дом як цэнтр прыцягнення

Як распавёў настаяцель Прачысценскага прыходу, дырэктар установы ды духоўны настаўнік мясцовага філіяла брацтва святых Кірыла і Мяфодзія айцец Георгій Багацэвіч, рашэнне аб адкрыцці Дома было прынята ў 2006 годзе. Рашэннем мэра і гарадскога савета Бельска-Падляшскага прыходу быў перададзены будынак дзіцячага садка для задавальнення культурных і адукацыйна-выхаваўчых функцый праваслаўнай абшчыны мястэчка. Гэты будынак і атрымаў афіцыйную назву “Дом праваслаўнай культуры”.

Дзякуючы намаганням айца Георгія (прычым, не толькі духоўным –нароўні з будаўнікамі ён удзельнічаў у рамонце будынка і падключаўся да ўсіх неабходных работ), установа ў самым хуткім часе распачала сваю дзейнасць. Што самае цікавае, рамонтныя работы ў Доме праваслаўнай культуры былі здзейснены, дзякуючы сродкам прыхода, якія збіраюцца праз адпаведны дабрачынны фонд.

У 2008 годзе Дом праваслаўнай культуры быў асвячоны і афіцыйна адкрыты Яго Высокапраасвяшчэнствам, Блажэнным Савам, мітрапалітам Варшаўскім і ўсяе Польшчы. У хуткім часе Дом праваслаўнай культуры стаў сапраўдным цэнтрам і кропкай прыцягнення праваслаўнага жыцця ўсяго мястэчка. Цяпер тут, акрамя праваслаўнага садка, маецца таксама праваслаўная бібліятэка, адбываюцца выстаўкі мясцовых мастакоў, прэзентацыі розных рэлігійных выданняў, сустрэчы праваслаўнага брацтва, ды многія іншыя культурныя ды адукацыйныя мерапрыемствы.

Дом праваслаўнай культуры дапамагае малазабяспечаным жыхарам мястэчка. Сродкі на закупку адзення, ежы, прадметаў побыту і многага іншага для такіх сем’яў выдаткоўвае ўрад Польшчы. А ўжо сама дабрачынная дапамога праходзіць і арганізуецца праз кіраўніцтва Дома праваслаўнай культуры. Працы ў гэтым накірунку таксама вельмі шмат, бо на сённяшні дзень у спісах на атрыманне сацыяльнай дапамогі знаходзіцца ні многа ні мала – прыкладна 750 чалавек…

Кіраўніцтва Дома праваслаўнай культуры, дарэчы, вельмі хацела б наладзіць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі праваслаўных Брацтваў у нашай краіне. І, дарэчы, беларусы – даволі частыя госці ва ўстанове. Так, нядаўна, як распавёў айцец Георгій, Дом праваслаўнай культуры ў Бельску-Падляшскім атрымаў у падарунак ікону прападобнай Еўфрасінні Полацкай, заступніцы беларускай зямлі. Вобраз быў перададзены ў дар калектывам беларускай песні “Маланка”.

Вопыт для Беларусі

Асобна хочацца расказаць пра дзейнасць прыватнага праваслаўнага дзіцячага садка, што дзейнічае пры ўстанове. Ён быў адкрыты напрыканцы 2008 года і, дарэчы, гэта першы прыклад у Бельску-Падляшскім. Падобныя ўстановы, дарэчы, функцыянуюць таксама і ў Беластоку.

– Задума стварыць дзіцячы праваслаўны садок узнікла дзесьці каля 2008 года, – кажа айцец Георгій. – Але тады я, як прыватная асоба, не мог ўзяць на сябе ўсю адказнасць за дзейнасць дзіцячай выхаваўчай установы. Гэта павінна былі зрабіць або брацтва, або нейкі фонд, якія могуць мець узаемаадносіны з дзяржавай. Таму было прынята рашэнне афіцыйна аформіць дзіцячы садок пры Бельскай філіі Брацтва ў гонар свв. Мяфодзія і Кірыла. І цяпер дзейнасць садка накіроўваецца і развіваецца менавіта з дапамогай і пры самым непасрэдным удзеле братчыкаў. Дарэчы, цяпер у сценах нашай установы – прыкладна 120 выхаванцаў.

Асноўная праца, натуральна, лягла на плечы дырэктара, а таксама на кіраўніцтва Брацтва. Дзейнасць праваслаўнага садка фактычна нічым не адрозніваецца ад усіх іншых падобных устаноў па ўсёй Польшчы – тыя ж навучальна-выхаваўчыя праграмы, тыя ж выхавацелі, дзеці (сярод якіх ёсць, дарэчы, і католікі. Толькі дадаткова ў садку наладжана царкоўнае выхаванне… І калі ў іншых садках Польшчы дзеці пачынаюць вывучаць Закон Божы з шасці, дык у нашай установе – з трох гадоў.

Дзеці разам з выхавацелямі чытаюць першыя малітвы, вучацца хрысціцца перад ежай і пасля яе, маляваць на біблейскія сюжэты і гэтак далей. З дзеткамі праваслаўных, якіх тут прыкладна 90 працэнтаў, займаецца праваслаўны выкладчык, з каталікамі – каталіцкі. Таму ніхто з бацькоў-католікаў, якія пражываюць у наваколлі, не баіцца, што іхняе дзіцё будзе навучацца не таму, ува што вераць бацькі.

Трэба адзначыць, што аказаць дапамогу ў справе добраўпарадкавання памяшканняў Дома праваслаўнай культуры можа любы грамадзянін Бельска. Дзеля гэтага дастаткова пералічыць адзін працэнт ад падаходнага падатку, што магчыма зрабіць ва ўсіх краінах Еўрасаюза. І такая фінансавая дапамога ўжо пачынае паступаць на рахунак Фонду праваслаўнай культуры, што дзейнічае ў горадзе. Такім жа чынам, дарэчы, аплачваецца і праца выхавацеляў, што працуюць у праваслаўным дзіцячым садку. А польская дзяржава толькі фінансуе ўсе камунальныя выдаткі навучальна-выхаваўчай установы…

Такім чынам, у Бельску збыліся спадзяванні праваслаўных жыхароў аб стварэнні дзіцячага садка пад эгідай Праваслаўнай Царквы. Ці будзе вопыт замежных калег калі-небудзь пераняты і ўвасоблены на беларускай зямлі? Прынамсі, хацелася б у гэта верыць.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.