У Інстытуце тэалогіі БДУ адслужылі паніхіду ў памяць мітрапаліта Мелхіседэка

У Інстытуце тэалогіі БДУ адслужылі паніхіду ў памяць мітрапаліта Мелхіседэка17 мая 2013 г. адслужана паніхіда ў памяць мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага, †17.05.1931) у дамовай капліцы раўнаапп. Кірыла і Мяфодзія Інстытута тэалогіі БДУ. У памінальнай службе была ўшанавана памяць і трох архіерэяў Мінскай епархіі, якія пахаваны ў непасрэднай блізкасці да Інстытута тэалогіі ў былой Пакроўскай архіерэйскай царкве (цяпер тэрыторыя Дома афіцэраў):

Праасвяшчэннага Варлаама, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага (1880-1889);

Праасвяшчэннага Сімяона, епіскапа Мінскага і Тураўскага (1889-1899);

Праасвяшчэннага Міхаіла, архіепіскапа Мінскага і Тураўскага (1899-1912).

Удзел у памінанні прынялі прадстаўнікі Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў. Трэба нагадаць, што па ініцыятыве Брацтва ў 2011 годзе на будынку Інстытута тэалогіі была ўсталявана бронзавая памятная дошка ў гонар 80-годдзя памяці мітрапаліта Мелхіседэка.

бронзавая памятная дошка ў гонар 80-годдзя памяці мітрапаліта Мелхіседэка
 

Паніхіду адслужыў разам з хорам студэнтаў Інстытута тэалогіі настаяцель капліцы протаіерэй Сергій Гардун. У сваім пастырскім слове, а. Сергій адзначыў, што ўся дзейнасць Высокапраасвяшчэннага Мелхіседэка, мітрапаліта Мінскага і Беларускага (1919-1925), была скіравана на захаванне еднасці Праваслаўнай Царквы ў Беларусі у вельмі складаны перыяд гісторыі, калі ўлада ўсімі сродкамі намагалася раз’яднаць і, у выніку, знішчыць Царкву.

Паніхіду адслужыў разам з хорам студэнтаў Інстытута тэалогіі настаяцель капліцы протаіерэй Сергій Гардун
 

Протаіерэй Сергій нагадаў такі факт з жыцця ўладыкі Мелхіседэка. Калі ў 1919 годзе польскія войскі занялі Мінск, то польскія ўлады прапанавалі епіскапу Мелхіседэку, вікарыю Мінскаму, паехаць у Варшаву і узначаліць там Праваслаўную Царкву. Епіскап Мелхіседэк катэгарычна адмовіўся, бо лічыў немагчымым пакінуць сваю паству ў цяжкі час вайны і акупацыі. А вось правячы архіерэй — архіепіскап Мінскі Георгій (Ярашэўскі) — згадзіўся паехаць у Варшаву, патлумачыўшы сваю згоду так: “Я згаджаюся, бо не гатовы стаць мучанікам”.

Сапраўды, мітрапаліту Мелхісэдэку давялося перацярпець і зняволенні, і допыты. І сама смерць яго была раптоўнай, прычыны яе дагэтуль так і не высветлены. Ён памёр у алтары перад пачаткам нядзельнай літургіі ў адным з Маскоўскіх храмаў.

Ён быў таленавітым прапаведнікам, высокаадукаваным архіерэем, які самааддана служыў Царкве і народу Божаму. “Магчыма, — прамовіў на заканчэнне прот. Сергій, — у будучым мітрапаліт Мелхіседэк будзе далучаны да ліку святых Беларускай Праваслаўнай Царквы. Вечная яму памяць!”

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.