У памяць святых зямлі Беларускай

Дзень Сабора Беларускіх святых адзначаецца ў трэцюю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы і сёлета прыпаў на 14 ліпеня. У храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы адбыліся ўрычыстыя богаслужэнні і святочныя мерапрыемствы. Асаблівасць сёлетніх святкаванняў у тым, што па благаславенні Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у шэрагу храмаў Мінскай епархіі Евангелле на святочнай літургіі чыталася як на царкоўнаславянскай, так і на беларускай мовах.

Па добрай традыцыі ў дамовым храме Брацкага дома “Кінанія”, асвячоным у гонар прападобнага Фёдара Астрожскага, прайшла святочная літургія, якую ўзначаліў клірык мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора іерэй Генадзій Будзько.

У сваёй пропаведзі айцец Генадзій падкрэсліў важнасць духоўнага вопыту, захавання вернасці Праваслаўнай Царкве, шанавання каштоўнасцей, за якія змагаліся і ахвяравалі сабой у тым ліку і святыя зямлі Беларускай. Цытуючы евангельскія словы “Блажэнныя тыя, хто жадаюць і прагнуць праўды”, айцец Генадзій адзначыў, што сёння матэрыяльны свет выходзіць на першае месца ў нашым жыцці, а таму Царква накіроўвае нашу ўвагу на тых людзей, якія бачылі святло духоўнае, праўду вечную.

Ва ўрачыстасцях з нагоды свята Сабора Беларускіх святых у “Кінаніі” прыняў удзел хор Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія. У выкананні калектыву, які летась адзначыў 20 гадовы юбілей, прагучалі песнапенні на роднай мове. Акрамя таго, пад час святочнай імпрэзы, якая адбылася адразу пасля літургіі, прайшла прэзентацыя часопіса “Праваслаўе”, новы нумар якога днямі выйшаў у свет. Да слова, апошні выпуск альманаха змяшчае шмат цікавых матэрыялаў, прысвечаных старонкам гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, багаслоўскія артыкулы, матэрыялы, у якіх ідзе гаворка пра асветніцкую дзейнасць і царкоўнае жыццё нашых суайчыннікаў за мяжой.

Удзельнікі сустрэчы даведаліся і пра шэраг анансаваных мерапрыемстваў Брацтва. У прыватнасці, пра падрыхтоўку да святкавання 100-гадовага юбілею выдатнага царкоўнага дзеяча, нашага земляка Віталія Баравога. На сустрэчы было абмеркавана пытанне стварэння на тэрыторыі “Кінаніі” Музея сельскага святара.

Ганаровым госцем святочных мерапрыемстваў у “Кінаніі” сёлета стаў артыст і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі, які прачытаў на мове арыгіналу ўрывак з пропаведзяў свяціцеля Кірыла Тураўскага, а таксама прадставіў урывак з радыёспектакля паводле рамана беларускага пісьменніка Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.