Адбылося паломніцтва Брацтва ў Віленскі Свята-Духаў манастыр

Адбылося паломніцтва Брацтва ў Віленскі Свята-Духаў манастыр27-28 ліпеня адбылося традыцыйнае паломніцтва брацтва ў гонар мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў Віленскі Свята-Духаў манастыр. Пачынаючы з 1993 года братчыкі імкнуцца штогод пабываць у Вільні, каб малітоўна ўшанаваць памяць сваіх нябесных апекуноў, а таксама наведаць іншыя святыя для беларусаў месцы.

Братчыкі прысутнічалі на ўсяночным трыванні і Бажэственнай літургіі ў Свята-Духавым саборы, пакланіліся мошчам святых мучанікаў і іншым святыням манастыра. Паломнікі наведалі таксама Прачысценскі сабор, Свята-Мікалаеўскі і Пятніцкі храмы. Цікавай была сустрэча са святаром Канстанцінам Лазукіным у Віленскім Канстанціна-Міхайлаўскім храме, які быў пабудаваны ў 1913 годзе і прысвечаны абаронцу Праваслаўя князю Канстанціну Канстанцінавічу Астрожскаму. Айцец Канстанцін расказаў пра гісторыю  храма, падрыхтоўку да яго 100-гадовага юбілею, які будзе адзначацца ў бягучым годзе. Дарэчы, храм цяпер знаходзіцца ў рыштаваннях, вядзецца яго рэстаўрацыя з мэтай вяртання таго вонкавага выгляду, які быў у пачатку ХХ стагоддзя.

Братчыкі наведалі Еўфрасіннеўскія праваслаўныя могілкі, дзе пахаваны многія царкоўныя і культурныя дзеячы беларускага паходжання. У час сустрэчы з настаяцелем могілкавай Свята-Еўфрасіннеўскай царквы протаіерэем Уладзімірам Рынкевічам была выказана прапанова сумеснымі намаганнямі праваслаўнай моладзі з Мінска і Вільні наладзіць пошук і догляд пахаванняў дзеячаў Праваслаўнай Царквы і беларускай культуры на Еўфрасіннеўскіх могілках, у прыватнасці – вядомага педагога, перакладчыка Сяргея Паўловіча († 1940).

Еўфрасіннеўскія праваслаўныя могілкі

Пра кантакты ў галіне культуры гаварылася і на сустрэчы прадстаўнікоў брацтва з беларусамі Вільні. Абмен думкамі завяршыўся высновай аб узаемнай зацікаўленасці бакоў у далейшым больш канструктыўным супрацоўніцтве. Выказаны прапановы аб рэгулярнасці кантактаў і сустрэч, у ходзе якіх плануецца абмеркаваць захады па ўшанаванні памяці вядомых беларусаў, абмене друкаванымі выданнямі, а таксама па арганізацыі паломніцкіх і культурніцкіх паездак моладзі.
 

традыцыйнае паломніцтва брацтва ў гонар мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў Віленскі Свята-Духаў манастыр

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.