Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў наведала Беласточчыну

Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў наведала Беласточчыну13-14 снежня 2013 года адбылася паездка прадстаўнікоў Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў на Беласточчыну па запрашэнню Праваслаўнага Брацтва святых Кірыла і Мяфодзія (Беласток) і музея Малой Айчыны ў Студзіводах (Бельск). У Беластоку адбылася сустрэча з настаўнікамі, бацькамі, прадстаўнікамі Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва ў памяшканні праваслаўнай школы, у якой дзеці акрамя агульнай адукацыі атрымліваюць веды і выхаванне рэлігійнае, нацыянальнае і міжкультурнае.

У ходзе сустрэчы былі заслуханы выступленні прафесара Мінскіх духоўных школ протаіерэя Сергія Гардуна “Пераклады Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Праблема выпрацоўкі тэрміналогіі”, прафесара БДУ Івана Чароты “Ужыванне беларускай мовы ў Праваслаўнай Царкве”, інака Мікалая (Бембеля) “Асветніцкая дзейнасць Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра”, супрацоўнікаў выдавецкага аддзела Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Лідзіі Кулажанка і Кастуся Антановіча пра асветніцкія выданні Брацтва.

У ходзе абмеркавання былі закрануты актуальныя пытанні духоўна-асветніцкай дзейнасці Праваслаўнай Царквы, а таксама нацыянальна-культурнага жыцця беларусаў Падляшша.

актуальныя пытанні духоўна-асветніцкай дзейнасці Праваслаўнай Царквы

Па завяршэнні семінара госці наведалі музей матэрыяльнай культуры “Бацькаўшчына”, створаны ў Рыбалах руплівай працай настаяцеля мясцовай царквы айца Грыгорыя Сосны і яго матушкі Антаніны.

На наступны дзень у памяшканні дома Праваслаўнай культуры ў Бельску адбыўся царкоўна-гістарычны семінар “Гісторыя праваслаўных прыходаў і духавенства Падляшша і Заходняй Беларусі XIX-XX стагоддзяў. У ходзе семінара прайшла прэзентацыя новых кніг – протаіерэя Грыгорыя Сосны “Іерархія і клір Праваслаўнай Царквы ў межах II Рэчы Паспалітай і пасляваеннай Польшчы” (Рыбалы, 2012) і доктара гістарычных навук Ірэны Матус “Заняпад царкоўнай уніі і пачатак адраджэння Праваслаўнай Царквы ў 1-й палове XIX ст.” (Беласток, 2013).

З дакладамі па тэме семінара выступілі протаіерэй Сергій Гардун (Мінск), інак Мікалай (Бембель; Жыровічы), Іван Чарота (Мінск), Марэк Якімюк (Гайнаўка), Мікола Сінькевіч (Бяроза), Лідзія Кулажанка (Мінск), Кастусь Антановіч (Мінск), Дарафей Фіёнік (Бельск).

Удзельнікі семінара прысутнічалі на богаслужэннях – Усяночным трыванні ў Прачысценскім храме і на нядзельнай Літургіі ў Свята-Пакроўскай царкве Бельска.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.