Па святынях Вільні

Па святынях ВільніАдбылося чарговае штогадовае паломніцтва Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у Віленскі Свята-Духаў манастыр. Першая група паломнікаў накіравалася ў Вільню 25-26 ліпеня, як раз на свята перанясення мошчаў святых. Падзея перанясення адбылася ў 1946 годзе, калі мошчы Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія былі ўрачыста вернуты з Масквы ў Віленскі Свята-Духаў манастыр.

26 ліпеня братчыкі ўдзельнічалі ў святочнай літургіі, якую ўзначаліў архіепіскап Віленскі і Літоўскі Інакенцій у саслужэнні духавенства епархіі, пры ўдзеле гасцей і вялікай колькасці вернікаў. Пасля літургіі адбыўся малебен і хрэсны ход.

На наступны дзень братчыкі былі запрошаны на пасяджэнне Таварыства беларускай культуры ў Літве, у час якога адбылася прэзентацыя асноўных напрамкаў дзейнасці брацтва, прадстаўлены апошнія выданні на беларускай мове выдавецтва Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. У час сустрэчы братчыкі пазнаёміліся з дзейнасцю Таварыства, разважалі над перспектывамі двухбаковага супрацоўніцтва.

Другая група братчыкаў здзейсніла паломніцтва ў Вільню 9-10 жніўня. Як заўсёды, Свята-Духаў манастыр гасцінна сустракаў паломнікаў. Пасля вячэрняга богаслужэння насельнік манастыра правёў экскурсію па манастыры, расказаў пра гісторыю сабора Святога Духа, якая пачынаецца з канца XVI стагоддзя. Некаторыя з прысутных упершыню даведаліся, што ў 1814 годзе, пры рамонце храма пасля напалеонаўскага нашэсця, у склепе пад алтаром былі аднойдзены мошчы святых віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, якія тайна захоўваліся там з 1661 года. Паломнікі наведалі пячорную царкву, асвячоную ў гонар Віленскіх мучанікаў.

Паломнікі наведалі пячорную царкву, асвячоную ў гонар Віленскіх мучанікаў.

Назаўтра братчыкі ўдзельнічалі ў нядзельнай літургіі, маліліся на акафісце святым Віленскім мучанікам.

Пабывалі таксама на месцы пакутніцкай канчыны мучанікаў каля былога Свята-Троіцкага манастыра. Храм гэтага манастыра быў пабудаваны дзеля ўшанавання іх памяці, як раз на месцы, дзе святыя закончылі сваё зямное жыццё. Затым братчыкі наведалі іншыя святыні Вільні – Свята-Мікалаеўскі, Пятніцкі і Прачысценскі храмы, пазнаёміліся з мясцінамі, звязанымі з беларускай гісторыяй і культурай.

Вільня

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.