Асветніцкая сустрэча ў Маладзечне

maladechna1У рамках Дня праваслаўнай кнігі 14 сакавіка ў гарадскім Палацы культуры адбылася духоўна-адукацыйная сустрэча "Праваслаўная кніга: гісторыя і сучаснасць" з удзелам клірыкаў Маладзечанскай епархіі, удзельнікаў духоўна-патрыятычнага аб'яднання "Светач", выдавецтва сабора Пятра і Паўла г.Мінска, бібліятэкараў, настаўнікаў і прыхаджан гарадскіх храмаў. Суарганізатарам і ініцыятарам сустрэчы стала Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў г. Мінска.

 

 

Мерапрыемства адкрыў хор храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы г.Маладзечна, які выканаў царкоўныя спевы на беларускай мове. З архіпастарскім словам да прысутных звярнуўся епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Уладыка павіншаваў усіх з днём праваслаўнай кнігі і адзначыў важнасць кніжнага слова ў жыцці сучаснага чалавека, а асабліва ў жыцці моладзі і школьнікаў.

 

maladechna2maladechna3

З вітальнымі словамі і віншаваннямі да прысутных таксама звярнуліся дырэктар Палаца культуры г.Маладзечна Святлана Рыгораўна Сарока і начальнік аддзела па ідэалогіі, культуры і працы з моладдзю Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Віктаравіч Рамановіч.

 

Пра сучасны стан кнігавыдавецкай справы ў Беларускай Праваслаўнай Царкве распавялі госці мерапрыемства, у тым ліку, прадстаўнік Біблейскай камісіі Беларускага Экзархата Таццяна Аляксееўна Матрунчык; намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Аляксандравіч Суша; сакратар біблейскай камісіі па перакладзе Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, загадчык кафедрай славістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Аляксеевіч Чарота. Урыўкі з Евангелля, прадмовы Францыска Скарыны да кнігі Бібліі, пропаведзі святога Кірыла Тураўскага і протапрасвітара Віталія Баравога прагучалі ў выкананні артыста Юрыя Жыгамонта.

 

maladechna4 maladechna5

Таксама госці мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з выстаўкай кніг перакладаў Свяшчэннага Пісання на беларускую мову і фотавыстаўкай, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння протапрасвітэра Віталія Баравога, арганізаваныя Петра-Паўлаўскім саборам г. Мінска і праваслаўным брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў.

 

 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.