Свята ў Калодзішчах

20150621_113448У дамовай царкве ў гонар прападобнага Фёдара Астрожскага брацкага дома «Кінанія», што ў пасёлку Калодзішчы пад Мінскам, адбылася святочная літургія на беларускай мове. Яе здзейсніў протаіерэй Юрый Залоска.Пасля літургіі братчыкі з іконай Сабору Беларускіх святых накіраваліся да памятнага крыжа ў гонар святых зямлі Беларускай. Гэты крыж быў усталяваны бліз чыгуначнага пераезду пасёлка Калодзішчы летась у гонар 30-годдзя Сабору Беларускіх святых. Адначасова з іншага боку пасёлка да крыжа рухаўся хрэсны ход прыхаджан храма ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы на чале з настаяцелем протаіерэем Вячаславам Мірановічам.

Изменение размера 20150621_113505

Перад крыжам і іконай Беларускіх святых адбыўся вадасвятны малебен, пасля завяршэння якога святары павіншавалі ўсіх прысутных. Затым з прывітальным словам да ўдзельнікаў малебна звярнуўся старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык. Ён нагадаў, што ўмацаваннем для кожнай сям’і служыць веданне свайго радаводу. Святыя ж утвараюць радавод свайго народа, і веданне і ўшанаванне гэтага святога радаводу надае жыццю народа ўстойлівасць і трываласць. Таму святкаванне Сабору Беларускіх святых павінна стаць днём усенароднай еднасці. «І хочацца спадзявацца, што ў наступным годзе ў дзень Беларускіх святых каля гэтага святога крыжа збяруцца вернікі і духавенства з іншых прыходаў, а таксама жыхары пасёлка Калодзішчы, каб з’яднацца ў малітве да нябесных апекуноў зямлі нашай».

Далей святкаванне працягвалася за брацкай агапай у доме «Кінанія», дзе братчыкі і прадстаўнікі каладзішчанскага Успенскага прыхода бліжэй знаёміліся, абмяркоўвалі планы супрацоўніцтва ў галіне духоўнай асветы і разважалі пра стан сённяшняй Беларусі і яе будучыню.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.