Беларускі праваслаўны каляндар на 2016 год

kaliandar2016З друку выйшаў «Беларускі Праваслаўны каляндар» на 2016 год. Ён складаецца з традыцыйнай каляндарнай часткі, якая ўключае Месяцаслоў і Іменаслоў, і тэматычнага дадатка. У Месяцаслове прыводзяцца неабходныя звесткі пра штодзённыя богаслужэнні; святым, якія ўваходзяць у Сабор Беларускіх святых, у адпаведныя дні размешчаны трапары і кандакі на царкоўнаславянскай і беларускай мовах.

Дадатак «Каляндара» ўтрымлівае чатыры раздзелы. У першым працягваецца публікацыя прадмоў Францыска Скарыны да кніг Бібліі на сучаснай беларускай мове. На гэты раз увазе чытачоў прапануюцца прадмовы да гістарычных кніг Бібліі — кніг Іісуса Навіна, Судзяў Ізраілевых, кнігі Руфі, да чатырох кніг Царстваў, кніг Юдзіфі і Эсфіры. Другі раздзел прысвечаны 900-годдзю памяці свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага (†1116). У артыкуле прыводзіцца кароткае жыццеапісанне святога, друкуюцца фотакопіі сучасных ікон свяціцеля з храмаў Беларусі. 
Раздзел «Рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя» прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння протапрасвітара Віталія Баравога (1916–2008), вядомага рэлігійнага дзеяча, царкоўнага дыпламата, багаслова і выкладчыка. 
Раздзел «Багагласнік» працягвае тэму бытавання на беларускіх землях традыцыйных рэлігійных песень, падкрэслівае важнасць захавання гэтай народнай духоўнай традыцыі ў сучасным прыходскім жыцці.

Набыць Каляндар можна ў кнігарні Петра-Паўлаўскага сабора. Неўзабаве выданне з'явіцца ў храмах Гродзенскай епархіі ды шэрагу іншых прыходаў. 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.