У саборы адбыліся паніхіды па протапрасвітары Віталіі Баравом і Ларысы Геніюш

Паніхіда ў памяць протапрасвітара Віталія Баравога (1916-2008) і паэтэсы Ларысы Геніюш (1910-1983) адбылася ў аўторак 07.04.2009 у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска. Год таму, святым Благавешчанскім ранкам 7 красавіка 2008 года адышоў да Госпада вядомы ва ўсім свеце царкоўны дзеяч і багаслоў протапрасвітар Віталій Баравой.  

Наш славуты зямляк родам з в.Несцераўка (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) скончыў Віленскую праваслаўную семінарыю і багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Пачынаў святарскае служэнне як настаяцель кафедральнага Петра-Паўлаўскага сабора ў Гомелі, быў адным з ініцыятараў аднаўлення ў Жыровічах Мінскай духоўнай Семінарыі ў 1947 годзе. Будучы прафесарам царкоўнай гісторыі Ленінградскай і Маскоўскай духоўных Акадэмій, з’яўляючыся прадстаўніком Рускай Праваслаўнай Царквы ў Сусветнай радзе цэркваў, служачы настаяцелем Елохаўскага Патрыяршага сабора Масквы, айцец Віталій ніколі не парываў сувязяў з Беларуссю, заўсёды актыўна цікавіўся царкоўным і грамадскім жыццём Радзімы, шчыра любіў родную мову і свой народ. Прадстаўнікам Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў давялося ў 2006 годзе ў складзе дэлегацыі з Беларусі віншаваць протапрасвітара Віталія Баравога з 90-годдзем. Братчыкі падарылі тады а.Віталію вышываную беларускую кашулю. Айцец Віталій быў вельмі рады гэтаму падарунку і, жартуючы, прамовіў: “Шкада, што кашуля такая прыгожая: матушка скажа, што трэба яе схаваць у шафу”. На жаль, пакуль апублікавана толькі малая частка з багаслоўскай і прапаведніцкай спадчыны протапрасвітара Віталія Баравога. Але нават гэтая невялікая частка дастойна таго, каб увайсці ў скарбніцу сусветнай багаслоўскай думкі. Сталася так, што ў той самы дзень мы адзначаем памяць двух славутых беларускіх дзеячаў: багаслова і паэтэсы. Абое яны нарадзіліся ў пачатку ХХ стагоддзя і, перажыўшы цяжкія ліхалецці, явілі нам прыклад усепераможнай веры і стваральнай любові, якія толькі і дапамагаюць чалавеку выканаць сваё высокае прызначэнне ў гэтым свеце.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.