15 студзеня адбылася Калядная братчына

15 студзеня 2010 года ў брацкім доме “Кінанія” адбылася традыцыйная Калядная братчына. Напачатку іерэем Юрыем Залоскам — настаяцелем дамовай царквы ў гонар прп. Фёдара Астрожскага — быў адслужаны ўрачысты малебен з удзелам братчыкаў і гасцей.

У праграме вечарыны праспяваў калядныя канты Брацкі хор, затым з каляднай праграмай выступіла фальклорная група “Ветах”, у склад якой уваходзяць студэнты педуніверсітэта. Затым адбылася святочная трапеза.

Брацтва падвяло вынікі мінулага 2009 года — года ўшанавання 25-годдзя ўстанаўлення Сабору Беларускіх Святых. У наступным годзе Брацтва таксама плануе правесці шэраг асветніцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных беларускім царкоўным дзеячам, юбілеі памяці якіх будуць адзначацца ў 2010 годзе.
Сярод гэтых дат трэба адзначыць 200-годдзе з дня нараджэння протаіерэя Плакіда Янкоўскага — таленавітага літаратара, творчая спадчына якога, на
жаль, была амаль забытаю, і толькі ў апошнія гады імя Плакіда Янкоўскага вернута з нябыту. Дарэчы, пахаваны протаіерэй Плакід у Свята-Георгіеўскім храме Жыровіцкага манастыра.

Нельга не згадаць і пра юбілей памяці праваслаўнага беларускага дзеяча і асветніка Сяргея Паўловіча (1875–1940), які ў міжваенны перыяд у
Вільні выдаваў падручнікі на беларускай мове па Закону Божаму, па Свяшчэннай гісторыі Старога і Новага Запаветаў, быў рэдактарам беларускамоўнага дзіцячага праваслаўнага часопіса.

Акрамя таго, плануецца правесці чарговыя Астрожскія чытанні, прысвечаныя святым, якія рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 15 снежня 2009 года былі далучаны да Сабору Беларускіх Святых. Брацтва плануе прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных царкоўнаму праслаўленню яшчэ аднаго святога зямлі Беларускай — прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага, вызнаўцы, якое таксама паводле рашэння Святога Сінода адбудзецца ў 2010 годзе.

Напрыканцы Каляднай вечарыны гурт “Ветах” зноў выступіў з праграмай традыцыйных спеваў і танцаў, у якой з вялікім задавальненнем узялі самы актыўны ўдзел і братчыкі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.