Літаратурная вечарына ў Кінаніі

У сераду 2 сакавіка 2011 г. а 18 гадзіне ў доме Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў “Кінанія” адбылася літаратурна-музычная вечарына на тэму “Сугучча сакральнага і нацыянальнага ў жыцці чалавека”.
У праграме:
· Вершы і версэты паэта Алеся Разанава ў выкананні актораў Белдзяржфілармоніі;
· Музычнае суправаджэнне – творы эпохі беларускага барока (фартэпіяна і цымбалы);
У сустрэчы ўзялі ўдзел беларускія літаратары, мастакі, навукоўцы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, духавенства. Адной з асноўных мэтаў вечарыны было раскрыццё экзістэнцыйнай сутнасці чалавека ў прасторы літаратурнага і багаслоўскага вымярэння. Творчасць аднаго з самых вядомых сучасных паэтаў Алеся Разанава з’явілася добрай падставай для такіх рэфлексій.

 

Алесь Разанаў вядомы як паэт з неардынарным мысленнем і наватарскім вобразна-паэтычным самавыяўленнем. Яго вершы – філасофскі роздум над быццём чалавека, грамадства, прыроды і сусвету. У аўтарскім выкананні прагучалі вершаказы, верлібы, пункціры, пераклады з В. Хлебнікава. Паэт падзяліўся сваімі роздумамі над сутнасцю творчасці, падкрэсліў, што ў паэзіі, як і ў любой сферы дзейнасці, важна падпарадкаванне “уласнай асабовасці служэнню вышэйшай мэце, справе, і як толькі асабовасць выходзіць на першы план – парушаецца сугучча, гармонія і пачынаецца дысананс і хаос”. Як сказаў паэт Зьніч (інак Мікалай Бембель), Алесю Разанаву дадзены Богам сардэчны слых выяўляцць глыбокія сэнсы слоў і паняццяў, імкненне спасцігаць сутнасць гармоніі быцця. І якраз музыка барока дапамагла данесці глыбіню яго паэзіі да слухачоў. Сугучча музыкі і слова стварыла асаблівую атмасферу, дзякуючы якой прысутныя адчулі сябе часцінкай усяленскай гармоніі і сугучча Божага ў сабе.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.